Вы тут

Юлія Зыкава: «Пасля першага эфіру адчувала сябе так, нібыта нанава нарадзілася»


Каб мара стала рэальнасцю, трэба зрабіць яе мэтай і дзейнічаць. Такая формула якраз і адлюстроўвае гісторыю вядучай «Сталічных падрабязнасцяў» на канале СТБ Юліі Зыкавай. Сваю прафесійную прыдатнасць дзяўчына правярала рознымі спосабамі: рабіла з сяброўкай «радыё- праграму» для знаёмых, тэлефанавала на розныя шоу, каб паўдзельнічаць у конкурсах, пісала для газет, часопісаў, інтэрнэт-выданняў… Аднак бацькі Юліі без энтузіязму ўспрынялі яе жаданне звязаць сваё жыццё з гэтай сферай і настаялі на тым, каб дачка пачала вывучаць замежныя мовы. Як аказалася, такі крок толькі наблізіў да мары, і яна трапіла на блакітны экран…

1378415772188_6-3

— Калі вы трапілі на тэлебачанне?

— Стаўшы студэнткай, я пачала паралельна працаваць на ім, бо заўсёды ведала, што хачу, каб было менавіта так. А пачалося ўсё яшчэ ў той час, калі вучылася ў школе. Па тэлевізары паказвалі каманду КВЗ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, тады быў іх «зорны» перыяд. Я глядзела на іх і разумела, што таксама хачу быць на экране тэлевізара. Не магла патлумачыць сваё жаданне, але пачала думаць, як можна туды трапіць. Добра разумела, што жартаваць я не ўмею, не спяваю і не танцую, таму заставаўся толькі адзін варыянт — стаць журналістам. Калі расказала пра свае планы бацькам, то пачула: «Ні пра што такое нават не думай. У нас няма знаёмых на тэлебачанні. Паступай ва ўніверсітэт!» На што я адказала: «Паглядзіце, я буду на тэлебачанні!»

— Першыя эфіры, праекты памятаеце?

— Пасля першага эфіру, калі я выйшла ў горад, то мне здавалася, быццам усе на мяне глядзяць. Я ішла, назірала за людзьмі і адчувала сябе так, нібыта нанава нарадзілася. Думала, што ўсе паглядзелі маю пяціхвілінную перадачу, і цяпер я буду вядомай. Але, зразумела, нічога такога і блізка не было. Акрамя маіх бацькоў, можа, ніхто яе і не глядзеў, аднак пачуццё эйфарыі не пакідала. Як маладая дзяўчына, цікавілася модай, поп-культурай. Была ўпэўнена, што мой інтарэс да гэтай тэмы павінны раздзяляць і іншыя, таму вырашыла сумясціць веды, набытыя ва ўніверсітэце, і працу на тэлебачанні. Мая першая праграма была «Агляд прэсы», дзе я брала рэальныя англамоўныя крыніцы пра культурнае і свецкае жыццё і, перакладаючы іх, рабіла агляд навін.

— З часам ваш інтарэс да свецкага жыцця вычарпаў сябе?

— Час ад часу мне здаецца, што я стала дарослай і мой інтарэс знік, але ўсё ж бывае чытаю, гляджу нешта па тэме. Цяпер мне ўжо цікава не тое, хто з кім сустракаецца і як апранаецца, а больш акцэнтую ўвагу на тым, як падаецца інфармацыя. Пры праглядзе тэлевізійных праграм пачынаю аналізаваць, у якім месцы я падала б тыя ці іншыя падзеі па-іншаму. Відаць, дае пра сябе знаць «прафесійная хвароба».

— Вам знаёмае пачуццё няўпэўненасці перад камерай?

— Сёння я ўжо магу казаць, што змагла яго пераадолець. Памятаю, калі апынулася перад камерай першы раз, то чаго толькі не было: і словы блытала, хоць тэкст быў вывучаны на памяць, і вочы не ведала куды падзець… Зараз тых перажыванняў няма, я нават перад эфірам магу займацца нейкімі сваімі пытаннямі, а потым засяроджваюся і пачынаю працаваць. І гэта ўжо прафесіяналізм, якому проста неабходна навучыцца, бо інакш ніякіх нерваў не хопіць. Калі нейкае хваляванне і ўзнікае, то проста настройваю сябе на тое, што ўсё пройдзе добра.

