Вы тут

Цуды на «аўстралійскім»… лёдзе!


Катанне на каньках, акрабатыка, дрэсіраваныя папугаі і левітацыя. Такім нечаканым спалучэннем абяцае здзівіць новая праграма, прэм'ера якой адбудзецца ў Белдзяржцырку 7 верасня.

…Пакуль ідзём у залу, заўважаем за кулісамі вялізныя дэкарацыі, а бліжэй да арэны пачынаем адчуваць нязвыклую прахалоду, нібы на катку. Падрыхтоўка да «цудаў» ідзе поўным ходам…

—Шоу пад назвай «Чараўніцтва на лёдзе» — гэта вельмі каларытнае прадстаўленне, — расказаў аўтар, прадзюсар і мастацкі кіраўнік праграмы Абраам Кастанян. — Тут спалучаецца акрабатыка, ілюзія, дрэсура. Прысутнічае і жывая музыка. Лядовае пакрыццё, на якім будуць выступаць артысты, стваралася спецыяльна для арэны беларускага цырка, — дадаў ён.

Лёд сапраўды — адна з самых галоўных «фішак» праграмы. Усе артысты, які б нумар яны ні выконвалі, выступаюць на каньках. Лядовае пакрыццё дзякуючы спецыяльнай канструкцыі можа вытрымліваць неверагодна цяжкія дэкарацыі і не трэскацца. Яго стварала італьянская кампанія. Каманда «Чараўніцтва на лёдзе», дарэчы, больш чым інтэрнацыянальная. Артысты прыехалі з Італіі, Кітая, Расіі, Беларусі, Канады і Аўстраліі. Само шоу завецца аўстралійскім, паколькі кампанія, якой яно належыць, зарэгістравана там. А да прыезду ў Беларусь «Чараўніцтва на лёдзе» паказвалі ў некаторых азіяцкіх краінах, напрыклад, у Сінгапуры і Малайзіі. Там гэтая праграма карысталася вялікай папулярнасцю.

1378158097122_1

— Я адзін з нешматлікіх беларусаў, якія пакуль што бачылі гэтае выступленне, — сказаў галоўны рэжысёр «Белдзяржцырка» Серж Бандарчук

. — Гэта не тая праграма, дзе святло, касцюмы і пастаноўка адыгрываюць галоўную ролю. Тут у кожным нумары нейкі складаны трук. Да таго ж дэкарацыі вельмі прыгожыя, якасныя і дарагія. Усё абсталяванне для шоу каштуе прыкладна мільён еўра. Але на кошт квіткоў гэта не паўплывае.

— Сапраўды вартае гэтае шоу яшчэ і таму, што тут выступаюць не толькі цыркавыя артысты, але і прафесійныя фігурысты, — лічыць клоўн Алег Панукалін, адзін з удзельнікаў «Чараўніцтва на лёдзе».

У праграме задзейнічана 45 артыстаў і 12 тэхнікаў. Акрамя таго, ім дапамагаюць яшчэ каля 100 чалавек, што працуюць у нашым цырку. Да прыезду ў Беларусь «Чараўніцтва на лёдзе» паказвалі на сцэне плошчай у 30 квадратных метраў, беларуская ж арэна мае ўсяго 13 «квадратаў». Таму давялося крыху змяніць, напрыклад, харэаграфію нумароў. Таксама было створана некалькі новых касцюмаў для артыстаў і замоўлены паменшаныя копіі некаторых адзінак рэквізіту.
Што ж датычыць саміх нумароў, то тут вельмі шмат загадкавасці.

1378158099668_2

—Падрабязна пакуль расказваць не буду, бо ілюзія на тое і ілюзія, каб быць таямніцай. Усе мае рэпетыцыі звычайна праводзяцца ў закрытых памяшканнях, дзе прысутнічае мінімум людзей, — расказала адна з «зорак» шоу, ілюзіяністка Настасся Рыч. — Усе яны досыць «экстрымальныя» і вельмі маштабныя. Мае ілюзіі — адны з самых «вялікіх» у свеце. Рабіць іх на лёдзе — гэта трэба яшчэ было прызвычаіцца. Цяпер любая сцэна, відаць, здасца мне ідэальнай, — падзялілася артыстка.

Відавочна, таямніца таго, што ж мы пабачым у выкананні ілюзіяністкі, раскрыецца пасля прэм'еры, а вось пра акрабатаў «Чараўніцтва на лёдзе» вядома крыху больш. Уявіце сабе знешняе аздабленне будысцкіх храмаў, якое ўражвае хітраспляценнем арнаментаў і фігур. Хочацца бясконца стаяць ля будынка і доўга разглядваць усю тонкую працу майстроў. Нешта падобнае можна будзе ўбачыць падчас нумару, які выконваюць кітайскія артысткі-акрабаткі. Дзяўчаты выступаюць групай у адзінаццаць чалавек, на іх касцюмы колеру золата (дзякуючы яму і ствараецца гэты эфект «жывой архітэктуры»). На спецыяльным вялікім «стале» падчас выступлення «будуюцца» самыя неверагодныя піраміды, спляценні, падтрымкі. Акрабатычнае майстэрства кітаянак прымушае літаральна затойваць дыханне, хвалявацца і здзіўляцца.

1378158101426_3

Гледачоў чакае і шмат іншых цікавых нумароў, такіх як дрэсіраваныя папугаі Веньяміна Ігумнава, паветраная гімнастыка Сабрыны Аганьер, палёт пад назвай «Піраты» беларускага артыста Анатоля Шыкаўца. Наведаць прадстаўленне можна будзе да 12 снежня. Гэтая праграма падыходзіць і для дзяцей, і для дарослых.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».