Вы тут

«Я ўлюбілася ў вашу краіну!»


Удзельніцы конкурсу «Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013» у Беларусі гладзілі зубра, вучылі народныя танцы, выходзілі на лёд і дарылі кнігі Нацыянальнай бібліятэцы

За мінулыя тыдні дзяўчаты з 85 краін свету — гэта канчатковая колькасць сёлетніх канкурсантак — аб'ехалі ці не палову нашай краіны з экскурсіямі. Сафійскі сабор у Полацку і Брэсцкая крэпасць, палацы ў Лідзе і Нясвіжы, Белавежская пушча і аквапарк у Гродне, прадпрыемства БелАЗ і страусавая ферма — ва ўсіх гэтых месцах пабывалі прыгажуні, якія не ўтойвалі свайго захаплення ад убачанага.

Высокія і прыгожыя

Але такая насычаная праграма не перашкодзіла ўдзельніцам «Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013» займацца галоўнай справай — падрыхтоўкай да фінальнага шоу, на якім і будзе абрана каралева прыгажосці. Пад'ём а сёмай раніцы, штодзённыя фотасесіі, дэфіле і рэпетыцыі з харэографамі — такі расклад чакае маленькую армію прыгажосці ажно да 6 верасня. «Заняткі настолькі шчыльна распісаны, што Мінск мы бачылі пераважна з акна аўтобуса», — крыху расчаравана ўздыхаюць дзяўчаты.

Зрэшты, некалькі аб'ектаў беларускай сталіцы ўдзельніцы ўбачылі і зблізку, і знутры. У Лядовым палацы дзяўчаты паглядзелі хакейны матч з удзелам каманды «Юнацтва-Мінск», а лёд «Мінск-Арэны» выпрабавалі і самі — безумоўна, з дапамогай хакеістаў.

Днямі ж каля паўсотні канкурсантак зазірнула ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. І не проста на экскурсію, а з важнай місіяй — перадаць у падарунак кнігі і фотаальбомы аб сваіх краінах.

1378333716939_1

«Нашу бібліятэку штодня наведваюць тысячы чытачоў, часта прыязджаюць замежнікі, афіцыйныя дэлегацыі, у тым ліку і кіраўнікі іншых краін. Але настолькі прыгожыя і высокія госці зазірнулі да нас упершыню. І, шчыра прызнацца, нягледзячы на ранейшае дэканства на «дзявочым» факультэце бібліятэчна-інфармацыйных сістэм і працу ў жаночым калектыве, ад сустрэчы з такой колькасцю прыгажунь я крыху разгубіўся», — прызнаўся дырэктар установы Раман Матульскі. Затое цяпер, паводле яго слоў, ён гатовы здаваць геаграфію экстэрнам і не пераблытае на карце свету ніводную краіну, якую прадстаўляе кожная з дзяўчат. Тым больш, што і самі ўдзельніцы падрыхтаваліся да візіту ў храм ведаў як след: акрамя кніг пра гісторыю, культуру і традыцыі сваёй краіны, некаторыя з іх прывезлі геаграфічныя карты (як прадстаўніца Нігерыі) або міні-сцягі (як канкурсантка з Тога). Прыгажуня з Латвіі падарыла невялічкую кнігу «Пашпарт Латвіі», якая імітуе вонкава афіцыйны дакумент, але насамрэч распавядае пра гісторыю станаўлення гэтай дзяржавы. Дзяўчаты з Польшчы, Індыі, Турцыі, Італіі, наадварот, прывезлі вялізныя фаліянты з мноствам фотаздымкаў.

Яйкі страусаў,альбомы і «магніцікі»…

Падчас невялікага перапынку дзяўчаты падзяліліся ўражаннямі ад падарожжа па краіне, расказалі, што ім найбольш запомнілася ў Беларусі і што, акрамя яскравых успамінаў, яны павязуць з сабой дадому. «За той адносна невялікі прамежак часу, што мы тут знаходзімся, я ўлюбілася ў вашу краіну, у вашы нацыянальныя стравы, у тую прыязнасць, шчырасць і спакой, які адчуваецца ў людзях», — адзначыла Метцы Салана з рэспублікі Эль-Сальвадор.

1378333719583_2

Мексіканцы Жаклін Маралес вельмі спадабалася наладжанае днямі катанне на каньках. «Але я пастаянна баялася ўпасці. Праўда, мне пашанцавала, і сутыкнення з лёдам не адбылося. Больш за тое, я навучылася нават вельмі прыстойна катацца для першага ў жыцці выхаду на лёд. А калі нам дазволілі самім крыху пагуляць у хакей — было проста выдатна!»

