Вы тут

Сустрэнемся ў Быхаве!


У Быхаве адзначаецца ХХ юбілейны Дзень беларускага пісьменства. Асноўныя падзеі свята адбудуцца 1 верасня, але ўжо сёння, у суботу, у раённы цэнтр з'ехаліся госці для ўдзелу ў святочных мерапрыемствах.

Гаспадары падрыхтаваліся

Асноўная тэрыторыя Дня беларускага пісьменства — гэта цэнтр Быхава. Кастрычніцкая плошча, вуліца Леніна, плошча Красоўскага, вуліцы Чырвонаармейская і Якубава. Усе яны атрымалі новае аблічча пры падрыхтоўцы да свята.

— Мне Быхаў такім падабаецца, — сказаў карэспандэнту «Звязды» намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый МАЛАШКА. — Як добрыя гаспадары мы ставілі перад сабой мэту падрыхтаваць горад да свята, і гэта атрымалася. Рабілі тое, на што гадамі не хапала сіл і сродкаў. Хацелася б яшчэ большага, але ўпершыню ў Быхаве столькі аб'ектаў сацыяльнай сферы рыхтавалася да Дня беларускага пісьменства.

1377900616834_1

Увогуле адрамантавана і прыведзена ў парадак 120 аб'ектаў, гэта каштавала каля 200 мільярдаў рублёў. Валерый Малашка асобна адзначыў Быхаўскі замак, рэстаўрацыя якога сёлета пачалася з дзвюх вежаў і навядзення парадку на замкавым двары, дзе на свяце будуць арганізаваны археалагічная выстава і рыцарскі турнір. Там выклалі пліткай дарожкі і пляцоўку, зрабілі асвятленне тэрыторыі: на фоне жывапісных руін будзе праходзіць рыцарскі фэст.

1377900618588_2

Намеснік старшыні аблвыканкама таксама нагадаў і пра кінатэатр «Радзіма», які свой 100 гадовы дзень нараджэння святкуе не проста ў абноўленым выглядзе, але з сучаснай і актуальнай ЗD-тэхнікай. Напярэдадні тут ужо глядзелі першую стужку на новым абсталяванні, а потым настройвалі гук для акцыі «Кіно маёй краіны».

1377900620315_3

—Я вельмі спадзяюся, што пасля такой маштабнай рэканструкцыі Быхаў, які журналісты ўжо назвалі горадам натхнення, сапраўды адродзіць і свой духоўны складнік, — сказаў Валерый Малашка.

ДЛЯ СЯБЕ І ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ

У апошнія дні перад святам у Быхаве завяршаліся асноўныя работы, ішла наладка тэхнічнага абсталявання, правяралася вячэрняе асвятленне. У горадзе ўсе сілы кінулі на добраўпарадкаванне тэрыторыі, каб паспець засадзіць паслярамонтную земляную шэрасць яркімі кветкамі і зелянінай.

— Я хачу адзначыць жыхароў Быхава і раёна, таму што яны аказаліся вельмі лёгкімі на пад'ём дзеля агульнай карысці, — сказаў Валерый Малашка. — Людзі актыўна збіралі сродкі на суботніках, працавалі на добраўпарадкаванні горада.

Уклад удзельнікаў суботнікаў ацэньваецца больш чым у 1 мільярд рублёў, да іх далучыліся прадпрыемствы і арганізацыі. І грошы выдаткаваны на прывядзенне ў парадак сквера імя 50 годдзя Перамогі. Новая дзіцячая пляцоўка ў скверы застанецца падарункам, які зрабілі самі сабе на Дзень беларускага пісьменства гараджане.

1377900622304_4

Яшчэ адзін здабытак Быхава на доўгія гады наперад — адноўлены фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам. У адкрыцці басейна плануецца ўдзел Аляксандры Герасімені. Увогуле жыхары райцэнтра вельмі задаволены тым, што горад не проста прыбралі да свята, але і шмат зрабілі для паляпшэння іх жыцця.

