Вы тут

GО, «КАМЯНІЦА»!


Рыхтуйцеся, юбілейны фолк-фэст працягнецца два дні

Сёлета фолк-фестываль «Камяніца», што традыцыйна ладзіцца на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам, пройдзе пяты раз. І на радасць аматарам беларускай музыкі арганізатары фэсту вырашылі зрабіць яго двухдзённым. Фэст адбудзецца 6-7 верасня. Намёты, старадаўнія строі і паездкі сем'ямі вітаюцца.

У розныя гады вядомымі запрошанымі гасцямі фэсту былі гурт «Іван Купала» з Расіі, лідар украінскага бэнда «Воплі Відаплясава» Алег Скрыпка ды розныя іншыя музыкі, якія ў сваёй творчасці скарыстоўваюць фальклорныя элементы. Беларускія гурты для ўдзелу ў фэсце, аказваецца, «выстойваюць» нават своеасаблівую чаргу. Людзі, якія ладзяць фестываль, у тым ліку яго каардынатар Сяргей Чагрынец і дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святлана Лакотка, цудоўна разумеюць, для каго і дзеля чаго яны ладзяць гэты фестываль. Таму прадумваюць усё да дробязяў. Ужо сёлета выступоўцы плануюцца налета.

На пятым фестывалі наведнікаў парадуюць выступамі гуртоў «Палац», «Аляксандра і Канстанцін», «Стары Ольса», «Gudа», «SHUMА», «Даха-Браха» (Украіна), «Фолкнеры» (Украіна), Оrkеstrа Sw.Mіkоlаjа (Польшча), Hvаrnа (Расія)

.

У розны час на фэсце выступалі гурты «Ліцвіны», «Гаротніца», «Раwа», «Ветах», «Троіца», Оsіmіrа ды іншыя. Гэта і тыя калектывы, якія займаюцца рэканструкцыяй старадаўняй музыкі розных гістарычных перыядаў, і тыя, што спалучаюць аўтэнтыку з сучаснымі музычнымі кірункамі: рок, джаз, рэп, электронная музыка. Наогул, «Камяніца» ў сваім родзе ўнікальнае мерапрыемства. У першую чаргу таму, што ў Беларусі наогул не шмат раскручаных фестываляў з добрым менеджментам, якія папулярызуюць традыцыйную культуру. Гэтую сітуацыю каментуе лідар гурта «Палац», адзін з ініцыятараў і нязменны вядучы фэсту Алег ХАМЕНКА:

— Нельга сказаць, што ў нас менавіта чарга беларускіх гуртоў на «Камяніцу». Хаця, зрэшты, у пэўным сэнсе чарга. Бо ўсе нашы музычныя гурты, якія так ці інакш працуюць з фальклорным матэрыялам, я ведаю. І ўсе яны ведаюць мяне. Гуртоў насамрэч не так і шмат. І пляцовак у Беларусі, дзе яны маглі б выступіць, таксама мала. Таму і атрымліваецца дамоўленасць: вы выступіце сёлета, а вы — у наступным годзе. Каб праграмы не паўтараліся і ўсе калектывы мелі магчымасць выступіць. Але гэтая нястача пляцовак, безумоўна, праблема.

Пра тое, што ўвагі нацыянальнай культуры ў фестывальным руху павінна надавацца больш, гаворыць і лідар гурта «Ветах» Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, які браў удзел у «Камяніцы» ў 2011 годзе:

— У Літве, напрыклад, адбываецца каля ста падобных фестываляў. Гэтым займаецца літоўская камісія ЮНЕСКА, і яны ўсё робяць дзеля таго, каб людзі, якія захоўваюць фальклор, мелі магчымасць выступаць, трансляваць у часе гэтае мастацтва, знаёміць з ім, перадаваць дзецям, моладзі. Сёння ўвогуле сітуацыя з этнічнай музыкай вельмі няпростая ва ўсім свеце, і ў Беларусі ў прыватнасці. Яе фактычна няма ў неабходным для папулярызацыі аб'ёме ні ў эфіры, ні ў СМІ. Усё занята ў асноўным ці англамоўным імпартам, ці рускамоўным шансонам. Каранёвай музыцы славян, балтаў, фіна-уграў і г.д. у сучасных СМІ месца няма. Звычайна іншыя краіны выходзяць з гэтай сітуацыі праз адкрыццё альтэрнатыўных інтэрнэт-СМІ (відэаканалаў і радыёстанцый), якія спецыялізуюцца на этнічнай музыцы. Расійская грамадскасць чакала, пакуль дзяржава адкрые этна-радыёканал, не дачакалася, хоць у Расіі вельмі вялікі фінансавы патэнцыял. І людзі на грамадскіх пачатках арганізавалі інтэрнэт-радыё «Традыцыя», якое транслюе этнічную музыку рускага народа. У Беларусі такога пакуль няма. І таму ўжо адно тое, што ў нас ладзяць фестывалі, падобныя «Камяніцы», «Берагіні», «Радаводу» (Іванава, Брэсцкая вобласць) — нягледзячы на тое, што яны вельмі розныя па спосабах піяру, фінансавання і розных іншых параметрах — абнадзейвае. «Камяніца» спраўдзіла сябе, як фестываль, збірае шмат аматараў беларускай этнічнай музыкі. Наогул, правядзенне ореn аіr-канцэртаў — гэта «ў традыцыі» народных свят, якія, як правіла, адбываліся ў прыродным ландшафце. Гэта заўсёды дае станоўчы эфект для ўспрымання фальклорнай музыкі.

«Камяніца» — унікальны фэст яшчэ і тым, што дапамагае дзяржаўнаму музею збіраць грошы на ўтрыманне музейных драўляных экспанатаў ХVІІІ-ХХ стагоддзяў.

— Сёлета ўваход на фестываль будзе каштаваць 30 тысяч рублёў. Але тыя, хто прыйдзе ў нацыянальных строях, — каментуе Алег Хаменка, — змогуць трапіць на фэст бясплатна. Зрэшты, калі яны ўсё ж пажадаюць заплаціць за квіток альбо проста ахвяраваць грошы на музей, арганізатары будуць толькі рады. Бо «Камяніца» мае дабрачынныя мэты не ў апошнюю чаргу.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».