Вы тут

АД ЧАГО Ў ДЗІЦЯЦІ ГАЛАВА БАЛІЦЬ?


Сярод школьнікаў і падлеткаў эпізадычны галаўны боль з'яўляецца адной з найбольш частых скаргаў на прыёме ва ўрача. Сярод хваравітых станаў галаўны боль займае ў насельніцтва Зямлі трывалае другое месца пасля боляў у жываце.

Як правіла, галаўны боль з'яўляецца ва ўзросце 4-5 гадоў, калі дзіця вучыцца ўспрымаць і апісваць хваравітыя месцы.

Звычайна кажуць пра два пікі росту частаты галаўнога болю пасля 3 гадоў: у дзяцей 6-7 гадоў гэта звязана са стрэсам, паходам у першы клас, а ў 12-14-гадовых — з палавым выспяваннем.

Лячэнне эпізадычнага галаўнога болю ў раннім дзіцячым узросце можа папярэдзіць хранічную форму захворвання ў падлеткаў і дарослых, адзначае інструктар-валеолаг 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Ірына ШЫМАНСКАЯ.

Прычынамі галаўных боляў могуць быць, напрыклад:

— чэрапна-мазгавыя траўмы, траўмы пазваночніка, анкалагічныя захворванні, эпілепсія, афтальмалагічныя паталогіі, менінгіт, паталогія вуха-горла-носа;
— родавая траўма шыйнага аддзела пазваночніка, вегета-сасудзістая дыстанія.
Абавязкова пакажыце дзіця ўрачу-неўролагу або рэабілітолагу, трэба даабследавацца ў афтальмолага і атарыналарынголага.

Што правакуе галаўны боль?

1. Працяглае напружанне мышцаў пры нефізіялагічных позах — нязручны стол або парта, якая не адпавядае росту; нязручная поза падчас сну.
2. Парушэнні зроку — міяпія і інш.
3. Знаходжанне ў душным памяшканні, фізічнае і разумовае перанапружанне, працяглыя спартыўныя перагрузкі.
4. Сапсаваныя стасункі ў сям'і і школе.
5. Працяглы прагляд тэлевізара.
6. Адсутнасць або недастатковая працягласць дзённага сну, вымушанае галаданне.
7. Ужыванне медыкаментозных сродкаў (празмерны прыём анальгетыкаў).
8. Перамена надвор'я.
9. Прастуда, грып.

У большасці дзяцей з галаўнымі болямі назіраюцца розныя праявы паталогіі вегетатыўнай нервовай сістэмы: пацеюць далоні, ёсць боль у сэрцы, сэрцабіццё, боль у жываце. Галаўны боль пры гэтым правакуецца стомленасцю ў школе, стрэсамі і метэаралагічным фактарам. Боль працягваецца ад адной да некалькіх гадзін, часта праходзіць самастойна пры змене роду дзейнасці, пасля адпачынку, кароткага сну.

Пры паталогіі пазваночніка дзіця можа скардзіцца на боль у шыйна-патылічнай вобласці. Такі боль узмацняецца пры нялоўкіх хуткіх рухах галавы і шыі, чханні і кашлі. Ад прымянення супрацьболевых сродкаў эфекту можа і не быць. Фізіяпрацэдуры і масаж каўняровай зоны часта прыносяць станоўчы вынік.

Галаўны боль мышачнага напружання, пастаянны і манатонны, канцэнтруецца ў лобна-сківічнай або патылічна-шыйнай абласцях. Боль сціскае і ломіць на працягу ўсяго дня. Узнікае падчас працяглага эмацыянальнага напружання, радзей — пасля фізічнай нагрузкі.

Залежыць ад становішча галавы і шыі падчас урокаў, часам узмацняецца пасля сну і працяглага фіксаванага становішча галавы. Абумоўлены доўгім напружваннем мышцаў галавы і спазмам сасудаў.

Галаўны боль можа быць звязаны і са спазмам пазваночнай артэрыі. Боль у шыйна-патылічнай вобласці можа быць абумоўлены ціскам пазванкоў або мышцаў на пазваночную артэрыю. Можа суправаджацца галавакружэннем, шумам у вушах, «простымі» зрокавымі парушэннямі, стратай прытомнасці.

Галаўны боль, звязаны з вегета-сасудзістай дыстаніяй, бывае двух «відаў». У першым выпадку адзначаецца бледнасць і сухасць скуры, расшырэнне зрэнак. Канечнасці халодныя, тэмпература цела няўстойлівая. Дрэнна пераносіцца спёка, духата, шум, яркае святло, кава.

Могуць узнікаць мышачнае дрыжанне, сэрцабіццё, запоры. Парушаецца сон. Маса цела нярэдка зніжана пры добрым апетыце. Фізічная актыўнасць павышаная, працаздольнасць лепшая ў вячэрні час. Здольнасць да запамінання і засяроджвання паніжаная.

У другім выпадку з'яўляюцца пачуццё гарачыні, пачырваненне скуры, павышаная вільготнасць далоняў і ступняў, дрэнная пераноснасць холаду. Могуць быць галавакружэнне, пачуццё «непаўнаты ўдыху», ванітаванне, боль у верхняй частцы жывата, дыярэя.

Дзеці схільныя да набору вагі (нярэдка пры паніжаным апетыце), апатычныя, безыніцыятыўныя. Павышана санлівасць, запаволены пераход да актыўнай бадзёрасці раніцай. Назіраецца часам страта прытомнасці, алергічныя рэакцыі. Зніжана пераноснасць разумовых і фізічных нагрузак.

Якія віды даследаванняў могуць прызначацца?

Ультрагук сасудаў шыі і галавы (дуплексаграфія) — для вызначэння спазму артэрыі, якая харчуе галаўны мозг.

Рэнтгенаграфія шыйнага аддзела пазваночніка — для вызначэння прыкмет астэахандрозу.

Ядзерна-магнітна-рэзанансная тамаграфія — пры падазрэнні на грыжу пазваночнага дыска (надзвычай рэдка ў дзіцячай практыцы) або пры адсутнасці паталогіі ў заключэнні ўльтрагуку і рэнтгенаграфіі.

Пры неабходнасці праводзіцца абследаванне вочнага дна і вастрыні зроку.

Масаж і анальгетык

Лячэнне эпізадычных галаўных боляў: рэжым дня, паўнавартасны сон, зручныя ўмовы працы. Масаж галавы і каўняровай зоны, лячэбная фізкультура, іголкарэфлексатэрапія, мануальная тэрапія, серавадародныя і марскія ванны, фізіяпрацэдуры, псіхатэрапія для павышэння сацыяльнай адаптацыі. Можна прыняць анальгетык — парацэтамол. Але, калі з прыёмам спазніцца, то прэпарат не дапаможа.

Гарбата з лімонам

Лячэнне хранічных галаўных боляў:элеўтэракок, лімоннік дадаваць раніцай у гарбату. Наогул гарбата з лімонам — адзін са сродкаў павышэння тонусу. Карысная ў гэтым выпадку аскарбінавая кіслата, заспакаяльныя сродкі (валяр'ян, глог). Прызначаюцца і курсы сасудзістых прэпаратаў, антыдэпрэсантаў.

Праца — адпачынак

Самае важнае і першае — разумнае чаргаванне працы і адпачынку. Абавязкова трэба знайсці час на адпачынак! Пры галаўных болях, абумоўленых перанапружанем, наогул рэкамендуюцца заняткі лячэбнай фізкультурай, водныя працэдуры, масаж, фізіяпрацэдуры, а таксама вітамінізаванае харчаванне, дадатковы прыём полівітамінаў.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».