Вы тут

«МАЛЕНЬКІЯ ХРОНІКІ ВЯЛІКАГА СЯЛА»


Вясковая школа заўсёды верна служыць адной высакароднай мэце: сее «разумнае, добрае, вечнае». Ва ўсе часы яна — цэнтр духоўнасці і беларускасці. Менавіта такой з'яўляецца і школа ў вёсцы Вялікае Сяло, што знаходзіцца за сямнаццаць кіламетраў ад Дзяржынска. Непадалёку цячэ Малая рачулка. Яна ўпадае ў рэчку Пярэкуль, якая «перакульваецца» сабе з каменьчыка на каменьчык ужо не адно стагоддзе... Вось такая гармонія робіць надзвычай прывабнымі гэтыя мясціны для пакаленняў вялікасельцаў, мацуе ў іх вялікі гонар за сваю малую радзіму.

Для ўсіх саслоўяў і веравызнанняў

У дакументальных крыніцах вёска Вялікае Сяло згадваецца з ХVІ стагоддзя. У 1589 годзе яна ўваходзіла ў Старынкаўскую воласць. А пасля другога падзелу (у 1793 годзе) Рэчы Паспалітай стала цэнтрам Вялікасельскай воласці Мінскага павета. Чаму сяло Вялікае? Няцяжка здагадацца, што побач было сяло Малое.

1378158271706_1

Пасля адмены прыгоннага права былі зацверджаны і часовыя правілы для некаторых народных школ, якім дазвалялася прымаць дзяцей усіх саслоўяў і веравызнанняў. Вялікасельскіх дзяцей першым далучыў да асветы святар Адам Баркоўскі: у 1863 годзе пры Тонава-Слабодскай царкве адкрылася вучылішча. Паколькі асобнага памяшкання яно не мела, святар аддаў адзін з пакояў дома, які сам займаў, для заняткаў з вучнямі «без усялякага на тое ўзнагароджання з боку грамадства». Крыху пазней у Вялікім Сяле з'явілася аддзяленне Тонава-Слабодскага вучылішча, а ў 1874 годзе яно пераўтварылася ў Вялікасельскае вучылішча. Колькасць вучняў вагалася ад 15 да 25 чалавек.

Не кожны вясковец мог адправіць дзіця на вучобу. Па-першае, малыя былі добрымі памочнікамі па гаспадарцы, па-другое, за вучобу трэба было плаціць. Напрыклад, настаўнік атрымліваў 150 рублёў за год, а яшчэ выдаткаў патрабавалі ацяпленне, асвятленне, вучэбныя матэрыялы… Але ў вяскоўцаў усё больш расло ўсведамленне таго, што адукаванаму чалавеку прасцей выйсці ў людзі, дабіцца лепшай долі. У 1876 годзе на сродкі сялян быў пабудаваны дом для Вялікасельскага народнага вучылішча. Спярша вучыліся толькі хлопчыкі, а ў 1893 годзе сярод 26 вучняў былі ўжо і 2 дзяўчынкі.

Будынак як сведка перамен

Што здарылася з будынкам школы ў пачатку ХХ стагоддзя, невядома. Архіўныя звесткі сведчаць, што да рэвалюцыі дзеці займаліся ў арандаваных у сялян хатах. Літаральна ў кастрычніцкія дні 1917 года член Мінскай павятовай управы Ф. Н. Войцік заключыў з селянінам вёскі Вялікае Сяло Рубяжэвіцкай воласці Пятром Адашкевічам дагавор аб здачы ім у арэнду пад клас памяшкання памерам 8 на 8 аршын з ацяпленнем за 180 рублёў.

1378158273269_2

Да многіх перамен у жыцці пасля рэвалюцыі вёска ставілася насцярожана. Але ў тым, што трэба будаваць школу, сумненняў не было. У 1920 я гады з'явіўся будынак школы, у пачатку калектывізацыі яго прыстасавалі пад яслі, крыху пазней ён згарэў.

Яшчэ неаднойчы лёс школьнага будынка змяняўся. Час пакідаў на ім своеасаблівы адбітак. У 1933 годзе, напрыклад, заняткі ішлі ў перавезенай з суседняй вёскі хаце, дзе жылі сем'і двух братоў, якіх раскулачылі. У 1935 годзе калгаснікі ўзвялі новы будынак — для сямігодкі. Узначальваў школу Аляксандр Панкрацьеў. Вучылася ў ёй каля 200 дзяцей. Камсамольскі актыў з педагогаў праводзіў вучэбна-выхаваўчую работу ў школе і сярод вяскоўцаў калгаса «Усход 1». Пры неабходнасці настаўніцкі калектыў прымаў удзел у ахове дзяржаўнай савецка-польскай мяжы, што праходзіла побач. Школа падтрымлівала цесную сувязь з пагранзаставай «Целяшэвічы» і камендатурай «Наквасы». Кожны супрацоўнік школы меў у сваім пашпарце візу № 1, што давала права жыць і працаваць у пагранічнай зоне. Мелася, што школа стане сярэдняй, але пачалася вайна…

Многія вяскоўцы, у тым ліку і былыя вучні, настаўнікі пайшлі абараняць Радзіму.

Самым трагічным у гісторыі школы стаў 1943 год. Фашысты спалілі яе разам са старшай піянерважатай Аляксандрай Шаўцовай. Яна ўступіла ў рады змагароў — з'яўлялася членам Навасёлкаўскай падпольнай групы — таму і загінула ў агні ў сваёй любімай школе…

Пасля вайны дзеці зноў вучыліся ў старым будынку, а калі вучняў было многа — і ў будынку сённяшняй крамы, пакуль у пачатку 1970 х гадоў не з'явілася прыбудова. Але самая лепшая прыбудова была зроблена ў 2003 годзе.

Узор беларускасці

Асаблівая адметнасць школы — краязнаўчы музей «Азбука роднай гісторыі і прыроды». Сярод іншых каштоўных экспанатаў у ім — успаміны людзей: сведкаў калектывізацыі, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, дзяцей, якія перажылі гады ваеннага ліхалецця. Застаецца толькі шкадаваць, што да відавочцаў звярнуліся позна: многіх з аднавяскоўцаў, каго хацелася б паслухаць, ужо няма сярод нас.

На жаль, гасцей у школе, хто б мог далучыцца да багатай скарбонкі мясцовай гістарычнай памяці, бывае не так многа. І таму следапыты скарысталі іншы варыянт далучэння да сваёй спадчыны шырокага кола цікаўных краязнаўцаў. Кніга «Маленькія хронікі Вялікага Сяла» мае ўсяго два асобнікі. Першы з іх — музейны экспанат, каштоўнасць якога не толькі ў змесце, а і ў тым, што кніга зроблена ўручную мастаком Наталляй Ермаловіч і майстрам Андрэем Мартынюком. Другі экзэмпляр — таксама ручной работы — бібліятэчны варыянт.

Многія са школьных выхаванцаў, нібы птахі, разляцеліся па свеце, але глыбока звязаны сваімі каранямі з вёскай, дзе ўсвядомілі сябе беларусамі. У гэтым яны прызнаюцца яшчэ і яшчэ раз, завітваючы да роднага парога.

Адно толькі сумна, што ў сучаснай школе з найлепшымі традыцыямі ўсё менш чуваць дзіцячыя галасы. А так хочацца, каб квітнела школа, жыла вёска — Вялікае Сяло!

Алена СТЭЛЬМАХ.
Здымкі з архіва школьнага музея.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?