Вы тут

Факты, падзеі, навіны


За спецыфіку работы педагогам будуць даплачваць

Эксперымент па апрабацыі новай галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў стартуе ў пяці мінскіх школах.
Як патлумачылі журналісту «Звязды» ў прэс-службе галоўнага адукацыйнага ведамства, галіновая аплата працы педагагічных работнікаў мае на ўвазе, акрамя выплаты педагогам акладу (стаўкі), таксама і дадатковыя выплаты, якія адлюстроўваюць спецыфіку работы педагогаў і выкананне імі функцый, абумоўленых кваліфікацыйнымі характарыстыкамі.
Мяркуецца, што заработная плата педагагічных работнікаў, якія стануць удзельнікамі эксперыменту, павялічыцца ў сярэднім на 15%. Пры гэтым фінансаванне выдаткаў на аплату працы педагагічных работнікаў гэтых устаноў будзе ажыццяўляцца ў межах сродкаў, прадугледжаных у мясцовым бюджэце.
Разам з тым, заработная плата без уліку прэмій і надбавак стымулюючага характару пры ўвядзенні новай сістэмы аплаты працы (пры ўмове захавання ранейшага аб'ёму нагрузкі на педагога і выканання ім работ той жа кваліфікацыі) не можа быць ніжэйшая за ранейшую. Гэта мера занатавана ў пастанове Савета Міністраў ад 30 жніўня № 776 «Аб правядзенні эксперыменту па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў».
Вынікі правядзення эксперыменту павінны быць прадстаўлены ва ўрад да 1 верасня 2014 года.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Перапрацоўка ідзе шпарка

Перапрацоўчыя арганізацыі спажывецкай кааперацыі па меры выспявання кабачкоў, цыбулі, капусты, брусніц распачынаюць «засваенне» гэтай плодаагародніннай сыравіны.
Усяго ўжо, згодна з аператыўнай інфармацыяй Белкаапсаюза, перапрацавана 13,6 тысячы тон сельскагаспадарчай і дзікарослай сыравіны. У тым ліку агародніны — 2,1 тысячы тон (з тэмпам росту 118 працэнтаў), з іх агуркоў 1,2 тысячы тон (тэмп росту да адпаведнага леташняга перыяду 114 працэнтаў). Агуркоў метадам салення перапрацавана 0,9 тысячы тон (тэмп росту 116 працэнтаў), кансервавымі прадпрыемствамі — 0,3 тысячы тон, што ў 1,6 раза больш, чым летась. Вядзецца перапрацоўка яблыкаў: яе аб'ёмы павялічаны на 16 працэнтаў да аналагічнага леташняга перыяду. Аб'ёмы перапрацоўкі памідораў вышэйшыя за мінулагоднія на тую ж дату ў 2,3 раза.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Найбольш грошай прапануюць кіраўнікам і ІТ-спецыялістам

Гэта вынікае з аналізу 13000 жнівеньскіх вакансій, які правёў HеаdHuntеr Беларусь, праект RАBОTА.TUT.BY.
Напрыклад, самы высокі заробак прапануюць дырэктару па транспартнай і складской лагістыцы ў буйной рознічнай сетцы (да 6000 долараў) ці матэматыку-аналітыку ў ІТ-кампаніі (ад 5000 долараў). «Закрывае» дзясятку найбольш прывабных заробкаў галоўны інжынер у транспартнай кампаніі (ад 3000 долараў). А менеджар па продажах камп'ютарнай тэхнікі будзе мець да 5000 еўра. «Характэрна, што менеджар па продажах мае магчымасць зарабляць больш, чым кіраўнік дэпартамента ў буйной кампаніі. Аднак варта адзначыць, што заробак менеджара па продажах складаецца з акладу і працэнта ад продажаў, таму можа вагацца ў розныя месяцы. У гэты рэйтынг увайшлі толькі мінскія вакансіі. Спадзяёмся, што восень парадуе высокааплатнымі прапановамі аб працы і ў рэгіёнах», — адзначае Святлана Шапарава, дырэктар HеаdHuntеr Беларусь, праект RАBОTА.TUT.BY.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Матэматыка для школьнікаў — дыстанцыйна

Механіка-матэматычны факультэт БДУ распрацаваў для старшакласнікаў новую інтэрактыўную праграму, скіраваную на паляпшэнне ведаў па матэматыцы і эфектыўную здачу ЦТ па гэтым прадмеце. Даступная яна будзе ў рамках работы Школы юных матэматыкаў.
Фактычна размова ідзе пра дыстанцыйнае навучанне матэматыцы, якое забяспечвае доступ да літаратуры, тэарэтычнага матэрыялу, задач і метадаў іх рашэння, а таксама гарантуе кантроль і дыягностыку ў рэжыме анлайн. Гэтая форма навучання можа быць асабліва карыснай школьнікам з аддаленых рэгіёнаў нашай краіны, якія змогуць на працягу года прайсці даўніверсітэцкую падрыхтоўку па матэматыцы. А кантраляваць самастойную работу старшакласнікаў, каментаваць і тлумачыць ім задачы будуць выкладчыкі механіка-матэматычнага факультэта.
Дарэчы, да распрацоўкі інтэрактыўнага курса прыклалі сваю руку як выкладчыкі БДУ, так і педагогі Ліцэя БДУ, школ і гімназій. Таксама ва ўніверсітэце ўжо вядуцца работы па распрацоўцы інтэрактыўных праграм для школьнікаў 5—9 х класаў. Іх таксама плануецца запусціць у бліжэйшы час.
Рэгістрацыя ахвотных прайсці дыстанцыйны курс навучання матэматыцы распачнецца 9 верасня. Запоўніць анкету можна па адрасе www.dl.bsu.bу.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Сродкі інавацыйнага фонду закаталі ў асфальт

Сродкі інавацыйнага фонду Гродзенскага аблвыканкама ў суме 200 мільёнаў рублёў замест фінансавання ўкаранення энергаэфектыўных тэхналогій і абсталявання, асваення новых відаў навукаёмістай прадукцыі, рэалізацыі інавацыйных праектаў у Дзятлаўскім РУП ЖКГ зрасходаваны на асфальтаванне дваровай тэрыторыі кацельні ў пасёлку Наваельня.
Акрамя таго, устаноўлены факт пералічэння бюджэтных сродкаў у суме 389,5 мільёна рублёў падрадчыку за нявыкананыя работы па рэканструкцыі кацельні ў пасёлку Гезгалы з пераводам на мясцовыя віды паліва, а таксама выяўлена завышэнне аб'ёмаў і кошту работ на 18,2 мільёна рублёў. Матэрыялы праверкі для прававой ацэнкі накіраваны ў праваахоўныя органы, паведамляе Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.