Вы тут

«Масці кладку, прасі гасцей у хатку»


У сімволіцы сямейных абрадаў, у якіх пераходу з аднаго статусу ў іншы надавалася вялікая ўвага, «мост» набываў асабліва важнае значэнне. Ён быў тым няўлоўным памежжам, дзе і адбываўся рытуальны пераход.

«Масціць масты» — адна з абавязковых умоў выканання розных абрадавых дзеянняў і асабліва святочных варожбаў. Іншы раз хочацца проста ўсклікнуць ад здзіўлення, калі пачынаеш разумець, як мудрагеліста і вобразна, непрадказальна і сімвалічна ўсё было пераплецена ва ўяўленнях нашых продкаў аб гэтым неспазнаным свеце. Уявіце сабе, што прарыў у той таямнічы свет быў магчымым пры дапамозе спецыфічнага інфармацыйнага «моста», які нейкім незразумелым чынам яднаў сэрцы закаханых людзей. Аказваецца, масток паміж лёсамі двух чалавек узводзіла сама дзяўчына. Нашы продкі пакінулі нам у спадчыну некалькі варыянтаў варажбы, у якіх ключавым дзеяннем было ўзвядзенне сімвалічнага моста. Напрыклад, дзяўчына даставала з калодзежа вядро вады, ставіла яго на край зруба, клала цераз вядро галінку вішні і прамаўляла словы заклінання: «Мілы мой, прыдзі, па кладачцы на другі бераг перавядзі!» Неверагодна: адно сэрца пасылала ў космас мару аб паспяховым замужжы, а другое перахоплівала яго і пасылала ў космас мару аб сваёй суджанай...

У другім варыянце ваду набіралі ў невялікі посуд (гаршчок, місу), які перад сном ставілі каля ложка. Дзяўчына ладзіла з пруточкаў, саломы пераправу, якая нагадвала мост. Яна звярталася да нябёсаў з просьбай убачыць сон, у якім бы мілы, любы чалавек «перавёў» бы цераз сімвалічны мост, гэта значыць, узяў бы замуж.

1378158260535_3-29

Калі храм, у якім будзе вянчацца пара, знаходзіўся ў суседняй вёсцы, то маршрут вясельнага поезда дадому пракладвалі такім чынам, каб праехаць праз тры, а ў некаторых выпадках — і цераз сем мастоў. Пры гэтым існавала павер'е, што па мастах маладыя павінны былі прайсці пешшу, а тым часам нявеста непрыкметна кінуць у ваду свой пояс, хусціну або яшчэ што-небудзь са сваіх рэчаў, каб шлюб быў шчаслівым.

Існавала і такое павер'е: каб нявеста лёгка нарадзіла першае дзіця, яна павінна была перайсці цераз ручай або рэчку па мосце і сказаць наступныя магічныя словы: «Як ручай прайшла, падол не замачыла, так і дзіця нараджу — не пачую».

Калі жанчына ўпершыню пераходзіла мост са сваім дзіцем, то абавязкова павінна была кінуць у ваду якую-небудзь «ахвяру»: манету, хусцінку або акраец хлеба. Гэта рабілася для таго, каб у далейшым з гэтым дзіцем не адбылося нічога кепскага (не ўтапілася, не напала бяссонніца, каб добрым было здароўе).

У беларусаў здаўна існавалі забароны выходзіць на мост пасля захаду сонца, а таксама ў святочныя дні — напрыклад, на Русальным тыдні. Па народных павер'ях усходніх славян, русалкі з'яўляюцца на мастах і могуць нашкодзіць таму, хто ідзе ў дарогу.

На Беларусі лічылі, што той чалавек, які пажадаў стаць ведзьмаком, павінен апоўначы прыйсці на мост і сустрэцца там з нячыстай сілай. Нездарма ж у народзе казалі: «Каб цябе д'ябал пад мастом сустрэў».

Мост стаў рытуальным месцам для лячэння некаторых хвароб. Чалавека прыводзілі або прыносілі да моста, каб выканаць над ім спецыяльныя рытуальныя дзеянні і «пакінуць» на мосце або пад ім хваробу. У шматлікіх замовах ёсць словы, якія ўказваюць на месца магічнага дзеяння: «Цераз тую раку вогненную стаіць мост калінавы...».
Нашы продкі лічылі, што душы памерлых трапляюць на «той» свет з дапамогай моста, які пралягае цераз вогненную раку. Калі чалавек быў праведнікам — то мост будзе зручным, шырокім, калі грэшнікам — то мост ператворыцца ў мост-гойданку, часам танчэйшую за чалавечы волас. Каб пасля смерці мост «дапамог пераправіцца» на «той» свет, на Палессі жанчыны пасля выпечкі хлеба абавязкова кідалі ў печ тры паленцы дроў, каб яна не пуставала, — яны і будуць служыць «мастком» для пераправы.
На Палессі доўгі час існаваў звычай у дні памінання продкаў хадзіць на балота і «будаваць» масткі, каб падарожнікі пры пераходзе цераз іх узгадвалі імёны памерлых сваякоў.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».