Вы тут

Працуюць людзі, якія ведаюць высокую цану прыгожаму


Журналісты «Звязды» гутараць з дырэктарам прадпрыемства «Мінскрэклама» Міхаілам Сяргеевічам Ціцянковым

Усё пазнаецца ў параўнанні

— У вашага калектыву даволі далікатная сфера дзейнасці — афармленне «твару» амаль двухмільённага Мінска, а таксама рэклама на вуліцах мегаполіса. Вы бываеце ў замежных краінах і маеце магчымасць параўноўваць...

— За ўвесь час сваёй працоўнай дзейнасці я сапраўды бываў у некаторых краінах свету. І лічу, што мы займаемся афармленнем свайго горада больш сістэмна. Адзінае месца, дзе я ўбачыў прадуманую сістэму, — гэта Сеул. А ў астатніх выпадках пераважае дзелавая рэклама, якая даўно і паўсюдна стала элементам афармлення, але там яна прыгнечвае сваёй колькасцю і агрэсіўнай інтанацыяй.
1378843612623_1

Прыгожая рэклама, нічога не скажаш, але — нібыта без душы. Прывычныя нашаму воку банеры, яркія сцягі, пілоны, расцяжкі, каля якіх можна спыніцца, спакойна пачытаць і нешта вартае ўсвядоміць — яны таксама ёсць, але яны губляюцца. З тэхнічным прагрэсам спрачацца не будзеш, толькі адчуванне такое, што страчана пачуццё меры і даходлівай прастаты.

Скажу таксама пра тое, што ў нас ёсць, а ў іх няма. Нідзе я не бачыў такога велізарнага і прыгожага пано, якое па самых значных святах упрыгожвае будынак педуніверсітэта — па ўсёй яго вышыні. Гэта, думаю, адзінае ў свеце такое пано, зробленае з 7 тысяч маленькіх сцяжкоў. І такі своеасаблівы гіганцкі габелен — ручной, штучнай работы.

Безумоўна, у сталіцы ёсць над чым працаваць — і ў яе афармленні, і ў рэкламе. Скажам, нас не задавальняе чыста тэхнічны стан рэкламнай прадукцыі. У горадзе больш за 20 тысяч рэкламных палёў, і часам можна ўбачыць перакошаныя альбо іржавыя стэнды. На гэтых палях працуем не адны мы: у Мінску больш за 40 толькі асноўных арганізацый-аператараў (рэкламшчыкаў). А ў ідэале мы павінны ўсё бачыць і аператыўна ўплываць на працэс прывядзення тэхнічнага стану рэкламаносьбітаў да патрабаванняў сталічнага горада.

Што датычыць нашага прадпрыемства, то адных рэкламных канструкцый у нас 240 з лішкам, і ў нейкіх рэчах мы манапалісты — напрыклад, у расцяжках. Па горадзе сёння іх каля 50. Запатрабаванасць — велізарная. У нашым выкананні яны — кантралюемыя, вытрыманыя, правільныя з усіх пунктаў погляду: юрыдычнага, фактычнага, маральнага, нават палітычнага.

Склалася так, што ў цэнтры Мінска ў нас не вельмі шмат шчытавых канструкцый. Па-першае, гэта цэнтр, і не варта яго перагружаць. І такія месцы выдзяляюцца праз таргі.
Нам даручана траса № 2 — аўтастрада да Нацыянальнага аэрапорта. Асваенне яе пачыналася дастаткова складана, потым справа пайшла, і сёння там рэкламныя месцы распісаны на год наперад.

Людзі ўважліва чытаюць усё, што мы ці нехта іншы вывешваем дзеля іх увагі. Дастаткова было памыліцца з датай (аднойчы такое здарылася), як «раскаліліся» тэлефоны. Не паспела ад'ехаць з месца вышка, на якой манціравалі расцяжку, як апошнюю давялося здымаць і карэктаваць. Аказваецца, нас чытаюць, і мы — пад пільным кантролем грамадскасці.

