Вы тут

Зямныя мары зорнага чалавека


Чалавек — такая дзіўная істота, што яму заўсёды чагосьці не хапае. Памятаеце, як у папулярнай песеньцы 70 х гадоў мінулага стагоддзя? Зімою лета, восенню — вясны! Зразумела, што чалавеку заўжды хочацца нечага большага, чым ён мае: узнёсласці, вышыні і палёту нават у самых прыземленых рэчах. Можа, гэтая цяга і вымагае нас рухацца наперад, глядзець не толькі пад ногі, але кідаць свой позірк за гарызонты.

Усё так. Але цікава зразумець, чаго не хапае тым, для каго проста праца, гадамі звыклая надзённасць — тое, што для большасці з нас па-за межамі дасягальнасці? Двойчы Герой Савецкага Саюза лётчык-касманаўт Пётр Клімук з тых абраных, каму пашчасціла здзейсніць неверагоднае — пераадолець моц прыцягнення, убачыць Зямлю праз шкло ілюмінатара ў выглядзе «блакітнага шарыка» і нават абляцець вакол яго.

— Пётр Ільіч, вы ў сваім жыцці бралі такія вышыні, што, здаецца, марыць больш няма аб чым. Што зямное, надзённае вас турбуе сёння і чаго не хапае?

— Хаця я не аматар спрэчак, але з вамі не згаджуся: чалавек пакуль жывы, датуль ён марыць. Зараз у мяне сапраўды клопаты і думкі больш зямныя, але мне яны падаюцца досыць высокімі і маштабнымі, бо жыццё чалавека змяшчае ў сабе цэлы космас.

Не так даўно быў дома, на Брэстчыне. Сустракаўся з роднымі і блізкімі — святкавалі юбілей старэйшай сястры, споўнілася ёй 80 гадоў. Асобная размова, якое гэта шчасце ў сваім узросце быць малодшым брацейкам! А скажу толькі пра тое, што сустрэча была вельмі прыемная і сардэчная. Бо за сталом, па завядзёнцы, сабралася не толькі сям'я. Гаманілі, успаміналі, спявалі, частаваліся суседзі і аднавяскоўцы, былі дзве мае аднакласніцы.

Не так даўно ў Брэсце прайшлі традыцыйныя спаборніцтвы лучнікаў. На вялікі жаль, не змог прыехаць на іх — усё ж спаборніцтвы на прыз імя Пятра Клімука!

1378158114702_1

Увогуле, калі я першы раз паляцеў у космас, да мяне звярнуліся сябры-спартсмены. Яны хацелі, каб іх спаборніцтвы праходзілі як турнір, пераможцам якога ўручалі б прыз ад майго імя. Я згадзіўся — бо гэта ж не для славы, а для сяброў, для спорту, для моладзі, якая ім займаецца. А калі маладыя прыйшлі на трэніроўку да настаўніка, значыць, не бадзяюцца абы-дзе, не займаюцца нейкімі непатрэбнымі справамі, прыслухоўваюцца да аўтарытэтнага чалавека. Калі маё імя паспрыяе развіццю спорту і такім добрым рэчам — я абедзвюма рукамі «за». Гэтай ініцыятыве і турніру ўжо не адно дзесяцігоддзе. І мне вельмі даспадобы тое, як на зямлі перапляліся спорт і космас!

Апошнім часам прызвычаіўся ездзіць у Беларусь цягніком. Гэта па справах у Мінск бывае зручней на самалёце ці машынай. Некалькі гадоў запар, калі працавалі над стварэннем Беларускага касмічнага апарата, «матаўся» між Масквой і Мінскам амаль кожны тыдзень. А ў Брэст добра ездзіць па чыгунцы: вечарам на Беларускім вакзале ўладкуешся, ноч спіш сабе, а раніцай яшчэ некалькі гадзін ёсць на тое, каб, папіваючы гарбату, глядзець у акно: у гарадскім тлуме цяжка бывае асэнсаваць, якая пара года за акном аўтамабіля. Бо з лістапада па красавік на маскоўскіх дарогах бачым толькі лужыны — ці ад дажджу, ці ад расталага з за машын і хімічных рэагентаў снегу.

