Вы тут

Лівонскі крыж і душа Дары


Паблізу вёскі Студзенка Бялыніцкага раёна былі сярэднявечныя могілкі?

У лесе пахне восенню, вільготна, жоўтае лісце і хваіны сыплюцца на галаву, вецер качае высокія яліны. Але навакольнага пейзажу не заўважае кампанія, якая сядзіць абапал вялікага плоскага каменя, прыкладна ў метр даўжынёй. Дзяўчына, два хлопцы і мужчына паліваюць пліту вадой, задумліва гладзяць яе рукамі і ўглядаюцца ў выбітыя на камені старыя надпісы.

— Уверсе выразна чытаецца «Дара», — гаворыць адзін з хлопцаў.

— Так, гэта кірыліца, побач крыж, і Дара сугучна старажытнаславянскаму імені Дарына, — адгукаецца мужчына. — Можа, маецца на ўвазе, што яна аддала цела дзеля выратавання душы? Гэта, вядома ж, не сялянскае пахаванне. І, верагодна, ХVІІІ стагоддзе...

Анатоль Іванавіч Марозаў — настаўнік гісторыі ў вучэбна-педагагічным комплексе аграгарадка Свяцілавічы. Побач яго вучні з 10 класа, удзельнікі школьнай пошукавай групы «Следапыт» Ірына Канстанцінава, Сяргей Чупыркін і Ілья Брэчка.

— Нам падаецца, што тут выбіты такія словы: Дара, сама, цела, душа, — падводзіць вынік агляду Анатоль Іванавіч. — Ёсць стрэлка як сімвал узнясення душы. З правага боку, я мяркую, ёсць знакі з глаголіцы. Праз аб'ектыў камеры і на экране камп'ютара будзе відаць лепш. А сваё апошняе слова пра нашу знаходку павінны сказаць навукоўцы.

Гэты старажытны надмагільны камень знайшлі леснікі, калі рабілі санітарную вырубку. Адно з дрэў упала на камень, людзі ўбачылі на ім нейкія пісьмёны і паведамілі пра незвычайную знаходку мясцоваму настаўніку гісторыі Анатолю Марозаву, які даўно займаецца краязнаўствам.

1378768150376_1

Школьнікі разгледзелі гэты вялікі камень, разышліся навокал і... нечакана для ўсіх знайшлі яшчэ 22(!) камяні розных формаў і памераў, яны літаральна ўраслі ў зямлю. На некаторых з іх ёсць выбітыя малюнкі — у прыватнасці, крыжы і літары. Гэта стала, узгадвае настаўнік, сапраўдным шокам: каля Студзенкі знойдзены старажытны некропаль!

— Камяні знаходзяцца непадалёк ад вясковых могілак, і людзі іх проста не заўважалі, — расказаў краязнаўца. — Яны выглядалі звычайна, нібыта адкінутыя з поля, дзе аралі. Мы ж сталі паліваць іх вадой, чысціць ад бруду, церці анучамі і зубнымі шчоткамі... І ўбачылі, што гэта ўнікальныя камяні.

Анатоль Іванавіч і дзеці вядуць да каменя з выявай крыжа, падобнага да знака Лівонскага рыцарскага ордэна.

— У мяне ёсць гіпотэза, што гэтае пахаванне мае дачыненне да падзей грамадзянскай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХV стагоддзі,

— расказвае Марозаў. — У князя Свідрыйгалы тады былі ў саюзніках лівонскія рыцары. Можа, адзін з іх ляжыць тут? У любым выпадку, гэта толькі меркаванне, тут патрабуецца навуковае даследаванне.

Настаўнік таксама хоча паказаць спецыялістам і іншыя камяні, якія, як яму падаецца, маюць дачыненне да капішча. На тых камянях, расказвае ён, ёсць выявы шкілета рыбы і галавы рысі.

— Часта гавораць, што нам нібыта не пашанцавала: вельмі мала захавалася помнікаў сярэднявечча, — гаворыць Анатоль Іванавіч. — Але гэта не так: яны ёсць і на тэрыторыі нашага сельсавета. Мы зараз знайшлі сярэднявечны некропаль, і гэта дасць магчымасць па-іншаму паглядзець на нашу гісторыю.

1378768153865_2

Да вывучэння свяцілавіцкіх знаходак далучыцца загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Марзалюк. Размова ідзе пра археалагічную экспедыцыю і раскопкі ў бліжэйшы час. Напрыканцы гэтага тыдня Ігар Марзалюк і яго студэнты будуць працаваць на рацэ Віхра ў Мсціславе, дзе нядаўна былі знойдзены сярэднявечныя рыцарскія даспехі. Пасля гэтага археолагі рушаць на Бялыніччыну, каб на свае вочы пабачыць камяні са знакамі.

Хоць на фотаздымках сапраўды нібыта больш выразнымі падаюцца малюнкі і надпісы, але камп'ютарныя выявы ўсё ж не перадаюць іх энергетыку. Гэта асаблівая старажытная прыгажосць!.. Да каменя трэба дакрануцца рукой: лініі малюнкаў, якія вятры, дажджы і снягі згладзілі за стагоддзі, даюць адчуванне гісторыі, якая навокал нас. Трэба толькі ўгледзецца, заўважыць, знайсці.

Школьнай групе «Следапыт» на чале са сваім настаўнікам гэта ўдалося. Яны пачыналі з ваенна-патрыятычнага выхавання, а потым заняліся гісторыяй роднага краю і экалогіяй. Дзеці ходзяць у паходы: нядаўна знайшлі два старажытныя курганы ў сваіх Свяцілавічах.
Сельскія школьнікі — сціплыя, і з іх слова не выцягнеш. Але старажытныя камяні ў лесе іх захапілі па-сапраўднаму. Знаходка выклікала радасць і захапленне, таму яна дала разуменне, што за шмат гадоў да іх тут жылі людзі, што на роднай зямлі ёсць іх карані.

Ілона ІВАНОВА. Фота аўтара.


Бялыніцкі раён.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці ўсюды ў рэгіёнах краіны ёсць магчымасць займацца спортам?

Ці ўсюды ў рэгіёнах краіны ёсць магчымасць займацца спортам?

Ці заўжды актыўнасць беларусаў знаходзіць належныя ўмовы для прымянення?

Грамадства

Чэмпіёны па веславанні ў Бабруйску растуць не дзякуючы, а насуперак

Чэмпіёны па веславанні ў Бабруйску растуць не дзякуючы, а насуперак

​Пра заслугі бабруйскіх весляроў ведаюць нават тыя, хто далёкі ад гэтага віду спорту.

Грамадства

У Абухаве гадуюць спартсменаў і мараць аб узнаўленні басейна

У Абухаве гадуюць спартсменаў і мараць аб узнаўленні басейна

Штогод адсюль выходзяць майстры спорту, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў.

Грамадства

Якім быць новаму музею МТЗ?

Якім быць новаму музею МТЗ?

Рэтра-трактары і 5D-сімулятар.