Прадпрыемству — 25 гадоў, і за гэты час, выконваючы свае функцыі, мы, па вялікім рахунку, не «праваліліся» нідзе. Але чыста эканамічны шлях быў розным. Сёння ў прадпрыемства стабільная эканоміка, мы маем прыбытак, укладваем сродкі ў сацыяльны пакет і ва ўласнае развіццё. Калі памятаеце, раней у нашым будынку размяшчалася «Белгандальрэклама», і яго стан быў далёка не лепшым. З дапамогай гарвыканкама мы ўклалі сродкі ў рамонт, перш за ўсё ў стварэнне ўмоў для працы людзей. І зараз яны гэтымі ўмовамі задаволены.

Калектыў невялікі, 210 чалавек. Людзі самыя розныя: ад тэхнічных работнікаў да высакакласных мастакоў-дызайнераў. Але пра ўсіх можна сказаць, што працуюць з задавальненнем, нават з асалодай. І не грэх ствараць для іх сапраўды належныя ўмовы для творчай работы. У нас ёсць не толькі раздзявалкі, душавыя, пакоі для прыёму ежы, невялікая кавярня, дзе аматары кавы могуць выпіць кубачак гэтага духмянага напітку за кошт прадпрыемства. Тыя, хто сочыць за сваім здароўем, ходзяць на заняткі да знакамітай Наталлі Наважылавай, якія яна праводзіць на другім паверсе ў трэнажорнай зале, альбо каб тут жа «пакачацца» на трэнажорах. На агульным сходзе прынялі новы калектыўны дагавор, у якім прадугледжаны меры па сацыяльнай абароне працаўнікоў, і зараз маем у цэлым нядрэнны сацыяльны пакет.

Адказныя за святы

Сёлета горад выдзеліў пэўныя сродкі на афармленне найбольш прэстыжных мерапрыемстваў, астатнюю частку неабходных сродкаў мы зарабляем праз камерцыйныя праекты. Задача — і надалей актыўна працаваць з кліентурай, прыцягваць заказчыка. Ён ідзе да нас таму, што падабаецца наш дэвіз: «Здаваць работу «пад ключ». Праз «адно акно» падаецца заява на выкананне работ, і далей працуем мы.

Ёсць святы, за якія ў горадзе адказвае толькі наша прадпрыемства. Святы гэтыя самыя дарагія для мінчан — Дзень Незалежнасці, які краіна штогод адзначае 3 ліпеня, а таксама 9 Мая, Новы год і Дзень горада, у іх афармленне мы ўкладваем душу. Не паверыце, але сёння нашы дызайнеры ўжо працуюць над ідэяй афармлення святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі, што будзе адзначацца ў наступным годзе. Зусім справядліва яны лічаць: калі зараз не пачнём гэтую тэму раскручваць, усебакова абмяркоўваць, рабіць эскізы, то спознімся. А горад патрэбна будзе «апрануць» надзвычай па-святочнаму.

1378843614204_2

— Але як вы выбіраеце месцы для рэкламы?

— Канкрэтныя месцы, дзе можна размясціць тую ці іншую рэкламную канструкцыю, вызначае камітэт па архітэктуры. Затым яны выстаўляюцца на аўкцыён. Робіцца архітэктурная прывязка — гэта таксама праца камітэта. Сваю дакументацыю рыхтуе праектны інстытут. Проста так нічога не размесціш, бо можна незнарок патрапіць на сеткі камунікацыі альбо нашкодзіць гораду нейкім іншым чынам.

Скажам, нядаўна пасля ўсіх узгадненняў ставілі дзясятак арыгінальных іміджавых канструкцый на адным з участкаў ад Уручча да праспекта Пераможцаў — «Белшыны», матацыклетнай кампаніі «Мінск-Мота», «Камунаркі», веласіпеднай кампаніі «Аіст», «Модума». Да канца года ўстановім яшчэ 18 на вуліцы Мінская кальцавая аўтамабільная дарога.

— Дарэчы, як складваюцца адносіны з гарвыканкамам? Вы некалькі разоў закраналі гэтую тэму.

— Мы прадпрыемства, якое рэалізуе задачы, што ставіць гарвыканкам. І адносіны складваюцца нармальныя, дзелавыя. Я вельмі ўдзячны гарвыканкаму за падтрымку, якую мы атрымліваем. У першую чаргу за тое, што яны пастаянна дапамагаюць са стварэннем належных умоў для працы людзей. Дзякуючы выдзеленым пазыкам мы змаглі не толькі прывесці ў парадак свой будынак, але і перааснасцілі тэхнічны парк, закупілі высокапрадукцыйны прынтар, які працуе на ўсіх магчымых матэрыялах — на паперы, тканіне, вініле і г.д.

