Вы тут

Яўген Абаленскі: «Арышт Баўмгертнера — не антырасійская акцыя...»


Яўген Абаленскі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі (Салігорская гарадская выбарчая акруга № 68):

— 30 ліпеня Савет дырэктараў адкрытага акцыянернага таварыства «Уралкалій» паведаміў аб спыненні экспартнага продажу калійных угнаенняў праз Беларускую калійную кампанію, пры тым, што сам «Уралкалій» валодае 50% акцый гэтай кампаніі. У распаўсюджаным афіцыйным паведамленні расійскага вытворцы калійных угнаенняў беларускаму боку прад'яўляліся абвінавачванні ў парушэнні прынцыпаў супрацоўніцтва. Генеральны дырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгертнер тады ж выказаў меркаванне, што цана за тону хлорыстага калію можа з $400 панізіцца да $250.

1377900701511_31-31

Спыненне супрацоўніцтва паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем» выклікала абвал сусветнага рынку калійных угнаенняў і, безумоўна, нанесла адчувальны ўдар па беларускай эканоміцы.

На пачатку гэтага тыдня Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распачаў крымінальныя справы ў дачыненні да шэрагу кіраўнікоў Беларускай калійнай кампаніі. Старшыня назіральнага савета БКК Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы, яшчэ некалькі менеджараў аб'яўлены ў міжнародны вышук. Зараз казаць пра юрыдычныя тонкасці гэтай справы дачасна, аднак разгорнутая інфармацыя, якая была прадстаўлена Следчым камітэтам, сведчыць аб адкрытасці беларускіх следчых органаў.

На маю думку, агучаныя даныя Следчага камітэта дазваляюць дапусціць наяўнасць схемы, якая мела некалькі мэт. Першая: прыпыненне работы Беларускай калійнай кампаніі, зыходзячы з інтарэсаў топ-менеджараў «Уралкалія». Гэта стала магчымым таму, што на ключавыя пазіцыі і ў галаўным офісе БКК, і ў яе рэгіянальных структурах былі пастаўлены прадстаўнікі «Уралкалія», якія дзейнічалі ў сваіх інтарэсах. Таму пасля паведамлення аб спыненні продажу праз Беларускую калійную кампанію схемы, кантракты, часткова, нават каналы паставак аказаліся замкнёныя на ўпраўленцах з «Уралкалія». У выніку беларускі вытворца быў выціснуты з рынку калійных угнаенняў, панёс значныя страты і вымушаны недзе спешна разварочваць пакупнікоў на сябе, а недзе наноў фарміраваць сваю тавараправодную сетку. Зараз рынак мёртвы. Усе застылі ў чаканні будучага зніжэння цэн. З'явіліся паведамленні, што работнікі «Беларуськалія» пераводзяцца на скарочаны аклад — да дзвюх трацін ад звычайнага.

Другая мэта: перадзел уласнасці самога «Уралкалія». Продаж акцый на піку папулярнасці, а потым іх пакупка па мінімальным кошце дазваляе значна нарасціць уласную капіталізацыю. Ёсць інфармацыя пра тое, што за перыяд 2012 года каля 80 працэнтаў усяго аб'ёму «Уралкалія» прадавалася ім жа праз уласную тавараправодную сетку «Уралкалій-Трэйдынг». Таму, на мой погляд, указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які адмяніў выключнае права Беларускай калійнай кампаніі на экспарт беларускага калію, — не прычына скандалу ў калійнай сферы, а адказ на дзеянні кіраўніцтва «Уралкалія», якое спрабавала выкарыстоўваць БКК толькі ў сваіх мэтах.
Баўмгертнер, які з'яўляўся службовай асобай беларуска-расійскага трэйдара (ЗАТ «Беларуская калійная кампанія»), сваімі дзеяннямі выклікаў страты не толькі Беларусі, але і Расіі. Таму і была заведзена крымінальная справа. Арышт старшыні Назіральнага савета Беларускай калійнай кампаніі Уладзіслава Баўмгертнера — не антырасійская акцыя або «выклік Мінска Маскве», як гэта паспяшаліся назваць некаторыя СМІ. Калі пацвердзяцца абвінавачванні, якія сфармуляваў у сваім каментарыі прадстаўнік Следчага камітэта, то гэта будзе азначаць, што дзеянні Баўмгертнера былі накіраваны на падрыў інтарэсаў у тым ліку і Расійскай Федэрацыі. Таму, на мой погляд, не варта палітызаваць становішча, якое склалася, а сітуацыю з Баўмгертнерам трэба разглядаць менавіта ў прававой плоскасці, магчыма, як спрэчку гаспадарчых суб'ектаў.
Іншая справа, што ў цывілізаваным свеце не прыняты дэмаршы, які зрабіў «Уралкалій». У такіх сітуацыях, як правіла, садзяцца за стол перамоў і вырашаюць праблему. А тут быў «удар у спіну». Гэта непрыемна, балюча і адчувальна для бюджэту нашай краіны. Але мы гэта перажывём ужо таму, што сусветны попыт калійных угнаенняў непараўнальны з магутнасцю «Уралкалія». Сусветны рынак калійных угнаенняў складае каля 50-60 млн тон, а магутнасць «Уралкалія» — каля 8-9 млн тон.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?