Вы тут

Стаць выхавальнікам ці камерсантам?


Па інфармацыі Міністэрства адукацыі, сёлета на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў краіне прынята 42,5 тысячы чалавек — крыху менш, чым у папярэднім годзе.

На бюджэт прынята 25,3 тысячы чалавек, а на платную форму навучання — 17,2 тысячы. Прыём па 157 спецыяльнасцях ажыццяўлялі 216 устаноў адукацыі дзяржаўнай формы ўласнасці і 12 — прыватнай.

З агульнай колькасці тых, хто стаў навучэнцам ССНУ, 34 працэнты паступілі на аснове агульнай базавай адукацыі, 49 працэнтаў — на аснове агульнай сярэдняй адукацыі і 17 працэнтаў мелі за плячыма прафесійна-тэхнічную адукацыю. Калі параўноўваць з лічбамі мінулага года, то колькасць тых, хто паступіў у ССНУ пасля заканчэння сярэдняй школы, павялічылася на 6 працэнтаў. На павелічэнне колькасці выпускнікоў 11-х класаў, несумненна, паўплывала ўсталяванне ніжняй мяжы на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Дзённую форму навучання выбралі 33 тысячы чалавек і 9,2 тысячы — завочную. Пры гэтым у дзяржаўныя ССНУ на завочнае навучанне паступілі 2,6 тысячы чалавек. Конкурс на завочную форму навучання сёлета істотна вырас. Калі на дзённае навучанне сярэдні конкурс па краіне склаў 1,6 чалавека на месца, то на завочную — 3 чалавекі. Самымі запатрабаванымі спецыяльнасцямі на дзённай форме навучання сталі «архітэктура», «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «дызайн» і медыцынскія спецыяльнасці. Так, у Гомельскім медыцынскім каледжы конкурс на зубалячэбную справу склаў 8,7 чалавека на месца, на медыка-рэабілітацыйную справу ў Беларускім медыцынскім каледжы — больш як 5 чалавек. Шмат ахвотных было вывучаць банкаўскую справу, арганізацыю перавозак і кіраванне на чыгуначным транспарце, а таксама засвойваць «азы» аўтасэрвісу.

На завочнай форме навучання найбольш папулярнай у абітурыентаў стала спецыяльнасць выхавальніка ўстаноў дашкольнай адукацыі. Напрыклад, у гуманітарным каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта на выхавальніка дзіцячага садка конкурс дасягнуў 5,8 чалавека на месца. Па-ранейшаму карыстаюцца попытам у маладых людзей такія спецыяльнасці, як «тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў», «мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання», «камерцыйная дзейнасць». На завочную форму навучання конкурс на іх вагаўся ад 6 да 10 чалавек (!) на месца.

Прыём на юрыдычныя і эканамічныя спецыяльнасці, як найменш запатрабаваныя арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, сёлета быў скарочаны, затое была адкрыта падрыхтоўка па такіх новых спецыяльнасцях і спецыялізацыях, як «тэсціраванне праграмнага забеспячэння», «паляўнічая гаспадарка», «радыёсістэма аховы і тэленазіранняў», «абсталяванне мэблевай вытворчасці» і «мехатроніка». Усе яны з'явіліся з улікам запатрабаванняў арганізацый і прадпрыемстваў. Напрыклад, у Маладзечанскім політэхнічным каледжы будуць рыхтаваць рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй 5 разраду па спецыяльнасці «мехатроніка» для прадпрыемстваў харчовай вытворчасці.

У Міністэрстве адукацыі нагадалі, што прыём на завочную і вячэрнюю форму навучання на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю будзе весціся ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах з 1 кастрычніка па 30 лістапада.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.