Вы тут

Пральныя прыгоды


У знаёмых зламалася пральная машына. Больш за дзесяць гадоў адпрацавала без рамонтаў. Сям'я была задаволена. Але вось, відаць, тэхніка састарэла і «крэкнула». Давялося шукаць новую, бо без пральнай машыны ж ніяк. Купілі, усталявалі, прачыталі інструкцыю па эксплуатацыі і сталі дзейнічаць згодна з ёю — правялі першае мыццё без адзення, але са сродкам ад накіпу. Тут і пачаліся праблемы...

Барабан змяніў колер — замест бліскучага стаў матавым. Прычым не ўвесь, а нейкімі ўчасткамі. Відавочна, што адбылася хімічная рэакцыя. Хто ведае, паўплывае гэта на працу машыны ці не?.. Зразумела, што знаёмыя спалохаліся: можа быць, гэта брак? У адным сэрвісным цэнтры сказалі, што яны купілі няякасны сродак ад накіпу, у другім — што кідаць гэты сродак увогуле не трэба было, бо накіпу яшчэ няма ў новым барабане. А як жа інструкцыя? Вырашылі звярнуцца да вытворцы. Я прамаўчу пра пісьменнасць спецыяліста аддзелу сэрвісу прадстаўніцтва вытворцы ў Расіі, які адказваў на дасланы па электроннай пошце ліст. Справа ў іншым. Вытворца таксама заявіў, што «я не я, і хата не мая». «Наша тэхніка ўся сертыфікавана. І ўвесь матэрыял, з якога яна зроблена, вельмі добрай якасці. А інструкцыя дадзена для таго, каб спажывец мог сам эксплуатаваць нашу тэхніку. У інструкцыі пазначана, што вытворца РЭКАМЕНДУЕ рабіць ці выкарыстоўваць, але ні ў якім разе НЕ СЦВЯРДЖАЕ, што трэба рабіць менавіта так», — гаворыцца ў адказе. Гэта як зразумець? Атрымліваецца, што інструкцыя — гэта фікцыя? Трэба ўсё рабіць не па інструкцыі, а так, як табе самому захочацца, ці што?

Паспрабуй дакажы

«Бывае, што прыходзяць па некалькі чалавек з прэтэнзіямі да адной і той жа фірмы. Дык тут ужо не да закона аб ахове правоў спажыўцоў трэба звяртацца, а да Крымінальнага кодэкса за махлярства», — кажа Юрый КАВАЛЁНАК, юрысконсульт Мінскага таварыства спажыўцоў.

— Што ўвогуле рабіць: выбарачна выконваць інструкцыю ці як? Ці з'яўляецца інструкцыя юрыдычным дакументам?

— Натуральна, інструкцыя з'яўляецца юрыдычным дакументам.

— Значыць, тое, што тут напісана, абавязковае для выканання?

— Нельга сказаць, што яна абавязковая. Гэтая інфармацыя вам паведамляецца, і ў выпадку, калі пры невыкананні гэтых правілаў эксплуатацыі пральная машына прыйдзе ў непрыдатнасць і будзе даказана, што парушылі тыя правілы эксплуатацыі, то прадавец у першую чаргу будзе спасылацца на тое, што вы парушылі правілы. Гэта дакладна прапісана і ў законе.

— Такім чынам, калі я рабіў усё згодна з інструкцыяй па эксплуатацыі, то ў любым выпадку праўда будзе мая?

— Вядома. Але калі вас цікавіць пытанне, што ўсё ж такі здарылася з пральнай машынай, то будзе патрэбна экспертыза.

— Па законе павінен рабіць экспертызу прадавец ці вытворца, але яны часцей за ўсё не хочуць гэтага. Што рабіць?

— Вытворца абавязаны будзе зрабіць экспертызу і зробіць, але ў выпадку адсутнасці недахопаў вы павінны будзеце аплаціць яе. Няма такой фармулёўкі: «ці можаце праверыць, ёсць недахопы ці не». Вытворца аддасць у сэрвісную майстэрню, і там, зразумела, скажуць, што недахопаў няма. А патрабаванне экспертызы — гэта сцвярджэнне, што ёсць недахопы.

— А калі разгледзець пытанне агульна: пры любых праблемах з падобнымі таварамі трэба рабіць тое самае?

— Калі ўзнікаюць нейкія праблемы з тэхнічна складаным таварам, то ў першую чаргу трэба звяртацца ці да прадаўца, ці ў сэрвісны цэнтр.

