Вы тут

Ландшафт глабалізацыі


Беларусы да слова «глабалізацыя» звыклі даўно. Як-ніяк перад самым носам Еўрасаюз і не толькі. Дастаткова аднойчы паглядзець альбо проста паслухаць тэлебачанне, каб зразумець: першыя аб'ядноўваюцца ў Еўропе, другія — у Азіі, трэція — у Паўночнай Амерыцы. Палітычнай і эканамічнай глабалізацыі канца-краю няма. Складваецца ўражанне, што яна — рэч наўрад ці празрыстая для няўзброенага вока. «Якая ж ад яе карысць? Што мы з яе маем?» — пытанні не на наш адрас. Зусім іншая справа, калі гутарка ідзе пра глабалізацыю экалагічную. І праект «Балтыйскі ландшафт у Беларусі» — моцны аргумент у гэтым плане. Таму далей чытаем пра яго рэалізацыю, а таксама пра ваду і лес, меліярацыю, але самае галоўнае — пра баброў.

1378158108764_3-57

Ляціць над Нёманам еўра

Чым жа балтыйскі ландшафт лепшы за беларускі? Чым беларускі горшы за балтыйскі? Ведаеце, гэтыя пытанні тут адназначна лішнія. Праект называецца так, бо ахоплівае тэрыторыю басейнаў рэк, якія ўпадаюць у Балтыйскае мора. У нас гэта найперш Нёман. У праекце ўдзельнічаюць 15 партнёраў з 7 краін. Дамінуе Шведскі ўніверсітэт сельскагаспадарчых навук. Інтарэсы Беларусі абараняюць БДТУ, «Белдзяржлес» і Навагрудская лясная гаспадарка.

Паводле слоў Міхаіла КУЗЬМЯНКОВА, намесніка генеральнага дырэктара па навуковай рабоце «Белдзяржлесу», ландшафт Навагрудчыны сапраўды ўнікальны: маляўнічае возера Свіцязь, 47 рэчак, 20 ручаёў, а ў верхнім цячэнні на 77 кіламетраў раскінуўся Нёман з прытокамі. Лясы — гэта 38% тэрыторыі раёна (між іншым, 5 тысяч гектараў забалочана). Вось якая аптымістычная статыстыка атрымліваецца.

Што ж такое «Балтыйскі ландшафт у Беларусі» сёння? Адказвае Міхаіл Кузьмянкоў: «Гэта аналіз і аўдыт. Гэта інавацыйныя падыходы да ўстойлівых лясных ландшафтаў у нёманскім басейне». Праграму «Балтыйскі рэгіён» зацвердзілі без нас яшчэ ў 2007 м. Мы ж па лясных рэсурсах далучыліся літаральна сёлета.

Здаецца, Беларусь на шапачны разбор усё ж такі паспела. А як жа іначай? Агульны бюджэт праекта склаў 3 мільёны 300 тысяч еўра. 423 тысячы — нашы. Фінансы яўна і не думаюць спяваць рамансы. На што ж яны пойдуць? Найперш на стварэнне інфармацыйнай платформы.

Самі не з вусамі

«Вызначылі плошчу ляснога фонду, аб'ём рэсурсаў, а таксама найважнейшыя паказчыкі: лясістасць, запасы драўніны, лясны склад, аптымальныя памеры нарыхтоўкі драўніны на асобнай тэрыторыі», — адзначае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце «Белдзяржлесу». Створаная інфармацыйная платформа — база для ацэнкі рэсурсаў, якая і будзе выкарыстоўвацца падчас маніторынгу.

Выдатна, але няўжо для таго, каб сабраць інфармацыю і праманіторыць сітуацыю, неабходна дачакацца, пакуль з неба зваліцца чарговая міжнародная праграма? А самастойна не праводзім? Як высветлілася, такая работа праводзіцца заўсёды, але крыху іншым чынам. Самае слабае звяно ў гэтым выпадку — адміністрацыйныя межы. Калі штосьці маніторым, то выключна ў межах адміністрацыйных адзінак і толькі так: гэта яшчэ мая тэрыторыя, а далей — суседняга раёна. Адпаведна, сваю прааналізавалі — і ўсе шчаслівыя. Праект «Балтыйскі ландшафт» мае на ўвазе прынцыпова новы падыход — басейнавы. Ёсць тэрыторыя басейна Нёмана, і экспертам усё роўна, які гэта раён (гэтая праграма закранае і Навагрудскі, і Карэліцкі).

Самы час схапіць праблему за хвост: Нёман паволі страчвае сваю паўнаводнасць, зніжэнне ўзроўню грунтовых водаў прымушае пакутаваць прынёманскія лясы. «Мы вылучаем водаахоўныя зоны, лясныя стужкі, дзе ўсталёўваем пэўны рэжым (па сутнасці, усе лясы выконваюць водаахоўную функцыю). Аналізуем прытокі Нёмана. Якую яны маюць лясістасць? Нёманскі басейн складаецца з басейнаў рэк, што ў яго ўпадаюць. Такіх рэк першага парадку з працягласцю больш за 100 кіламетраў налічылі 10. Цяпер разглядаем лясістасць кожнай ракі. Калі яна нізкая (15—20%), то ўзнікае наступнае пытанне: а ці не шкодзяць зацверджаныя спосабы высечкі? Верагодна, нельга жорстка высякаць, а толькі выбарачна», — разважае Міхаіл Кузьмянкоў.

