Вы тут

Уладзімір СЦЯПАН - МАЛАДАЯ БУЛЬБА


Як вядома, апавяданне — адзін з самых складаных літаратурных жанраў, асабліва — кароткае апавяданне, якое патрабуе ад аўтара найбольшай канцэнтрацыі думкі, умення сфакусіраваць сваю ўвагу на самым галоўным. Адным словам, калі аповесць можна параўнаць з панарамным фота, то кароткае апавяданне — гэта, безумоўна, макраздымак.

Уладзімір Сцяпан — адзін з тых, бадай, нямногіх нашых празаікаў, хто ў сваёй творчасці любіць звяртацца да кароткай формы. Мастак па адукацыі, ён і ў прозе надае вялікую ўвагу дэталі, што, думаецца, далёка не апошнюю ролю адыгрывае менавіта ў невялікіх па памеры празаічных творах.

Алесь БАДАК

Мужчыны — тоўсты і тонкі, маглі сустрэцца ў любым іншым месцы. Нават на іншым кантыненце, у чужой далёкай краіне, у незнаёмым горадзе. Маглі, але сустрэліся на сталічным базары, на вуліцы, там, дзе ў канцы чэрвеня пачынаюць прадаваць маладую бульбу. Не тую, якую вязуць з Афрыкі, — жоўценькую, чысценькую, роўненькую, а беларускую. Шурпатую, брудную, у выглядзе якой ёсць нешта касмічнае і адначасова такое звыкла адвечнае, што і разважаць пра гэта не хочацца. Ёсць і ўсё на гэтым.

Маладая бульба ляжала ў рознакаляровых пластыкавых місах і пахла зямлёй, бо была бессаромна бруднай, і гэта ні гандляроў, ні саму бульбу ніколькі не бянтэжыла.
Тоўсты глядзеў на бульбу, і худы мужчына глядзеў на бульбу, на ёй і сышліся іх позіркі. Худы выглядаў акуратна, дагледжана, у левай руцэ трымаў парасон. Тоўсты, хоць і быў чыста паголены, але на дагледжанага не ўдаваў. На ім быў шэры стары плашчык з закароткімі рукавамі, адвіслымі кішэнямі, дабітыя чаравікі і абтрапаныя блакітныя джынсы. Здавалася, што шэры плашч тоўсты мужчына апрануў выпадкова. Спяшаўся і схапіў той, што першым трапіўся пад руку.

Раней і тоўсты і тонкі жылі і працавалі ў адным горадзе, але тое было раней. На думку тоўстага — вельмі даўно, у іншым жыцці. Тонкі ж лічыў, што зусім і не шмат часу прамінула, як яго перавялі на новую і больш адказную працу ў сталіцу.

Але яны пакуль не ўбачылі адзін аднаго, не пазналі. Яны глядзелі на маладую бульбу ў рознакаляровых пластыкавых місах. Ніхто з іх не думаў, што бульба мае нейкі іншы сэнс, акрамя першаснага, таго, што яна — смачны, жаданы і звыклы прадукт. Гандлярка з вузкім каталіцкім тварам, цёмнавалосая, абветраная, моўчкі чакала, што скажуць пакупнікі. Тоўсты аблізнуў перасохлы рот. Ён знарок паехаў на базар, каб вярнуцца ў інтэрнацкі пакой з торбай, у якой будзе бульба. Ён не стане яе шкрабсці, не будзе абіраць. Ён хутка, але старанна памые халоднай вадой. Пашуруе дужымі пальцамі кожную бульбіну, перамацае, быццам пазнаёміцца. Потым выверне ў каструльку, залье чыстай вадой і паставіць на пліту. Ён будзе стаяць і глядзець. Будзе дыхаць бульбяным духам і слухаць, як булькае кіпень, як бульбінкі падскокваюць, быццам жывыя, і не жадаюць варыцца. Ён надыхаецца бульбянай парай. Ашчадна пасоліць. Джалам нажа, як пчала духмяную кветку, нецярпліва пачне выпрабоўваць, правяраць, ці згатавалася. Потым паставіць чорную чыгунную патэльню, ліне алею, адцэдзіць бульбу і — на патэльню. Алей пачне пстрыкаць, шкварчэць. Бульба пачне ружавець, а потым з'явіцца на ёй цёмная, дзе-нідзе залатая з чырванню скарыначка... І на стол, пакуль тая скарыначка хрумсткая. Менавіта гэтага моманту тоўсты мужчына ў чужым плашчы і чакаў аж чатыры гады.

1378333744305_5-25

Калі першая частка таго, як лепш прыгатаваць бульбу і ў тоўстага, і ў тонкага супадала, то другая адрознівалася. Не вельмі, але адрознівалася.