Новыя скульптурныя кампазіцыі ў Быхаве ўсталявалі напярэдадні Дня. Робіць уражанне скульптура «Баркулабаўскі летапіс» на Кастрычніцкай плошчы (вялізная кніга са старажытнымі пісьмёнамі і абразом Баркалабаўскай Божай Маці на старонцы). Дарэчы, сам славуты абраз, які захоўваецца ў жаночым манастыры паблізу аграгарадка Баркалабава, усё ж такі не перавязуць у Быхаў на Дзень беларускага пісьменства. Абраз старажытны, і новае падарожжа можа дрэнна адбіцца на яго стане. А каму захочацца на свае вочы ўбачыць гэтую каштоўнасць, то 15 кіламетраў ад Быхава да Баркалабава — гэта не самы доўгі шлях.

ДУХОЎНАСЦЬ — ДЛЯ ДУШЫ

—Я вельмі задаволены падрыхтоўкай Быхава да рэспубліканскага свята, — пракаментаваў для «Звязды» начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль СІНКАВЕЦ. — Безумоўна, вялікая карысць для выдатнага помніка архітэктуры — Быхаўскага замка. Раённы цэнтр культуры — проста прыгажосць! І мне вельмі падабаецца шыкоўнае выданне старажытнага «Баркулабаўскага летапіса». Гэтую кнігу, якую прэзентуюць на свяце, я ўжо трымаў у руках і адчуваў радасць ад таго, што маю гонар пазнаёміцца з унікальным творам, помнікам беларускага пісьменства ХVІІ стагоддзя. Цяпер ён будзе ў нашых бібліятэках і музеях, і я вельмі шчаслівы ад гэтага. Тут адчуваецца гістарычны і літаратурны дух Быхаўшчыны.

Анатоль Сінкавец нагадаў, што адна з адметнасцяў Быхаўскага Дня пісьменства — гэта яго юбілейная лічба. Фестываль беларускіх гарадоў, якія былі сталіцамі свята, упрыгожыць ХХ Дзень беларускага пісьменства. У райцэнтры з'явіцца сімвалічная алея гэтых гарадоў, якая застанецца на доўгую і добрую памяць пра вялікую падзею.
Увогуле каля 2 тысяч чалавек будуць задзейнічаны ў творчай праграме Дня пісьменства. Будуць працаваць два дзясяткі тэматычных пляцовак: Магілёўшчына імкнецца паказаць усё самае лепшае.

Свой значны ўклад зробяць тэатральныя калектывы Магілёўшчыны — прафесійныя і аматарскія, а каля яшчэ аднаго вялікага архітэктурнага помніка Быхава — старажытнай сінагогі — будуць паказваць спектаклі, у тым ліку пра жыццё і побыт яўрэяў.

— Яшчэ адна безумоўна яркая дэталь — канцэрт артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра. Ён адбудзецца 1 верасня ўвечары, на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, і завершыцца праграма святочным феерверкам.

1377900623318_5

Мы хацелі, каб на свяце ў Быхаве было цікава ўсім, ад дзяцей да састарэлых людзей, і мне здаецца, што ў нас так і атрымаецца, — пракаментаваў Анатоль Сінкавец. — Зычу ўсім падсілкаваць сваю душу, таму што Дзень беларускага пісьменства — гэта свята духоўнасці і культуры.

ПІШЫЦЕ І ЧЫТАЙЦЕ

Канцэрты аўтараў-выканаўцаў і эстрадных спевакоў, мастацкія вернісажы, творчыя прэзентацыі, бібліятэчныя выстаўкі, спартыўныя выступленні і гэтак далей. Кожная ўстанова, якая бярэ ўдзел у юбілейным Дні беларускага пісьменства, імкнецца прадэманстраваць лепшыя творчыя ідэі. Напрыклад, Магілёўскі філіял «Белпошты» рыхтуе, акрамя ўсяго іншага, выставу паштовак для пасткросінгу.