У зубах праўды няма

Значыць, будзем вінаваціць высечкі? На добры лад, дык трэба іх забараніць, пакуль не паспелі наламаць дроў у прамым і пераносным значэннях. Проста цвёрда паставіць на сваім — і тае бяды! Але ж не! Праблема гуляе з намі ў хованкі. Справа ў тым, што высечкі — гэта толькі маленькая кропля. Вінаваціць будзем не аморфнае, а вельмі канкрэтнае, нават жывое. Памятаеце рэкламны ролік зубной пасты, які круцілі гадоў 10 таму? «Бабёр, а чаму ў цябе такія белыя зубы?». Дык вось. Менавіта гэтае мілае стварэнне і заслугоўвае кары. Бабры будуюць і будуюць плаціны, і меліярацыйныя каналы таксама не прапускаюць. Так утвараюцца водныя аб'екты бабровага паходжання. Падымаецца ўзровень грунтовых водаў. Затапляецца каранёвая сістэма, і дрэвы хутка высыхаюць. Асабліва пакутуюць ельнікі. Як жа быць? Няўжо рукамі разводзіць?

«А вось гэта велізарнае пытанне. Ці то займацца адстрэлам і адловам, ці то перасяляць іх. Праблема пакуль знаходзіцца ў падвешаным стане», — падкрэслівае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце «Белдзяржлесу». Вучоныя з Міністэрства лясной гаспадаркі і Міністэрства прыродных рэсурсаў сцвярджаюць: колькасць баброў перавысіла 60 тысяч. Вось гэта нараджальнасць! Адзінае, пра што нельга забывацца ў такой сітуацыі, гэта пра… вераб'ёў. Калісьці кітайцам верабейчыкі перашкаджалі: маўляў, знішчаюць шмат збожжа. Перастралялі няшчасных птушак, і зерне з'елі насякомыя. Вось яна, праўда жыцця.

Раз — балота, два — балота

Раней актуальнае «людзі на балоце» цяпер, пасля колькіх хваль асушэння, надзённае ўжо не зусім. З'явілася новае. У нашым палку часта прыбывае людзей, якія скардзяцца на ўзровень вады ў калодзежах. Ён падае. Вядома ж, кацім бочкі на меліярацыю: «Развялося асушальнікаў гэтых». Таму асобны напрамак «Балтыйскага ландшафту ў Беларусі» — ацэнка меліярацыі. Як асушэнне ўплывае на водны рэжым і стан лясоў? Ці абараняюцца інтарэсы мясцовых жыхароў? Калі не, то на якое ліха нам такія праекты? Закон адзін: усё, што ні робіцца, — для беларусаў.

«Мы павінны вызначыць эфектыўнасць меліярацыі, наступствы, мэтазгоднасць яе далейшага правядзення ў лясах і на палях каля лясоў. Далей мы павінны падрыхтаваць адпаведныя прапановы пра шкоднасць меліярацыі ў пэўных тыпах лесу. Верагодна, яе адмоўныя наступствы звязаны з парушэннем правіл асушэння: зрабілі глыбіню асушальных каналаў большай, чым праектавалі, або няправільна іх размясцілі».

Перасыханне ручаёў, невялікіх рэчак, зніжэнне ўзроўню вады ў калодзежах людзі звязваюць з меліярацыяй не проста так. Логіка ёсць. Але ў «Белдзяржлесе» запэўніваюць, што перасыханне, зніжэнне ўзроўню грунтовых водаў сустракаецца не толькі на тэрыторыях, дзе рабілі меліярацыю. Нават у аддаленых месцах назіраецца тое ж самае. Якая ж тут меліярацыя? Клімат. Гэта ён паволі змяняецца.

«Ляжанне» як мастацтва

Турызм — сістэма арганізаваная (праўда, не ў Навагрудскім раёне). Безумоўна, стваральнікі «Балтыйскага ландшафту ў Беларусі» выдатна разумеюць: яшчэ паспеем з козамі на торг. Таму цяпер — аналіз. Пакуль спецыялісты вывучаюць праблемы, возера Свіцязь наведваюць масава. Набліжаецца вечар пятніцы — і пачынаецца. Едуць машыны, а за заднім шклом ужо качаецца галоўка капусты: ноччу штосьці варыцца будзе. У Навагрудскім раёне такіх турыстаў называюць «лежабокамі». І хоць тыповы «лежабок» не заўсёды «плячысты на жывот», ён у любым выпадку мастак паляжаць. І каб толькі аніякай шкоды не рабіў, але ж… Праект дапаможа звесці на нуль усе магчымыя «але ж» — скажам, змяніўшы турыстычны маршрут.

Толькі «за»

У чым жа соль праграмы? Беларусь, Польшча, Фінляндыя і Швецыя змагаюцца з экалагічнымі праблемамі плячо ў плячо. Так, кожны на сваёй тэрыторыі, але тым не менш маем канферэнцыі ў Познані, дзе абменьваемся вопытам, пракладваючы дарогу супольна. Значыць, міжнародныя дэкларацыі не завісаюць дзесьці «ў трох метрах над узроўнем неба». Не, яны рэалізуюцца. Калі міністры ўсіх еўрапейскіх краін падпісалі дэкларацыю «Лес і вада», калі мы зацвердзілі нацыянальную праграму «Чыстая вада», то вырашылі захоўваць водныя рэсурсы ў належным стане.

«Балтыйскі ландшафт у Беларусі» заканчваецца сёлета, а затым — вынікі. Наколькі вядома, будзе і працяг. Ацэнка стану водаў, лясоў — гэта толькі кветачкі. Блізіцца восень, і яны адцвітуць. З'явяцца ягадкі. Вось так рухаемся ад тэорыі да практыкі.

Вось якая глабалізацыя адназначна нам даспадобы. Калі ласка, дапамагайце. Мы ж не супраць. І апошняе: «Дружа бабёр, збірай чамаданы!»

Маргарыта СІДАР.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.