Вы тут

«Пластыкавы» крэдыт


Тое, што безнаяўныя разлікі — гэта зручна, напэўна, многія ўжо зразумелі. Зарплаты ўсім налічваюць на пластыкавыя карткі, і карыстацца імі за некалькі гадоў мы навучыліся. Аплачваем камунальныя плацяжы, кладзём грошы «на мабільнікі», разлічваемся ў крамах і гэтак далей. Аднак добра, калі на картцы ёсць грошы. Часам жа бывае, што грошай не хапае, напрыклад, на нешта, вельмі патрэбнае менавіта цяпер. Што рабіць? У сяброў пастаянна пазычаць надакучыла. Ісці па крэдыт у банк — па-першае, доўга, а па-другое, нявыгадна — давядзецца пераплачваць… Ёсць даўно вынайдзены шлях — крэдытная картка.

Гэта не тое самае, што звычайны крэдыт

МТБанк, які ўжо некалькі гадоў выпускае рознага кшталту крэдыткі, вырашыў распавесці спажыўцам пра тое, што яны сабою ўяўляюць, якія перавагі маюць і як імі карыстацца. І нават з панядзелка запускае новы сайт для папулярызацыі крэдытных картак.

«Крэдытная картка — гэта банкаўская пластыкавая картка, на якой кліенту вызначаецца крэдытны ліміт (ліміт грашовых сродкаў), які можна выкарыстаць, — тлумачыць Ігар БЫЧАК, намеснік старшыні праўлення ЗАТ «МТБанк»

. — Ёсць паняцце «крэдыт на картку». Чалавек хоча 10 мільёнаў. Яму кладуць на картку гэтыя грошы. З гэтага моманту на ўсе 10 мільёнаў налічваюцца працэнты, нават калі ён гэтымі грашыма не карыстаецца. Гэта звычайны спажывецкі крэдыт, які проста залічылі чалавеку на картку. Крэдытная картка — гэта, умоўна, той жа крэдыт на 10 мільёнаў (ліміт), але вы не плаціце працэнтаў да таго моманту, пакуль не пачынаеце гэтай карткай расплачвацца ці здымаць гатоўку. Пры гэтым, калі вы выдаткуеце толькі мільён, то працэнты будуць налічвацца за мільённы крэдыт, а 9 мільёнаў застануцца ў вашым распараджэнні. У гэтым і сэнс крэдытных картак». Аднак крэдытка мае і другую адметную асаблівасць — грэйс-перыяд. Так называюць ільготны перыяд крэдытавання, ці беспрацэнтны перыяд. «Ён, як правіла, вызначаецца ў днях, цягам якіх кліент карыстаецца ўзятымі грашыма (напрыклад, вы знялі мільён рублёў ці купілі штосьці ў краме на гэту суму) бясплатна. Калі цягам гэтага тэрміну кліент цалкам вяртае грошы, то ён не плаціць нічога — ні працэнтаў, ні камісій». Звычайна грэйс-перыяд працягваецца 30 ці 50 дзён. Выдатны варыянт для таго, каб «перабіцца» да зарплаты.

На чым зарабляюць банкі?

«Банкі атрымліваюць камісіі за транзакцыі, якія робяць кліенты. Таму прыбытак атрымліваецца не ад кліента, а ад сістэмы. Нават калі вы кожны раз будзеце своечасова вяртаць грошы, мы будзем зарабляць на гэтым», — кажа Ігар Бычак. У выпадку непагашэння запазычанасці ў ільготны перыяд яна ператвараецца ў звычайны спажывецкі крэдыт. Між іншым, вельмі карысныя кабрэндзінгавыя карткі, калі крэдытная картка дае дадатковыя бонусы, напрыклад, у пэўнай сетцы крамаў. «Плюс таксама і ў тым, што не трэба ў кожным асобным выпадку афармляць крэдыт. Ды і транзакцыі могуць праходзіць у любой валюце — ідзе аўтаматычная канверсія. Можна браць іх з сабою на адпачынак». Дарэчы, нават тыя, у каго шмат грошай, выкарыстоўваюць крэдытныя карткі, бо гэта выгадна: «У ЗША ў сярэднім 4,2 крэдыткі на душу насельніцтва, у Заходняй Еўропе — 1,5—2. Напрыклад, у Польшчы ў 2005 годзе было 300 тысяч крэдытных картак, у 2011 м — ужо 7 мільёнаў. Па выніках 2012 года расійскі рынак крэдытных картак вырас амаль на 83%. На жаль, па Беларусі такіх лічбаў няма».

Звычайных крэдытаў не будзе

«Я ўпэўнены, што крэдытныя карткі выцесняць звычайнае крэдытаванне», — лічыць прадстаўнік МТБанка. Між іншым, па яго словах, рынак спажывецкага крэдытавання ніколі ў нас актыўна не рос. Галоўная прычына — высокія працэнтныя стаўкі. Апошнія месяцы сітуацыя змянілася: «У тым ліку за кошт актыўнага ўступлення на гэты рынак новых буйных гульцоў».

Больш жорсткі адбор

Дзіўна, але пратэрмінаваныя запазычанасці па крэдытах банкіраў не пужаюць. «Хоць яны і выраслі, але ў нашай краіне гэты ўзровень застаецца дагэтуль вельмі нізкім. У пратэрміноўцы больш за ўсё вінаватыя махляры, якія набіраюць па несапраўдных дакументах крэдыты. У любым выпадку, мы збіраемся зрабіць больш жорсткія ўмовы для атрымання крэдыту. Будзем глядзець у першую чаргу на ўзровень даходаў чалавека. Мы і цяпер адмаўляем 35% заяўнікаў».

Стаўкі па дэпазітах вырастуць?

Ігар Бычак асвятліў і некалькі набалелых пытанняў. Нацыянальны банк падняў стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі бягучай ліквіднасці банкаў да 45% гадавых. Як гэта паўплывае на дэпазітыня стаўкі? «Я думаю, што калі гэта не часовае нейкае дзеянне, звязанае з недахопам ліквіднасці, а сістэмнае, то цалкам верагодна, што можа павысіцца і агульны ўзровень працэнтных ставак у цэлым па рублях на рынку. Адпаведна — і стаўкі па дэпазітах. Можа быць, гэта было б і карэктна — падняць дэпазітныя стаўкі да 40%. Але я і не скажу, што 35% — гэта мала. Можа быць, Нацбанк хоча яшчэ больш павысіць прывабнасць рублёвых укладаў. Увосень заўсёды стаўкі раслі, а потым плаўна зніжаліся», — адказаў прадстаўнік МТБанка.

Бяспечныя карткі

«Цяпер людзі ўжо ведаюць: калі з'ездзіў у Тайланд, Турцыю — прыедзь і памяняй картку, перавыпусці яе. Паводле нашай статыстыкі, амаль кожны другі пасля вяртання адтуль мае праблемы з карткай». Аднак, па словах Ігара Бычака, цяпер ужо пачынаюць выпускаць карткі не з магнітнай стужкай, а з чыпамі. Гэта будзе больш бяспечна.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».