Вы тут

«Калійная» справа: аддзяліць праўду ад хлусні


Гаспадарчы канфлікт з крымінальным складнікам, што разгарэўся на калійным рынку пасля аднабаковага выхаду кампаніі «Уралкалій» са складу сумеснага беларуска-расійскага трэйдара «Беларуская калійная кампанія» (БКК) пазбаўляецца палітычнай афарбоўкі.

Агрэсіўныя дзеянні алігарха Керымава, скіраваныя на абвал цэн з мэтай захопу кантролю над рынкам, нанеслі значную шкоду не толькі беларускай эканоміцы, але і нямецкім, бразільскім, канадскім, ізраільскім вытворцам калійных угнаенняў. Відавочная шкода таксама нанесена эканамічным інтарэсам Расійскай Федэрацыі, пра што беларускія следчыя ўжо праінфармавалі расійскіх калег. Вядома, што запыты беларускага боку аб аб'яўленні ў вышук як самога алігарха, так і яго падначаленых з ліку расійскіх топ-менеджараў БКК прыняты да разгляду інтэрпалам.

1379021706565_13-23

Шэраг расійскіх і замежных чыноўнікаў, экспертаў і журналістаў ад самага пачатку спрабавалі перанесці акцэнты гэтай справы з крымінальнага чынніка да пытанняў палітыкі і ледзь не расійска-беларускіх адносін. Была зроблена спроба стварэння штучнага медыйнага вэрхалу, калі з дапамогай неадпаведных публікацый, «экспертных ацэнак», пагроз, шматлікіх «гучных заяў» у інфармацыйнай прасторы ствараецца паралельная рэальнасць, неадэкватная сапраўднаму ходу падзей. З нафталіну нават дасталі некаторых малавядомых беларускіх палітыкаў, што бавяць асноўны час у эміграцыі, каб апошнія аб'явілі кіраўніка назіральнай рады БКК расійскага грамадзяніна Баўмгертнера

«палітычным вязнем сумлення», хоць беларускае следства ў дачыненні да затрыманага расіяніна базуецца выключна на супрацьпраўных фактах эканамічнага характару і злоўжывання службовым становішчам.

Відавочна, што падобныя заявы, якія хлусліва выдаваліся за «пазіцыю Расіі», мелі характар адмысловай правакацыі з мэтай схіліць кіраўніцтва Беларусі да антырасійскіх захадаў і, такім чынам, цалкам крымінальную справу можна было б прадставіць у якасці аднаго з элементаў «русафобскай змовы», што, па задумцы арганізатараў, забяспечыла б нячыстым на руку бізнесменам палітычную падтрымку Крамля.

Дарэчы, досыць нервовае міжнароднае становішча, арганізацыя і правядзенне саміту «вялікай дваццаткі» ў Санкт-Пецярбургу, расійска-амерыканскія супярэчнасці па пытаннях урэгулявання сірыйскага канфлікту дадаткова былі на руку лабістам Керымава: меўся пэўны разлік, што вышэйшае кіраўніцтва Расіі, заклапочанае пытаннямі сусветнай палітыкі, папросту не здолее разабрацца ў віхуры супярэчлівых інфармацыйных патокаў вакол «калійнай справы» і памылкова прыме бок агрэсіўнага капіталу. Майстры інфармацыйнай вайны разлічвалі на лёгкую перамогу ў дачыненні Беларусі, а тое, што іх дзеянні, прадыктаваныя хцівасцю і прагай да нажывы, у выпадку поспеху маглі паламаць геапалітычную стратэгію развіцця рэгіёна Паўночнай Еўразіі, перашкодзіць рэалізацыі амбітных інтэграцыйных планаў, гэта, як кажуць у народзе, «справа дзясятая». Інтарэсы буйнога капіталу ў нашых усходніх суседзяў, на жаль, вельмі часта разыходзяцца з нацыянальнымі інтарэсамі расійскай дзяржавы.

Беларускі бок у гэтай сітуацыі паводзіў сябе вельмі мудра, каментуючы такую нервовую рэакцыю выключна як асабістае меркаванне некаторых асоб, у той ці іншай ступені блізкіх да структур «Уралкалія». Канфлікт з прыватным капіталам аніяк не паўплываў на айчынную пазіцыю па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў іншых галінах: вайсковай, інтэграцыйнай, эканамічнай.

