Вы тут

Алег Сцепанюк: «А тэатр мне да гэтага часу сніцца»


Кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Вядомы вядучы тэлеканала СТБ Алег Сцепанюк — лепшае таму пацвярджэнне. Пасля дваццаці гадоў працы ў тэатры лялек і сямі — на тэлебачанні ён па-ранейшаму імкнецца да дасканаласці і гатовы да новых адкрыццяў...

1379021645273_13-1

— Алег, да прыходу на СТБ вы доўга працавалі ў тэатры лялек. Як атрымалася, што з акцёра перакваліфікаваліся ў вядучыя?

— Я чалавек творчы. У прынцыпе, на тэлебачанні працаваў даўно, але... як акцёр. Ва ўсімі любімай «Калыханцы». Так што былі нейкія знаёмствы, напрацоўкі. І калі мне раптам зусім нечакана прапанавалі работу тэлевядучага, я падумаў-падумаў, а потым сказаў сабе: чаму б і не? Прыйшоў, на мяне паглядзелі, мяне паслухалі, далі пачытаць нейкі тэкст. Але калі я праслухаў пасля тое, што начытаў, адразу зразумеў: на гэтым мая кар'ера вядучага скончылася. Уздыхнуў і пайшоў. А праз некаторы час мне патэлефанавалі і спыталі: «А чаму вы не прыходзіце? Мы вас чакаем!». І з гэтага неяк усё і пайшло. Я стаў вядучым, кардынальна памяняў сваё жыццё. Таму што мяне паставілі перад выбарам: альбо тэлебачанне, альбо тэатр. Я зрабіў выбар на карысць тэлебачання і пра гэта не шкадую. Вось ужо сем гадоў.

— Ці складана было прызвычаіцца да тэлевізійнай кухні?

— Так, зусім іншая спецыфіка. Спектакль — гэта спектакль. Ты бачыш гледача, маеш з ім зносіны са сцэны, бачыш яго вочы, рэакцыю — адчуваеш залу. А калі ты садзішся ў кадр у навінах, то там зусім па-іншаму, ты павінен уявіць сабе чалавека, свайго патэнцыйнага гледача, на якога працуеш. Я не хачу проста чытаць навіны, я хачу распавядаць пра іх. Распавядаць людзям, якія сядзяць дома ў тапках, з кубкам кавы... Мне цікава падсумоўваць тое, што было цікавага і важнага ў свеце, у краіне і расказваць пра гэта.

— А досвед працы ў тэатры неяк дапамагае ў прамым эфіры?

— Вы ведаеце, прамы эфір — гэта ўсё ж такі экстрым. Гэта — адрэналін. Ты адчуваеш, што, гэтак жа як і ў тэатры, сотні людзей глядзяць на цябе, слухаюць. Але калі ў спектаклі ты можаш заўтра нешта перайграць, то тут, як вядома, слова — не верабей. А за кожнае слова ты адказваеш. Ты не маеш права дапускаць памылак, бо ўся наша праца (відэаінжынераў, карэспандэнтаў і нават кіроўцаў) замыкаецца на табе... І калі зрабіў нешта не так, уся праца каманды аказваецца марная.

— Такі груз адказнасці не цісне?

— Прызвычаіўся ўжо. На самой справе пра гэта не думаеш, калі сядзіш у эфіры. Так, бываюць экстрэмальныя сітуацыі, калі табе ў вуха крычаць: «Алег, трымайся, сюжэт яшчэ не гатовы!». І ты павінен зарыентавацца, бо тэхніка — ёсць тэхніка. Нешта ламаецца, нешта раптам «завісае». Трэба пастаянна быць у тонусе. Гэта мабілізуе.

— Менш дасведчаным калегам таксама дапамагаеце быць у тонусе? Напэўна, яны часта па парады звяртаюцца.

— Часам звяртаюцца. Але я сам ніколі не ўмешваюся. Калі толькі бачу, што чалавеку нешта перашкаджае, то магу яму дапамагчы, параіць. А наогул хлопцы ў нас малайцы — яны маладыя, актыўныя, вельмі разумныя, сучасныя. Шчыра кажучы, я нават у іх больш вучуся, чым яны — у мяне.

