Вы тут

«Камяніца»: свята, на якім хочацца ўсіх абняць


Усю дарогу да музея народнай архітэктуры і побыту здзіўленыя бабулькі-дачніцы з цікаўнасцю паглядалі ў аўтобусе на апранутых у вышыванкі маладых людзей, якія гаманілі паміж сабой па-беларуску і спявалі народныя песні. Пэўна, думалі, што едуць нейкія артысты. Некаторыя пасажыры з веданнем справы пыталіся: «Вы на фестываль едзеце?» Зрэшты, апазнаць наведнікаў фэсту можна было і без «асаблівых прыкмет»: нешта няўлоўнае выдавала ў іх «камянічнікаў»...

Сёлета штогадоваму фолк-фестывалю «Камяніца», які яднае музычныя традыцыі розных краін, споўнілася пяць гадоў. З гэтай нагоды арганізатары загадзя абвясцілі: фэст будзе доўжыцца не адзін, як звычайна, а два дні. Але сюрпрыз, як аказалася, быў далёка не для ўсіх: трапіць на «Сяброўскую вячэру», што праходзіла ў першы фестывальны дзень, можна было выключна па запрашальніках. Мерапрыемства апраўдала сваю назву: з самага пачатку гасцей частавалі рознымі прысмакамі і напоямі. Пасля таго, як арганізатары абвясцілі адкрыццё фэсту, адбыліся майстар-класы па прыгатаванні страў беларускай кухні: дранікаў (чамусьці не бульбяных, а гарбузовых) і верашчакі, якія можна было пакаштаваць. Упершыню мне выпала пачаставацца і традыцыйным гарачым напоем з зёлак і мёду — збітнем. Духмяны і вітамінны, ён аказаўся вельмі прыемным на смак.

1378768123117_1

Апроч гастранамічнай, у праграме была і культурная частка. Адкрыў вечар нязменны вядучы фэсту, лідар гурта «Палац» Алег Хаменка. Затым выступілі «Аляксандра і Канстанцін» з прэзентацыяй новага дыска «М1», Ірэна Катвіцкая, якая прадставіла музычную праграму «Этнафантазія», і гурт GUDА. Пасля гэтага гасцям паказалі першую частку фільма Аляксея Раковіча «Гісторыя беларускай страўні». Стужка, у якой вельмі ўдала спалучыліся мастацка-гістарычныя замалёўкі з нагляднымі рэцэптамі нацыянальных мясных страў, аказалася сапраўды «смачнай». Пасля яе прагляду пацяклі слінкі, нягледзячы на тое, што напачатку гледачы добра падсілкаваліся. Але музычны хэдлайнер вечара гурт Shumа спалучэннем архаічных спеваў з электроннай музыкай прымусіў публіку забыцца на голад і пусціцца ў скокі. Калі канцэрт скончыўся, аўтобусы на Мінск ужо не хадзілі, і каб не дзяўчаты з GUDА, якія ехалі на машыне, карэспандэнту «Звязды» выпала б унікальная магчымасць правесці ноч у музеі пад адкрытым небам і пабачыць падрыхтоўку да асноўнага дня фестывалю з самага яе пачатку.

1378768126909_2

Але пашчасціла вярнуцца дадому і прыехаць у Азярцо на наступны дзень. Ён таксама быў для ўсіх у пэўнай ступені сюрпрызам: загадзя былі абвешчаны замежныя хэдлайнеры, якіх сёлета было некалькі (звычайна прыязджаў толькі адзін іншаземны госць), і час, калі пачнецца асноўная праграма, — 12.00. А вось з самім раскладам выступаў можна было пазнаёміцца непасрэдна ў дзень канцэрта на месцы.
Нягледзячы на інтрыгу, народу ў беларускім скансэне большала з кожнай гадзінай. І не дзіўна: за пяць гадоў «Камяніца» набыла шмат прыхільнікаў. Бо на фэсце можна не толькі пабачыць і паслухаць як вядомыя прафесійныя, так і аматарскія фолк-калектывы з Беларусі і замежжа. Тут, на вольным паветры, сярод аўтэнтычных збудаванняў мінулых стагоддзяў, прывезеных з усёй краіны, як нідзе можна адчуць гістарычную і нацыянальную еднасць людзей. Спрыяе гэтаму і тое, што многія наведнікі фестывалю прыязджаюць у нацыянальных касцюмах (такі «дрэс-код» даваў права ў другі дзень прайсці на мерапрыемства бясплатна). І такая любата адкрываецца вачам: дарослыя і дзеці ў сялянскіх і шляхецкіх строях, безліч вышыванак, андаракаў, паясоў розных часоў, мясцовасцяў, аздаблення...

