Вы тут

ЦЯПЕР І Ў ЧЭРВЕНЬСКАЙ ШКОЛЕ ЁСЦЬ МУЗЕЙНЫ ПАКОЙ КАСМАНАЎТЫКІ!


Пра гэтую падзею размова ішла ўжо даўно. І вось нарэшце — адбылося! У СШ № 2 Чэрвеня адкрыўся музейны пакой касманаўтыкі!

Менавіта гэтую школу ў 1988 годзе скончыў трэці беларускі касманаўт Алег Навіцкі.

1378843635453_1

Ён знайшоў час, каб чарговы раз завітаць у родны горад, родную школу. Ды яшчэ — з такой незвычайнай нагоды.

Пачалося свята на школьным двары з гучных апладысментаў, якімі прысутныя шчыра прывіталі нашага земляка, лётчыка-касманаўта Раскосмасу Алега Навіцкага і яго маці, Валянціну Эдуардаўну. Як заўсёды, школьнікі і педагогі падрыхтавалі для гасцей адмысловы сцэнар. Словы — узнёслыя і цёплыя, урачыстыя і сардэчныя. Вершы і прозу. І вось ужо вядучыя, дзевяцікласнікі Карына Высоцкая і Дзмітрый Колтун, даюць слова Алегу Навіцкаму. Той са смехам заўважае: «А нам такога не задавалі!»

1378843637290_2

Алег відавочна хвалюецца, калі пераразае чырвоную стужку на ўваходзе. Бо ўпершыню такое дзейства — у родным горадзе, роднай школе. Ён крочыць у музейны пакой, а ўслед за ім — і прысутныя.

Цэнтральны стэнд музейнай экспазіцыі атрымаў назву «На шляху да мары»

. Так, ён — у гонар нашага земляка Алега Навіцкага і яго экіпажа. А калі глядзець на стэнды ў храналагічным парадку, дык першы з іх, натуральна, і прысвечаны першым. Першаму касманаўту Юрыю Гагарыну, першай жанчыне-касманаўту Валянціне Церашковай. А трэці стэнд — гэта беларусы ў космасе. Так, для нас гэта — асобная гісторыя. І тут наш Алег роўны з роўнымі — з Пятром Клімуком і Уладзімірам Кавалёнкам.

1378843640876_3

Літаральна напярэдадні адкрыцця музейнага пакоя касманаўтыкі Алег перадаў сюды шмат экспанатаў. Узоры касмічнага харчавання, што захапілі сваёй незвычайнасцю як дзяцей, так і дарослых. Фрагменты экіпіроўкі касманаўта, якія пабылі ў космасе. Асабістыя рэчы Алега. Цікавая дакументацыя. Два касцюмы, шлемафон з мікрафонамі, пілотка... Не скафандр, вядома. Затое палётны касцюм таксама пабываў у космасе!

Цікава, што па прапанове намесніка старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Алы Шахоцька першым экскурсаводам стаў менавіта ўладальнік рэчаў — наш касманаўт. І яго аповед-экспромт, як заўсёды, быў простым, даступным, зразумелым, і разам з тым — захапляльным.

Прызнаюся, я шмат чула ад Алега падчас нашых стасункаў пра многія рэчы. Але і для мяне прагучала гэтым разам шмат новага. Напрыклад, пра люстэрка, якое мацуецца да рукава скафандра. Аказваецца, без яго касманаўт — як без рук! Асабліва камандзір карабля, які ў палёце знаходзіцца ў крэсле ніжэй за бортінжынераў. І толькі з дапамогай люстэрка ён можа зазірнуць у ілюмінатар, праверыць стан сваіх калег, герметычнасць замкоў ды іншае.

Цікава было пачуць, што эмблему экіпажа распрацоўваў менавіта Алег — як яго камандзір. Пад прозвішчамі ўдзельнікаў размешчаны зоркі са шлейфамі, якія скіроўваюцца да МКС, і колеры тых мясцін, дзе нарадзіўся кожны член экіпажа. Сонечныя панелі МКС зроблены ў выглядзе рымскіх лічбаў, якія чытаюцца як «33». Гэта — сімвал 33-й экспедыцыі, да якой далучыўся экіпаж Алега Навіцкага. А затым яны распачалі і 34-ую.

Што ж датычыцца самага вялікага здымка (ля якога пазней прапаноўваю касманаўту сфатаграфавацца: «Чацвёртым будзеш?!»), дык зроблены ён за некалькі гадзін да вяртання экіпажа з МКС на Зямлю. Гэта, як патлумачыў Алег, клопат тых, хто застаецца на станцыі: дапамагчы апрануцца, сфатаграфаваць, правесці...

Наступны адмысловы экспанат — медыцынскі пояс, які знаходзіцца ў кожнага касманаўта пад скафандрам. Падчас актыўных дзеянняў ён рэгулярна перадае на Зямлю пэўныя паказчыкі — тэмпературу цела, пульс і г.д.

Апроч афармлення пакоя касманаўтыкі, у гаспадароў знайшлося яшчэ чым здзівіць госця. Яго ўжо сустракалі ў свой час хлебам-соллю, дарылі сувенірную прадукцыю, вырабленую рукамі школьнікаў... Улетку прысвоілі званне «Ганаровы грамадзянін Чэрвеньшчыны». А гэтым разам начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Асановіч уручыла касманаўту... адмыслова распісаны гаршчочак мёду і мёд у сотах! Чарговы сімвал: Чэрвеньшчына здаўна славілася пчалярствам.

Цудоўна памятае гэта і Алег Навіцкі: адразу прыгадаў герб горада, дзе адлюстраваны працавітыя пчолкі. І ў працяг тэмы ўручыў дырэктару СШ №2 Таццяне Аляшкевіч сцяжок з тым самым гербам. Але не просты, а той, што злятаў з ім у космас! Адзначаны пячаткамі МКС — з датай стыкоўкі і расстыкоўкі іх экспедыцыі.Сапраўдны рарытэт, які трэба беражліва захоўваць!

...Касманаўту і яго маці, гасцям арганізатары свята прапаноўваюць паўдзельнічаць у пасадцы туй, якія стануць пачаткам алеі Касманаўтаў. Мабыць, Алег адразу ж прыгадаў Байканур, дзе пасадка дрэў — адна з перадпалётных традыцый.

І тут, на тэрыторыі роднай школы, ён стаў першым у гэтай справе. Першы саджанец, што найбліжэй размешчаны да пакоя касманаўтыкі, — яго. Як і першы водгук у музейнай «Кнізе запісаў».

Удзячныя школьнікі ўручылі кветкі касманаўту і самаму галоўнаму чалавеку ў яго жыцці — маме, Валянціне Эдуардаўне, чым расчулілі яе да слёз. Зноў матуліны хваляванні, але на гэты раз — прыемныя...

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».

Грамадства

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Аляксандра Папова ў Мсціславе ведаюць усе.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.