Вы тут

Лета як маленькае жыццё


Традыцыйна ў першыя дні новага навучальнага года школьнікі пішуць сачыненне на тэму «Як я правёў лета». Вось і «Звязда» папрасіла некалькіх публічных асоб падзяліцца ўражаннямі: якімі былі для іх і чым запомніліся тры месяцы лета 2013?

Вікторыя КАСЯНЮК,радыё- і тэлевядучая («Рэпарцёр «Беларускай часінкі»):

— Гэтым летам я ўмудрылася адпачыць не толькі на поўдні, але і на поўначы. У чэрвені я ездзіла ў госці ў невялікі нарвежскі гарадок Ставангер. Ён замілаваў мяне сваімі рознакаляровымі драўлянымі домікамі і бязлюднымі вулачкамі; ходзіш па горадзе і не можаш пазбавіцца адчування, што гуляеш сярод масфільмаўскіх дэкарацый… Я гасцявала ў Нарвегіі ўсяго тыдзень, але паспела вельмі многае: і пазагараць на беразе Паўночнага мора, і пастаяць на вяршыні вадаспада Монгефосен, і сфатаграфавацца на самым ускрайку Прэкеступена, што ў перакладзе з нарвежскага значыць «кафедра прапаведніка».

1378247199798_1

Але самым складаным было ўзыходжанне на фіёрд К'ераг, той самы, дзе знаходзіцца знакаміты камень, што заграз сярод скал. Шлях да каменя — каля пяці кіламетраў. Дарэчы, пралягае ён праз тры перавалы. Я нават плакала — настолькі было цяжка і страшна ўздымацца ў горы на тысячу метраў, прычым без альпінісцкіх прылад, чапляючыся рукамі за жалезныя ланцугі, спецыяльна развешаныя для турыстаў. І ўсё ж я дайшла! Праўда, забрацца на камень, каб сфатаграфавацца, так і не змагла. Вельмі ўжо страшна!

Уладзімір КУБЫШКІН,прадзюсар:

— Маё лета было вельмі насычаным, прычым адпачынак, як заўжды, атрымаўся сумешчаным з працай. Ездзіў на міжнародны конкурс у Крым, дзе быў старшынёй журы. Раней паспяваў і ў чатырох падобных мерапрыемствах «пажурыць», але сёлета сіл хапіла толькі на адно. Затое шмат і плённа папрацавалі са сваімі артыстамі: з Ганнай Шаркуновай гастралявалі па Беларусі, многа студыйнай працы было і з Ганнай, і з Віталем Варанко, Ягорам Ваўчком (падапечныя Уладзіміра з тэлепраекта «Акадэмія талентаў» — Аўт.). Увогуле, для мяне лета — гэта заўжды падрыхтоўка да напружанага для артыстаў асенне-зімовага сезона, таму паўнавартасна адпачываць давядзецца толькі ўзімку. Але, лічу, яно таго вартае: з гуртам «Ямайка» мы перапісалі ўсе песні з новым вакалам, змянілі імідж дзяўчатам і зрабілі некалькі фотасесій…

1378247202477_2

Аднак самае галоўнае — вопыт гэтага лета паказаў вострую неабходнасць абзавесціся ўласнай студыяй, і я прыклаў усе намаганні, каб яна ў мяне найхутчэй з'явілася. Спадзяюся, гэта неўзабаве ўсе заўважаць. Так што лета было напоўнена пастаянным рухам і працай, якая прыносіць мне сапраўднае задавальненне. Расчараванне мінулых месяцаў хіба што толькі адно — за ўсё лета так і не ўдалося з'ездзіць на рыбалку…

Ганна ХІТРЫК,актрыса тэатра імя Я. Купалы, спявачка (гурт «S°unduk»):

— Пра што расказваць: пра гурт ці пра сябе? Калі пра гурт, то мы ўжо запісалі палову песень для трэцяга па ліку альбома, на які добрыя людзі дапамаглі сабраць грошы праз сайт Bооmstаrtеr метадам «народнага фінансавання» — краўдфандынгу. Па шчырасці, я вельмі чакала і марыла пра дыск, але не надта верыла, што нам удасца сабраць грошы, што камусьці яшчэ ў такой ступені цікава тое, чым мы займаемся… Але патрэбную суму мы набралі нават за палову адпушчанага тэрміну, і з гэтай нагоды я вельмі шчаслівая. Што да асабістых летніх уражанняў, то напрыканцы чэрвеня ў мяне быў дзень народзінаў, з якім незвычайна і вельмі прыемна павіншавалі нашы прыхільнікі-форумцы. Яны зрабілі самы сапраўдны сцяг нашага гурта — вельмі прыгожы, з выявай замочнай адтуліны на белым фоне. І на фестывалі, дзе мы выступалі ў той дзень, раптам гляджу: нашы хлопцы і дзяўчаты размахваюць нейкім сцягам. Што за дзівакі, думаю. А потым на чарговым куплеце разумею, што гэта НАШ сцяг! Зразумела, адразу забылася словы песні і толькі крычала ўсім: «Паглядзіце, паглядзіце ж!»