— Спачатку вы займаліся толькі афармленнем горада, потым дабавілася рэклама. Ці можна сказаць, што і ў нас рэклама становіцца паўнапраўным элементам афармлення?

— Па-мастацку выкананая рэкламная кампазіцыя, якая грунтуецца на цікавай ідэі, — гэта паўнавартасны элемент афармлення любога горада. Я не хачу паўтараць тыя прыклады, калі ў многіх замежных гарадах ад рэкламы на вуліцах не прадыхнуць, бо там яна дамініруе. У нас гэтага няма і, будзем спадзявацца, не будзе, бо вытрымліваецца нейкая разумная мера. У Мінску створана сістэма кіравання гэтымі працэсамі. Мы стараемся, каб рэклама мінчан не раздражняла.

Крыху пра грошы

Раней прадпрыемства жыло за кошт бюджэту. Сёння ў нашых фінансавых паступленнях доля бюджэту складае 40 працэнтаў. Астатняе зарабляем самі, у тым ліку за кошт рэкламнай дзейнасці. Але калі раней рэклама ў нас не была прыбытковай (бо толькі пачыналі), то мінулы год завершылі з неблагім паказчыкам па рэнтабельнасці. На гэты год паставілі перад сабой задачу, каб бюджэт атрымаў ад наружнай рэкламы сур'ёзныя сродкі.

Тым больш што мы не насычаны рэкламай так, як любы іншы буйны еўрапейскі горад.

Нядаўна на праспекце Дзяржынскага паставілі шчытавыя канструкцыі памерам 3 метры на 12. Гэта той тып канструкцый, які зацверджаны, ён будзе развівацца далей і пераважаць. Як і канструкцыі памерам 4 на 8. Хаця і «мініяцюрныя» формы выкарыстоўваем даволі шырока.

Калі гаварыць пра тэндэнцыі апошняга часу, то ўсё часцей устанаўліваем акуратныя агароджы. Скажам, каб змікшыраваць домікі прыватнага сектара, якія падпадаюць пад знос і гаспадары якіх апошнім часам не вельмі клапоцяцца пра іх знешні выгляд. Так атрымалася на адным з участкаў МКАДа, праспекце Дзяржынскага. Такія агароджы бываюць даўжынёй да 200 метраў.

— Ісці па шляху нарошчвання колькасці рэкламных носьбітаў — справа рызыкоўная?

— Рабіць гэта патрэбна вельмі ўзважана і прадумана. Нам ёсць куды рухацца. Інтарэс да прадпрыемства расце. Па нашых падліках, у бліжэйшы час паступленні ў бюджэт ад рэкламы падвояцца.

Пілоны на дырыжаблі

— Ці з'явіліся апошнім часам нейкія нетрадыцыйныя віды рэкламы, Міхаіл Сяргеевіч?

— У праекце афармлення чэмпіянату свету па хакеі прадугледжана выкарыстанне вялікіх рознакаляровых паветраных шароў у рэкламных мэтах. Калі падлічылі — аказалася, што вельмі дорага. Але, у прынцыпе, мы гатовы ў недалёкай перспектыве «абкатаць» і гэтую экзотыку.

Зараз паўнапраўным элементам як рэкламы, так і афармлення становіцца святло, мы ўсё смялей выкарыстоўваем святлотэхніку. Ужо працуюць сучасныя рэкламныя канструкцыі са святлодыёднай падсветкай на пуцеправодах на вуліцы Арлоўскай, на Лагойскім тракце, у Ждановічах. Па вечарах яны ўключаюцца — вельмі прыгожа. Да Дня горада іх будзе чатыры — чацвёртую ўстановім на ўездзе ў Мінск на брэсцкім накірунку, а ў далейшым яшчэ больш.

— Што рабіць, калі ў заказчыка не хапае сродкаў на прыгожую рэкламу, а зробленай на «сярэднім» узроўні яму не хочацца?

