Вы тут

БУДРАЙЦІС ВЯРНУЎСЯ


Кумір многіх, любімец беларусаў літоўскі акцёр Юозас БУДРАЙЦІС на некалькі дзён прыязджаў у Мінск, каб зняцца ў фільме пад рабочай назвай «Белыя росы-2». Мяркуецца таксама, што сёлета Юозас Станіславас увойдзе ў склад журы кінафестывалю «Лістапад», падчас якога, магчыма, адбудзецца яшчэ і фотавыстава акцёра. Як вядома, Будрайціс захапляецца фатаграфіяй.

А пакуль 72-гадовы акцёр распавёў «Звяздзе» пра свайго героя Ходаса, «белы горад» Мінск і тое, чаму аддае большую перавагу паэзіі і кіно, чым прозе і тэатру.

Будрайціс

— Юозас Станіславас, ці адразу вы пагадзіліся на ролю Ходаса, калі пабачылі сцэнарый?

— Асабліва не вагаўся. Гэта такі светлы, празрысты матэрыял. Мне падаецца, даволі рэдкі для сённяшняга часу. Доўга не трэба было думаць. Тым больш, калі з рэжысёрам (Аляксандрай Бутар. — Аўт.) паразмаўляў, стала зразумела, што чалавек ведае, чаго хоча.

— Ці падобны ваш герой на вас?

— Як сказаць, мой герой заўжды крыху падобны на мяне. Акцёр заўжды трохі сябе іграе. Хочаш — не хочаш. Жыццё — гэта меладрама, абавязкова недзе знойдзецца, чым тваё жыццё судакранаецца са сцэнарыем.

— А што вы думаеце пра фільм «Белыя росы» Ігара Дабралюбава, рэмэйкам або працягам якога называюць фільм, у якім вы цяпер здымаецеся?

— Я, на жаль, яго не бачыў. Нічога не магу каментаваць. Збіраўся паглядзець, але ў мяне мала часу, каб глядзець фільмы. Пакіну гэта на будучыню.

1378333738247_2

— Калі вы апошні раз былі ў Мінску і якія ў вас, наогул, уражанні ад горада?

— У Мінску я быў апошні раз гады тры-чатыры таму, калі мы прывозілі «Чайку» Чэхава ў пастаноўцы Балтыйскага дома, Вайткус паставіў. Тады ў мяне быў адзін дзень вольны. Але час ляціць так хутка! Я зайшоў у кнігарню. Пакуль там пакорпаўся. Асабліва па горадзе не пагуляў. Але з акна машыны я ўбачыў, што горад вельмі чысты, светлы, ахайны, лёгкі. Нібыта белы горад. Дарогі добрыя. Народ таксама такі, не сказаць, каб надта самотны. Прынамсі, тыя, што падыходзілі да мяне на вуліцах. Усё так па-хатняму, па-свойску.

— Не сакрэт, што вы шмат чытаеце. І зараз вы згадалі пра кнігарню. А з беларускай літаратурай знаёмыя?

— На жаль, ведаю не шмат. Быкава ведаю. Вершы Янкі Купалы чытаў. Праўда, у перакладзе на рускую мову. Больш не магу нічым пахваліцца. Хаця не! Яшчэ чытаў вершы бацькі нашай актрысы Жэні Жуковіч, якая ў фільме іграе Паліну. Мілыя, прыемныя вершы. Ну, і яшчэ Петруся Броўку.

1378333740136_3

— Атрымліваецца, што вы больш любіце паэзію?

— Ну, як сказаць? Вершы я люблю, але больш, вядома, не ў перакладзе. Рускія вершы. Таму што чытаць вершы па-англійску мне складана. Усё-такі каб чытаць паэзію, трэба вельмі добра ведаць мову. Прозу можна чытаць. А паэзія ў перакладзе стварае не тое ўражанне. Таму ў арыгінале я чытаю вершы па-літоўску і па-руску. Ну, і польскія, таму што польскую мову даволі добра ведаю. Наогул, я люблю перачытваць. Вось нядаўна выпусцілі ў Маскве аўтарскі варыянт «Свята, якое заўжды з табой» Эрнэста Хэмінгуэя, пра Парыж яго дзённікавыя ўражанні. Калі не памыляюся, сын пісьменніка падрыхтаваў гэтае выданне. Я перачытаў, узгадаў маладосць. У 1975 годзе, калі ездзіў у Парыж, я браў з сабой гэтую кнігу. Ну, і тут у Мінску за два дні прачытаў дзве кнігі. На літоўскай — Хуан Карлас Анэцці, прадстаўнік плыні лацінаамерыканскага магічнага рэалізму. Не такі вядомы, усё больш чытаюць Габрыэля Гарсія Маркеса, Карпенцера, Варгаса Льёсу. І амаль дачытаў кнігу Сола Белоў, якога вельмі люблю. Гэта класік амерыканскай літаратуры на ўзроўні Фолькнера.

