Вы тут

Ці стане нас больш?..


На Міншчыне створаны першы ў краіне грамадскі Савет па дэмаграфічнай бяспецы

У Мінскай вобласці працуе ўжо другая Праграма дэмаграфічнай сітуацыі (на 2011—2015 гг.). Першая дзейнічала да 2010 га. Як паказаў аналіз, мэтанакіраваныя мерапрыемствы, скаардынаваныя дзеянні ўсіх зацікаўленых асоб прынеслі нядрэнныя вынікі. Непасрэднае дачыненне да вырашэння праблем дэмаграфіі цэнтральнага рэгіёна маюць і сацыяльныя службы. Сёння мы гутарым з намеснікам старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама, членам Савета па дэмаграфічнай бяспецы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Тамарай ТРУБЧЫК.

— Тамара Іванаўна, пры Мінскім абласным выканаўчым камітэце ўжо існуе Савет па дэмаграфічнай бяспецы. Але сёлета створаны яшчэ адзін — грамадскі Савет па дэмаграфічнай бяспецы. З чым гэта звязана і ці не будуць гэтыя структуры дубляваць адна адну?

— Пачнем з таго, што Савет па дэмаграфічнай бяспецы займаецца каардынацыяй і міжведамасным узаемадзеяннем у вырашэнні задач, што пастаўлены Праграмай. Сюды ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых дзяржаўных структур: праваахоўных, адукацыі, аховы здароўя, спорту, культуры і гэтак далей. Бясспрэчна, і раней мы далучалі да работы грамадскасць і рэлігійныя арганізацыі. У той жа час прыйшлі да высновы, што павінен быць і нейкі каардынацыйны орган, які б скіроўваў грамадства на вырашэнне балючых праблем, аб'ядноўваў намаганні і патэнцыял дзяржаўных інстытутаў і грамадства.
І вось у чэрвені мы сфарміравалі такую структуру з прадстаўнікоў грамадскіх, асветніцкіх і рэлігійных арганізацый. Спадзяёмся, што яна будзе працаваць у цесным кантакце з Саветам па дэмаграфічнай бяспецы і вырашаць адны і тыя ж задачы, але маштабы яе будуць больш значнымі — у рабоце з моладдзю, рознымі ўзроставымі і сацыяльнымі групамі насельніцтва. А праблем сапраўды хапае. Чаму сёння знізілася колькасць дзяцей у сем'ях, чаму насельніцтва абыякава ставіцца да свайго здароўя? У свой час увага да гэтай тэматыкі была крыху аслаблена. Таму нашы памкненні — павысіць значнасць сям'і ў грамадстве, выхаваць у людзей клопат пра сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх, прывіць здаровы лад жыцця, негатыўнае стаўленне да асацыяльных з'яў: алкагалізму, наркаманіі, злачыннасці.

— Мінская вобласць, наколькі валодаю інфармацыяй, нядрэнна выглядае па дэмаграфіі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны…

— За 8 апошніх гадоў агульны каэфіцыент нараджальнасці на Міншчыне павялічыўся з 10,1% да 12,8% і сёння складае 13% — адзін з самых высокіх у рэспубліцы. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці таксама ўзрос да 1,9, у той час як у краіне ён — 1,6. Варта сказаць, што зніжаецца і смяротнасць. Але гэты паказчык, бясспрэчна, нас не задавальняе. Асабліва хвалюе тое, што людзі паміраюць ад знешніх прычын. У выніку вытворчага траўматызму, утаплення, пажараў, дарожна-транспартных здарэнняў, суіцыду, алкагалізму, наркаманіі. Толькі ўдумайцеся: за паўгоддзе па гэтых прычынах загінула 916 чалавек, у тым ліку скончылі жыццё самагубствам 216 чалавек. Зніжэнне ёсць, але яно нязначнае. Значыць, недапрацоўваем у гэтым плане. А папярэдзіць негатыўныя з'явы можна толькі агульнымі сіламі — як дзяржавы, так і грамадскасці.

