Вы тут

Прыбярэмся ўсім светам


У суботу 14 верасня адбудзецца міжнародная акцыя «Сусветная прыборка — 2013. Зробім!» — своеасаблівы суботнік, што аб'яднае мільёны людзей з розных краін свету, якія хочуць зрабіць нашу планету больш чыстай. У Беларусі яна пройдзе ўжо другі раз. Правядзенне акцыі падтрымліваецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Міжнародная акцыя «Сусветная прыборка» праводзіцца ў свеце з 2008 года. Традыцыйна ў 90 краінах валанцёры прыбіраюць ад хламу лясы, берагі рэк і вадаёмаў, зоны адпачынку.

1379021635690_13-11

Як удакладняе дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген ЛАБАНАЎ, акцыя носіць добраахвотны характар і не з'яўляецца цэнтралізаванай. Гэта значыць, што кожны можа выступіць яе арганізатарам у сваім рэгіёне — горадзе, пасёлку школе, або двары.

Летась у акцыі ўпершыню прынялі ўдзел і беларускія валанцёры. Так, напрыклад, ініцыятыўная група Мінскага веласіпеднага таварыства разам з кіраўніком фонду «Экалагічны транспарт» Джонам Росманам збіралі смецце каля ракі Нёман.

Дарэчы, калі пытаешся ў Джона, адкуль ён, хлопец толькі ўсміхаецца: «Нарадзіўся ў Нью-Ёрку, шмат гадоў пражыў у Расіі, ужо
5 гадоў жыву ў Мінску. Так што цяпер я адсюль»... Калі Джон з сябрамі едуць на роварах на прыроду, ён заўсёды бярэ з сабой пакеты для смецця, каб прыбраць у лесе. «У Мінску вельмі добра прыбіраюць вуліцы, і смецця на іх нашмат менш, чым у Нью-Ёрку», — гаворыць ён. Але сітуацыя з прыгараднымі лесапалосамі іншая.

1379021637612_13-12

Як лічаць эксперты, з'яўленне несанкцыянаваных звалак — вялікая праблема для Беларусі, і звязана яна з банальнай чалавечай лянотай, непавагай да прыроды і іншых людзей, якія, верагодна, таксама захочуць адпачыць на гэтым месцы. Калі ставіцца адзін да аднаго больш культурна і паважліва, правільна паводзіць сябе на прыродзе, праблема звалак знікне, а ў падобных акцыях не будзе патрэбы. Але пакуль такая патрэба ёсць. Таму далучайцеся да глабальнага суботніка!

Як гэта зрабіць?

1) Выбіраеце месца для прыборкі (засмечаная лесапаркавая зона, бераг вадаёма, месца адпачынку і г.д.) і прызначаеце час. Пажадана, каб дабрацца да гэтага месца было лёгка — на веласіпедзе або на грамадскім транспарце.

2) Знаходзіце аднадумцаў сярод сваіх знаёмых, аднакурснікаў, аднакласнікаў, суседзяў, сяброў. Падумайце загадзя пра тое, колькі людзей вам трэба для эфектыўнай прыборкі: важна, каб усім удзельнікам знайшлася праца.

3) Купляеце мяшкі для смецця (лепш вялікіх памераў — на 100 літраў і больш), рабочыя баваўняныя пальчаткі, пашукайце інвентар (калі трэба).

4) У названы час выходзіце на прыборку. У залежнасці ад колькасці сабранага смецця вы можаце альбо забраць яго з сабой да бліжэйшага стацыянарнага кантэйнера, альбо дамовіцца з мясцовымі камунальнымі арганізацыямі аб дапамозе ў яго вывазе. Вы можаце таксама звярнуцца ў вашу раённую (гарадскую) інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па дапамогу ў арганізацыі вывазу сабранага смецця.

Калі ёсць жаданне і магчымасць, збірайце асобна пластыкавае смецце (ПЭТ-бутэлькі) і шкло. Гэта дасць магчымасць выкарыстоўваць частку адходаў як другасную сыравіну.

5) Раскажыце пра сябе! Пасля правядзення акцыі дасылайце фотаздымкі і кароткую інфармацыю пра свой лакальны суботнік на sdеlаеm@есоіdеа.bу. А калі вы дашляце кароткае апісанне сваёй акцыі і фота ў нашу газету, мы апублікуем яго ў адным з бліжэйшых нумароў.

ДАРЭЧЫ

Цэнтр экалагічных рашэнняў у дзень акцыі арганізуе прыборку на Заслаўскім вадасховішчы пад Мінскам. Прыборка стартуе 14 верасня ў 12:00 у прыбярэжнай зоне Заслаўскага вадасховішча, недалёка ад дамбы і лодачнай станцыі (яхт-клуб).

Да 12 гадзін арганізатары будуць чакаць усіх ахвотных на станцыі, пад сцягам «Зробім!». Калі вы заблудзілі, можаце экстранна звязацца па тэлефоне +37529 1886973 з арганізатарамі.

Прыборка будзе праходзіць прыблізна да 15:00. Пасля яе будзе арганізавана сумеснае чаяванне з супрацоўнікамі і валанцёрамі Цэнтра экалагічных рашэнняў. Не прапусціце магчымасць добра правесці час і прагуляцца на Мінскае мора!

Р.S. Калі ў вас ёсць пытанні па арганізацыі прыборак, звяртайцеся ў Грамадскі інфармацыйны цэнтр па пытаннях хімічнай бяспекі і адходаў па тэлефоне +375 17237 40 70.

Святлана БУСЬКО.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».