А тут сядзіш у купэ, нікуды не спяшаешся, маеш час назіраць за тым, што на свеце робіцца. А глядзець на беларускія краявіды — адно задавальненне: праязджаеш лес, і адразу думкі пра тое, якія грыбы ў ім могуць «вадзіцца», празрыстыя рэчкі — вузенькія, але глыбокія. І думаецца пра крыніцы, якія іх сілкуюць, пра рыб, якія хаваюцца там пад карчамі. А калі адкрываецца відовішча палёў, то тут сэрца маё сціскаецца ад пачуцця гордасці за сваю зямлю і людзей: тэхніка апрацоўвае ўраджай, некаторыя палі ўжо чыстыя, усё сабрана, толькі салома ў спецыяльныя валкі спрасавана. Мне вельмі даспадобы тое, што беларускі краявід не адрозніш ад таго, які ўбачыш дзе-небудзь у Бельгіі.

—Пётр Ільіч, вы сказалі, што цяпер з Масквы не ў Мінск ездзіце, а праз яго. Ці азначае гэта, што вы неяк аддаліліся ад работы над беларускім спадарожнікам?

—Так, я сапраўды зараз адышоў ад той працы, якой з задавальненнем займаўся не адзін год. Беларускі касмічны апарат — такое «дзіця», у якога сёння шмат «бацькоў», бо гэта відавочная перамога беларускай навукі, плён супрацоўніцтва вучоных дзвюх краін. Ад мары і ведання, што касмічная галіна для краіны вельмі патрэбны кірунак, да непасрэднага запуску спадарожніка на зямную арбіту працягнуліся не толькі гады, але і штодзённая праца, перамовы з адказнымі людзьмі на розных узроўнях у Мінску і ў Маскве. Дый шмат чаго было на працягу таго адрэзка жыцця. Тады са спадарожнікам было нямала арганізацыйных праблем. Калі яны былі, я іх вырашаў.

Мне вельмі прыемна гаварыць аб тым, што Беларусь стала касмічнай дзяржавай. Дзякуючы намаганням Нацыянальнай акадэміі навук, якую ў той час узначальваў Міхаіл Мясніковіч, было зроблена ўсё, каб пачэсна ўвайсці ў сусветны касмічны клуб. З задавальненнем думаю пра тыя часы, калі працавалі з Міхаілам Уладзіміравічам, з яго намеснікам Пятром Аляксандравічам Віцязем. Увогуле, там шмат таленавітых вучоных.

1378158115998_2

Цяпер спадарожнік і ўся праблематыка, звязаная з ім, павінна не браць грошы з бюджэту, а, наадварот, зарабляць грошы для краіны. Але гэта ўжо асобная тэма, да якой я не маю дачынення.

—Але ж вы не можаце проста так узяць і сысці «са сцэны». Хто вы сёння больш — вучоны ці практык?

—Думаю, што больш практык. І вось чаму. Цяпер у мяне новае «захапленне»: я ўзначальваю кафедру ў авіяцыйным тэхнічным універсітэце. Пакуль былі летнія канікулы, крыху адпачыў ад бурлівага жыцця навучальнай установы і, здаецца, засумаваў без яго. Але навучальны год ужо пачаўся!

На пачатку лета падчас сесіі я прымаў у 13 сваіх студэнтаў праекты — іх навуковыя работы. Трэба сказаць, што мне было вельмі цікава і карысна пазнаёміцца з тым, куды скіравана сёння думка нашай тэхнічнай моладзі. Гэта былі іх распрацоўкі ў галіне выкарыстання вынікаў касмічнага маніторынгу, экалагічныя вышукі і, увогуле, найсучаснейшыя касмічныя тэхналогіі, якія яны вельмі слушна прыстасавалі для зямных патрэб — пакуль што тэарэтычна. Вельмі цікавыя работы. Можа, не ўсе з іх сёння магчыма выкарыстаць, але яны скіраваны на будучыню — мне такі падыход да жыцця, вучобы і працы вельмі блізкі. Толькі з мар, фантастычных, на першы погляд, ідэй нараджаюцца новыя тэхналогіі, якія робяць наша жыццё камфортным і дынамічным.

