Вы тут

Сесія не страціць патэнцыял...


Ці верне спажыўкааперацыя Міншчыны статус «народнага» гандлю?

У сістэме спажыўкааперацыі Мінскай вобласці налічваецца каля 2 тыс. гандлёвых аб'ектаў. У параўнанні з гандлем усіх формаў уласнасці гэта самая разгалінаваная сетка. Але ў агульным тавараабароце цэнтральнага рэгіёна ёй належыць толькі 13 працэнтаў.

Для параўнання: у 2007-2008 гадах аналагічны паказчык складаў каля 23 працэнтаў. У першую чаргу кааперацыя недацягвае ў галіне перапрацоўкі садавіны, гародніны, мяса. Патрабуе новых падыходаў і аптовы гандаль. Напрыклад, гарбата і кава ў сельскай мясцовасці даражэй, чым у сталіцы. Закупляе прадукцыю за мяжой цэнтралізавана Белкаапсаюз. Такое права павінна быць і ў абласных спажывецкіх саюзаў. Гэта дазволіла б знізіць кошт імпартных тавараў. Зрэшты, як адзначае старшыня аблспажыўсаюза Валерый Марынічаў, захады ў гэтым кірунку робяцца.

Акрамя таго, вымушае жадаць лепшага і культура абслугоўвання, і добраўпарадкаванне пад'язных шляхоў да магазінаў, і іх выгляд.

З кожным днём набіраюць абароты буйныя гандлёвыя сеткі, якія прыходзяць у тым ліку і ў вёску. І кааператарам, каб выжыць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, варта мяняць сістэму працы. Менавіта такія думкі былі агучаны падчас сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, прысвечанай рабоце сістэмы спажыўкааперацыі. Гэта добра разумеюць і самі кааператары, якія робяць спробы вярнуць былую славу «народнага» гандлю.

Напрыклад, усё больш з'яўляецца крам пад агульнай назвай «Родны кут»

. Згадзіцеся, гэтая назва ўспрымаецца значна лепш, чым ранейшыя кшталту «Харчовыя тавары №2». На мой погляд, гэтае ўдалае словазлучэнне стала візітнай карткай кааперацыі. Выкананыя ў адной каляровай гаме аб'екты з лагатыпам — адметныя і пазнавальныя, яны прыцягваюць усё больш пакупнікоў. Але сутнасць нават не ў змене шыльды, бо ў гандлі маюць важнае значэнне не толькі форма, але і змест.

Камусьці даспадобы вялікія сеткавыя магазіны, якія прыйшлі да нас з-за мяжы. Камусьці — не. Не падабаецца пакупнікам, калі развозчыкі тавару з цялежкамі бесперапынна сноўдаюць па гандлёвай зале, штурхаюць іх, ды яшчэ патрабуюць саступіць дарогу. Асабіста я не пераношу, калі людзі корпаюцца ў скрынях, перапоўненых садавіной часта не лепшай якасці. Тлум, гам, гучныя, на ўсю залу, перамовы прадаўцоў... Пра якую культуру абслугоўвання можна казаць? Заклапочаныя касіры не ўсміхаюцца пакупнікам. Не да гэтага: трэба абслугоўваць бясконцы паток кліентаў. Ды і ў чарзе даводзіцца стаяць даволі доўга. «Затое — зніжкі!» — прывядзе аргумент на карысць буйных сецевікоў нехта. Прынамсі, колькі ж трэба набраць прадуктаў, каб атрымаць капеечную зніжку? Ды і дысконтную карту, калі ты не пенсіянер, трэба набыць за асабістыя грошы.

Кааператыўны гандаль Міншчыны працуе стабільна. За паўгода па аблспажыўсаюзе таваразварот выкананы на 104,6 працэнта, у грамадскім харчаванні — на 107,6. Сёлета адкрылася 9 сучасных пунктаў гандлю крокавай даступнасці, 4 — грамадскага харчавання. Мадэрнізацыя аб'ектаў праводзіцца не за кошт узвядзення новых капітальных будынкаў, а за кошт выкарыстання пустуючых, якія прыводзяцца ў належны выгляд. У Лагойску напрыклад, у старой сталовай адкрылася кавярня, у Крупках пасля рэканструкцыі прыме наведвальнікаў універмаг. Ствараюцца і сацыяльна арыентаваныя рознічныя аб'екты — дыскаўнтары з мінімальнымі гандлёвымі надбаўкамі ў 10-15% пры 25% у цэлым па сістэме. Пастаянным пакупнікам прапаноўваюцца дысконтныя карты, што дазваляе купіць тавар яшчэ танней. Плануецца пашырыць прысутнасць кааперацыі ў райцэнтрах, укараніць лагістыку прасоўвання тавараў ад вытворцы да прылаўка.

Разам з тым, як адзначалася падчас сесіі, сістэма спажыўкааперацыі недастаткова эфектыўная. Трэба перагледзець палітыку цэн, якія зачастую вышэй, чым у канкурыруючых сетках. Варта падумаць, як захаваць удзельную вагу кааперацыі ў гандлі. І не толькі захаваць, але і пашырыць яе ўплыў: без карэнных змен можна наогул страціць напрацаваны патэнцыял. Трэба больш эфектыўна выкарыстоўваць свабодныя гандлёвыя плошчы ў вёсках, здаваць іх у арэнду і нават прадаваць за адну базавую велічыню. Невялікія і заробкі ў сістэме кааперацыі: сярэдняя зарплата за шэсць месяцаў склала каля 3 млн рублёў, што часткова ўплывае на недахоп кадраў. У некаторых вёсках па гэтых прычынах крамы закрываюцца. Па словах старшыні Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пятра Навіцкага, у 4 аддаленых ад горада населеных пунктах магазіны не працуюць: не могуць знайсці прадаўцоў. «Раённы Савет, сельскія Саветы працуюць у цесным кантакце з раённым спажывецкім таварыствам, — падкрэсліў Пётр Навіцкі. — Але сёння кааператарам неабходна праяўляць больш гнуткасці, самім ісці да насельніцтва».

Зрэшты, кааператары Міншчыны разумеюць што трэба набліжацца да сельскіх пакупнікоў. У сталічным рэгіёне каля трох тысяч населеных пунктаў, якія абслугоўваюцца аўтамагазінамі. Як паказвае практыка, гэта вельмі прыбытковы бізнес. І яго трэба развіваць, уводзіць яшчэ больш паслуг не толькі гандлю, але, магчыма, і цырульніка, і фатографа. Словам, аб'ядноўваць магчымасці кааперацыі і «бытоўкі». Сёння ў сістэме налічваецца 129 крам «на колах», закуплена яшчэ 10 новых машын. Але кааператары не адмаўляюцца і ад тых, што вычарпалі свой рэсурс: пасля рамонту і мадэрнізацыі яны зноў выходзяць на лінію.

...Ці будзе жыць спажыўкааперацыя? У кожнага свой погляд. Але, на маю думку, у сістэмы гандлю будучыня ёсць, бо ёсць вопыт і напрацоўкі.

А галоўнае, свая ніша і кола прыхільнікаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.