Вы тут

«...Мыюць бабы мужыкоў, Каб яны не змыліся!»


Што было — было, падобна, у Аўцюках, на ФАПе. Доктар там агледзеў чарговага пацыента, выпісаў яму рэцэпт. Думаў, што той, як іншыя, — падзякуе зараз ды сыдзе. Хворы ж — не. Ён у паперку глянуў ды кажа: «А ведаеце — мне зусім не гэткі дыягназ ставілі... Іншыя дактары». І ва ўсе вочы на гэтага глядзіць: спадзяецца, мусіць, што той зараз насцярожыцца, засумняваецца, папытае: «А які?.. І чым лячылі?»...

1378506761427_1

Той жа галаву ад папер падняў і хвораму сказаў: «Ідзіце... Памраце — анатаміраванне пакажа, хто з нас, урачоў, памыляўся».

Здымак (кіньце вокам на верхні), думаеце, зусім не пра гэта? Як сказаць, бо хворага на ім убачылі многія.

Да таго ж менавіта «анатаміраванне» (у нашым выпадку, канвертаў...) здольнае паказаць, хто з удзельнікаў конкурсу на лепшы подпіс да здымка рацыю меў, а хто памыляўся. Таму, як заўжды, па парадку.

«Не ведаю, як іншым, а мне дык вельмі спадабаўся чарговы здымак! З яго і без подпісу нарагатацца можна, — піша спадарыня Ірына Ермаковіч з вёскі Азяраўцы Браслаўскага раёна. — Але ж аўтару, спадару Клешчуку, як нікому, відаць, цікава, а што ж на гэты раз убачылі людзі, што ўспомнілі?»

Успомнілі, як і варта было чакаць, жнівеньскую спякоту. І менавіта гэты ўспамін спадару Валерыю Гаўрышу з Чавусаў прадыктаваў радкі:

Даражэнькі камунгас,
Ты прымі наш «дзякуй»
звонкі,
Бо ад спёкі ў летні час
Сапраўды ратуюць нас
Не фантаны, дык калонкі!

Успомнілі (прынамсі, спадар Мікалай Старых з Гомеля) казкі:

Калісьці казачны герой
Праблемы меў з жывой вадой.
Амаль паўсвету ён прайшоў,
Пакуль такую не знайшоў.
Але ж цяпер — бруяць крыніцы:
Вады ў калонках — аж заліцца!
Хоць колькі рухаў дапамогі —
Глядзіш —
любы паўстаў на ногі!

Што, згадзіцеся, вельмі важна! А ўжо пасля цяжкай працы...

Гэта — з песні ўсім вядомай:
Ясь з касьбы
прыйшоў дадому.
Канюшыны шмат скасіў
Ды Яніну папрасіў
Халадзёначкай абліць
Каб не чуць, што ўсё баліць.

Менавіта яна, тая халадзёначка, на думку спадара Аляксандра Матошкі з г.п. Расоны, можа вярнуць бадзёрасць, начыста змыць стому, а галоўнае, бруд, бо гэта

Дзесьці акіяны,
Моры і фантаны,
А у нас звычайна
Вось такая «ванна».

Канстатуюць сужэнцы Астроўскія з г. Мінска.

Спадар жа Сцяпан Нефідовіч з вёскі Любань Лунінецкага раёна маналог жанчыны падслухаў. Яна (са здымка... кінулі вокам?) кажа ўсім:

Муж працуе на камбайне,
І няма ў калгасе душа...
Дык свінчом
хадзіць не стане:
Пад калонкай вымыць мушу.

Бо што яшчэ застаецца?

Анекдот у тэму. Два мужыкі — бацька і сын — на цягнік спазняюцца: едуць на таксі, з цяжкімі чамаданамі з усіх сіл бягуць на станцыю, нават дабягаюць ужо... Цягнік (што крыўдна — пад саменькім носам у іх!)... дзверы зачыняе — і цю-цю, як той казаў... Маладзейшаму ад відовішча мову адняло, а старэйшы — руку адводзіць і як дасць яму ў вуха! «Татка, за што?» — не разумее той. «А што рабіць мне? Што рабіць?» — пытаецца бацька...

Ну насамрэч — яно ж трэба... Хоць нешта.

Лічыць так і спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў: уважліва паглядзеўшы на здымак, яна сама ў сябе пытае (і потым сама ж сабе адказвае):

Што рабіць,
калі мора далёка,
Каля рэчкі
вісіць «забаронка»
І даймае бязлітасна спёка?
Ды адно —
з галавой пад калонку.

Хоць пад ёю, на думку спадарыні Ірыны Ермаковіч з Браслаўшчыны, і не мыццё:

Ну вось кажуць: «Без вады
Ні туды і ні сюды».
Але і з ёй бывае «цуд»:
Зверху чыста, знізу — бруд.

