Вы тут

ГЭТА НЕ ГУМАНІТАРНАЯ ІНТЭРВЕНЦЫЯ


Сітуацыя з Сірыяй выклікае ўсё большае рознагалоссе сярод заходніх дзяржаў. У разгубленасці знаходзяцца і заходнія тэарэтыкі і практыкі міжнароднага права. Яны гадаюць, якія асаблівасці міжнароднага права лепш выкарыстаць для абгрунтавання прэтэнзій звергнуць урад Асада і паставіць сваіх стаўленікаў улады, выкарыстоўваючы ў якасці падставы факт прымянення хімічнай зброі, які быццам меўся з боку ўрада супраць цывільных асоб.

Гэта адзначаецца і ў артыкуле Чарлі Карпентэра, прафесара ў сферы міжнародных зносін Масачусецкага ўніверсітэта, апублікаваным у часопісе «Fоrеіgn Роlісу» і названым «Не называйце гэта гуманітарнай інтэрвенцыяй». Прафесар Карпентэр адзначае, што калі ЗША пазбягаюць выкарыстання паняцця «гуманітарная інтэрвенцыя» для плануемага ўдару па Сірыі, то ўрад Вялікабрытаніі менавіта на гэтым пабудаваў свае довады, каб пераканаць парламент санкцыянаваць удар па Сірыі.

Брытанскі парламент, як вядома, забараніў свайму ўраду ўвязвацца ў ваенныя дзеянні разам з ЗША, да вялікага незадавальнення амерыканцаў. Чарлі Карпентэр палічыў патрэбным апублікаваць артыкул, у якім тлумачыцца, чаму брытанскі ўрад не меў падстаў наогул выкарыстоўваць такую норму міжнароднага права, як гуманітарная інтэрвенцыя ў сваіх спробах нанесці ўдар па Сірыі.

Як адзначае прафесар, гэтая норма абапіраецца на новую дактрыну «абавязак абараняць», якая змяшчае нашмат больш важныя рэчы, чым імператыўнае патрабаванне ваеннага ўмяшання. Яна патрабуе выкарыстання ўзброеных сіл для абароны цывільных асоб, што і называюць гуманітарнай інтэрвенцыяй. Гэтая норма павінна выкарыстоўвацца толькі ў крайніх выпадках і базіруецца на шасці прынцыпах. Брытанскі ўрад змог абгрунтаваць максімум тры з іх, а тыя, хто плануе вайну на абодвух баках Атлантыкі, маюць абгрунтаванне максімум для двух пунктаў з шасці.

У прыватнасці, слабым выглядае пункт аб тым, што ўдар па Сірыі будзе адпавядаць патрабаванню выкарыстаць «неабходныя і прапарцыянальныя сродкі» для гуманітарных мэт. Чарлі Карпентэр выказвае сумненні ў гэтым. Ён адзначае, што адна з брытанскіх праваабарончых арганізацый напісала пісьмо ўраду, дзе выказала сумненні ў тым, што магутныя выбухі ў цесна населенай мясцовасці могуць разглядацца як прапарцыянальны адказ, суадносны з гуманітарнымі мэтамі.

Ёсць і яшчэ адзін важны прынцып: любая інтэрвенцыя з мэтай абароны цывільных асоб павінна мець разумную верагоднасць поспеху і не зрабіць сітуацыю горшай. На думку прафесара, ён не выконваецца. Як ён адзначае, інтэрвенцыя на карысць мяцежнікаў, у адпаведнасці з новымі даследаваннямі, прыносіць больш ахвяр, чым калі б яе не было. Іншымі словамі, плануемы ўдар па Сірыі — дыяметральная супрацьлегласць таму, што трэба было б зрабіць для абароны цывільных асоб у Сірыі.

Фінальным доказам супраць удару па Сірыі быццам у мэтах гуманітарнай інтэрвенцыі, на думку Чарлі Карпентэра

, з'яўляецца яе плануемы аднабаковы характар, без ухвалення з боку Савета бяспекі ААН. Гэта карэнным чынам супярэчыць прынцыпу, у адпаведнасці з якім гуманітарная інтэрвенцыя можа ажыццяўляцца толькі з дазволу ААН. І гэта значыць, што аднабаковая інтэрвенцыя, нават быццам бы накіраваная на абарону цывільных асоб, не робіць вайну «гуманітарнай» у вачах сусветнай грамадскай думкі.

Цікавыя і каментарыі да артыкула Чарлі Карпентэра. Яны дастаткова неаднастайныя. Некаторыя з чытачоў падтрымалі планы па інтэрвенцыі, прычым няважна, гуманітарнай, з ведама ААН, або без яе дазволу. Некаторыя выступілі супраць. Асабліва цікавым мне падаўся адзін з каментарыяў. Яго аўтар указаў: «На самой справе выкарыстанне хімічнай зброі не з'яўляецца незаконным, згодна з Жэнеўскай канвенцыяй. Незаконным з'яўляецца яго першае выкарыстанне. Выкарыстоўваць яго ў адказ на прымяненне ў дачыненні цябе можна. І паколькі падаецца, што мяцежнікі выкарысталі газ першымі ў Хан Аль Асапе, з прававога пункту гледжання сірыйскі ўрад мае трывалую пазіцыю для абароны ад абвінавачанняў».

Да выкладзенага прафесарам Карпентэрам неабходна дадаць і тое, што гуманітарная інтэрвенцыя ў цэлым вельмі хісткая норма міжнароднага права. Яна мела б сур'ёзныя падставы для выкарыстання ў свеце, у якім буйныя дзяржавы прымаюць рашэнні аб яе выкарыстанні, зыходзячы з чыста гуманітарных падстаў, з шчырага жадання абараніць мірных грамадзян. На жаль, як паказвае практыка выкарыстання гэтай новай міжнароднай нормы, значна важней для тых, хто нападае, пытанні геапалітычнага кантролю, авалодвання энергетычнымі рэсурсамі, змяненне расстаноўкі сіл у рэгіёнах, аслабленне сваіх геапалітычных праціўнікаў. У такой сітуацыі прызнаваць гэту норму няма падстаў у многіх дзяржавах, у тым ліку на тэрыторыі Еўразіі.

Сяргей КІЗІМА,
доктар палітычных навук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».