Прыгажуня са Шры-Ланкі падышла да выбару сімвалічнага падарунка бібліятэцы ўдумліва. Прывезеная ёю кніга, па-першае, распавядае пра адметны светапогляд і асноўную рэлігію яе краіны — будызм (25-гадовая Гаеша Перэра і сама глыбока рэлігійны чалавек), а па-другое, напісана яна на сінгальскай мове (адна з асноўных моў Шры-Ланкі, на якой размаўляе каля 13 мільёнаў насельніцтва. — Аўт.). «Нядаўна прэзідэнт Шры-Ланкі наведваў Беларусь з візітам, сустракаўся з вашым Прэзідэнтам, быў падпісаны шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве. Я ўсцешаная, што сувязі паміж нашымі краінамі ўмацоўваюцца, і спадзяюся, што праз нейкі час у Беларусі будуць вывучаць культуру і мову Шры-Ланкі», — загадкава ўсміхнулася дзяўчына, прыемна ўразіўшы сваёй дасведчанасцю ў пытаннях не толькі культурных, але і палітычных. Зрэшты, гэта і не дзіўна: на радзіме Гаеша працуе актрысай і тэлевядучай, мае вялікую папулярнасць (толькі ў сябрах на «Фэйсбуку» яе падтрымліваюць звыш 27 тысяч прыхільнікаў) і свой удзел у конкурсе разглядае як пэўную місію па збліжэнні розных культур.

— Не магу сказаць, каб беларускі клімат стаў для мяне выпрабаваннем. На першы погляд, адрозненне паміж намі толькі ў адсутнасці мора і пляжаў, — падзялілася Гаеша, для якой сёлетні конкурс прыгажосці далёка не першы ў жыцці. — Спадабалася ваша кухня, зацікавілі народныя традыцыі — да беларускай культуры ў ланкійцаў апошнім часам вялікая цікавасць, у тым ліку і дзякуючы конкурсу прыгажосці. Уражанняў ад краіны наогул вельмі шмат: з кожнага дня нашых паездак я выкладваю ў сацыяльныя сеткі дзясяткі фота, каб маімі вачыма людзі Шры-Ланкі маглі больш уважліва паглядзець на Беларусь. Што павязу з сабой дадому? Вось набыла некалькі яек страусаў на ферме, альбомы і, натуральна, «магніцікі» з краявідамі ў падарунак сям'і і сябрам! (Смяецца.)

Канкурсантка з Венесуэлы Ані Фуэнмаёр з лацінаамерыканскім імпэтам прызналася, што найярчэйшым уражаннем апошняга тыдня для яе стала наведванне хакейнага матча і магчымасць самой выйсці на лёд:

1378333722468_3

— У дзяцінстве я каталася на каньках, але з таго часу мінула вельмі шмат гадоў і я ўсё забылася. І калі арганізатары шоу сказалі нам, што можна будзе патрэніравацца з дапамогай прафесійных хакеістаў, я прыйшла ў захапленне. Нас нават крыху павучылі гуляць у хакей. Гэта было незабыўна, тым больш у кампаніі такіх моцных і гожых хлопцаў! Асобна хочацца адзначыць хакейны матч — у Венесуэле няма магчымасці бачыць гульні жыўцом, толькі па тэлевізары, а гэта ж зусім іншая атмасфера і эмоцыі…
Дадому Ані павязе самыя цёплыя ўспаміны ў сэрцы і вельмі шмат беларускіх сувеніраў у чамаданах, у тым ліку некалькі прыгожых чарак для калекцыі сваёй матулі і вырабы з саломкі. «Мне вельмі падабаецца Беларусь. Кожны рэгіён, дзе мы пабывалі, адметны па-свойму, непаўторны, і, можа быць, я тут застануся… Але гэта толькі пасля шоу, а пакуль вельмі чакаю свайго тату, які прыедзе на фінал падтрымаць мяне».

— Дзяўчына з Панамы хоча прыехаць у Беларусь яшчэ раз, са сваімі бацькамі, і прасіла мяне, па магчымасці, правесці экскурсію па тых жа мясцінах, дзе мы пабывалі падчас паездкі, каб бліжэй пазнаёміць бацькоў з беларускай культурай і менталітэтам. Бо, кажа, проста словамі ўражанні ад нашай краіны не перадаць, — смяецца перакладчыца Дар'я.