— Мы заўсёды разам з заказчыкам шукаем рашэнне і знаходзім нейкую «залатую сярэдзіну». Наша задача — каб заказчык быў задаволены і ў будучыні прыйшоў да нас зноў. Калі прыйшоў — значыць, мы з задачай справіліся. Заказчыкам падабаецца, што ў горадзе мы адзіныя, хто выконвае ўсё «пад ключ».

Каб канкурыраваць, патрэбна... узброіцца

— Вы расказалі, што прыходзяць новыя тэхналогіі...

— Вось усяго адзін-два прыклады. Раней мы друкавалі толькі на вініле. Зараз устанавілі буйны прынтар — сапраўдную друкарскую машыну, што друкуе фарбамі на воднай аснове, а гэта экалагічна бездакорная тэхналогія. Працуе машына па камп'ютарных праграмах, у яе электронны пульт кіравання, чалавечы фактар амаль выключаны. І дасягаецца надзвычай высокая якасць.

Яшчэ адна друкарская машына працуе на аснове алейнага чарніла, якое ўмомант высыхае, таму вельмі зручнае ў рабоце. Змешваннем асноўных колераў і падборам адценняў займаецца сама машына. Шырыня магчымага друкавання — 178 сантыметраў, а даўжыня рулона — 90 метраў. Дарэчы, зусім нядаўна на ёй друкаваліся пілоны да 1025-годдзя Хрышчэння Русі. З такой тэхнікай рэальна магчыма канкурыраваць.

Тэхнічна мы сёння забяспечаны нядрэнна. Гэты год, лічу, будзе ў нас прарыўным з пункту гледжання тэхнічнай аснашчанасці, менавіта дзякуючы гарвыканкаму. У нас дабротны план мадэрнізацыі прадпрыемства на самую блізкую перспектыву, будзем закупляць і ставіць станочнае абсталяванне. Што такое сёння новае станочнае абсталяванне? Гэта новыя тэхналогіі, што вельмі важна, бо нам даводзіцца вельмі часта працаваць не проста аператыўна, а па прынцыпе «сёння — на ўчора». І перш за ўсё ў афармленні горада. Раніцай паступіў заказ, а да вечара яго патрэбна выканаць.

І новыя тэхналогіі — гэта заўсёды плюс высокая якасць работ. Так што новае абсталяванне стараемся браць самае сучаснае.

Сёння задача — Дзень горада

— З таго, што ў апошні час зроблена ў афармленні, чым можна ганарыцца?

— Перш за ўсё тым убраннем, у якім беларуская сталіца сустрэла сёлета Дзень Незалежнасці. Аб гэтым нам гаварылі і прадаўжаюць гаварыць. Сапраўды, многае было зроблена ці забяспечана стараннямі нашага калектыву. Можна ганарыцца афармленнем нядаўняга чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні. Рыхтуючыся да яго, мы са старшынёй федэрацыі Мікалаем Ананьевым доўга шукалі ключ да афармлення, сваю «фішку». У выніку афармленне Мінска было адзначана спецыялістамі як адно з лепшых за ўвесь час правядзення гэтых мерапрыемстваў.

На мой погляд, у нас удала афармляюцца і навагоднія святы. Наогул, я ні разу (а тут я працую трэці год) не чуў дрэнных слоў у наш адрас па афармленні горада. А гэта працэс не просты. Творчы, вельмі творчы.

Галоўнае наша свята — Дзень Незалежнасці — адгрымела 3 ліпеня. Але мы пастараемся, каб мінчане заўважылі і свята свайго роднага горада, якое яны адзначаць 14 верасня. Калі ў Мінгарвыканкаме канцэптуальна абмяркоўвалі, якім быць Мінску на Дзень горада, то вырашылі, што мастацкія акцэнты ўпершыню будуць зроблены не ў цэнтры сталіцы, а ў жылых раёнах, дзе пройдуць раённыя мерапрыемствы.

— У вас і вашых калег «прыгожая» работа, можна і ў двукоссе не браць. Ці часта адчуваеце ад яе задаволенасць?

— Пачуццё задаволенасці прыходзіць пасля завяршэння любога свята і жыве ў табе да моманту, калі час прыступаць да дэмантажу. І зрабіць гэта трэба вельмі аператыўна— за 2-3 дні. Нават чыста фізічна не проста прыбраць 25-30 тон металу, 15 кіламетраў матэрыялаў, якія мы вывезлі на вуліцы.

