Вы тут

Урач зможа адмовіцца рабіць аборт


Законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя» — адзін з тых, што найбольш абмяркоўваюцца ў грамадстве. З шэрагам гучных прапаноў, сярод якіх — забарона абортаў, выступалі прадстаўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў у Беларусі, урачы прапаноўвалі ўскласці на п'яніц выдаткі на іх лячэнне, гучалі прапановы ўвесці плату за лячэнне ў дзённых стацыянарах... У якім выглядзе законапраект падрыхтаваны да першага чытання, запланаванае на восеньскую сесію, «Звяздзе» расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Валянцін МІЛАШЭЎСКІ.

1378247247415_4-38

— Валянцін Станіслававіч, якая галоўная мэта дапаўненняў у Закон «Аб ахове здароўя»?

— Прафілактыка хвароб. У аснову ўсёй сістэмы аховы здароўя пакладзены клопат пра чалавека, умацаванне яго здароўя і павелічэння працягласці жыцця. Аднак само наша насельніцтва недастаткова клапоціцца аб сваім здароўі, не жадае адмаўляцца ад шкодных звычак, весці здаровы лад жыцця.

Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, стан здароўя насельніцтва залежыць ад сістэмы аховы здароўя (якой бы развітай яна не была) толькі на 8-10%; ад экалагічных фактараў — на 20-23%; ад харчавання — на 10-11%; а ад ладу жыцця — на 58-60%!

Законапраект накіраваны на тое, каб больш увагі надаць менавіта здароваму ладу жыцця. Не сакрэт, што ў нас прадпрыемствам бывае нават выгадна, каб яго супрацоўнікі хварэлі, бо гэта дазваляе эканоміць фонд заработнай платы. Дні, калі работнік быў непрацаздольным, аплачвае Фонд сацыяльнай абароны.

Ды і ў менталітэце нашым закладзена спагадліва ставіцца да хваравітых людзей. Такія часцей карыстаюцца льготамі, ім выдзяляюць пуцёўкі ў санаторыі... Таму ў нас, на маю думку, быць здаровым нявыгадна і непрэстыжна.

— Што тут можа памяняць закон?

— Законапраект прапануе дапоўніць Закон «Аб ахове здароўя» цэлым самастойным раздзелам: «Пытанні арганізацыі і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў па ахове здароўя насельніцтва». У ім вызначаны асноўныя кірункі прафілактычных мерапрыемстваў, іх віды і суб'екты, якія ўдзельнічаюць у іх ажыццяўленні.

Цяпер на мерапрыемствы па фарміраванні здаровага ладу жыцця мясцовыя органы ўлады змогуць закладаць фінансаванне. А значыць, такая работа павінна стаць больш эфектыўнай.

— Законапраект таксама істотна карэкціруе артыкул пра віды медыцынскай дапамогі...

— Так, дакумент замацоўвае новыя віды аказання медыцынскай дапамогі, такія як высокатэхналагічная медыцынская дапамога, якая пры вылечванні захворвання патрабуе выкарыстання новых, складаных, унікальных, рэсурсаёмістых метадаў. Размова ідзе аб прымяненні дарагой апаратуры, з выкарыстаннем дарагіх расходных матэрыялаў, стварэнні асаблівых умоў.

Яшчэ два новыя віды медыцынскай дапамогі — догляд пацыента і паліятыўная. Апошняя аказваецца пры невылечных хваробах, якія прагрэсіруюць, для палягчэння болю і іншых сімптомаў.

Праект закона пашырае пералік умоў аказання медыцынскай дапамогі. Акрамя амбулаторных і стацыянарных, прадугледжваецца аказанне медыцынскай дапамогі ў аддзяленнях дзённага знаходжання (калі пацыенту не патрабуецца кругласутачнае назіранне медыкаў) і па-за арганізацыямі аховы здароўя. Гэта было заўсёды — выезд брыгады хуткай дапамогі, выклік медыцынскага работніка дамоў, аказанне першай дапамогі ў транспартным сродку, пры эвакуацыі... Аднак раней такія віды медыцынскай дапамогі не былі прапісаны ў законе.

Законапраект таксама прадугледжвае ўдасканальванне парадку забеспячэння грамадзян лекавымі сродкамі, як пры аказанні медыцынскай дапамогі за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, так і ў аддзяленнях дзённага прабывання і па-за арганізацыямі аховы здароўя.

— Удакладніце, калі ласка, на якіх умовах будзе аказвацца медыцынская дапамога ў дзённых стацыянарах?

— Законапраект толькі даў юрыдычнае абгрунтаванне існаванню дзённых стацыянараў. Больш канкрэтна пра тое, што там будзе платным, а што — бясплатным, прапішуць падзаконныя акты Міністэрства аховы здароўя. Фінансаванне такіх аддзяленняў таксама будзе залежаць ад рашэння мясцовых органаў улады.

— Раскажыце, хто працуе над змяненнямі ў законапраекце?

— У складзе міжведамаснай працоўнай групы па дапрацоўцы праекта закона працуе 20 чалавек. Гэта дэпутаты парламента, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, юрысты, кіраўнікі ў сферы аховы здароўя.