1378768128607_3

Аляксей толькі адзін раз прапусціў «Камяніцу», і сёлета спецыяльна пазычыў у знаёмага кашулю на фэст. Сама яна хоць украінская, але падобная да тых, што былі ў нас на Палессі, але самае галоўнае — яна аўтэнтычная, вышытая не пазней за пасляваенны час. Сяброўка Аляксея Маша таксама красавалася ў аўтэнтычнай доўгай кашулі з тканым поясам. «Знаёмы набыў хату пад Барысавам, і, разбіраючы там старыя рэчы, знайшоў сярод іх некалькі ручнікоў, кашуль і пояс — ён і адна з кашуль на Машы», — распавёў хлопец.
«О, «Звязду» мае бацькі выпісваюць! — паведаміў мне яшчэ адзін з суразмоўцаў, які быў таксама ў вышыванцы (у якой, як прызнаўся, браў шлюб) і трымаў на руках бялявага кучаравага хлопчыка.

1378768130980_4

— Мяне Віктар завуць, а гэта — Станіслаў Віктаравіч, яму два гады, — адрэкамендаваўся мужчына.
Віктар на фэсце ўжо трэці раз, упершыню з жонкай узялі з сабой сына. «Усё цудоўна, прыемна, што тут збіраецца шмат беларускамоўных людзей, што яны прыходзяць з дзецьмі».
У такой прасякнутай беларускасцю атмасферы нават не хацелася злавацца на тое, што замест 12 гадзін музычная праграма пачалася значна пазней за 14. Ды і заняцца ў гэты час было чым. Напрыклад, агледзець экспазіцыю музея і пазнаёміцца з побытам нашых продкаў у розных рэгіёнах Беларусі. Або набыць свістульку, тканы паяс, упрыгожанні ў фолк-стылі і шмат што іншае на кірмашы рамёстваў, навучыцца старадаўнім танцам. Апроч гэтых ужо традыцыйных забаў сёлета на фэсце з'явілася некалькі новых пляцовак: можна было пастраляць з лукаў і арбалетаў, паўдзельнічаць у майстар-класах па ганчарстве, вырабе традыцыйных лялек, агледзець мастацкія і фотавыставы і нават убачыць упершыню выстаўлены пасля рэстаўрацыі ўнікальны абраз Божай Маці «Замілаванне» ХVІІ стагоддзя. Прадугледзелі таксама і забаўляльную пляцоўку для дзяцей.
Людзі паступова размяшчаліся на паляне паміж дзвюма сцэнамі — «дарослай», на якой ішлі рэпетыцыі прафесіянальных гуртоў, і «дзіцячай», дзе рыхтаваліся да выступаў юныя ўдзельнікі фолк-калектываў з розных куткоў краіны. Летась, калі дзве сцэны знаходзіліся на розных пляцоўках даволі далёка адна ад адной, выступы на іх ішлі паралельна, і пабачыць усё было фізічна немагчыма. Сёлета ж сцэны паставілі побач, і выступы на іх чаргаваліся: пакуль ішла падрыхтоўка вялікай сцэны, працавала малая, і наадварот. Дарэчы, калі на мінулым фэсце выступілі 157 дзяцей, то на гэты было адабрана ўсяго некалькі дзіцячых калектываў.
На вялікую сцэну першымі выйшлі дзяўчаты з этна-гурта GUDА. За імі па-сапраўднаму разварушыў народ сваімі рыцарскімі баладамі «Стары Ольса». У гэты час ансамбль «Яварына» даваў перад сцэнай майстар-клас па сярэднявечных танцах. Дарэчы, гурт «Стары Ольса» ўжо браў удзел у пазалеташняй «Камяніцы».