Справа прывычная для нашых людзей: і подыум сабраць-разабраць, і ўнікальны сцэнічны комплекс. Ён мае дадатковыя дэталі, таму можна збіраць у розных варыянтах. Гэты комплекс запатрабаваны. На яго перавозцы задзейнічаны вялікі цягач.

Не вельмі даўно ў сваёй даволі прасторнай актавай зале мы адкрылі нешта накшталт выставы ўласных дызайнерскіх праектаў. Прадстаўлены ўвасобленыя ў жыццё распрацоўкі нашых дызайнераў за 2012 год.Гэта толькі працэнтаў 40 з таго, што было зроблена. Тут і распрацоўкі па афармленні дзіцячых кніг, буклетаў, каталогаў, брашур. І афармленне рэквізітаў нацыянальнай тэатральнай прэміі, расцяжкі да міжнароднага фестывалю Співакова. Афармленне новай калекцыі італьянскага серабра ювелірнай кампаніі «Жэнев», мінеральнай вады «Баравая», прадукцыі аб'яднання «Лакафарба» з Ліды — і ўсё яркае, прыгожае, зазыўнае.

Заказаў вельмі многа: за год іх збіраецца недзе каля 6 тысяч. А значыць, многа работы. І ўсю яе стараемся выконваць так, каб потым можна было ганарыцца.

«У наяўнасці ўсе прыкметы таленавітага калектыву»

— Вы ўвесь час вельмі паважліва гаворыце пра свой калектыў. Раскажыце, калі ласка, пра людзей.

— Сёння, як мне здаецца, прадпрыемства свае задачы вырашае. Дзякуючы таму, што калектыў высокапрафесійны, а людзі нашы — творчыя, ініцыятыўныя, жывуць інтарэсамі сваёй вялікай сям'і.

У нас некалькі працоўных дынастый, якія сапраўды цэментуюць калектыў. У мяне заўсёды ўздымаецца настрой, калі я раніцой сустракаю на рабоце друкара Івана Іванавіча Вайцекяна і яго жонку Марыю Альфонсаўну. Яна ў нас па гаспадарчай частцы. А таксама іх дачку Надзею, якая працуе ў кадрах, і зяця Паўла Вежнаўца, майстра ўчастка па мантажу рэкламы. Вельмі інтэлігентная сям'я, я нават сказаў бы — прыгожыя людзі, якія жывуць і працуюць прыгожа. Я ганаруся гэтай сям'ёй.

Нядаўна стварылася новая сямейная пара — Чмакаў, маладыя майстар і супрацоўніца. Глядзіш на іх, і душа радуецца — іх радасці, шчасцю.

У «Мінскрэкламы» ёсць усе прыкметы калектыву таленавітага. У тым ліку такая: яршыстасць, незгаворлівасць. Пры атрыманні чарговага задання, асабліва па афармленні горада, той ці іншы спецыяліст задае табе, кіраўніку, сто пытанняў (і ў асноўным па сутнасці), аспрэчвае падыходы, выказвае ўласныя меркаванні. Мы заахвочваем такую дасціпнасць, такі жывы інтарэс, неабыякавасць, бо гэта яўна на карысць справе. Чалавеку важна ў жывой размове, у сутыкненні думак знайсці адказы на пытанні, якія яго хвалююць, знайсці тое «залатое зярнятка», вакол якога потым будуецца работа.

Асабліва заўзятымі спрачальнікамі лічацца галоўны дызайнер Сяргей Глухаў, начальнік участка Васіль Кузняцоў, ды і іншыя кіраўнікі службаў. Затое калі табе, дырэктару, патрэбна вырашыць правальную задачу, ты клічаш таго ж Кузняцова і кажаш яму: «Васіль Сяргеевіч, я цябе прашу!» Хвілін пяць будзеш выслухоўваць, што ён думае наконт «гарачых» заданняў, і што ў яго — не атрымаецца, бо вышка — старая, але па асобных удакладняльных пытаннях ты разумееш: ён ужо абдумвае падыходы. Потым задае сакраментальнае: «Магу прыступаць?».

