Вы тут

Факты, падзеі, навіны


Электронная рэгістрацыя патрабуе дадатковай аплаты. Пакуль

Даволі часта езджу на цягніках, таму купляць квіток з дапамогай электроннай рэгістрацыі для мяне зусім не рэдкасць. Заўважыла, што кошт праязнога дакумента пры самастойным афармленні крыху вышэйшы, чым пры традыцыйным «стаянні» ў касе...
Параўнайце: купляючы плацкартны білет з Мінска да Брэста непасрэдна ў касе, вы заплаціце 30 тысяч 150 рублёў, а рэгіструючы свой праезд праз інтэрнэт — на дзве з паловай тысячы болей. Здавалася б, эканоміцца папера, працоўны час касіра і, вядома, самога пасажыра. Дык чаму пры набыцці білета з дапамогай электроннай рэгістрацыі яго кошт вышэйшы?
Аказваецца, не ўсё так відавочна. Як патлумачылі на Беларускай чыгунцы, пасля адпраўлення цягніка пасажырскія праязныя дакументы, набытыя з дапамогай электроннай рэгістрацыі, раздрукоўваюць у спецыялізаванай касе. Вядома, на гэта таксама патрабуюцца расходы бланкаў і праца асобнага білетнага касіра. «Тарыфы за паслугі пры афармленні праязных дакументаў спаганяюцца згодна з пастановай Міністэрства эканомікі Беларусі ад 13 чэрвеня 2011 года №73 «Аб тарыфах на паслугі транспартных тэрміналаў», — растлумачылі спецыялісты. — Паслуга электроннай рэгістрацыі вызваляе пасажыра ад непасрэднага афармлення білета. Аднак, згодна з нарматыўна-прававымі актамі Рэспублікі Беларусь, умовай перавозкі з'яўляецца той самы праязны дакумент».
Аднак у будучыні сітуацыя можа змяніцца. Сёння Беларуская чыгунка разглядае пытанне аб адмове ад афармлення квіткоў на бланках строгага ўліку для пасажыраў, якія прайшлі электронную рэгістрацыю.

Любоў КАСПЯРОВІЧ.

Свавольства ледзь не давяло да бяды

У сталіцы з-за дзіцячага свавольства з агнём адбыўся пажар. Бацька выратаваў дваіх дзяцей.
Пра пажар у кватэры па вуліцы Славінскага ўдзень паведамілі суседзі. Калі на месца прыбылі пажарныя-выратавальнікі, з вокнаў жылля на першым паверсе пяціпавярховіка ішоў густы дым. Пазней высветлілася, што загарэліся дыван і абіўка канапы. Да прыезду падраздзяленняў МНС бацька вынес з кватэры дваіх дзетак 2009 года нараджэння. Пацярпелых шпіталізавалі з дыягназам «атручэнне прадуктамі гарэння». На момант здарэння ў жыллі знаходзіліся толькі бацька і дзеці, маці была на працы. Мяркуецца, што прычынай здарэння стала дзіцячае свавольства з агнём.
А вось 30-гадовы слесар пацярпеў з-за ўласнай неасцярожнасці. На тэрыторыі шынамантажу па вуліцы Альшэўскага бліжэй да вечара пры спробе распаліць вогнішча для смажання шашлыкоў пры дапамозе тэхнічнага спірту пары апошняга ўспыхнулі... У выніку мужчына атрымаў апёкі першай-другой ступеняў 27 працэнтаў цела і быў змешчаны ў бальніцу.

Сяргей РАСОЛЬКА.

У начным клубе ўпала столь

У мінулую суботу ноччу ў начным клубе «Сфера» па вуліцы Суворава ў Брэсце абрынулася навясная столь.
Інцыдэнт адбыўся на другім паверсе ў танцавальнай зале. У выніку двое наведнікаў клуба — мужчына і жанчына — атрымалі траўмы. Паводле інфармацыі ўпраўлення МНС, пацярпелым была аказана медыцынская дапамога, ад шпіталізацыі яны адмовіліся.
Работа начнога клуба прыпынена. Прычыны падзення канструкцыі высвятляюцца.

Яна СВЕТАВА.

Смартфоны ў... запасцы

47 папулярных смартфонаў былі схаваны ў запасным коле аўтамабіля, які быў спынены гродзенскімі памежнікамі ў пункце пропуску «Брузгі».
Гэтую партыю спрабаваў увезці з Польшчы 44-гадовы жыхар Гродзеншчыны. Пры афармленні ў пункце пропуску ён адразу ж накіраваўся на «зялёны» канал, тым самым заявіўшы, што не мае тавараў, што падлягаюць дэклараванню. Аднак памежнікі загадзя валодалі інфармацыяй аб магчымым парушэнні і таму вырашылі правесці паглыблены агляд аўтамабіля Fіаt. Кошт кантрабандных смартфонаў, перададзеных супрацоўнікам Гродзенскай рэгіянальнай мытні, спецыялісты ацанілі ў 310,2 мільёна рублёў, паведамляе прэс-цэнтр Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».