Вы тут

Мы тое, што мы ядзім


Згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі грамадскага аб'яднання «Экадом», больш за 90% апытаных беларусаў хацелі б набываць прадукцыю з арганічных гаспадарак, дзе вытворца не карыстаецца штучнымі ўгнаеннямі і кармамі. Амаль палова нашых суайчыннікаў згодна з тым, што цэны на гэтыя тавары будуць вышэйшымі. А вынікі апытанняў, праведзеных Інстытутам сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паказалі, што больш за 70% рэспандэнтаў жадаюць набываць менавіта такія прадукты.

Гаспадарка без адходаў

У Еўропе ўжо даўно вельмі папулярнай стала так званая арганічная (экалагічная, біялагічная) сельская гаспадарка, калі фермер імкнецца падчас сваёй працы не шкодзіць прыродзе, не забруджваць яе і, такім чынам, атрымліваць экалагічна чыстую прадукцыю. Забаронена выкарыстанне рознага кшталту ядахімікатаў і штучных мінеральных угнаенняў, а кожная такая гаспадарка павінна ў ідэале быць своеасаблівай экасістэмай, дзе вытворчасць імкнецца да замкнёнага цыклу. У такім выпадку колькасць адходаў мінімальная: тое ж пустазелле ідзе, напрыклад, на кампост. У нас біягаспадаркі толькі-толькі «нараджаюцца». Але ўжо ёсць людзі, што вырошчваюць свой ураджай выключна на натуральных угнаеннях і ёсць ахвотныя набыць такую прадукцыю.

1378333783860_1

У свеце попыт на прадукцыю арганічных гаспадарак увесь час расце. Напрыклад, у Даніі прыняты план, згодна з якім да 2020 года ўсе гаспадаркі краіны павінны перайсці на вытворчасць толькі экалагічнай прадукцыі. У Беларусі ўжо зараз прадукты з арганічных гаспадарак набываюць не толькі людзі, што вельмі ўважліва сочаць за ўласным здароўем або прыхільнікі філасофіі ёгі, але і тыя, хто проста зразумеў, што такая ежа больш карысная. Многія бяруць такую прадукцыю для маленькіх дзяцей, хворых... На «Агракультурным фэсце 2013

», які нядаўна ў другі раз адбыўся ў Мінску, гаворка ішла менавіта пра тое, як забяспечыць сябе карыснай, якаснай ежай, як правільна выбіраць прадукты і ці трэба верыць абяцанням на этыкетцы пра «натуральнасць» і «экалагічнасць» прадукту.

Як не наесціся нітратаў?

Для наведвальнікаў фэсту амаль штогадзінна ладзіліся майстар-класы. Там можна было даведацца, дзе купіць экалагічна чыстую ежу, як правільна выбраць прадукты ў супермаркеце і колькі шкодных рэчываў змяшчае ў сабе самая папулярная сярод пакупнікоў садавіна і агародніна.

Так, важна звяртаць увагу на тое, які шлях прайшоў прадукт да таго ж магазіна. Калі вы набываеце садавіну ці агародніну, каб максімальна «набрацца» вітамінаў, то не мае сэнсу купляць тыя прадукты, што прывозяцца з далёкага замежжа. Як правіла, яны збіраюцца недаспелымі і апрацоўваюцца спецыяльнымі хімікатамі, каб даехаць да пункта прызначэння. Адпаведна, і карысці ад іх для арганізма будзе няшмат.

1378333786555_2

Вы прывыклі набываць прадукты ў магазіне? Тады памятайце пра так званы «чысты» і «брудны» тузін. Садавіна і агародніна з «чыстага» тузіна мае ў сабе значна менш шкодных рэчываў. Таму рэпчатая цыбуля, кукуруза, ананас, авакада, капуста, зялёны гарошак, спаржа, манга, баклажан, ківі, грэйпфрут і кавун з супермаркета не пашкодзяць вашаму здароўю. А вось прадукты з «бруднага» тузіна — яблыкі, сельдэрэй, салодкі перац, персікі, клубніцы, нектарыны, вінаград, шпінат, салата, агуркі, дурніцы, бульба — назапашваюць шмат пестыцыдаў, і таму лепш купіць іх у, так званай, арганічнай гаспадарцы.

Яшчэ важна памятаць: чым таўсцейшая скурка ў таго ці іншага «прадстаўніка» садавіны ці агародніны, тым меншую колькасць шкодных рэчываў будзе змяшчаць мякаць.

У апошні час на этыкетках многіх спажывецкіх тавараў можна сустрэць надпісы кшталту «эка», «грын», «бія-», якія з'яўляюцца ў большасці сваёй звычайным рэкламным ходам. Яны зусім не гарантуюць, што гэты прадукт адпавядае крытэрыям арганічнай вытворчасці. Яшчэ звярніце ўвагу на састаў: чым даўжэйшы шэраг інгрэдыентаў, тым больш прычын пакінуць гэты тавар на прылаўку магазіна.

Цана карыснасці

Прадукты з арганічнай гаспадаркі натуральныя, карысныя, не змяшчаюць шкодных рэчываў — і за кошт гэтага больш смачныя. Цікава даведацца пра іх цану?