— А «зорная хвароба» для вас не характэрна?

— Я ведаю многа прыкладаў, калі людзі працуюць на тэлебачанні нашмат даўжэй, чым я, і дасягнулі значна большага, але ў іх не адчуваецца ніколі «зорнасці». Спадзяюся, што і ў мяне яе няма. Я не хаджу з высока паднятай галавой. Магу спакойна зайсці ў любую краму. Бывае, мяне пазнаюць. Даводзіцца шэпт чуць за спінай, маўляў, «думалі, яна ў жыцці не такая». Імкнуся не звяртаць на такія моманты ўвагі.

— Вечарынкі, тусоўкі для некаторых — амаль што лад жыцця. На ваш погляд, чаму людзі імкнуцца апынуцца ў «коле абраных»?

— У нашай мінскай тусоўцы няма абраных. Практычна любы можа туды трапіць пры жаданні, але не ўсе хочуць. Я хацела, бо гэтага патрабавала мая работа. І да гэтай пары я падтрымліваю кантакты са многімі артыстамі, хоць ужо і не патрэбны ніякія каментары.

— Вобраз на экране адрозніваецца ад таго, як вы выглядаеце ў жыцці?

— Многія кажуць, што розніцы не адчуваецца. Магчыма, з за таго, што «Сталічныя падрабязнасці» — гэта навіны пра жыццё горада. Яны не настолькі сур'ёзныя, як, скажам, навіны краіны. Я, у сваю чаргу, стараюся падачу навін недзе ўсмешкай разбавіць, перадаць сваё стаўленне да падзеі.

— Вы неяк сказалі, што «Сталічныя падрабязнасці» — той фармат, у якім вам камфортна працаваць. Няўжо няма ніякіх прафесійных амбіцый?

— Амбіцыі ёсць ва ўсіх, і я не выключэнне. Але гэта не імкненне мець нейкі свой праект. Я атрымала рэжысёрскую адукацыю і вельмі хачу расці прафесіянальна ў гэтым напрамку. Ужо зрабіла некалькі дакументальных фільмаў, ёсць вопыт здымак кліпаў, рэкламы. Пакуль што я на пачатковым этапе.

— Маеце нейкі рэцэпт, як гарманічна сумяшчаць працу і асабістае жыццё?

— Сакрэт, на мой погляд, у тым, што не варта цалкам прысвячаць сябе толькі нейкай адной сферы. Трэба ўмець сябе стрымліваць і не пераходзіць мяжу. У мяне бывае так: калі ўзнікае жаданне «рынуцца ў працу», я пытаюся ў сябе: «А ці прыгатавана вячэра для мужа? Калі я бацькам тэлефанавала апошні раз?» Проста разумею, што ёсць справы, абмінуўшы ўвагай якія, потым буду шкадаваць. Аднак, бывае, пасля працяглага адпачынку мяне так і цягне папрацаваць… Цяпер вось вярнулася з водпуску і мару паглыбіцца ў работу.

— Як лічыце, што трэба, каб дасягнуць поспеху ў прафесіі?

— Трэба шмат працаваць без адпачынку, сну і асабістага жыцця. Я не належу да ліку тых людзей, якія будуць ахвяраваць такімі момантамі дзеля працы. Ведаю, як магу працаваць, які мой патэнцыял, але на гэтым этапе праца «да страты пульсу» ў мяне не ў прыярытэце. Таму вечары я прысвячаю блізкаму чалавеку, знаходжу час для адпачынку і прачынаюся бадзёрай для сустрэчы новага дня.

— Па якіх прынцыпах ладзіце жыццё?

— Калі я прымаю нейкае рашэнне, то галоўнае для мяне — не адчуваць сумненняў. Нават калі бываюць сітуацыі, што мой пункт гледжання не супадае з агульнапрынятым. Калі адчуваю, што зраблю нешта, а потым буду сябе дакараць, ніколі не буду дзейнічаць.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».