Законапраект паступіў у парламент 14 сакавіка 2013 года, ён быў размешчаны на сайце Палаты прадстаўнікоў і вельмі шырока абмяркоўваўся. За гэты час мы атрымалі больш за 2,5 тысячы зваротаў з прапановамі і заўвагамі. Да нас з канкрэтнымі прапановамі прыходзілі ініцыятыўныя групы, якія выступаюць супраць абортаў.

— Яны былі пачутыя?

— Так. У тым ліку і па іх прапанове 27 артыкул прадугледжвае абавязковае перадабортнае кансультаванне цяжарных жанчын. З гэтай мэтай у лячэбнай установе будуць створаны адпаведныя ўмовы. Пры магчымасці такія кансультацыі будуць праводзіцца разам з бацькам пакуль яшчэ не народжанага дзіцяці.

— Мэта такіх кансультацый — адгаварыць ад намеру зрабіць аборт?

— У першую чаргу — даць поўную інфармацыю пра ўсе магчымыя наступствы такога кроку. І, па магчымасці, прадухіліць перарыванне цяжарнасці, рашэнне пра якое было прынята падчас псіхалагічнага крызісу, імпульсіўна. Калі сама жанчына потым шкадуе пра тое, што зрабіла.

— Ці разглядалі парламентарыі варыянт забароны абортаў?

— Не. Наша краіна мае сумны досвед забароны абортаў.

У 1936 годзе, у сувязі са складанай дэмаграфічнай сітуацыяй, у СССР аперацыі па штучным перарыванні цяжарнасці былі забаронены. Адразу звычайнай справай сталі падпольныя аборты, якія часта прыводзілі да гібелі жанчын.

Думаю, забараняць аборты не трэба, але давесці да жанчыны інфармацыю пра магчымыя наступствы, асабліва перарывання першай цяжарнасці, неабходна. Вельмі часта такія аперацыі прыводзяць да бясплоддзя. Маладая жанчына, якая не ведае, дзе і на што будзе жыць з дзіцем, павінна параіцца з бацькам дзіцяці, з уласнымі бацькамі.

Магчыма, усё не так драматычна, як ёй здаецца.

— Якія яшчэ нормы прапануе праект закона для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі?

— У прыватнасці, прапануецца абмежаваць узрост пацыентаў, якія жадаюць правесці стэрылізацыю: яны павінны быць старэй за 35 гадоў. І даць права ўрачу адмовіцца ад правядзення аперацыі па штучным перарыванні цяжарнасці. Такая адмова магчымая толькі пры пісьмовым паведамленні аб ёй кіраўніку арганізацыі аховы здароўя, і калі гэта адмова не пагражае жыццю жанчыны. Пасля атрымання такога паведамлення кіраўнік абавязаны забяспечыць медыцынскую дапамогу па перарыванні цяжарнасці іншым урачом-спецыялістам.

— Якое ваша асабістае стаўленне да гэтай нормы?

— Норма досыць спрэчная, але падобная ёсць і ў адпаведным законе Расійскай Федэрацыі, замацавана права ўрача на адмову ад правядзення аборту і ў Жэнеўскай дэкларацыі Сусветнай Медыцынскай Асацыяцыі.

Разумею, наколькі яна ўскладняе работу кіраўніка арганізацыі аховы здароўя. Па сутнасці, гэта адмова работніка выконваць частку сваіх абавязкаў. Гэта азначае, што нехта павінен зрабіць работу за іншага. Не ведаю ніводнага акушэра-гінеколага, якому б падабалася перарываць цяжарнасць. На мой погляд, калі ўрач па маральных прынцыпах не хоча рабіць аборты, няхай ён змяняе спецыялізацыю, пераходзіць толькі на амбулаторны прыём альбо займаецца вузкай праблематыкай. Гэта цалкам магчыма.

Разам з тым норма лічыцца прагрэсіўнай.

— Якія яшчэ змены змешчаны ў законапраекце?

— Пашыраюцца выпадкі прадастаўлення інфармацыі аб стане здароўя пацыента, якія складаюць урачэбную тайну, без згоды пацыента. Прадастаўленне такой інфармацыі дапускаецца па пісьмовых запытах страхавых кампаній, ваенкаматаў, наймальнікаў у выпадку вытворчай траўмы. Норма, думаю, не нашкодзіць пацыенту, а работу названых арганізацый значна спросціць.

— Меркавалася таксама перагледзець артыкул пра вяртанне выдаткаў на аказанне медыцынскай дапамогі...

— Падчас работы над законапраектам рабочая група прыйшла да высновы, што зараз у нас хапае механізмаў, якія ўскладаюць выдаткі на аказанне медыцынскай дапамогі на віноўнікаў.

І ў Грамадзянскім, і ў Крымінальным кодэксах існуюць артыкулы, згодна з якімі тыя, хто нанёс шкоду здароўю іншага чалавека, вяртаюць лячэбнай установе выдаткі на паслугі. А лячэбная ўстанова пералічвае гэтую суму ў бюджэт. Тое самае — па выплаце па бальнічных лістах. Згодна з адпаведнай Пастановай Савета Міністраў, калі чалавек атрымаў траўму падчас алкагольнага ап'янення, яму не выплачваецца дапамога за 6 першых дзён, а за астатнія выплачваецца толькі 50%. Я лічу, гэта дастатковае пакаранне і ў матэрыяльным, і ў маральным плане.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 

Эта статья на русском языке.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».