Вы ж ведаеце, што я жыву не ў Маскве, а ў Зорным гарадку. Гэта найбліжэйшае Падмаскоўе. Раней я садзіўся ў машыну гадзін у сем раніцы, за сорак хвілін даязджаў да цэнтра расійскай сталіцы. Зараз трэба выязджаць з дому на гадзіну раней, бо дарога займае 2,5—3 гадзіны ў адзін канец: шмат машын, дарога вузкая, заторы, рух з хуткасцю 20 кіламетраў за гадзіну. Адным словам, маю намер максімальна звузіць неабходнасць сваёй штодзённай прысутнасці ў Маскве. Праца са студэнтамі мне гэта дазваляе.

Яшчэ адна з маіх сённяшніх прыемных турбот — гэта лецішча. Яно ў мяне адмысловае, такога больш не тое што ў Падмаскоўі, нават і на ўсю Беларусь не знойдзеш!

Не таму, што гэта нейкі гмах, палац ці адмысловы замак. Не, гэта звычайны драўляны дом, які мы пабудавалі шмат гадоў таму каля Зорнага. Тады многія мае калегі-касманаўты атрымалі тут невялічкія надзелы зямлі. Будавалі дом з думкамі, што летам будзем адпачываць з сям'ёй сына. А так атрымалася, што ён шмат гадоў працаваў за межамі краіны, толькі сёлета вяртаецца ў Маскву.

А лецішча адметнае таму, што ўсё ў ім зроблена маімі рукамі. Дамок патанае ў зеляніне, у кветках — гэта клопаты маёй жонкі. А я майстар па дрэве, разьбяр: і простыя цяслярскія штукі раблю, і нейкую драўляную аздобу таксама.

Вось зараз на лецішчы новыя турботы: рабочыя праводзяць прыродны газ. Мая задача — зрабіць у сцяне спецыяльнае акенца. Каб гэта не было проста тэхналагічнай дзіркай, а мела яшчэ і нейкую эстэтычную ролю ў знешнім выглядзе дома.

— Пётр Ільіч! Адкрыйце таямніцу: што звязвае вас з украінскім горадам Крэмянчуг?

— Вы пра тое, што 9 жніўня выканкам Крэмянчугскага гарадскога савета прыняў рашэнне прысвоіць мне званне ганаровага грамадзяніна горада? Але канчатковае рашэнне па гэтым пытанні за самім гарсаветам, на якім «за званне» павінны будуць галасаваць дэпутаты.

Мне было вельмі прыемна, калі мне расказалі, што з такой ініцыятывай на гарадскія ўлады Крэменчуга выйшла некалькі арганізацый і асоб: старшыня Кіеўскай гарадской арганізацыі Украінскага саюза савецкіх афіцэраў, старшыні савета гарадской арганізацыі ветэранаў Палтавы і арганізацыі ветэранаў Чарнігаўскага вышэйшага авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў, якое я і скончыў у 1964 годзе. Увогуле, да ініцыятывы, як мне вядома, далучыліся і некаторыя расійскія арганізацыі і асобы.

Але я пра іншае: справа ў тым, што хаця я заканчваў Чарнігаўскае вучылішча, спачатку ў маім баявым жыцці быў Крэмянчуг: менавіта ў яго я прыехаў вучыцца лётнай справе ў 1959 годзе. Адбылася так званая хрушчоўская рэформа арміі, пры якой значна скарацілі колькасць лётных вучылішчаў. Так я апынуўся ў Чарнігаве. Але з Крэменчугом у маім жыцці шмат што звязана: гэта маё юнацтва, курс «маладога байца», першыя ўражанні ад новага самастойнага жыцця. Не кажучы пра тое, што менавіта там у мяне з'явіліся новыя таварышы.

Так што гісторыя са званнем ганаровага грамадзяніна — гэта сапраўды фантастычная машына часу, якая вярнула мяне ў маладосць, акунула ў вір далёкіх успамінаў, дала магчымасць наладзіць нейкія адносіны, якія выпадкова былі перарваны з за збегу абставін, адлегласцяў і часу. Вось вы пыталіся пра тое, чаго мне хочацца больш за ўсё, чаго бракуе. Адказваю: так, бывае, хочацца, каб час стаў «адносным», расцягнуўся, каб у сутках было не 24 гадзіны, а на 2—3 больш. Час — гэта тое, чаго нікому і ніколі не хапае.

Ларыса РАКОЎСКАЯ

 

Вариант статьи на русском языке

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг