Вы тут

Не варта траціць час на страх


Пра цяжарных распавядаюць шмат анекдотаў. Чамусьці лічыцца, што ў гэты цікавы час любая жанчына робіцца, мякка кажучы, крыху неадэкватнай. Бурна рэгуе на пахі, імкнецца з'есці немаведама што і амаль кожную хвіліну бяжыць у прыбіральню, прыкрываючы рукою рот. У кіно звычайна так усё і адбываеца. Сапраўды, як інакш даць зразумець гледачу, што гераіня «ў цікавым становішчы», калі яшчэ добрую палову фільма гэта павінна заставацца тайнай для ўсіх, акрамя гледача?

Пра сябе магу сказаць толькі тое, што я нарэшце навучылася казаць «не». Тое славутае «не», якое так цяжка даецца нашым жанчынам любога ўзросту, выхаваным са звычкай грэбаваць сваімі інтарэсамі на карысць блізкіх, сяброў, калег і ўсяго свету. Мне не спатрэбілася ніякіх спецыяльных курсаў і методык — яно аднекуль само прыйшло: «Не, даруйце... не зараз... ніколі»... Нечакана мой свет зрабіўся надзвычай гарманічным і ўпарадкаваным: вось тут — важнае, а там... Праўда, адначасова з'явілася процьма страхаў (гэта ўжо як ва ўсіх). За дзень сённяшні, заўтрашні і той, што надыдзе, калі мяне ўжо не будзе, а маё дзіця яшчэ доўга будзе вымушана сустракаць трывожныя раніцы (дарэчы, футуролагі прадказваюць, што недзе 80 працэнтаў дзяцей, народжаных пасля 2010 года, маюць усе шанцы на ўласныя вочы пабачыць наступнае стагоддзе). Асабіста для мяне найлепшым сродкам супраць усіх страхаў стала праца. Я свядома вырашыла не зважаць на сваё становішча: урэшце, цяжарнасць — не хвароба. Натуральна, бывала, што там кальнула, тут забалела — усё нязвыкла, усё палохае. Закруцілася ў працоўнай мітусні — і неяк адступіла, забылася, і начальства заўсёды ў гуморы, і сама здольная быццам яшчэ на большае... Словам, першыя тры месяцы сталі найвыдатнейшым часам у маім жыцці. І першае планавае УГД, калі я пабачыла сваю ўжо цалкам сфарміраваную малечу, — жывы цуд, які да канца цяжка ўсвядоміць... А потым мне зноў нагадалі пра мой узрост. Страшна і катэгарычна.
УГД не паказала ніякіх адхіленняў. «Гэта яшчэ нічога не азначае, — сказалі мне. — Вам 40 гадоў. А генетычных хвароб — сотні. Вы ўпэўнены, што вытрываеце выпрабаванне хворым дзіцем?» І выпісалі накіраванне на амніацэнтэз.

Прызнаюся, я не здолела зрабіць першы маральны выбар на карысць свайго дзіцяці. Ведаю, што нямала жанчын у падобнай сітуацыі адмаўляюцца ад гэтай даволі рызыкоўнай працэдуры (там ёсць пэўная верагоднасць страціць цяжарнасць), ідуць у царкву і ўрэшце нараджаюць здаровых дзяцей. Мне не хапіла веры. Не буду апраўдвацца і разважаць, што стала б рабіць, калі б... Не ведаю.

Такім чынам, у прызначаны дзень я чакала сваёй чаргі на аналіз, пра сутнасць якога ўпарта старалася не думаць. Разам з двума дзясяткамі такіх жа «ўзроставых» цяжарных. З Ліды, Бярозы — адусюль. Чакаць прыйшлося доўга. Разгаварыліся. Нават неяк весела разгаварыліся. Быццам ніхто, акрамя мяне, нічога не апасаўся. Адна са смехам згадвала, як доўга рыхтавалася да візіту ў паліклініку, саромеючыся быць самай старэйшай цяжарнай у свае 42 гады. «Што вы, — адказалі ёй у паліклініцы, калі яна нарэшце туды завітала. — Самай старэйшай у нас 51!» Другая якраз напярэдадні стала бабуляй... Калі чарга дайшла да мяне, я не вытрывала, запыталася ва ўрача, колькі падазрэнняў на паталогію ўсё ж пацвярджаецца? «Працэнтаў 10», — пачула ў адказ... Чакала выніку свайго аналізу я не менш за два тыдні.

А потым пазнаёмілася з Наталляй Слушко.

Спачатку пабачыла яе карціны ў галереі «Ў». Смешныя, гарэзлівыя і вельмі незвычайныя. Мне закарцела сустрэцца з аўтарам. У галерэі мне далі яе тэлефон, папярэдзіўшы, што на мой званок Наталля можа не адказаць, бо жыве фактычна на пастаянным гемадыялізе (хто не ведае, што гэта такое, можа глянуць хаця б у Вікіпедыі. Хаця лепш пра такое не ведаць). Біялагічны ўзрост гэтай дзяўчыны, значна маладзейшай за мяне, па медыцынскіх тэстах, даўно перасягнуў за 100 гадоў... Так мне расказалі. Праўда ж аказалася яшчэ больш драматычнай і... нечакана вельмі светлай. Ад колішняй рэдкай прыгажуні (мяркуючы па фота) застаўся адзін голас. Яна даўно ўжо не магла нармальна рухацца, але насуперак усяму працягвала маляваць. І нават арганізацыяй сваіх выстаў адважылася заняцца сама, адна. Бо вымушана была спяшацца.
«Насамрэч большасць людзей жыве, як дурні. Ім здаецца, што часу ў іх навалам, — сказала мне тады Наталля. — А час жа адлічваецца не днямі — гадзінамі. Траціць яго на негатыўныя думкі і пустыя справы — недаравальная раскоша... І баяцца нічога не трэба. Страх толькі забірае сілы і перашкаджае быць сабой».

Падобныя словы ў розных кантэкстах мне, вядома, даводзілася чуць і раней. Але менавіта тады я раптам усвядоміла, што ўсё так і ёсць. Бо жудаснай хваробы не адчувалася ні ў адным куточку кватэры Наталлі. Наадварот — там панавала нешта такое чароўнае і прыгожае, што мне захацелася бываць там часцей, бо менавіта тады для мяне сталася відавочным: жыццё можа заставацца цудам у любых умовах. Важна толькі на гэта не забыцца... Адзінае, што прыводзіць мяне ў роспач, калі цяпер я згадваю пра Наталлю, — я не паспела пазнаёміць з ёю свайго сына, хаця я вельмі марыла пра гэта... Я дагэтуль ёй вельмі ўдзячна.

Больш я нічога не баялася.

Вось сапраўды, выправіўшыся па вынік свайго аналізу і пракручваючы ў галаве ўсемагчымыя сцэнарыі сваёй будучыні, не баялася нічога. І неўзабаве атрымала паперку з пацвярджэннем, што маё дзіця будзе здаровым. Я сама знайшла тую паперку сярод двух дзясяткаў іншых — здаровыя дзеці нарадзіліся ва ўсіх нас.

Марына БЕРАЗЕНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».