— Вам па-ранейшаму ёсць чаму вучыцца?

— Вядома! Як і любому чалавеку! Нельга сказаць, што я ўжо ўсяго дасягнуў. Нельга лічыць сябе мэтрам, нельга казаць, што ты дамогся самых вышынь, таму што да столі яшчэ трэба дацягвацца, ісці і ісці. А калі ты яе ўжо дасягнуў, напэўна, пара памяняць сферу дзейнасці.

— Алег, яшчэ не думалі, чым зоймецеся, калі дасягнеце вяршыні ў галіне тэлежурналістыкі? Можа, пойдзеце ў кіно?

— Я не баюся спрабаваць нешта новае. З задавальненнем зняўся б у добрым кіно. Чаму не? Я акцёр па прафесіі, па адукацыі. І часам нешта такое прачынаецца. Асабліва калі гляджу добры спектакль, настальгія бывае. Па тэатры сумую, тэатр часам сніцца. Да гэтага часу. Усё ж 20 гадоў яму аддадзена.

— Уражвае! Няўжо ні разу не шкадавалі аб зробленым выбары, не хацелі вярнуцца на сцэну?

— Ды вы ведаеце, напэўна, — не! Я часта прыходжу ў тэатр, у мяне там знаёмыя, сябры. На іх спектаклях я дыхаю гэтай тэатральнай атмасферай, і мне пакуль гэтага хапае. Але калі я ўжо буду адчуваць, што ўжо няма сіл, то хто ведае? Я нічога не выключаю.

— Чаго больш за ўсё не хапае тут, на тэлебачанні?

— Я вельмі люблю падарожнічаць, люблю дарогу, пейзажы, якія змяняюцца за акном. У тэатры мая цяга да дарогі папаўнялася. Там былі рэгулярныя гастролі, фестывалі, выезды за мяжу. Пастаянны рух быў. І, напэўна, больш за ўсё сумую па тэатральным ладзе жыцця. Тут, на тэлебачанні, усё ж такі больш статычнае існаванне. Але калі атрымліваецца пакінуць межы горада, заўсёды выязджаю. Мы, «СТБ-шнікі» аб'ехалі ўсю Беларусь у рамках праекта «Малая радзіма». Шалёна цікава было працаваць, і да гэтага часу з вялікім задавальненнем успамінаю гэты час.

— З сям'ёй, напэўна, наталяеце прагу да падарожжаў?

— На жаль, не так часта, як хацелася б. Летась нарэшце ў Егіпет з'ездзілі. Але звычайна ў нас з жонкай водпускі не супадаюць, таму адпачываем разам толькі на выхадных.

— Жорсткі графік дыктуе свае ўмовы?

— Так. Мы з жонкай размаўляем толькі па тэлефоне на працягу рабочага тыдня. Я прыходжу з працы — яна ўжо спіць, я прачынаюся — яна ўжо на працы. Запіскамі абменьваемся і па тэлефоне гаворым. Хацелася б, вядома, больш часу праводзіць з сям'ёй. Але, што зробіш, так ужо склалася.

— А жонка ваша неяк звязана з творчай дзейнасцю — з тэатрам, скажам або з журналістыкай?

— Яна педагог па адукацыі, але цяпер працуе ў камерцыйнай сферы. Хоць пазнаёміліся мы з ёй менавіта ў тэатры. Яна была настаўніцай літаратуры, а ў тэатры ішоў спектакль паводле Булгакава «Майстар і Маргарыта». Яна, як аматар добрай літаратуры, прыйшла на гэты спектакль і ўбачыла мяне на сцэне, я быў заняты ў гэтым спектаклі. Так з ёй і пазнаёміліся. Потым пажаніліся, і ў нас нарадзілася дачка

— Маргарыта.

— У гонар галоўнай гераіні рамана Булгакава?..

— Так вось атрымалася... Дачка не адразу паверыла, калі мы ёй сказалі пра гэта — думала, што гісторыя прыдуманая. Але... гэта праўда. Тэатр нас звязаў.

Кацярына ДАДЗЕРКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».