Вы тут

Энергія маладосці


Конкурс на лепшую моладзевую песню абвясціў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі

Тэкст песні можа быць напісаны на рускай ці беларускай мовах. А прыняць удзел у конкурсе можа кожны ахвотны ва ўзросце ад 14 гадоў. Заяўкі будуць прымацца да 5 кастрычніка. Аўтар лепшай песні атрымае ўзнагароду ў памеры 10 мільёнаў рублёў.

— Што сёння моладзь спявае каля вогнішча? Як правіла, гэта песні эстрадных выканаўцаў. А для нас важна акцэнтаваць увагу ў тэксце песні на такіх паняццях, як патрыятызм, нейкіх высокамаральных і духоўных паняццях. На жаль, песні, якая магла б аб'яднаць усіх удзельнікаў моладзевага руху, у нас пакуль што няма, — канстатуе першы сакратар ЦК БРСМ Ігар БУЗОЎСКІ.

Таксама ў бліжэйшы час БРСМ плануе запусціць новую FM-радыёстанцыю «Душэўнае радыё». Але гэта зусім не азначае, што закрыецца іншы паспяховы праект БРСМ — радыёстанцыя «Пілот-FM».

— «Пілот-FM», якому сёлета споўнілася 10 гадоў, даўно заваяваў свайго слухача і сёння па праве займае першыя радкі ў рэйтынгах папулярнасці. Гэта вельмі паспяховы медыйны праект, які застаецца ў трэндзе. Але мы вырашылі не спыняцца на дасягнутым, тым больш што нашы слухачы раслі разам з намі, і іх музычныя прыхільнасці змяніліся, таму мы захацелі зрабіць ім падарунак — запусціць новую FM-станцыю, — супакоіў журналістаў генеральны дырэктар радыёстанцыі «Пілот-FM» Анатоль ЧЭПІКАЎ. — Як вынікае ўжо з самой назвы, музычную аснову радыёстанцыі «Душэўнае радыё» складуць сусветныя хіты, правераныя часам — песні, якія знаходзіліся на піку папулярнасці ў 80-я, 90-я гады і ў пачатку новага стагоддзя. А інфармацыйнае напаўненне — навіны палітыкі, культуры і спорту. Але ў нас ёсць адна праблема, над якой, як кажа моладзь, «мы завіслі». Пакуль што ў нас няма свайго слогана, таму мы абвяшчаем конкурс на лепшы дэвіз ці лепшы слоган «Душэўнага радыё». Пераможца атрымае эксклюзіўныя падарункі і запрашэнне ў эфір новай радыёстанцыі. На першым этапе радыёстанцыя «Душэўнае радыё» загучыць у Мінску, Гродне і Гомелі.
А 28 верасня ў сталіцы пройдзе фінал міжнароднага кіберфестывалю Tесhlаbs Сuр 2013, арганізатарам якога сумесна з «Гейм Шоу Студыя» выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Гэта найбуйнейшы і самы прэстыжны ва Усходняй Еўропе турнір па камп'ютарных відах спорту. Ён аб'ядноўвае чэмпіянат па кіберспорце, чэмпіянат па радыёкіраваных наземных і паветраных мадэлях і яркае інтэрактыўнае шоу.

— Правядзенне фіналу такога прэстыжнага міжнароднага кіберфестывалю дазволіць вывесці кіберспорт у Беларусі на новы ўзровень развіцця, — упэўнены сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый ВАРАНЮК. — Плануецца ініцыяваць стварэнне федэрацыі гэтага віду спорту ў Беларусі. Праект таксама дазволіць стварыць платформу для супрацоўніцтва беларускіх ІТ-кампаній з замежнымі вытворцамі, прыцягнуць інвестыцыі ў развіццё інфармацыйных сістэм і гульнявую індустрыю і павысіць імідж Беларусі як краіны, дзе актыўна развіваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

У фінале ў Мінску сустрэнуцца фіналісты кіберфестывалю чатырох гульнявых сезонаў, якія праходзілі ў Беларусі, Расіі, Казахстане і Украіне, а таксама да іх далучацца спартсмены з іншых краін СНД, Польшчы, Швецыі, Германіі і Эстоніі. Прымаць славутых кіберспартсменаў будзе сталічны Палац спорту. Мяркуецца, што ўдзел у мерапрыемстве возьмуць, акрамя спартсменаў, каля 30 тысяч гледачоў і больш як мільён анлайн-балельшчыкаў. Фінал будзе доўжыцца 12 гадзін. Аналагаў такога мерапрыемства ў Беларусі яшчэ не было.

Яшчэ адзін вельмі важны і эфектыўны напрамак дзейнасці БРСМ — праект «100 ідэй для Беларусі».

На адрас аргкамітэта паступіла ўжо больш як 5 700 заявак ад маладых людзей з прапановамі, ідэямі і праектамі, якія датычацца сям'і, адукацыі, эканомікі энергазберажэння, камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, спорту, турызму, экалогіі і г.д. Усяго ў праекце паўдзельнічалі ўжо больш як 7 тысяч маладых людзей, у тым ліку беларусы, якія пражываюць у Расіі, Малдове, Башкірыі, Канадзе і Аргенціне.

Сёння моладзевыя праекты знаходзяцца на розных этапах падрыхтоўкі і рэалізацыі. Большасць сацыяльных праектаў ужо рэалізавана, напрыклад, «Віртуальнае падарожжа па Беларусі», «Утульны дом», «Пошукі святыні», «SАMОЕ радыё», «Служба дапамогі падлеткам «105», «Моладзевы патрыятычны цэнтр гістарычнай рэканструкцыі ў Брэсцкай крэпасці». З навукова-практычных праектаў рэалізаваны «Беларускі спадарожнік для дыстанцыйнага зандзіравання зямной паверхні», «Разумны дом», «Фітапаталагічны цэнтр лясных відаў дрэў», «Тэхналогія вытворчасці плаўленага сыру» і іншыя.

У бягучым годзе ЦК ГА «БРСМ» падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з Беларускім інавацыйным фондам, ГА «БАВІН» і СП «БелІзаліт», паводле якога ў Беларусі будзе ўкараняцца і развівацца сістэма грантаў і фінансавання праектаў. Кіраўніцтва БРСМ упэўнена, што гэтая сістэма дазволіць актывізаваць ініцыятыву маладых людзей не толькі ў галіне генерыравання ідэй, але і паспрыяе камерцыялізацыі праектаў і пашырэнню моладзевага прадпрымальніцтва.

З апошніх праектаў і ідэй, што паступілі ў аргкамітэт, асаблівай увагі заслугоўваюць стварэнне паркава-сядзібнага комплексу для дзяцей сірот і інвалідаў «Рука дапамогі», «Вытворчасць яблычных чыпсаў у Беларусі», «Вячэрняя энергія», «Рацыянальнае выкарыстанне дажджавой вады», «Энергаэфектыўны каледж» і «Сонцамабіль».

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.