Хто выбірае, як выбіраюць

Да фіналу конкурсу «Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013» і, адпаведна, выбару самай прыгожай, абаяльнай і прывабнай з 85 удзельніц засталіся лічаныя дні. Але некалькі «прамежкавых» тытулаў ужо раздадзена. Так, у конкурсе талентаў перамагла прадстаўніца Малайзіі Нэнсі Маркус, якая выканала танцавальнае папуры на сусветна вядомыя хіты. А па выніках шматлікіх фотасесій і дэфіле журы вызначыла пераможцаў у намінацыях «Міс Элегантнасць» (ёй стала прадстаўніца Швецыі Салі Ліндгрэн), «Міс Індывідуальнасць» (Муція Датул з Філіпінаў), «Міс Топ-Мадэль» (Валерыя Дону з Малдовы) і «Міс Фотагенічнасць» (Дэзірэ Дэль Рыа з Пуэрта-Рыка).

Увогуле, суддзяў і гледачоў чакае нялёгкі выбар. Каманда АНТ, якая працуе з канкурсанткамі практычна кругласутачна, адзначае матываванасць, прафесійны падыход і адказнасць удзельніц: многія не навічкі ў мадэльным свеце, таму гатовы бясконца шліфаваць лёгкую паходку і дабівацца натуральных усмешак.

1378333725314_4

Пасля скандальнага конкурсу «Міс Мінск» у многіх узнікала пытанне, хто і як правярае ўдзельніц падобных конкурсаў на, скажам так, адпаведнасць не толькі мадэльным, але і маральным стандартам у паўсядзённым жыцці. «Пры выбары нашай удзельніцы «Mіss Suрrаnаtіоnаl» мы на 100% адказна падыходзілі да гэтага пытання, — рэжысёр-пастаноўшчык фінальнага шоу, кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў тэлеканала АНТ Анжэліна Мікульская падобным пытанням ужо не здзіўляецца. — У век інтэрнэту мала што можна ўтаіць — кожны як на далоні, да таго ж дае плён роспыт аднакурснікаў ці аднакласнікаў, суседзяў… Выбіраць было з каго, але Вераніка аказалася ў любым сэнсе лепшай. За ўсіх астатніх канкурсантак адказваюць аргкамітэты конкурсу ў іх краінах, а падчас знаходжання ў Беларусі, па-першае, дзяўчат паўсюдна суправаджае ахова, а па-другое, у іх проста няма часу на глупствы».

— Абсалютна ўсе ўдзельніцы разумеюць значнасць гэтага конкурсу і сваю адказнасць, — дадае РR-менеджар праекта Юлія Віскуб. — І хоць усе яны хвалююцца, але выкладваюцца па поўнай праграме. Нават тыя, хто ў нашым клімаце, памножаным на стомленасць, крыху прыхварэў, на фінальнае шоу выйдуць у найлепшым настроі і з усмешкай, вось убачыце!

Пераканацца ў гэтым можна будзе ўжо зусім хутка: 6 верасня ў Палацы спорту пройдзе фінал конкурсу «Mіss Suрrаnаtіоnаl 2013». Над пастаноўкай шоу працуе вялізная каманда рэжысёраў, стылістаў, харэографаў і фатографаў, а дапамагаюць беларускаму боку афіцыйныя прадстаўнікі конкурсу з Міжнароднай асацыяцыі прыгажосці (Польшча). Тэлеверсія фінальнай імпрэзы будзе паказана ў 100 краінах свету. А квіткоў на «жывое» шоу, дарэчы, у мінскіх касах засталося вельмі мала.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Так цёпла, як у першым паўгоддзі, бывае адзін раз у 30 год

Так цёпла, як у першым паўгоддзі, бывае адзін раз у 30 год

За апошнія 30 гадоў у нас у краіне ў параўнанні з нормай 1961—1990 гадоў, якая ўжываецца як апорная пры ацэнцы значэнняў змены клімату, пацяплела на 1,3 градуса.

Грамадства

Ці прапаноўвае прыдарожны сэрвіс беларускую кухню?

Ці прапаноўвае прыдарожны сэрвіс беларускую кухню?

Міністэрства транспарту і камунікацый цяпер распрацоўвае генеральную схему развіцця прыдарожнага сэрвісу да 2025 года.

Грамадства

Гісторыя пра тое, як партызаны пайшлі па соль, а выратавалі дзевяць чалавек

Гісторыя пра тое, як партызаны пайшлі па соль, а выратавалі дзевяць чалавек

Гэты аповед даслаў нам у рэдакцыю наш даўні чытач з Вялікай Бераставіцы Міхаіл Маскальчук.

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.