А горш за тое (і на думку той жа аўтаркі):

Асвяжыцца ранкам рад
Ля калонкі сват Панкрат...
Не бяда была сагнуцца,
А вось потым разагнуцца...

Праўда, з гэтым, прыгледзеўшыся да здымка, можна і не спяшацца. Бо

І была, і ёсць прычына
Гэтак поўзаць ля дзяўчыны!
Не так трэба хлопцу мыцца,
Як на ножкі падзівіцца.
А ўжо зблізку...

На думку таго ж аўтара — спадара Міколы Кісяля з Мінска, — гэта не толькі прыемна, але і вельмі карысна! Чым? Не то пра сябе (бо з веданнем справы), не то пра героя здымка Мікола піша:

Крыкма роў —
не распрануцца:
Неўралгія прыдушыла...
А тут змог кручком сагнуцца,
Так спадніцай «палячыла»!

Заўважылі — ніякіх дактароў, ніякіх лекаў, ніякіх расходаў часу і грошай! А вынік...

Дык можа ўсім, захварэўшы, трэба найперш спадніцу шукаць?

У конкурснай пошце, дарэчы, ёсць думка, што гэты мужык са здымка якраз знайшоў! І вось зараз...

Аж сыпле макам
Мужык ля бабы:
То стане ракам,
То нават крабам,
Або амарам,
Або кальмарам...
Абы ў аглоблі...
Любым макарам!

Лічыць так спадар Анатоль Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна. Ад яго ж:

Хай выгоды і ў двары,
Але ж чорт яго бяры!
Калі дзеўка зграбная,
З тварыку прывабная,
Значыць, лёс ужо такі,
Згодзен я ў прымакі!

Вось так. Згодны... Нягледзячы ні на што... Хоць сужэнцы Астроўскія з Мінска і сцвярджаюць, што цяпер

У модзе не каханне
Ды рачныя воды...
У модзе — развітанні,
Звады і разводы.

Ёсць, ёсць, на жаль, рацыя і ў гэтых словах!

А ў конкурснай пошце нават пералік праблем, з-за якіх узнікаюць канфлікты, разбураюцца сем'і. У прыватнасці, спадарыня Любоў Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна ўбачыла на здымку не што іншае, як спробу паправіць здароўе, — так бы мовіць, пасля ўчарашняга. Калі...

Запрашалі цесць і цешча
Смачна піць і смачна есці...
З'еў і выпіў — да халеры...
Ох, і цяжанька Валеру!

А таму, па меркаванні спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў:

Калі нейкі там гаротнік
Выпаўзае з падваротні,
Не крычыце: «Участковы!»,
Ў выцвярэзнік не званіце:
Жонка мае курс сталёвы —
Адвучыць гарэлку піці.

І гэта ў яе нават атрымліваецца, паводле слоў спадара Юрыя Вінаградава з Бабруйска, бо:

Чуць жывенькі быў
наш Франак
Ад спякоты і ад п'янак.
Аднак жонка ля калонкі
Змыла бруд і самагонку!

Больш за тое (думка спадарыні Чыгрынавай) — пачула цвёрдыя абяцанні:

Ратавала жонка
Мужа ля калонкі:
Лішку ўзяў на грудзі...
Кляўся — больш не будзе.
...Цанкі-абяцанкі,
А дурніцы — радасць,
Можа, калі й кіне
Жлукціць Янка гадасць?

Хай жа Бог дае! Але, мусіць, не варта спадзявацца толькі на яго. Як піша спадар Нефідовіч з Лунінеччыны:

П'еш?
Не трэба ў выцвярэзнік,
Калі мець такую жонку,
Каб за шкірку й на калені —
Пад бурлівую калонку.

Куды можна яшчэ, узяўшы «за шкірку»? Падказка (не блытаць з адказам, бо над ёй яшчэ трэба і падумаць — некаму) ад спадарыні Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна:

Муж гарэлкі выпіць дуж...
Ну ці ж не сабака?
Жонка робіць яму душ,
А магла б — пад...
Ну, вы здагадаліся...

Што яшчэ могуць жонкі ў «рамках барацьбы», убачыў на здымку спадар Аляксандр Матошка:

«Разамлеў» вясковец Вася,
Бо зрання ўжо «заквасіў».
Каб нутро ахаладзіць,
Да калонкі поўз папіць.
Гэта сорам для мужчыны —
Поўз, не бачачы жанчыны,
Што з анучаю ў руцэ...
Мо палечыць па шчацэ?

Жорстка? Так. Але ж раптам спрацуе? Бо ў барацьбе з гэтай чумой, ці не любыя сродкі добрыя... А ўжо калі яны ад жанчыны... Якраз пра яе спадар Анатоль Гарачоў і піша:

Скажуць і нямыя,
Што ў кабеце сіла!
І спіну памые,
І намыліць рыла!

