Вы тут

Фестываль без журы


Узнагароды прысудзяць арганізатары, гледачы і журналісты

Васямнаццатая «Белая вежа» пройдзе ў Брэсце з 7 па 14 верасня. На фэст прыедуць 23 тэатральныя калектывы. Мы ўбачым 24 спектаклі на васьмі мовах свету. Калектывы з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грэцыі, Егіпта, Ізраіля, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Чэхіі, Швецыі, Японіі будуць працаваць на пяці сцэнічных пляцоўках: дзве залы тэатра, грамадска-культурны цэнтр, парк і плошча Леніна. Білеты былі фактычна прададзены яшчэ за два тыдні. А на самыя папулярныя тэатры квіток каштуе 200 тысяч рублёў, што для Брэста, відавочна, нямала.

1378506778545_7-30

 

Як расказаў на прэс-канферэнцыі галоўны арганізатар фестывалю, дырэктар Брэсцкага драматычнага тэатра Аляксандр Козак, усяго ў аргкамітэт паступіла 210 заявак ад розных тэатраў свету. Экспертны савет сфарміраваў рэпертуар, у якім выдзяляюцца тры асноўныя кірункі: міжнародная тэатральная праграма, лепшыя спектаклі беларускага тэатра, польскі тэатр на «Белай вежы».

А вось журы ў гэтым годзе на тэатральным форуме не будзе. Паводле слоў Аляксандра Козака, так праходзяць 90% фестываляў у свеце. І ў Брэсце інстытут журы апошнім часам крыху расчараваў арганізатараў. Па-першае, члены журы могуць дамовіцца, а па-другое, вельмі часта ўсё вырашае меркаванне аднаго чалавека — старшыні журы. Але гэта не значыць, што ацэньваць спектаклі ніхто не будзе. У Брэст едзе цэлая кагорта вядомых крытыкаў. Такіх, як Людміла Грамыка, Ірына Плотнікава, Ніна Мазур

, а таксама і найшаноўнейшая прафессар Таццяна Арлова.

Лепшы спектакль вызначыць аргкамітэт. На яго пасяджэнне запросяць таксама спецыялістаў і журналістаў. Крытыкі вызначаць выканаўцаў лепшай мужчынскай і жаночай роляў. Акрэдытаваныя журналісты назавуць лепшы тэатральны эксперымент. Таксама прадугледжаны дыплом за выбар гледачоў. Кожны чалавек пасля спектакля зможа «аддаць» свой голас, калі пры выхадзе кіне білет у спецыяльную скрынку. Потым білеты падлічаць, выведуць працэнтныя суадносіны — бо нельга ж параўноўваць глядацкія сімпатыі да спектакляў, якія праходзілі ў малой і вялікай зале, і вылучаць спектакль, які сабраў арыфметычную большасць галасоў публікі. Такі варыянт ацэнкі арганізатары палічылі больш дэмакратычным у параўнанні з банальным журы. Што ж, пажывём-пабачым.

Як пабачым і тэатральныя пастаноўкі, якія хочацца верыць, не расчаруюць. Афіша абяцае нямала цікавых работ.

Напрыклад, вельмі інтрыгуе анонс тэатра-фестывалю «Балтыйскі дом» з Санкт-Пецярбурга. Яны вязуць спектакль «Антыцелы» пра забойства студэнта-антыфашыста Цімура Качаравы. На сцэне будуць сябры-аднакурснікі і ворагі Цімура — прадстаўнікі фашысцкіх груповак. Усё гэта падзеі сённяшняга жыцця. Але яшчэ страшнейшая трагедыя маці хлопцаў, дзвюх жанчын, настаўніцы замежнай мовы і выпускніцы кансерваторыі, якія гадавалі сыноў для шчасця, а не для смерці і забойства.

Трагедыя сучаснай рэчаіснасці прысутнічае і ў спектаклі Акадэмічнага нацыянальнага тэатра драмы з Азербайджана «Пакаянне». Карабахская вайна стала момантам ісціны для двух сяброў. Адзін з іх застаўся са сваімі перакананнямі і жыве ў беднасці, другі зарабіў грошай на гэтых ваенных дзеяннях і мае пра вайну сваё меркаванне. Гледачоў таксама чакае сустрэча з армянскім акцёрам Робертам Акапянам. Некалькі гадоў таму ён прывозіў у Брэст монаспектакль «Амок».

А цяпер выканае ролю злодзея ў камедыі «Старадаўнейшая прафесія».

Відаць, сябрам фестывалю ўжо можна назваць Львоўскі тэатр «Уваскрэсенне».

Ён бываў у нас не раз. У 2007 годзе узяў Гран-пры за вулічны спектакль «Вішнёвы сад». Здараліся і слабейшыя пастаноўкі. А сёлета нам пакажуць таксама спектакль на вуліцы па п'есе Караля Вайтылы, вядомага як Папа Рымскі Ян Павел ІІ. Дзея называецца «Іоў». Яшчэ адзін вулічны спектакль сыграе тэатр з Познані. «Сальта Мартале», гаворыцца ў анатацыі, спектакль для шасці фартэп'яна і дванаццаці акцёраў. Гэта шчымлівая гісторыя пра знішчэнне культурных каштоўнасцяў падчас Другой сусветнай вайны.

Нашу краіну на фестывалі прадстаўляе, напрыклад, спектакль «Пікавая дама» Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Гэтая пастаноўка атрымала перамогу адразу ў чатырох намінацыях ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі і стала «Лепшым спектаклем года».

Псіхалагічную драму «Аднакласнікі» вязе Магілёўскі абласны драматычны тэатр. І гэта тытулаваны спектакль. Работа тэатра-студыі кінаакцёра з Мінска «Хто смяецца апошнім» па вядомай п'есе К. Крапівы атрымала ганаровае права адкрыць «Вежу-2013».

Тэатралаў зацікавяць і грэчаскія «Сны», бо іх паставіў Альгірдас Латэнас, і «Гамлет. Кропка G», бо яе вязе «Тэатр Месяца» з Масквы, і спектакль рытму, пластыкі і танца «Палароід» з Тэль-Авіва.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.