Вы тут

Зіма — складаная, вясна — кароткая, але ўраджай — добры


Раённыя «Дажынкі» на Ратушнай плошчы Нясвіжа сабралі шмат гасцей. У першых радах сядзелі «віноўнікі» свята — лепшыя хлебаробы.

На сёлетні ўраджай працавалі ўсе — ад механізатара да кіраўніка гаспадаркі: падрыхтоўка пачалася літаральна пасля раённых «Дажынак-2012». Зіма ў гэтым годзе была складаная, зацяжная, а вясна кароткая — умовы надвор'я не спрыялі будучаму ўраджаю. Давялося перасяваць азімыя культуры на плошчы 2,3 тыс. гектараў яравымі. «Усё гэта дадало клопатаў і хваляванняў хлебаробам, — прызнаўся старшыня райвыканкама Іван Крупко. — Але цяжкасці дапамагалі сабрацца, каб правесці пасяўную ў сціслыя тэрміны. Страціць ураджай было нельга, бо гэта не толькі харчовая бяспека дзяржавы, але і харчовая база для жывёлагадоўлі».

Добра падрыхтаваліся і да самога жніва: своечасова адрамантавалі камбайны (а іх у раёне 125) і зернесушыльныя комплексы. Усё гэта дазволіла ўбраць пасевы за 16 дзён і намалаціць 134 тыс. 280 тон зерневых. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне склала 60,1 цэнтнера з гектара. Летась яна была вышэй — 68,1. Але вынікі радуюць, бо такі вал удалося атрымаць у трэці раз за ўсю гісторыю Нясвіжчыны. У раёне ўжо цалкам разлічыліся з дзяржаўным заказам. А ён, дарэчы, немалы: 25 тысяч тон.

Падчас раённага свята «Дажынкі» лепшыя работнікі атрымалі дыпломы, падзякі і грашовыя прэміі ад 3 да 5 млн рублёў. Сем экіпажаў камбайнаў намалацілі звыш 2 тыс. тон зерня, 69 — больш за тысячу. Бясспрэчным лідарам стаў камбайнер адкрытага акцыянернага таварыства «Сейлавічы» Вячаслаў Хвіцько (намалаціў 2 тыс. 464 тоны зерня). Экіпаж камбайна ў складзе Андрэя Барана і камбайнера Міхаіла Мароза з СВК «Гарадзея» — на другім месцы. Дружны тандэм працуе на жніве 9-ы сезон. Міхаіл свой, тутэйшы, вучыцца ў Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце, але падчас летніх канікулаў працуе на хлебнай ніве. Праўда, летась экіпаж намалаціў больш, але з «папраўкай» на сёлетняе надвор'е Андрэй і Міхаіл лічаць, што папрацавалі нядрэнна.

Гаспадаркі Нясвіжскага раёна адрозніваюцца па бальнасці зямлі. Пры падвядзенні вынікаў спаборніцтва ўлічана, безумоўна, і гэтая асаблівасць: іх раздзялілі на дзве групы. У першай пераможцам стала ААТ «Новае жыццё».

— Мы і раней не былі апошнімі ў раёне, — запэўніў Андрэй Казіміравіч. — Дапамагае трымаць марку захаванне тэхналогій, выкарыстанне новых падыходаў у земляробстве: цесна супрацоўнічаем з Навукова-практычным цэнтрам па земляробстве, інстытутам аховы раслін.

У другой групе лідарам стала ААТ «Сейлавічы».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.