1379021665180_1

У залежнасці ад тавару. Бо гэта можа быць і мабільны тэлефон, і камп'ютар. І правы спажыўца ў розных выпадках розныя. У выпадку, напрыклад, з мабільным тэлефонам часцей за ўсё «ламаецца» аперацыйная сістэма — яе абнаўляюць ці яшчэ штосьці робяць у сэрвіснай майстэрні. Тады прадавец кажа, што гэта не з'яўляецца недахопам. Але ў любым выпадку гэта недахоп, бо тэлефонам карыстацца нельга. У такіх выпадках трэба ісці ў сэрвісны цэнтр і пісаць заяву аб тым, што тавар няякасны і мае пэўныя заганы, ад рамонту адмаўляюся ў сувязі з тым, што тавар няякасны, і патрабую толькі выяўлення прычын узнікнення недахопаў. І калі акажацца, што гэты недахоп не з'яўляецца вынікам няправільнай эксплуатацыі, то можна патрабаваць вяртання грошай ці абмену тавару на новы, належнай якасці. У выпадку з пральнымі машынамі, камп'ютарамі, лядоўнямі і падобнага пакупнік не мае права патрабаваць вяртання грошай. Трэба будзе згаджацца на рамонт. Толькі ў выпадку наяўнасці істотных заган (якія нельга ліквідаваць ці якія выяўляюцца паўторна, або калі кошт іх ліквідацыі перавышае 30% кошту тавару) можна патрабаваць вяртанне грошай.

1379021667871_2

— Яшчэ адно пытанне, якое мяне вельмі хвалюе, — ці можа вытворца казаць, што ў інструкцыі толькі рэкамендацыі, і іх неабавязкова выконваць?

— У гэтым дакуменце напісана ўсё літаральна, пакрокава апісана, якім чынам трэба ажыццяўляць першае пранне. Там не напісана «рэкамендуем», а напісана «дабаўляйце сродак ад накіпу». Гэта канкрэтныя правілы карыстання. У такім выпадку вытворца не мае рацыі, бо ён не рэкамендуе. І чалавек, які чытае гэты дакумент, будзе выконваць усё, што там напісана.

— А калі вытворца гаворыць, што ніякіх недахопаў у сваім прадукце не бачыць? Як увогуле зразумець, што ёсць недахоп, а што — не?

— У вытворцаў могуць быць розныя стандарты і ДАСТы. І калі вытворца кажа, што гэта не з'яўляецца недахопам у яго краіне, у нашай краіне гэта можа быць недахопам, бо ў нас іншыя стандарты якасці. І ўлічвацца будуць тыя, якія ёсць у нас. У нас усталяваны дакладны стандарт якасці, а значыць, любая неадпаведнасць гэтаму стандарту ў самым мінімальным пункце будзе недахопам.

Па законе

«У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона аб ахове правоў спажыўцоў, у выпадку выяўлення ў працэсе эксплуатацыі заган тавару спажывец павінен накіраваць прадаўцу прэтэнзію з адным з патрабаванняў: замены няякаснага тавару таварам належнай якасці, адпаведнага памяншэння пакупной цаны тавару, неадкладнай бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў тавару, пакрыцця выдаткаў па іх ліквідацыі», — кажа Алена Быліна, адвакат, член Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

Яна сцвярджае, што спажывец мае права патрабаваць замены тэхнічна складанага тавару ці дарагога тавару ў выпадку выяўлення істотных недахопаў — тых, якія немагчыма ліквідаваць ці немагчыма ліквідаваць без несувымерных выдаткаў грошай (30 і болей працэнтаў ад кошту тавару, работы ці паслугі) або часу (перавышэнне максімальна дапушчальнай страты часу, якая прадугледжана тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі на ліквідацыю аналагічнага недахопу) ці якія выяўляюцца неаднаразова, ці з'яўляюцца зноў пасля ліквідацыі, ці іншыя падобныя недахопы. Дарэчы, спажывец можа скасаваць дагавор куплі-продажу і запатрабаваць вяртання выплачанай за тавар сумы. Пры гэтым спажывец па патрабаванні і за кошт прадаўца павінен вярнуць атрыманы тавар неналежнай якасці (можна без упакоўкі). Прадавец не мае права ўтрымліваць з выплачаных за тавар грошай, калі іх вяртае, суму, на якую знізіўся кошт тавару з-за поўнага або частковага яго выкарыстання, страты ім таварнага выгляду і да т.п.

