Вы тут

За мяжу — пехам альбо на веласіпедзе


Для ўсіх, хто хоць аднойчы перасякаў мяжу, памежныя пераходы стойка асацыююцца з патокам машын, чэргамі і чаканнем, нават пры самым лепшым збегу абставін — ніяк не менш за гадзіну. Але ёсць і іншы варыянт — пераход «Перароў — Белавежа», дзе можна прайсці дзяржаўную мяжу фактычна без затрымкі, не глытаючы выхлапныя газы машын у час чакання, а дыхаючы свежым гаючым пушчанскім паветрам. Гэты пераход знаходзіцца ў самай глыбіні Белавежскай пушчы. Ён абсталяваны для пешаходаў і веласіпедыстаў.

Пункт пропуску «Перароў», дарэчы, дзейнічае з 2005 года. З нашага боку ён знаходзіцца ў Пружанскім раёне, а назву атрымаў ад бліжэйшага населенага пункта — вёскі Перароў. Раней пераход уяўляў сабой вузкі драўляны тунэль, такія часта будуюць на вуліцы для пешаходаў на час рэканструкцыі або рамонту высокіх будынкаў. Увесь памежны і мытны кантроль ажыццяўляўся на польскім баку, бо там з самага пачатку была адпаведная інфраструктура.

1378158103697_1

І вось у 2012 годзе за сродкі рэспубліканскага бюджэту пачалося будаўніцтва памяшкання пункта пропуску на нашым баку. За год Камянецкая ПМК 14

узвяла прыгожы драўляны будынак, які нечым нагадвае сучасныя заможныя аграсядзібы, а таксама шэраг іншых аб'ектаў. Комплекс пункта ўключае ў сябе адміністратыўны і тэхнічны будынкі, паркоўку на тры аўтамабілі, ачышчальныя збудаванні і артэзіянскія свідравіны, а таксама іншыя неабходныя памяшканні інфраструктуры.

1378158106740_2

Цікава, што дарогі, якія падыходзяць да пункта пропуску, дазваляюць перасякаць мяжу на аўтатранспарце, але і з беларускага, і з польскага боку ў гэтым месцы пушчанскі лес уяўляе сабой запаведную зону. Таму пра аўтапераход не магло быць і гаворкі. Тут дазваляецца толькі экалагічна чысты веласіпед. «Перароў — Белавежа» будзе выкарыстоўвацца пры правядзенні сумесных навуковых экспедыцый і форумаў па праблемах трансгранічнага аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча».

Пра гэта не раз гаварылі вучоныя з абедзвюх краін.

Ну і галоўныя надзеі, якія звязваюцца з абноўленым пераходам, датычаць развіцця турызму ў нашым рэгіёне. Пра гэта сказаў падчас урачыстага адкрыцця пункта пропуску старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін СУМАР. Кіраўнік Дзяржпагранкамітэта Аляксандр БАЕЧКА, у сваю чаргу, адзначыў, што супрацоўнікі іх ведамства зробяць усё, каб новы пераход стаў для турыстаў і мясцовых жыхароў хуткім, зручным і прыемным.

Пешаходна-веласіпедны пункт пропуску працуе з 1 красавіка да 30 верасня з 9 да 21 гадзіны, а з 1 кастрычніка да 31 сакавіка на дзве гадзіны менш — з 10 раніцы да 20 вечара.

Святлана ЯСКЕВІЧ.
Пружанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».