Для прафілактыкі, дарэчы, таксама, як лічыць спадар Валерый Гаўрыш:

Дужа ж ласы да дзяўчат.
Тэмпераментны Ігнат!
Так два крокі да бяды...
Прафілактыку тады
Яго жонка пачынае:
Юр любоўны залівае.

Спадзяецца «заліць» яго (вядома ж, ад імя гераіні здымка) і спадарыня Ірына Ермаковіч:

Хай вада струменіць, б'е,
Можа, цягу адаб'е?
Ясь абдасца, паякоча
І налева — не захоча!

Каб усё ды так проста было! А то ж не! Як сцвярджае спадарыня Валянціна Гудачкова:

Жарсць не студзіць і вада,
Калі дзеўка малада!
А калі яшчэ і каханая...

Зрэшты, што мы ўсё пра высокае — пра пачуцці ды ўзаемаадносіны, калі на здымку разгледзелі чытачы і больш празаічную, надзённую праблему:

Янка мыецца старанна,
Бо вада ў калонцы... танна.
А папраўдзе — задарма:
Там лічыльнікаў няма! —

усклікае спадар Віктар Трайкоўскі з Мінска.

Падобныя думкі і ў спадара Сцяпана Нефідовіча з Лунінеччыны:

У доме ёсць водаправод,
Ды вада ж за грошы льецца:
Мо й няшмат... Але за год
На мільён які збярэцца...
Год беражлівасці ідзе,
Яго вітаем з жонкай
І эканомім... на вадзе:
Непадалёк — калонка!

Адно — загнаць пад яе, як справядліва зазначае спадарыня Чыгрынава з Вілейшчыны, можа не толькі жаданне сэканоміць, але і элементарная няспраўнасць у сістэме водаправода, бо ў нас жа месцамі і сапраўды:

Развялося да халеры
Фірмачоў ды інжынераў,
Спецаў, нанатэхнікаў —
Ды няма сантэхнікаў.

Аднак не ў традыцыях, як быццам, завяршаць чарговы конкурсны агляд на сумных нотах. Тым больш — прыхаваўшы (ад спадара Анатоля Гарачова) аптымістычныя:

Звычаі спакон вякоў
Не перамяніліся:
Мыюць бабы мужыкоў,
Каб яны не змыліся!..

Нешта ў гэтым, згадзіцеся, ёсць! І нават будзе! Хочацца верыць, заўсёды! Як і працяг у гульні «Хто каго?». А таму самы час падвесці вынікі папярэдняга этапу. На здымку тады, нагадаем, досыць сталага веку мужчына на веласіпедзе некуды вёз даму...

Па меркаванні вялікага чытацкага журы, самыя ўдалыя радкі пра гэтую пару напісалі спадарыні ЧЫГРЫНАВА з Вілейшчыны і ГРЫШЧАНКА з Дзяржынска, сужэнцы АСТРОЎСКІЯ з Мінска, спадары Юрый ВІНАГРАДАЎ з Бабруйска, мінчанін Мікола КІСЕЛЬ і Анатоль ГАРАЧОЎ з Іўеўшчыны.

Яго радкі (Мець каханку — то задужа,/ Бо не выйдзе ўсё, як след:/ Не падзеляць бабы мужа,/ А тым больш — веласіпед!) набралі максімальную колькасць балаў і ад журы маленькага — рэдакцыйнага. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету «Звязда» на чацвёрты квартал накіроўваецца ў вёску Даўнары Іўеўскага раёна.

Вызначыла пераможцу і рэдакцыя «Вожыка». Ім, а значыць, атрымальнікам кастрычніцкага нумара часопіса, стаў... Анатоль Гарачоў.
Вы таксама хацелі б атрымліваць гэтыя беларускамоўныя выданні? Ухвальнае жаданне! Тады падпісвайцеся. Альбо ўважліва глядзіце на новы (ніжні) здымак, складайце вершы (можна шмат, але не больш, чым па восем радкоў) і дасылайце ў рэдакцыю. Перамагчы — магчыма!

Валянціна ДОЎНАР,
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

1378506763776_2

Р. S. Шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору (часам, што крыўдна, з-за аднаго рускага слова, якое ў перакладзе на беларускую разбурала ўсю канструкцыю верша)... А яшчэ спадзяёмся, што накасіўшы сена, назапасіўшы дроў, выбраўшы бульбачку, наварыўшы варэння, прыехаўшы з адпачынкаў, забыўшы крыўды і г.д. да ўдзелу ў конкурсе вернуцца ўсе, хто ў свой час так прыгожа да яго далучыўся, хто перамагаў...

Пішыце! Бо напісанае і сапраўды застаецца, а не напісанае — гарантыя — не надрукуецца.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.