Далей справу ў свае рукі ўзялі хэдлайнеры. Гурт з Украіны «Фолкнеры» прывёў публіку ў захапленне, і проста немагчыма было ўседзець на месцы пад ліхія гукі барабанаў гарных дзяўчат. «Кожны фестываль, як і кожная краіна, мае сваю энергетыку і магію, асаблівая яна і ў Беларусі. Тут усё цудоўна і камфортна, падчас такіх фестываляў хочацца выйсці да публікі і ўсіх абняць! — падзялілася пасля выступу салістка гурта Ярына Квітка. — Заўжды, калі едзеш на фестываль, нешта сабе фантазіруеш, спрабуеш прадказаць паводзіны публікі. Мы ведалі, у якім месцы будзем выступаць, прыкладна здагадваліся, як нас сустрэнуць. Але ўсё адно, калі прыехалі, усе нашыя фантазіі развеяліся. Кожная асоба індывідуальная і аддае сваю цеплыню і энергетыку, і пасля такога ўзаемаабмену ты адчуваеш сябе шчаслівым».
Пасля «Фолкнеры» на сцэну выйшаў калектыў з Польшчы Оrkіеstrа Sw. Mіkоlаjа, разнастаіўшы фестывальную атмасферу гучаннем акустычных інструментаў. «Мы пад вялікім уражаннем, тут добрае, прыгожае месца, — адзначыў вакаліст гурта Багдан Браха, шкадуючы, што не хапіла часу агледзець усю музейную прастору. — Мы цэнім беларускую фальклорную музыку, а яшчэ тут файная публіка і асаблівая атмасфера».
Тым часам канцэртную праграму перапыніў традыцыйны конкурс на лепшую пару ў нацыянальных строях, пераможцы якога, муж і жонка, атрымалі магчымасць бясплатна наведаць рэстаран. «Тады мы адзначым у вашым рэстаране трэція ўгодкі нашага вяселля!», — паабяцаў мужчына.
Пасля конкурсу нарэшце на сцэне з'явіліся тыя, каго, бадай, чакалі болей за ўсіх — украінскі этна-хаос-гурт «ДахаБраха». Яны напоўнілі «Камяніцу» аўтэнтычнымі ўкраінскімі песнямі, пакладзенымі на фолк-музыку розных народаў свету. Пасля таго, як музыкі выканалі некалькі кампазіцый, публіка пачала скандаваць: «Да-ха-Бра-ха!», просячы выступу на біс, аднак гурт вымушаны быў адмовіць, бо яго ўдзельнікі маглі спазніцца на цягнік...
Са шкадаваннем гледачы адпусцілі ўкраінцаў і падрыхтаваліся да сустрэчы наступнага хэдлайнера. Ім стаў гурт з Расіі Hvаrnа. Адным з яго заснавальнікаў з'яўляецца беларус Андрусь Палаўчэня, вядомы па праекце ОSІMІRА, які ўдзельнічаў у «Камяніцы» ў 2011 годзе. Hvаrnа паказалі цэлую тэатральную дзею з маскамі і маляваннем пясчаных карцін, але крыху закалыхалі гледачоў. Разварушылі публіку (ды так, што ля сцэны стала спякотна ад скокаў) гаспадары свята: завяршыла праграму легенда беларускага фолк-мадэрну — гурт «Палац», які паставіў пад яркі феерверк у фэсце «Камяніца-2013» такі ж яркі клічнік... Са шматкроп'ем. Бо працяг абавязкова будзе.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.


Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».