Вы тут

Не дзейнічай яму на нервы! Або «Чорны спіс» нашых недахопаў


Мая знаёмая нядаўна вярнулася з адпачынку. Цікаўлюся ў яе: як, маўляў, уражанні? І нечакана замест звыклага «Цудоўнае мора, пяшчотны пясок, што яшчэ неабходна для шчасця?» чую: «Ды з мужам так пасварыліся, што… можа пойдзем разводзіцца». Нават адразу не знаходжу, што адказаць і спрабую, па звычцы, усё перавесці ў жарт. Але яна, відавочна, не жартуе…

— Давай ужо, расказвай, што адбылося, — кажу Вользе, — не цягні ката за хвост.

— Усё пачалося з таго, — пачынае Вольга, — што замест звыклай для нас Турцыі мы вымушаны былі паехаць у Балгарыю. Іван, дарэчы, згадзіўся не адразу: настойваў на Чарнагорыі. Але я палічыла, што лепш добра адпачыць у Балгарыі, чым сціпла ў Чарнагорыі. А потым… Ну, ведаеш, як звычайна паводзяць сябе мужчыны: то ў мяне занадта шмат адзення, то вельмі адкрыты купальнік і, наогул, навошта, маўляў, мне касметыка на адпачынку? Як быццам я павінна хадзіць у адной маечцы і спаднічцы два тыдні, страшэнная як Баба-Яга!..

— Дык, а пасварыліся з за чаго? — спрабую зразумець прычыну канфлікту паміж мужам і жонкай.

— З за таго, што я доўга збіраюся, — адказвае Вольга. — Яго вельмі раздражняе, калі яму прыходзіцца мяне чакаць. А яшчэ я занадта цікаўная: да ўсіх прыстаю з пытаннямі. І гэта яго таксама заўсёды раздражняла. Вось і найшла каса на камень…

Я, вядома, сяброўку супакоіла: маўляў, памірыцеся. Бо чаго толькі паміж мужам і жонкай не бывае, а тут такая дробязь!.. Але, як вядома, даваць парады значна лягчэй, чым імі карыстацца. Да таго ж я ўсур'ёз задумалася: а што наогул мужчыны ўкладаюць у паняцце «ты мяне раздражняеш!»? Можа, мы лічым свае звычкі нечым будзённым, а яны на нас злуюцца?.. Калі так, то неабходна тэрмінова высветліць ісціну.
Вось і пайшла я раздражняць (ужо — сваёй цікаўнасцю) знаёмых мужчын. Прызнаюся шчыра, што адны ад мяне проста адмахнуліся (не дзейнічай, маўляў, на нервы сваімі пытаннямі, і так турбот шмат!), а іншыя пайшлі насустрач і шчыра расказалі, чым мы, жанчыны, часцей за ўсё і больш за ўсё іх раздражняем. У выніку атрымаўся «чорны спіс» з нашых недахопаў, у якім бясспрэчна лідзіруе жаночая звычка спрачацца з мужчынам па розных пытаннях.
Прычым, як заўважыў мой знаёмы Дзмітрый, больш за ўсё раздражняе, калі жанчына прапануе, напрыклад, нешта зрабіць (ці купіць): ты з ёй ужо згодны, але яна працягвае… цябе ў гэтым упэўніваць.

— Не мае значэння, за кім першынство ў сям'і (хаця, безумоўна, павінна заставацца за мужчынай!), галоўнае, каб муж і жонка былі на адной хвалі, а калі на розных, то бяда — кажа ён.

Але яшчэ горш, як аказалася, — калі мужчына спрачаецца, а жанчына… робіць па-свойму.

— Так, — таксама пацвярджае Аляксандр, — гэта вельмі балюча б'е па мужчынскім самалюбстве. Але ў мяне жонка, вельмі мудрая жанчына, заўсёды робіць так, што апошняе слова застаецца за мной. І гэта вялікі талент — своечасова ўступіць як у жанчыны, так і ў мужчыны. Бо ўсе мы розныя, са сваімі поглядамі і недахопамі. І, дарэчы, нервуем адно аднаго ў аднолькавай ступені. Таму галоўнае — зразумець, калі неабходна спыніцца.

— Што мяне раздражняе ў маёй Людміле? — перапытвае Андрэй. — Доўгія зборы! Як куды разам ідзём, дык яе не дачакацца. І, вядома, занадта шмат размаўляе па тэлефоне. У мяне нават часта складваецца ўражанне, што я жыву адзін. Бо прыходжу з работы, хачу ёй расказаць, як прайшоў дзень, а яна ўсё «бла-бла» з сяброўкамі. Па гадзіне з кожнай можа размаўляць…

— Проста не выношу хадзіць з жонкай па магазінах, — дзеліцца набалелым Канстанцін. — Гэта смерць для маёй нервовай сістэмы! Асабліва калі Жанна ў чарговы раз пачынае перапытваць: «А ці праўда, што мне пасуе гэтая спадніца?» (Шалік, сукенка і гэтак далей). Колькі разоў ужо абяцаў сабе з ёй нікуды не хадзіць, але заўсёды лаўлюся на прапанову, што «табе таксама што-небудзь купім». Але, на мне грошы, адведзеныя на пакупкі, чамусьці заканчваюцца. Эгаістка, карацей, але ж такая прыгожая і так добра гатуе!

Аркадзь — наступны суразмоўца — дзеліцца ўражаннямі ад сумеснага пражывання з Галінай (пара сышлася нядаўна і жыве ў так званым, грамадзянскім шлюбе):

— Ды ўсё, здаецца, добра. Прыцірка характараў адбылася. Толькі ад аднаго не магу яе адвучыць — каб не стукала па зубах лыжкай, калі п'е гарбату ці нешта эмацыянальна расказвае!.

А яшчэ, як даведалася я ў час майго невялікага — хоць і ненавуковага, але, думаю, вельмі карыснага для нас, жанчын, — апытання, нашым мужчынам вельмі не падабаецца, калі жанчыны:

—лезуць з рознымі пытаннямі ўвечары, пасля цяжкага працоўнага дня, пры гэтым цудоўна ведаючы, што мужчына яўна не ў настроі;
—пачынаюць папракаць, калі каханы збіраецца на піва з сябрамі ці на рыбалку альбо паляванне;
—злуюцца, калі муж ідзе адзін на карпаратыўнае мерапрыемства, і пры гэтым празрыста намякаюць: маўляў, а ці не робіць ён гэта з мэтай знайсці там палюбоўніцу;?
—у гасцях пастаянна піхаюць яго ў бок, каб ён (крый Божа!) не выпіў лішку;
—пастаянна водзяць дахаты сябровак, а потым яшчэ папракаюць мужа ў тым, што ён кідае на іх «занадта палымяныя позіркі».

— Але калі хочаш быць каханым, то неабходна ісці на пэўныя ахвяры, — рэзюмуе Аляксей. — Таму куды ж мы без вас дзенемся?.. Як, дарэчы, і вы без нас. Застаецца толькі вучыцца цярпенню і шукаць кампрамісы.

Алена КАВАЛЁВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».