Яго работу можна не пераправяраць, бо яна заўсёды выконваецца са знакам якасці. Хоць і начальнік участка, ён заўсёды сам сядзіць на вышцы, сам працуе, і са сваёй старэнькай вышкай нейкім цудам трапляе туды, куды іншых не прапусцяць. «Васіль Сяргеевіч, калі ты паспеў?» А ён толькі ўсміхаецца.

(У дужках скажу — вы б чулі, як спяваюць Васіль Сяргеевіч і яго дачка! Зусім не выпадкова, бо маці Васіля Кузняцова была опернай спявачкай, у свой час скончыла знакамітую Гнесінку.)

...І такія ж зацятыя спрачальнікі ўсе тыя некалькі дзясяткаў маладых спецыялістаў, якія за два-тры апошнія гады прыйшлі да нас на працу. І стаіць за гэтай незгаворлівасцю толькі адно: жаданне зрабіць як мага лепш, з уласным творчым почыркам.
Моладзь прыйшла проста цудоўная, а гэта — чвэрць калектыву. Яна прыўнесла жывы струмень творчасці, што нас, кіраўнікоў, толькі радуе.

Экспрэс-інтэрв'ю

Час для навінак

Галоўны дызайнер Сяргей ГЛУХАЎ:

— Тэхнічны прагрэс дыктуе новы прафесійны інструментарый.

Я хацеў бы, каб у Мінску хутчэй з'явіліся такія навінкі, як, скажам, апрацоўка паверхні будынкаў чыстай вадой, калі на фасад струменем вады наносіцца тая ці іншая выява; рэклама пескаструямі; прамысловыя графіці, дзе пры дапамозе аэразольных балончыкаў ствараюцца трохмерныя рознакаляровыя карціны, і гэта ўжо на грані высокага мастацтва.

Напрыклад, у ЗША ёсць горад Эўрыка, які напалову запоўнены такім смачным графіці.

Альбо выкарыстанне аб'ёмных пнеўмаканструкцый, розных надзіманых абалонак.

У свеце гэты новы від мастацкага афармлення свят і рэкламы шырока развіты, чарга за намі.

Засталося знайсці крыніцы фінансавання.

Экспрэс-інтэрв'ю

Прыгажосць «пад ключ»

Удакладняем у намесніка дырэктара Таццяны КАЛІЦІНАЙ:

— Што значыць прынцып «пад ключ», Таццяна Леанідаўна?

— Гэта азначае комплекснасць нашай работы.

Мы не проста прымаем заказ, афармляем дагавор і іншыя неабходныя дакументы, але і дапамагаем кліенту вызначыцца, якая гэта будзе рэклама — шчыт, шыльда, расцяжка ці нешта іншае.

Якіх памераў будзе носьбіт рэкламы і што на ім варта канкрэтна сказаць. Узгадняем сюжэт (змест) і гэтак далей. Ад праектавання з прывязкай да мясцовасці (а там — усе неабходныя ўзгадненні са службамі горада) да мантажу канструкцыі і выдачы пашпарта на яе. Усё выконваем самі, і выконваем грунтоўна.

Вось матывіроўка, якую часта прыводзяць нашы пастаянныя кліенты: «З вамі надзейна, бо вы — дзяржаўнае прадпрыемства».

Гэта іх пазіцыя, і яна цалкам апраўданая.

— Вы ўпаміналі пра пашпартызацыю сваёй прадукцыі. Што гэта?

— Сапраўды, займаемся і афармленнем пашпартоў рэкламы. Бо на кожны рэкламны сродак павінен быць аформлены пашпарт.

Ёсць адпаведнае рашэнне ўрада, распрацавана спецыяльнае палажэнне. Афармленнем такіх пашпартоў займаемся ў Мінску толькі мы.

У мінулым годзе выдалі іх больш за 7 тысяч.

Пашпарт узгадняецца са службай галоўнага архітэктара, з упраўленнем гандлю гарвыканкама і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі.

Публікацыю падрыхтавалі Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ, Аляксандр ФУРСАЎ і Яўген ПЯСЕЦКІ (фота). УНП 100302749
***
Ад рэдакцыі. Творчая брыгада «Звязды» шчыра дзякуе намесніку дырэктара па рэкламе і ідэалагічнай рабоце Таццяне Леанідаўне КАЛІЦІНАЙ за ўсебаковую дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай публікацыі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».