Гандлярка пацерла далонь аб далонь. Гэты рух брудных, далоняў і сухой зямлі нарадзіў мярзотны гук. Праўда, ён быў амаль не чутны, але ёсць моманты, калі дастаткова ўбачыць, каб пачуць. Пакупнікоў перасмыкнула. Тут яны таргануліся і паглядзелі адзін на аднаго. Паглядзелі і скамянелі, нават дыхаць перасталі. Так яны стаялі вечнасць,
а доўжылася яна ўсяго толькі секундаў пятнаццаць... Але яна была — вечнасць. Менавіта такім словам і называюць тое, што доўжыцца, доўжыцца і прыціскае, душыць, накрывае, як века труны...

Карацей, мужчыны стаялі бязгучна, але іх калаціла. І маладая бульба ляжала побач у рознакаляровых пластыкавых місах, па тры кэгэ ў кожнай, але, калі папрасіць, то прадавачка (яе твар змяніўся, рот сціснуўся ў крывую рыску) можа і кілаграм узважыць...

...Чатыры гады таму тоўсты працаваў хірургам у абласной дзіцячай бальніцы. У бальніцу прывезлі дзесяцігадовага хлопчыка, які паспрабаваў спыніць кола скутара. Правую руку кола знявечыла, пальцы віселі на кавалках скуры. У хірурга змена скончылася, ён паспеў зняць халат і стаяў босы перад шафай, як перад кабінкай ліфта. У казённы кабінет, дзе пахла лекамі і потам, забег худы. Ён прасіў хірурга дапамагчы, звяртаўся па бацьку, і голас яго трымцеў. Тоўсты хірург лічыўся лепшым у бальніцы, пра гэта ведалі і дактары, і пацыенты. Хірург сказаў худому, спакойна і бессаромна, што сёння ён адстаяў за сталом дзевяць гадзін, што ён ледзь жывы, але ён паспрабуе... Задумаўся і строга дадаў, што каштаваць яго дапамога будзе дзве з паловай тысячы. Ён паспеў агледзець хлопчыка, зірнуў і на здымкі, хоць яго змена і скончылася, а таму ведаў, што яго чакае. Сума ганарару вынікала з даўняга намеру памяняць свой дабіты «Форд» на маладзейшы і лепшы аўтамабіль. Худы нават і не задумаўся, пагадзіўся, бо не ведаў і не меў іншага выйсця.

Ад аперацыйнага стала хірург і ўся брыгада адышлі ў палове на трэцюю, калі за вокнамі ярка зіхацелі зоркі. Хірург ледзь трымаўся на нагах, а вочы былі чырвоныя...
За летнія месяцы хірург зрабіў чатыры аперацыі. Склаў, сшыў, сабраў, прасачыў, каб правільна наклалі гіпс. Праз колькі часу разрэзаў, разабраў, склаў і зашыў... Прымусіў тонкія бэзавыя дзіцячыя пальцы згінацца, прымусіў слухацца і служыць гаспадару. Дактары ў бальніцы казалі, што такое мог зрабіць толькі Бог, які дапамагаў рукам хірурга. Бацькі, калі апошні раз знялі гіпс, убачылі дзіцячую руку і спалохаліся, але і ўздыхнулі з палёгкай. Дзве з паловай тысячы долараў былі адкладзены на адпачынак. Тонкі даўно абяцаў жонцы мора. Ён прынёс канверт у казённы кабінет. Хірург стаяў перад шафай босы, трымаў у руцэ халат. Узяў грошы і сказаў, што з дзіцем усё будзе добра. Тонкі міргаў і мружыўся, быццам у носе казытала, нават вочы слязіліся. Хірург адчуў небяспеку. У кабінет увайшлі трое ў цывільным і хірурга арыштавалі. Канверт з грашамі ляжаў у кішэні яго джынсаў. Следства, суд, пяць гадоў. Але трохі пашанцавала. Хірург з жонкай яшчэ раней разышоўся і жыў з асістэнткай. Акрамя старога «Форда» і недабудаванага лецішча з пачарнелымі рэбрамі крокваў, нічога не меў. Адсядзеў тры гады, дзевяць месяцаў і два тыдні.

Мужчыны стаялі бязгучна. І маладая бульба ляжала побач у рознакаляровых пластыкавых місах, па тры кілаграмы ў кожнай, але, калі папрасіць, то прадавачка з пахмурным тварам можа і кілаграм узважыць, і палову... Але прадавачка адышла ад свайго прылаўка, ад бульбы, бо адчула нядобрае.

Правільна было б, каб тоўсты раптам спытаў тонкага: «Ну, як рука ў твайго хлопчыка?». Літаратурна, можа, і правільна, але пытанне не прагучала. Яно засталося вісець, як тая знявечаная дзіцячая рука — цяжкая, не падняць.

Яны не купілі маладой беларускай бульбы. Яны пайшлі ў розныя бакі. Так у космасе бязгучна сыходзяцца раз у мільёны гадоў планеты, каб разляцецца яшчэ на мільёны гадоў... Але ўсё ў руцэ Божай, як і сустрэча гэтых людзей...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».