Вы тут

Яшчэ адна нагода ўзгадаць пра лета!


Летнія падарожжы маюць уласцівасць хутка заканчвацца. І застаюцца адны ўспаміны. Звычайна на фотакартках. Яшчэ адна магчымасць успомніць пра лета выпала тым, хто ў першую восеньскую суботу апынуўся на летняй пляцоўцы Кастрычніцкай плошчы, дзе адбылася «Фотасушка» па трэвэл-фота.

Уздоўж невялікай тэрыторыі былі развешаны вяроўкі для бялізны і прышчэпкі, якімі кожны мог прымацаваць фотаздымкі са свайго летняга адпачынку.

Я апынулася на месцы крыху раней. Месца для фота пакуль пуставала, людзей не было таксама. Мы з сяброўкай прыселі непадалёк на лаўцы і міжволі пачалі ўспамінаць свае летнія прыгоды: дзе самі пабывалі, з якіх краін атрымалі ў падарунак магніты і паштоўкі — цудоўны ім аналаг. За прыемнай размовай не заўважылі, што натоўп людзей атакаваў маленькую пляцоўку і ва ўсю вывешвае «сушыцца» свае фота.

Здымкі абсалютна розных фарматаў: ад звычайных 10/15 да памеру А4 і стылізаваных пад паляроідныя. Можна было ўбачыць як прыроду, архітэктуру, так і людзей на фоне Эйфелевай вежы ды ў летніх кавярнях. З другога боку фотакартак некаторыя пакідалі свае кантакты — цудоўная нагода пазнаёміцца! А некаторыя перадавалі фота з рук у рукі, адразу спрабуючы такім чынам завесці знаёмства з супрацьлеглым полам.

1378768158766_10-16

— «Фотасушка» — завяршэнне праекта еlсоm Smаrt Роіnt, які мы ладзілі папярэднія два месяцы, — расказвае Вольга Мжэльская, арганізарка «Фотасушкі». — Сутнасць у тым, каб людзі маглі абменьвацца фотаздымкамі з падарожжаў. Напрыклад, вы прышчапілі сваё фота, а чыё-небудзь забралі з сабой. Калі вы заўважылі, у нас тут і своеасаблівы музычны фон (сапраўды, чуеш гукі далёкіх краін і на душы адразу цяплей, хочацца танцаваць. — Аўт.), гучаць песні з розных бакоў свету. А фотасушка трэвэл-фота — магчымасць яшчэ раз узгадаць і абмеркаваць свае падарожжы, летнія авантуры, пазнаёміцца, падзяліцца радасцю з іншымі. У завяршэнне вечара ўсе ахвотныя змогуць навучыцца танцаваць сальсу і паглядзець разам кіно.

За ўдзельніцай фотасушкі Гюльнарай я пайшла адразу, як толькі ўбачыла фота, якія яна развешвала...

— Вой, а вы ўжо не першая, каму я сёння даю інтэрв'ю, — прызнаецца жанчына (сапраўды, на невялікай пляцоўцы ў гэты дзень сабралася шмат журналістаў. — Аўт.). — На жаль, я спазнілася на пачатак, і самыя цікавыя здымкі ўжо разабралі. А так я бачу, што прафесіянальных фота мала, і не вельмі справядліва, што многія забіраюць здымкі, а сваіх не пакідаюць. Я вельмі люблю падарожнічаць. Сёння павесіла фота з Рыгі, Вільнюса, Рыма, Сіцыліі. Разглядаю прышчэпленыя фотаздымкі — і думаю пра будучы адпачынак. Хутчэй за ўсё, гэта зноў будзе Італія.

Людзей сабралася сапраўды шмат. Усе толькі і паспявалі нагінацца, каб прайсці пад вяроўкай і ўбачыць новыя здымкі.

Летнія канікулы скончыліся, аднак ніхто не забараняе пачынаць марыць пра далейшыя прыгоды. А фотаздымкі з розных куткоў, няхай і не ўласныя, толькі натхняюць.

Вераніка ЦВІРКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».