Вы тут

«На Беларусі Бог жыве», — упэўнены дзеці з Быхава


Менавіта гэты верш Уладзіміра Караткевіча чытала адна з пераможцаў раённага конкурсу «Жывая класіка» Кацярына Алёшына.

Дзяўчынка прызналася, што згодна з пісьменнікам: на Беларусі Бог сапраўды жыве. Таму яна і выбрала гэты верш з некалькіх, прапанаваных настаўнікамі. Тым больш што Уладзімір Караткевіч — яе любімы аўтар, бо ён любіў Беларусь, любіў нашу мову. Кацярына расказала, што ёй надзвычай падабаецца чытаць вершы. І нават калі ў школе не задаюць нейкіх твораў, але штосьці прыходзіцца ёй даспадобы, яна абавязкова вывучыць гэта на памяць.

1378506767552_1

Другой пераможцай конкурсу стала Ёсмін Паяндаева. Гэта дзяўчына расказала карэспандэнту «Звязды», што яе сям'я прыехала ў Беларусь з Таджыкістана, калі Ёсмін было ўсяго 4 месяцы. Таму ад самага нараджэння яна адчувае сябе беларускай. Нашу мову вучыла ў школе разам з астатнімі дзецьмі, і гэта давалася ёй зусім лёгка. Сімвалічным аказаўся і выбар твора, які чытала ўдзельніца, — «Родная мова» Максіма Танка. Другі любімы яе аўтар — Якуб Колас.

1378506769534_2

Сапраўднае замілаванне выклікала беларуская класіка, якую чыталі школьнікі. З'яўлялася ўпэўненасць, што з роднымі словамі, якія вымаўляюць дзеці, наша мова і літаратура пераходзяць да новага пакалення, замацоўваюць сабе шлях у будучыню.

Для саміх дзяцей гэтыя вершы таксама на ўсё жыццё застануцца ў памяці. Бо гэта іх перамога, іх выступленне на вялікай сцэне перад шаноўнымі гасцямі. Гэта кропелька славы, якая дапамагла больш паверыць у самога сябе. Такі момант яднання з чыстым родным словам у іх сэрцы будзе жыць доўга, будзе натхняць у няпростыя часіны дарослага жыцця.

Конкурс «Жывая класіка» ладзіўся ў межах Свята беларускага пісьменства. Удзельнічалі ў ім школьнікі з горада Быхава і яго раёна. 18 дзяцей, што чыталі вершы ў фінале, яшчэ раней сталі пераможцамі ў сваіх установах адукацыі. Падаецца, гэта слушная ідэя. І хоць новай яе ніяк не назавеш, было б добра, каб яна стала традыцыйнай не толькі для Быхава, але для ўсёй Беларусі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фота аўтара.
г. Быхаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?