— У вас велізарны вопыт працы ў тэатры і кіно. Але сёння змяняюцца падыходы акцёраў да працы. Што вы заўважаеце ў гэтым працэсе?

— Мне здаецца, раней больш дасканала людзі працавалі і рыхтаваліся да працы, чым зараз. Хаця разумныя людзі ўсё разумеюць і працуюць добра і сёння. Але шмат хто паддаецца спешцы, шмат бегу, каб паспець зарабіць паўсюль-паўсюль. Галоўнае — грошы... Што для акцёраў майго пакалення ніколі не з'яўлялася галоўным. Для нас быў важны матэрыял, падрыхтоўка, праца з рэжысёрам, рэпетыцыі. А цяпер усе вельмі спяшаюцца, бягуць, усё тэхнітызавана і ўсё на нейкім надрыве. І вядома, патуранне дрэнннаму густу — усе гэтыя экшны, якія ўжо глядзець немагчыма. Але яны добра прадаюцца. Падрастаючае пакаленне хапае тое, што дарослыя глядзяць. І потым ім давай толькі гэта. Калі я ўключаю тэлевізар, а там Ван Дам ці нехта падобны, значыць, я не буду глядзець гэты фільм. Па акцёрах можна вызначыць, што за кіно. Рэдка бывае, калі з такімі акцёрамі добры кранальны фільм. І здымаюць сёння вельмі хутка, бягом, нават тэксту не ведаюць. Пішуць на сцяне тэкст, хлоп-хлоп, адздымалі, раз'ехаліся. Я нават імені не памятаю чалавека, з якім здымаўся цэлы дзень.

1378333742116_4

— У вас быў такі вопыт?

— Так, было, спяшаліся. Што рабіць, здымаўся. Але я больш люблю засяродзіцца і спакойна папрацаваць.

— А за беларускім кіно сочыце?

— Не магу сказаць нічога дакладна, бо не магу пахваліцца, што бачыў нешта. Вось пазнаёміўся з акцёрамі, яны ўсе такія цудоўныя. Вось з Віктарам Манаевым мы пасябравалі. Хлопцы маладыя — таксама цудоўныя. Група падабрана чароўная, прыемна працаваць і шкада будзе развітвацца... А наогул раней я здымаўся ў Беларусі: «Рудабельская рэспубліка», «Анастасія Слуцкая», калі памятаеце.

— Якое, наогул, кіно вам падабаецца?

— Я гляджу па прозвішчах, хто рэжысёры. Люблю пераглядаць класіку — Бергмана, Антаніёні. З сучасных гляджу Берталучы, Кім Кі Дука, Джармуша. У любым разе, калі я відэа сабе дома ўключаю, то гляджу старыя фільмы: Брэсона, Луі Маля, нават раннія дагукавыя фільмы. Вельмі іх люблю — Мурнау, Пабст. Савецкае кіно таксама. Муратаву вельмі люблю. Таркоўскі — натуральна, Юрый Герман. Турава вельмі люблю, Абуладзэ. Шмат фільмаў, якія можна пераглядаць па некалькі разоў.

— Апошнім часам вы больш працуеце ў тэатры ці ў кіно?

— Я больш працую ў кіно, хаця тэатр мяне не адпускае. У штаце я нідзе не знаходжуся, але адзін-два спектаклі ў год іграю. Свабодны мастак. З апошняга — мы паставілі з Оскарасам Каршуновасам мона-спектакль па п'есе Самюэля Бэкета «Апошні запіс Крэпа». Вось у пачатку лета. Да гэтага я іграў у «Вакханках» Еўрыпіда. Два такія спектаклі — і дастаткова.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. Фота Надзеі БУЖАН.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.