1378247204777_3

А іншыя ўдзельнікі гурта з мяне пасмейваліся, бо ўсе ўжо даўным-даўно ўсё ведалі. Потым мне падарылі, напэўна, мільярд падарункаў, у тым ліку ўсякіх забаўных куфэркаў і паветраных шарыкаў. І фінал сапсавала толькі тое, як нас абслугоўвалі ў кавярні. Затое потым з нашымі форумцамі групай чалавек у 30 мы схадзілі ў кінатэатр на мульцік — гэта было сапраўды здорава, бо з маленькім сынам вельмі рэдка мне ўдаецца кудысьці выбрацца.

Шкада толькі, канец лета выйшаў благі: мы паспрабавалі паехаць на мора з сям'ёй, літаральна два разы купаліся, а потым Сцёпа (2 гадовы сын актрысы — Аўт.) захварэў, і мы ўсе вельмі перажывалі, плакалі, хадзілі па ўрачах, якіх было не знайсці. Літаральна толькі ў апошні дзень гэтага адпачынку, калі малы пайшоў на папраўку, уздыхнулі з палёгкай. А ўвогуле, што я: нядрэнна прайшло лета, хіба толькі вельмі стаміліся, а наперадзе столькі працы — і спектаклі ў тэатры, і канцэрты, і дыск жа трэба дапісваць…

Юлія БЫКАВА, спявачка, паэтка, і Яўген АЛЕЙНІК, прадзюсар, кампазітар (гурт «Аўра»):

— У нас лета прайшло ў падарожжах. Спачатку быў невялікі тур па Славеніі — выступалі на фестывалі ў сталіцы краіны Любляне і далі канцэрт у невялікім горадзе Рыбніца. Потым паспелі яшчэ папрацаваць у Маскве, запісвалі песні для расійскіх выканаўцаў, з якімі ўжо даўно і шчыльна супрацоўнічаем. А напрыканцы вырашылі крыху разняволіцца і выбраліся на сямейны адпачынак у Балгарыю. Адкрылі для сябе «ўсё ўключана» і цяпер будзем вымушаны бегаць вакол дома, каб скінуць наступствы гэтага «ўсё ўключана», — энергічна пералічвае Яўген.

1378247206470_4

— Не тое каб мы вельмі ўжо аб'ядаліся ў водпуску, але балгарская кухня стала адкрыццём: там шыкоўна, надзвычай смачна гатуюць! — дадае Юля. — Ну, і апошнія дні лета мы не сядзелі без справы: пачалі запіс некалькіх песень, а восенню плануем выпусціць свой новы альбом.

Тамара ЛІСІЦКАЯ, тэле- і радыёвядучая, пісьменніца, сцэнарыст:

— У нас было, можна сказаць, працоўнае лета: запускалі на тэлебачанні новы праект, штодзённае ток-шоу «Дзень у вялікім горадзе», таму сілай волі давялося прымусіць і сябе застацца ў горадзе. Але ўдалося здзейсніць і некалькі вельмі цікавых вылазак. Адна з іх — дзённы сплаў на байдарках па Іслачы ўсёй сям'ёй, уключаючы малодшага 5 гадовага сына Гошу. Мы з мужам Глебам Марозавым раней удзельнічалі ў водных паходах, але гэта было ўсё ж даволі даўно, таму і для нас паездка стала не проста забавай, а выпрабаваннем. З аднаго боку — вельмі прыгожыя мясціны, незвычайны краявід, а з другога — істотная фізічная праца, пераадоленне перашкод: парогаў, завалаў і г. д. («Гэта вельмі цікава, але цяжка: калі шмат гадоў «вяслуеш» толькі «мышкай», дзесяцігадзінны «мах вяслом» страшэнна стамляе. Але гэта няхай, гэта кампенсуецца здароўем, эмоцыяй і дзевяностасантыметровым біцэпсам», — пазначыла Тамара ў сваім блогу. — Аўт.)

1378247209933_5

І тое, што мы прайшлі ўвесь шлях, каля 20 км, і не сышлі з дыстанцыі, — гэта стала для нас агульным сямейным подзвігам. А паколькі ўсім без выключэння спадабалася, напэўна, паўторым падобную вылазку ў наступным годзе. Ці прыдумаем штосьці новенькае — такая ўжо ў нас неспакойная сям'я, на месцы сядзець не прывыклі.

«Сачыненні» збірала

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».