Вы тут

Перыяд «прыціркі»


Чым большая тэрыторыя, тым большая нагрузка на мясцовую ўладу

Пасля праведзенай сёлетняй аптымізацыі тэрыторыя Капланецкага сельсавета, што ў Бярэзінскім раёне, павялічылася амаль удвая. Раней тут знаходзілася 21 вёска. Цяпер жа налічваецца 47 населеных пунктаў, у тым ліку тры з іх з'яўляюцца цэнтрамі аграгарадкоў.

Старшыня сельскага Савета дэпутатаў Любоў Забаронак паказвае мне свае ўладанні, седзячы за рулём «Жыгулёў».

— Што змянілася пасля рэфармавання? — цікаўлюся ў Любові Уладзіміраўны.

— З узбуйненнем тэрыторыі павялічылася і нагрузка, — адказвае яна. — Пакуль знаёмлюся з людзьмі, вывучаю сітуацыю. Цяжка паверыць, але за дзень праязджаю каля двухсот кіламетраў. А клопатаў і пытанняў хапае. І на ўсё патрэбны не толькі сродкі, але і фізічныя высілкі, людскі рэсурс. А як вядома, у сельвыканкама няма ні транспарту, ні рабочых рук.

Асабліва хвалюе старшыню прывядзенне ў належны стан могілак. Работа праводзіцца за кошт сродкаў, што выдзяляюцца на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, гаспадарчым спосабам, па дагаворы з арганізацыямі. Але адначасова агарадзіць усе месцы пахаванняў проста немагчыма! Даводзіцца ставіць агароджу па чарзе, перш за ўсё там, дзе яна патрабуе замены. Галаўны боль — старыя дрэвы, якія могуць у любы момант пашкодзіць помнікі, ствараюць пагрозу і для людзей. Каб іх спілаваць, трэба выклікаць альпіністаў, паслугі якіх каштуюць нятанна. Толькі на могілках у вёсцы Капланцы ліквідавана больш за 20 старых дрэў. Летась шмат было зроблена і на могілках вёскі Гарэнічы. Але альпіністы не займаюцца вывазам спілаваных рэшткаў. Старшыня сельвыканкама просіць у кіраўніцтва арганізацый выдзеліць людзей, транспарт. І варта дадаць, што ў ААТ «Бярэзінскі»

, Брадзецкім лясніцтве, школах ёй не адмаўляюць. Напрыклад, вялікую дапамогу па расчыстцы могілак у Мацевічах аказалі работнікі лясной гаспадаркі Аляксандр Шаграй і Міхаіл Гаравік са сваімі дзецьмі. У вёсцы Бярэзніца сёння не засталося ніводнага жыхара. А сваякі, дзеці тых, хто пахаваны на тутэйшых могілках, не вельмі часта наведваюць магілы сваіх родзічаў. Расчышчалі іх работнікі Бярэзінскага аграпрамэнерга, Бярэзінскіх раённых электрасетак. І такіх прыкладаў дастаткова.

Варта дадаць, што сельвыканкам імкнецца прыцягнуць да добраўпарадкавання і саміх жыхароў. Але не ўсе пагаджаюцца: старыя не могуць, а маладыя не хочуць. Моцныя яшчэ ў нас утрыманскія настроі, асабліва сярод гараджан, якія вясной прыязджаюць на магілы сваіх родзічаў. Здавалася б, добрую справу робяць — прыбіраюць магілы продкаў, але ж смецце выкідваюць побач. Больш за тое, дачнікі мэтанакіравана завальваюць бытавымі адходамі кантэйнеры, што ўстаноўлены на могілках.

Вогненным шквалам пранеслася па Бярэзінскім раёне Вялікая Айчынная вайна. На тэрыторыі Капланецкага сельскага Савета налічваецца 20 помнікаў і абеліскаў як на брацкіх, так і асобных магілах воінаў, партызан, мірных жыхароў. Прывядзенне іх у парадак Любоў Уладзіміраўна лічыць справай гонару. Сюды падчас свят прыходзяць людзі, каб ускласці кветкі, тут праходзяць урачыстасці з удзелам жыхароў раёна, сваякоў загінулых. Сапраўды, сорамна перад імі, калі магілы непрыбраныя, а на помніках і агароджах аблезла фарба. Гэтага імкнецца не дапусціць вельмі неабыякавая да ўсяго, што робіцца навокал, Любоў Забаронак.

Пра слаўныя і трагічныя старонкі невялікай вёсачкі Партызанка, што знаходзілася ў партызанскай зоне, сведчаць менавіта помнікі. У гады вайны тут праходзілі Клічаўская і Бярэзінская раённыя падпольныя канферэнцыі.

— Стэлу, якая з цягам часу набыла непрыглядны выгляд, мы замянілі на мармуровую, — распавяла Любоў Забаронак. — Мармуровы помнік паставілі і на брацкай магіле загінулых дэсантнікаў і партызан. На гэта пайшло каля 20 млн рублёў з раённага бюджэту. Памянялі на новы помнік і ў Каменным Барку. У аграгарадку Косаўка адрамантавалі абеліск у скверы. Работы выконвала будаўнічая брыгада адкрытага акцыянернага таварыства «Бярэзінскі». А пафарбавалі яго, падрыхтавалі кветнікі работнікі Гарэніцкай школы. Прыемна, што і некаторыя жыхары не застаюцца ў баку ад справы. Напрыклад, напярэдадні Дня Перамогі мы прыехалі ў вёску Васільеўка на магілу камсамольца-партызана У. Лапцёнка, каб навесці парадак, ды там ужо і без нас нехта папрацаваў. На мой погляд, такія факты сведчаць пра тое, што людзі не забываюць сваю гісторыю, шануюць памяць загінулых. Вельмі б хацелася абнавіць помнікі на брацкіх магілах у вёсцы Мацевічы. Спадзяюся, што пытанне з фінансаваннем вырашыцца.

Незаменныя памочнікі, як адзначыла Любоў Уладзіміраўна, у справе навядзення парадку ў памятных месцах — школьнікі, педагогі і тэхперсанал Капланецкай і Гарэніцкай школ. Гэта менавіта яны кожную вясну прыбіраюць магілы воінаў і партызан, землякоў, фарбуюць помнікі, высаджваюць кветкі. Найбольшыя клопаты, вядома ж, выпадаюць Капланецкай установе адукацыі, паколькі ў гэтых мясцінах нямала абаронцаў Айчыны знайшлі свой апошні прытулак. Толькі ў вёсцы Мацевічы чатыры адзіночныя і брацкія магілы, тры брацкія магілы і ў Каменным Барку. Але, як зазначыла Любоў Забаронак, і дзеці, і іх настаўнікі лічаць сваім абавязкам догляд гэтых памятных месцаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?