Вы тут

Дзейнічаць згодна з адзіным планам


Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 9 верасня сустрэўся з генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Мікалаем Бардзюжам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі да маючай адбыцца 23 верасня ў Сочы сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, а таксама беларуска-расійскага сумеснага стратэгічнага вучэння «Захад-2013».

«Я хацеў бы з вамі абмеркаваць шэраг пытанняў, якія, упэўнены, вас цікавяць. Гэта сустрэча кіраўнікоў дзяржаў АДКБ, якая адбудзецца ў апошняй дэкадзе верасня. І практычна ў гэты ж перыяд пройдзе вучэнне «Захад-2013», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хацеў бы пачуць меркаванне Мікалая Бардзюжы, а таксама кіраўнікоў дзяржаў, з якімі той сустракаўся, іх рэакцыю на ўсе актуальныя праблемы.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Апошнім часам у нас вельмі шмат інфармацыйных і іншых пытанняў у беларуска-расійскіх адносінах. Я гатовы абмеркаваць з вамі пытанні, якія могуць узнікаць у сувязі з гэтым, таму што апошні месяц выйшаў ужо занадта бурны ў нашых адносінах, маса непаразуменняў у гэтым плане, і я хацеў бы вас праінфармаваць і пачуць вашы ацэнкі».

Мікалай Бардзюжа дэталёва праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб падрыхтоўцы да саміту АДКБ у Сочы. Паводле яго слоў, у цэлым парадак дня падрыхтаваны ўжо. У прыватнасці, на разгляд прэзідэнтаў плануецца вынесці некалькі вельмі важных пытанняў, якія датычацца развіцця сілавога складальніка з улікам сітуацыі ў свеце.

Прадугледжваецца, што прэзідэнты краін — членаў Арганізацыі разгледзяць пакет дакументаў па развіцці ваеннага складніка — гэта рашэнні і адносна стварэння авіяцыйных сіл АДКБ, і па арганізацыі кіравання калектыўнымі сіламі АДКБ.

Акрамя таго, плануецца, што кіраўнікам дзяржаў даложаць аб сітуацыі на таджыкска-афганскай граніцы і ўнясуць прапановы па павышэнні эфектыўнасці аховы граніц Таджыкістана і Афганістана. Група экспертаў з усіх дзяржаў АДКБ, у тым ліку Беларусі, азнаёмілася з аховай дзяржаўнай граніцы з Афганістанам, сістэмай і ўзроўнем аснашчанасці пагранічных войскаў Таджыкістана.

«Мы дэталёва разгледзелі сітуацыю, якая складваецца на граніцы, у цэлым на афганскім прыграніччы, тэндэнцыі развіцця абстаноўкі даволі негатыўныя. Па выніках зроблены вывад — неабходна аказаць дапамогу пагранічнікам Таджыкістана ў аснашчэнні, павышэнні эфектыўнасці аховы граніцы», — праінфармаваў Прэзідэнта Беларусі генеральны сакратар АДКБ.

Ён таксама адзначыў, што напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Сочы адбудзецца сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ. Ужо ўхваленыя імі дакументы будуць прадстаўлены ўвазе прэзідэнтаў.

Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Бардзюжа таксама прадметна абмеркавалі тэму падрыхтоўкі да беларуска-расійскага вучэння «Захад-2013», якое пройдзе ў канцы верасня. У вучэнні будуць задзейнічаны беларуска-расійская групоўка, а таксама некаторыя фарміраванні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ. Прыбудзе кантынгент не толькі расійскіх Узброеных Сіл, але і ўзброеных сіл іншых краін — членаў АДКБ — Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана, Арменіі. Усе яны будуць дзейнічаць згодна з адзіным планам.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.