Вы тут

Сваё — значыць лепшае?


Некаторыя яшчэ ўчора экзатычныя для Беларусі сельгаскультуры становяцца даволі папулярнымі як у адпаведных прадпрыемстваў, так і ў фермераў, не кажучы пра прысядзібныя ўчасткі. Тыповы прыклад: добра знаёмы і многімі любімы з-за сваіх смакавых і асабліва лекавых якасцяў кавун набывае сталую прапіску на нашых палях. Пакуль што мы яго спажываем свежым, а ёсць жа і сок кавуновы, і кавун сушаны, і кавун салёны, і мочаны... Старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі аграхіміі і харчавання раслін Інстытута агародніцтва кандыдат сельскагаспадарчых навук Андрэй Бадзько лічыць кавун для нашай краіны стратэгічнай культурай.

Кавун — трэці хлеб?

— Гэта не перабольшванне, бо кавун, у адрозненне ад большасці культур, не патрабуе ўрадлівых глебаў. А ў нас, асабліва на поўдні і паўднёвым захадзе краіны, у Гомельскай і Брэсцкай абласцях, такіх пясчаных і лёгкіх земляў хапае. На іх складана атрымліваць добрыя ўраджаі іншых культур, ды і кліматычныя ўмовы там для вырошчвання кавуноў у адкрытым грунце даволі спрыяльныя. Першымі такую магчымасць заўважылі фермеры і гаспадары прысядзібных участкаў, якія пачалі разводзіць кавуны на невялікіх плошчах. 3 2007 года гэтую тэматыку пачаў весці наш інстытут, і да 2011 года была ўжо распрацавана тэхналогія вырошчвання.

1378768174328_10-30

Селекцыйнай работай па такіх культурах беларускія агароднікі звычайна не займаліся, бо яшчэ з часоў СССР нашы намаганні былі скіраваны на работу з холадаўстойлівымі раслінамі. Таму распрацоўку тэхналогіі вырошчвання кавуноў у рамках праграм імпартазамяшчэння мы праводзілі на 50 ранняспелых гатунках з Галандыі, Украіны і ЗША, з якіх былі выбраны і рэкамендаваны нашым вытворцам 4 гібрыдныя гатункі, што маюць сапраўдны кавуновы смак і, асабліва падкрэслю, могуць захоўвацца да 30 дзён, а важыць кожны кавун ад 7 да 15 і больш кілаграмаў. Паводле доследаў, цяпер мы дакладна ведаем, якія гатункі найлепшыя і як іх разводзіць. Ніякай спецыяльнай тэхнікі для гэтага не патрабуецца, тэхналогія нескладаная. Яшчэ чатыры гады таму кавуны займалі 5 гектараў, сёння — больш за 100, прычым плошчы пашыраюцца як на прыватных і фермерскіх падворках, так і ў сельгаспрадпрыемствах. Вось таму стратэгічнасць гэтай культуры якраз і палягае на тым, што ў гаспадарцы не «гуляе» нават няўдобіца, а пакупнік мае наш, беларускі прадукт... Зразумела, вырошчваць цыбулю ці часнок выгадней, але там, дзе паспяхова расце кавун, не расце больш амаль нічога...

— Але пакуль што спажывецкі попыт задавальняецца гэтым прадуктам з поўдня Расіі ды азіяцкіх краін...

— Упэўнены, што гэта толькі справа часу, і часу недалёкага. Тыя, хто вырошчваюць кавуны, рэалізуюць іх пакуль што паблізу ад сябе, пакупнікам мала вядомыя кавуны беларускія, але ахвотныя могуць атрымаць у нашым інстытуце ўсе неабходныя парады. Усё складваецца добра, але не вырашана пакуль як след пытанне забеспячэння фермераў і сельгаспрадпрыемстваў насеннем, бо яго пастаўшчыкі прапануюць вялікія партыі, а кожны гаспадар хоча пачынаць справу доследным шляхам, з невялікіх плошчаў. Але гэта справа вырашаецца.

— Чым яшчэ ўзбагацяць стол беларускія агароднікі?

— Навукоўцы вядуць цяпер паспяховую адаптацыю да нашых умоў некалькі гатункаў дыні, аднак яе высокая цеплалюбівасць пакуль дае нам шанс паспрабаваць толькі цяплічныя варыянты. Акрамя таго, вырошчванне дыні вымагае і выкарыстання пестыцыдаў, але культура гэтая перспектыўная, хай сабе і для прыватных альбо невялікіх фермерскіх гаспадарак. Гатовы мы прапанаваць таксама цыбулю-парэй, многія гатункі капусты брокалі, кальрабі, пекінскай, савойскай, духмяныя травы і прыправы. Нават вырашчаныя на невялікіх плошчах, яны ў стане прынесці добры прыбытак гаспадарам і замяніць замежныя аналагі. Мне здаецца, што найбольш перспектыўнае развядзенне гэтай «экзотыкі» для невялікіх гаспадарак і фабрык, для падсобных гаспадарак, кансервавых заводаў і мясакамбінатаў.

Уласная «сярдзітасць»

Меркаванне вучонага падтрымліваюць і ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Паводле слоў Таццяны Карбановіч, начальніка аддзела па вытворчасці і гандлі плодаагароднай прадукцыяй, экзатычныя, альбо малараспаўсюджаныя культуры, робяцца штогод на нашых нівах усё больш сваімі. Напрыклад, гаспадар Уладзімір Крапіўка са Смалявіцкага раёна вырошчвае лекавыя і духмяныя травы, цыбулю, баклажаны, часнок — да 40 розных відаў пладоў і агародніны, мае ўласную фасовачную вытворчасць і выдатна гандлюе, падаючы іншым прыклад.

Як і ў гэтым выпадку, вялікае заўсёды пачынаецца з малога. Таццяна Карбановіч упэўнена, што яшчэ ўчора мала распаўсюджаныя ў нас культуры сёння робяцца ўсё больш папулярнымі. А пад канец года падлічым ураджай! Безумоўна, фірму па вырошчванні хрэну альбо ароніі спецыяльна ствараць, магчыма, і не трэба, але што людзі пачалі вырошчваць яе — здабытак!

Зусім нядаўна ў нашых крамах мы маглі набываць хрэн толькі польскай вытворчасці. Прадукт быў добры, але палякі яго рабілі надта лагодным, часам — занадта разведзеным і ненасычаным. Справа, натуральна, не ў смаку і вастрыні, а ў прынцыпе — таму і ўзнікла пытанне, а чаму не маем на паліцах нашага хрэну? Расце ж ён на кожным агародзе. Мінула колькі гадоў — і маем уласны, рознай «сярдзітасці» прадукт. Актыўна ім заняліся на Гродзеншчыне, на Палессі — і пытанне вырашылася. Тое самае адбылося з журавінамі — сімвалам краіны, з ароніяй (чарнаплоднай рабінай), цукровай кукурузай. Праз год-два, лічаць спецыялісты, будзем спажываць уласнай вытворчасці замарожаныя сумесі агародніны. Кошты іх у нашых крамах, мякка кажучы, пакуль што выклікаюць здзіўленне: перац, капуста, шампіньёны, бульба, замарожаныя паасобку, каштуюць небагата, але сумесі іх ад замежных вытворцаў куды даражэй. Пакуль што фермерам нашым гэта, магчыма, не пад сілу, але дзяржпрадпрыемствы павінны падтрымаць сваіх вытворцаў.

Пятро РАМАНЧУК.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.