— Мы зробім яе сваімі сіламі і прадставім паштоўкі, якія атрымалі ў межах папулярнага міжнароднага абмену супрацоўнікі пошты, — расказала напярэдадні намеснік дырэктара Магілёўскага філіяла «Белпошты» Галіна МАРЧАНКА, якая і сама з'яўляецца заўзятым пасткросерам. — Тэмы паштовак: дзеці, кнігі, паштовыя скрыні, старажытнасць, чорна-белыя выявы і іншыя цікавінкі.

На гэтай выставе паштоўкі размесцяць такім чынам, каб можна было не толькі паглядзець глянцавы бок, але і прачытаць, адкуль паштоўка, пацікавіцца замежнымі маркамі. Таксама магілёўскія паштавікі прадставяць цікавыя работы эпісталярнага жанру: дзеці пісалі лісты ў межах акцыі Сусветнага паштовага саюза і расказвалі пра сваё стаўленне да глабальных праблем чалавецтва.

На свяце будуць пісьменнікі, паэты — айчынныя і замежныя. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны прадставяць 8 краін — Беларусь, Расію, Украіну, Азербайджан, Таджыкістан, Казахстан, Літву і Сербію. Акрамя «круглага стала» і прэзентацыі праектаў, адбудуцца сустрэчы з чытачамі і аўтограф-сесіі.

Напрыклад, у прэс-цэнтры інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» чакаюць папулярную беларускую пісьменніцу Наталлю Батракову. Яна — ураджэнка Магілёўскай вобласці, яе раманы сталі бестселерамі.

ПРАГРАМА НА СЁННЯ

Субота, 31 жніўня, у Быхаве пачынаецца святочным богаслужэннем у праваслаўных храмах. На пляцоўцы каля Троіцкай царквы разгорнецца выстаўка-продаж праваслаўнай літаратуры, выступіць з канцэртам епархіяльны хор.

У першай палове дня ўрачыста адкрываецца кінатэатр «Радзіма». Далей адчыніць свае дзверы Быхаўскі раённы цэнтр культуры. У яго цалкам новае аблічча, і кіраўніцтва сферы культуры спадзяецца, што цэнтр стане месцам развіцця інтарэсаў моладзі, раскрыцця талентаў. Тут таксама адкрываецца мемарыяльная дошка памяці вядомага журналіста, выкладчыка і заслужанага дзеяча культуры Беларусі Барыса Стральцова, чыё імя цяпер прысвоена раённай бібліятэцы.

А 11 й гадзіне ўзнагародзяць пераможцаў конкурсу юных чытальнікаў Быхаўскага раёна «Жывая класіка» і тут жа прэзентуюць новы часопіс для дашкольнікаў «Буся».

1377900625710_6

А 12 й гадзіне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Прывакзальнай плошчы, чыгуначнага вакзала і аўтастанцыі. Нарэшце быхаўчане і госці горада змогуць ацаніць новы твор магілёўскага скульптара Андрэя Вараб'ёва. Пара маладых людзей — «На ростанях»: тут рамантыка маладосці і кахання, але і кнігі беларускіх класікаў пры іх.

У раённым цэнтры культуры ў 13.30 пачнецца міжнародны «круглы стол» «Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны», які арганізавалі Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў і наш выдавецкі дом «Звязда». Там жа, у цэнтры культуры, пазней адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя «Быхаўскія чытанні», дзе адбудзецца прэзентацыя кнігі «Баркулабаўскі летапіс». Завершыцца сённяшні дзень у Быхаве вечаровым канцэртам і дыска-акцыяй для моладзі.

У нядзелю, 1 верасня, усіх найперш чакае грандыёзная цырымонія адкрыцця і ўзнагароджанне пісьменнікаў, якія перамаглі ў Рэспубліканскім конкурсе на лепшы літаратурны твор. Разгорнуцца фестываль кнігі і прэсы, гістарычная тэатралізаваная экспазіцыя «Літаратурная спадчына ад крыніц да сучаснасці». Увесь дзень насычаны самымі рознымі акцыямі і падзеямі: у Быхаве кажуць, што госці цэлы дзень могуць хадзіць па коле святочных выстаў і цікавых імпрэзаў. Хочацца, каб была пагода, але пры любым надвор'і галоўнае — выдатны настрой!

Ілона ІВАНОВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.