— Не сакрэт, што для Мінскай вобласці, зрэшты, як і ў цэлым для краіны, актуальная праблема старэння насельніцтва. А старасць, як той казаў, не радасць. Гэта і бездапаможнасць, і адзінота. Бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці старых таксама ў полі зроку створанага грамадскага фарміравання?

— Так, на Міншчыне 24% пенсіянераў, і з кожным годам іх колькасць павялічваецца. Таму ўсе разам мы павінны працаваць на стварэнне бяспечных умоў пражывання для такой катэгорыі людзей. Для гэтага ёсць усе ўмовы: функцыянуе 23 тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пры якіх працуюць аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму. Усе, хто мае патрэбу ў доглядзе, могуць замацаваць за сабой сацыяльнага работніка. Хтосьці на платнай аснове, а нехта і бясплатна: залежыць ад дастатку і катэгорыі грамадзяніна. Створаны і новыя формы работы з састарэлымі. Яны могуць бяспечна перазімаваць у дамах-інтэрнатах. Практыкуем і дамы сезоннага знаходжання. Такія працуюць у Вілейцы, Стаўбцоўскім, Салігорскім раёнах, плануецца адкрыццё ўстановы патранажнага знаходжання ў Лагойскім раёне. У такія «прытулкі» пажылыя людзі могуць з'ехацца, каб перачакаць халодную пару года. Тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця, ёсць тэлевізар, медыцынскі пункт. Да жыльцоў наведваецца сацыяльны работнік, які і ў печы распаліць, і дапаможа прыгатаваць ежу. Акрамя таго, уладкоўваем пенсіянераў, асабліва адзінокіх, у прыёмныя, патранажныя сем'і. На летні перыяд у Вілейцы на базе сезоннага знаходжання наладзілі сацыяльную дачу. Тут адпачылі і паправілі здароўе пяць сем'яў інвалідаў.
Разам з тым прыемна, што ў цэнтральным рэгіёне стала больш шлюбаў і менш разводаў. За сем месяцаў летась было зарэгістравана 5460 шлюбаў і 3672 разводы. Сёлета гэтыя паказчыкі на ўзроўні 7000 і 3100. Павялічваецца колькасць шматдзетных сем'яў. У кастрычніку будзем узнагароджваць 36 маці, якія выхавалі пяць і больш дзяцей. У сакавіку такіх жанчын было 23.

— Сапраўды, гэта прыемныя навіны. І ўсё ж, Тамара Іванаўна, ёсць раёны, дзе асабліва дрэнная дэмаграфічная сітуацыя, высокая смяротнасць. З чым гэта звязана? І якія захады трэба рабіць, каб выправіць становішча?

— У аўтсайдарах — Мядзельскі, Капыльскі, Крупскі, Нясвіжскі, Клецкі раёны. Насельніцтва тут старэе катастрафічна. У той жа час сярэдняя працягласць жыцця па вобласці павялічваецца: з 67,8 у 2006 годзе да 71 года ў 2013 м.

А «рэцэптаў» для выпраўлення дэмаграфічнага становішча шмат. У аддаленых ад сталіцы мясцовасцях трэба больш актыўна ствараць новыя цікавыя формы вытворчасці, каб замацаваць кадры. На мой погляд, у грамадстве склаўся стэрэатып, што моладзь імкнецца як мага хутчэй трапіць у горад. Мяркую, трэба даваць магчымасць выпускнікам вучыцца ў горадзе, набываць там спецыяльнасць, і разам з тым ствараць умовы, каб яны вярталіся на сваю малую радзіму. Беларусам здаўна ўласціва пачуццё роднага дома, крэўных сувязяў, прывязанасць да родных мясцін. І гэтыя пачуцці трэба разбудзіць і падтрымліваць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.