Вы тут

Выгадны кавалак прадпрыемства


Часцяком мы чуем у кіно ці ў тэлевыпусках навін пра акцыі. Толькі не пра агітацыйныя або рэкламныя мерапрыемствы, а каштоўныя паперы. Акцыі нейкага прадпрыемства падняліся, іншага — упалі... Акцыянернае таварыства аб'яўляе аб продажы сваіх акцый... Пра што ўсё гэта? Што за акцыі? Каму і навошта яны патрэбны? Як на гэтых паперках можна зарабіць? Паспрабуем знайсці адказ на ўсе акрэсленыя пытанні, бо акцыі — гэта яшчэ адзін спосаб укладання грошай.

Віды акцый

Пачнем з таго, што акцыя — гэта эмісійная каштоўная папера, якая дае ўладальніку (яго так і называюць — акцыянер) права на атрыманне часткі прыбытку акцыянернага таварыства ў выглядзе дывідэндаў, а таксама на ўдзел у кіраванні акцыянерным таварыствам і на частку маёмасці, якая застаецца пасля яго ліквідацыі. Акцыянернае таварыства — гэта адна з арганізацыйна-прававых формаў суб'ектаў гаспадарання. Пры ёй статутны фонд камерцыйнай арганізацыі падзелены на пэўную колькасць акцый.

Бываюць закрытыя і адкрытыя акцыянерныя таварыствы. Нас больш цікавяць акцыі адкрытых таварыстваў, паколькі іх каштоўныя паперы тэарэтычна можа купіць абсалютна любы чалавек (у закрытых акцыі размяркоўваюцца паміж заснавальнікамі ці загадзя вызначаным колам асоб).

Пойдзем далей. Акцыі падзяляюцца на звычайныя (даюць права на ўдзел у кіраванні таварыствам і ўдзельнічаюць у размеркаванні прыбытку) і прывілеяваныя (могуць абмяжоўваць у правах на кіраванне альбо, наадварот, пашыраць іх, маюць шэраг пераваг у параўнанні са звычайнымі: магчымасць атрымання гарантаванага даходу, першачарговае выдзяленне прыбытку на выплату дывідэндаў і пагашэнне кошту акцыі пры ліквідацыі таварыства). Крыніцай для выплаты дывідэндаў па акцыях звычайна з'яўляецца чысты прыбытак арганізацыі (у выпадку з прывілеяванымі акцыямі могуць выкарыстоўвацца і іншыя крыніцы). Размеркаванне дывідэндаў паміж уладальнікамі звычайных акцый ажыццяўляецца прапарцыянальна грашам, якія былі ўкладзены, — атрымліваецца, у залежнасці ад колькасці купленых акцый (чым больш акцый, тым большы даход).

Аналагам прывілеяванай акцыі можна лічыць акцыю заснавальніка. Яна распаўсюджваецца сярод заснавальнікаў акцыянернай кампаніі і дае некаторыя пераважныя правы. Гэта могуць быць: дадатковыя галасы на зборы акцыянераў; першачарговае права на атрыманне акцый пры новай эмісіі (выпуску) і іншыя.

Купля і продаж акцый

Як і аблігацыі, пра якія мы ўжо разважалі, акцыі могуць быць імяннымі і на прад'яўніка. Апошнія прасцей размясціць на другасным рынку для продажу і прасцей купіць — не патрэбна перарэгістрацыя ўладальніка. На акцыі павінен быць пазначаны намінальны кошт (на кожнай акцыі аднаго прадпрыемства ён аднолькавы). Агульная велічыня статутнага фонду пэўнай кампаніі роўная агульнай суме наміналаў усіх акцый, што былі выпушчаны. Дарэчы, намінальны кошт неабавязкова адлюстроўвае рэальны кошт акцыі. Напрыклад, пры першасным размяшчэнні цана акцый павінна быць не ніжэйшай за намінальны кошт (гэта называюць эмісійным коштам акцыі).

А вось пры другасных продажах акцый іх цана ўжо будзе залежаць ад шмат якіх эканамічных і іншых фактараў. Рыначны кошт звычайна фарміруецца на таргах на фондавай біржы праз баланс попыту і прапановы на канкрэтныя акцыі. У залежнасці ад эканамічнай паспяховасці прадпрыемства, яго перспектыў і іншага кошт акцый будзе паніжацца ці павышацца. У апошнім выпадку зарабляць можна не толькі атрымліваючы дывідэнды, але прадаючы і купляючы акцыі на другасным рынку. Скажам, купілі вы некалькі акцый прадпрыемства паўгода таму, ведаючы, што яно паспяхова развіваецца і яго акцыі будуць расці ў цане, а пасля павышэння кошту прадалі больш выгадна. Але вырашаць, прадаваць ці не — ваша справа (трэба глядзець на тое, што больш выгадна ў пэўны момант, — продаж акцый часам можа даць больш грошай, чым атрыманне дывідэндаў). Бывае, што больш выгадна пакінуць у сябе акцыі, па якіх ідуць добрыя прыбыткі. Прадаць іх вы заўсёды паспееце. Бывалі выпадкі, калі людзям выпадкова прадавалі літаральна за капейкі нейкія акцыі (у 90-я гэта было вельмі распаўсюджана). Пра іх ужо забываліся, але прыходзілі тыя, хто мае вялікую колькасць акцый, і прапаноўвалі нядрэнныя грошы за пакупку. Зразумела, што магло быць і інакш — акцыі «ўпалі» і сталі зусім нікому не патрэбны. Рызыка ёсць заўсёды — ва ўсім, што звязана з грашыма. Проста неабходна добра падумаць, у чые акцыі ўкладвацца.

Паколькі акцыя адносіцца да долевых каштоўных папер, яна выкарыстоўваецца як інструмент для інвеставання. Купляючы акцыі, вы ўкладваеце свае грошы ў прадпрыемства. Яно атрымлівае дадатковы капітал, а значыць — рэсурс для далейшага развіцця. Іншая справа, што ў нашай краіне рэдка робяць публічныя размяшчэнні акцый, так званыя ІРО. Часцей выкарыстоўваецца продаж вялікага пакета акцый буйному інвестару. Але фінансавы рынак Беларусі будзе яшчэ развівацца.

***

Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай «фінансавы выдатнік» ці па тэлефоне 8 017 292 38 02.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

«Суседка думае, што я нейкі дзівак, бо заўсёды ўсміхаюся».

Грамадства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Вайскоўцы-кантрактнікі змагаюцца за права прадставіць нашу краіну на «Воіне Садружнасці — 2017».

Грамадства

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

У канцы жніўня ў краіне адбудзецца Рэспубліканскі педагагічны савет.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Ён адбудзецца на Дзень Незалежнасці ў Мінску.