У беларускіх магазінах можна набыць прадукты, атрыманыя ў біялагічнай гаспадарцы, але, як правіла, яны будуць імпартнымі. Напрыклад, прывезены з Германіі таматны сок каштуе каля 150 тысяч беларускіх рублёў за літровую бутэльку, украінскі аналаг каштуе 17 тысяч (але такі сок атрыманы на звычайным заводзе, не з прадуктаў арганічнай гаспадаркі) айчынны аналаг — за 10 тысяч. Зразумела, пакуль што выбар пакупнікоў будзе за больш таннай прапановай. Магчыма, у хуткім часе на прылаўках супермаркетаў з'явяцца і айчынныя спажывецкія тавары з арганічнай гаспадаркі. Ёсць інфармацыя пра тое, што прадуктамі экалагічнай фермерскай гаспадаркі зацікавіўся буйны супермаркет.

1378333788172_3

Такім чынам, навошта плаціць за імпартнае, калі можна пашукаць такое ж, але сваё? Ёсць некалькі спецыялізаваных сайтаў, якія прапануюць пакупнікам замовіць тавары ад беларускіх фермераў. Акрамя садавіны і агародніны, можна набыць і мяса, яйкі, мёд...

Кілаграм тушкі пеўня будзе каштаваць 100-110 тысяч беларускіх рублёў, перапёлкі — 170-180 тысяч, качкі — 140-150 тысяч рублёў, гусі — 140 тысяч. Мяса труса каштуе 150 тысяч за кілаграм, ялавічына — ад 60 да 200 тысяч рублёў (у залежнасці ад пароды), свініна — прыкладна 100 тысяч рублёў. Фермеры таксама прапануюць замовіць казінае малако за 36 тысяч рублёў і казіны сыр за 170 тысяч беларускіх рублёў.

Пытайцеся прама!

Амаль у кожнай беларускай сям'і, што жыве ў вёсцы, ёсць уласны падворак. Але ці можна назваць такую гаспадарку арганічнай? Паводле слоў Ірыны Сухій, прадстаўніцы грамадскага аб'яднання «Экадом», далёка не заўсёды. Як правіла, большасць людзей спакушаецца магчымасцямі сабраць добры ўраджай. А паказчыкі апошняга вельмі ўзрастаюць пры выкарыстанні розных хімічных сродкаў — ад каларадскага жука або, напрыклад, ад вусеняў.

Як праверыць на тым жа Камароўскім рынку, ці выкарыстоўвала бабулька такія рэчывы? Эксперты раяць проста спытаць пра гэта. Напрыклад: «Чым пырскалі памідоры?» Звычайна, адказваюць праўду. Эфект нечаканасці робіць сваю справу, ды і апрацоўваць сельскагаспадарчыя культуры ў нас — даволі традыцыйная справа, і ніхто не робіць з гэтага асаблівай таямніцы.

З фермерамі, якія вядуць арганічную гаспадарку, справа трошкі іншая. Тут недастаткова проста адказаць на пытанні. Для таго, каб атрымаць адпаведны сертыфікат па стандартах Еўрапейскага саюза для сваёй прадукцыі, трэба, каб добрыя вынікі далі пробы не толькі саміх прадуктаў, але і глебы, на якой яны выраслі. Зараз у Беларусі па стандартах Еўрасаюза сертыфікавана восем гаспадарак, але колькасць фермераў, якія жадаюць зрабіць свае гаспадаркі арганічнымі, расце.

Традыцыі аднаўляюцца

Тым часам фермеры, што прынялі ўдзел у фэсце, запрашалі ўсіх ахвотных пакаштаваць іх экалагічную прадукцыю: казіны сыр і малако, беларускія кавуны, перац, яблыкі, малюсенькія памідорчыкі памерам з вішню (дарэчы, вельмі смачныя!) і многае іншае.

Ала Хорань з Расонскага раёна прапануе не толькі сыры ўласнага гатавання, але і зборы зёлак для гарбаты. Жанчына навучылася іх збіраць ад сваёй маці, а тая — ад сваёй. У невялікую торбачку жанчына паклала 12 зёлак, сярод якіх зверабой, вятроўнік, скрыпень, мацярдушка, лісты маліны і суніц. «Калісьці ў нас толькі такую гарбату і пілі, а зараз неяк усё забылася, — шкадуе жанчына і дадае: — Але сваім гасцям я заўсёды прапаную такі напой, і, ведаеце, усім падабаецца, потым і з сабой просяць!».

Сямейная пара Юлія і Канстанцін Вінакуравы са Смаргонскага раёна ладзяць арганічную сельскую гаспадарку пакуль што толькі два гады. На фэст яны прывезлі рэдкія для Беларусі гатункі перцу, а таксама спаржу, артышок, аўсяны корань. Юля, гаспадыня, калекцыянуе старыя каталогі насення, а затым тое, што спадабалася, спрабуе вырасціць на ўласным падворку. Напрыклад, аўсяны корань. «Калісьці стравы з яго былі традыцыйнымі для Беларусі. Зараз жа ён амаль нідзе не сустракаецца і мала хто ведае пра яго», — кажа Юля.

Надзея ЮШКЕВІЧ. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.

Грамадства

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу

Наш даўні сябар — жыхар Вялікай Бераставіцы — Міхаіл Маскальчук даслаў нам чарговы цікавы аповед, які быў запісаны са слоў бацькі Міхаіла, Васіля Маскальчука.

Грамадства

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Днямі аб праекце профільнай дзяржпраграмы журналістам падчас прэс-прэзентацыі расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель.

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.