Акрамя таго, спажывец мае права звярнуцца з патрабаваннямі аб замене тавару, ліквідацыі недахопаў і інш. да вытворцы. Можна запатрабаваць ад апошняга вяртання выплачаных за тавар грошай, але пры гэтым трэба будзе вярнуць за кошт вытворца тавар неналежнай якасці (можна без упакоўкі). Калі прадавец або вытворцы неплацежаздольныя (банкруты) ці іх дзейнасць спынена, калі ў спажыўца адсутнічаюць дакладныя звесткі аб вытворцы (прадаўцу) ці калі вырабнік знаходзіцца за межамі Беларусі, вы маеце права прад'яўляць усе свае патрабаванні да пастаўшчыка ці прадстаўніка.

Спажывец мае права запатрабаваць неадкладнай бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў тавару ад рамонтнай арганізацыі, упаўнаважанай на ліквідацыю недахопаў тавару падчас гарантыйнага тэрміну.

Варта адзначыць, што адсутнасць у спажыўца дакумента, які пацвярджае факт набыцця тавару, не з'яўляецца падставай для адмовы ў задавальненні патрабаванняў. Для пацвярджэння факта набыцця тавару могуць выкарыстоўвацца паказанні сведкаў, элементы ўпакоўкі, дзе ёсць адзнакі, якія даказваюць, што тавар быў набыты ў гэтага прадаўца, і інш.

Экспертыза

«Пры ўзнікненні паміж спажыўцом і прадаўцом спрэчкі аб наяўнасці заган тавару і прычынах іх узнікнення прадавец абавязаны правесці экспертызу тавару за свой кошт, — сцвярджае адвакат. — Пра месца і час правядзення спажыўца інфармуюць у пісьмовай форме. Калі ў выніку экспертызы выявіцца, што заганы тавару адсутнічаюць ці ўзніклі пасля перадачы тавару спажыўцу праз парушэнне ім пэўных правілаў выкарыстання, захавання, транспартавання тавару ці дзеянняў трэціх асоб або непераадольнай сілы, спажывец абавязаны пакрыць выдаткі на правядзенне экспертызы і звязанымі з ёю выдаткамі на транспартаванне. Спажывец мае права аспрэчыць заключэнне экспертызы тавару ў судовым парадку, а таксама правесці экспертызу за свой кошт».

У выпадку выяўлення недахопаў у гарантыйны тэрмін прадавец адказвае за іх, калі не дакажа, што яны ўзніклі пасля перадачы тавару спажыўцу. Калі гарантыйны тэрмін складае менш за два гады і недахопы тавару выяўлены спажыўцом пасля яго заканчэння, але ў межах двух гадоў з дня перадачы тавару спажыўцу, прадавец адказвае за недахопы тавару, калі спажывец дакажа, што яны ўзніклі да перадачы тавару спажыўцу.

«Напрыканцы хочацца адзначыць, што пры набыцці тавараў, асабліва тэхнічна складаных, спажывец павінен уважліва азнаёміцца з інструкцыяй па эксплуатацыі, а таксама гарантыйным талонам на тавар, паколькі ў гэтым дакуменце пазначаюцца выпадкі, пры якіх вытворцам не прымаюцца прэтэнзіі спажыўца, а таксама выпадкі, пры якіх гарантыя на вырабы не распаўсюджваецца», — адзначае Алена Быліна.

***

Адзінае, чаго дамагліся знаёмыя, — спецыяліст з сэрвіснага цэнтра зафіксаваў, што колер барабана змяніўся і што гэта на працу пральнай машыны ніяк не паўплывала. Пры гэтым спецыяліст сам вельмі здзівіўся таму, што было напісана ў інструкцыі.

Карысна ведаць

У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку правядзення экспертызы тавараў (вынікаў выкананых работ, аказаных паслуг), дакладнасці інфармацыі аб таварах (работах, паслугах), зацверджаным Пастановай №26 Савета Міністраў Беларусі ад 14.01.2009 г., экспертызу маюць права праводзіць: акрэдытаваныя органы па сертыфікацыі, акрэдытаваныя выпрабавальныя лабараторыі (цэнтры); дзяржаўныя судова-экспертныя ўстановы і асобы, якія маюць спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на ажыццяўленне дзейнасці па аказанні юрыдычных паслуг з пазнакай паслугі, якая складае ліцэнзаваны від дзейнасці, — судова-экспертная дзейнасць; таварна-прамысловыя палаты — па пытанні якасці тавараў; грамадскія аб'яднанні спажыўцоў. У заяве на правядзенне экспертызы ў кароткай і дакладнай форме фармулююцца пытанні, якія неабходна вырашыць па выніках правядзення экспертызы. Экспертная арганізацыя па ўзгадненні з заяўнікам (дзяржаўным органам па ахове правоў спажыўцоў) вызначае канкрэтны час правядзення экспертызы. Спажывец мае права прыняць удзел у экспертызе асабіста ці праз свайго прадстаўніка.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».