«Сумесныя планы застаюцца недатыкальнымі і мусяць быць рэалізаваны, а «калійная справа» мае выключна гаспадарча-крымінальны характар і належыць да кампетэнцыі адпаведных следчых органаў», — менавіта такая спакойная думка агучвалася як беларускімі дзяржслужбоўцамі і сродкамі масавай інфармацыі, так і прадстаўнікамі незалежнай экспертнай супольнасці.

Падобная рэакцыя беларускага боку дазволіла вышэйшаму расійскаму кіраўніцтву вытрымаць патрэбную паўзу, каб, разабраўшыся, аддзяліць праўду ад хлусні і ўсё ж выказаць меркаванне па факце затрымання грамадзяніна РФ Баўмгертнера і крызіснай сітуацыі на калійным рынку. Напачатку вельмі стрымана выказаўся прэс-сакратар Прэзідэнта РФ Дзмітры Пяскоў, пасля, адказваючы на пытанне журналістаў, разабрацца ў справе «без шуму і гаму» выказаў пажаданне і сам Уладзімір Пуцін.

Нарэшце, як мяркую, канчатковую рысу пад перспектывамі арганізатараў калійнай аферы падвёў саветнік кіраўніка расійскай дзяржавы Сяргей Глазьеў. «Гаспадары «Уралкалія» спрабавалі абваліць рынак з мэтай яго захопу. Калі казаць пра эканамічныя вынікі, то яны цалкам негатыўныя, як для Беларусі, так і для Расіі. Гэта называецца — нядобрасумленная канкурэнцыя», — лічыць чыноўнік.

У расійскіх умовах, з вуснаў саветніка Прэзідэнта, такое меркаванне аб камерцыйнай структуры можа гучаць як прысуд. Прынамсі, дзелавой рэпутацыі. Як бачым, арганізаваны паліттэхнолагамі і інфармацыйнымі кілерамі «шум і гам» не прайшоў. Відаць, расійскія ўлады ўсё ж разабраліся і выказалі адпаведную пазіцыю.

У гэтых умовах не лішнім будзе нагадаць, што афіцыйны Мінск падобнай рэакцыі ад хаўруснікаў ніколі не патрабаваў, бо ўвогуле не лічыў «калійны скандал» элементам палітыкі і міждзяржаўных адносін. Рэакцыі ад Крамля патрабавалі, яе адпаведна рыхтавалі і з нецярпеннем чакалі якраз прадстаўнікі алігархічных колаў, блізкіх да Керымава. Як бачым — дачакаліся, але зусім не той, на якую разлічвалі. Выказаная пазіцыя расійскага кіраўніцтва цалкам адпавядае рэальнаму становішчу, інтарэсам беларуска-расійскага збліжэння і нацыянальным інтарэсам Расійскай Федэрацыі, а негатыўная ацэнка дзеянняў кампаніі «Уралкалій» супадае з меркаваннем беларускіх следчых органаў.

Такія падзеі не маглі не адгукнуцца ў бізнес-супольнасці Расійскай Федэрацыі: у колах блізкага да Крамля фінансава-палітычнага істэблішменту папаўзлі чуткі, што Керымаў нібыта прадаў кантрольны пакет акцый «Уралкалія» іншаму ўласніку, абмяркоўваецца нават варыянт нацыяналізацыі прадпрыемства. Як тут не ўспомніць нядаўнюю заяву дырэктара ААТ «Беларуськалій» Валерыя Кірыенкі аб тым, што да беларуска-расійскага ўзаемадзеяння на рынку калійных угнаенняў можна будзе вярнуцца пры ўмове змены ўласніка «Уралкалія»? Між іншым, да пачатку агрэсіўных дзеянняў Керымава сумесны беларуска-расійскі калійны трэйдар быў выгадны абодвум бакам, а таксама задавальняў іншых удзельнікаў калійнай вытворчасці, забяспечваў стабільнасць рынку і коштаў. Відавочна, што зварот да ўзаемадзеяння, нягледзячы на стварэнне беларусамі ўласнага трэйдара, цалкам магчымы і можа быць адным з будучых перспектыўных беларуска-расійскіх праектаў у галіне эканомікі.

Як здаецца, гэтым разам, сутыкнуўшыся з цэнтралізаванай беларускай дзяржавай, агрэсіўны знешні капітал прайграў, прычым прайграў не толькі ў Беларусі, але і ў самой Расіі. Нацыянальныя інтарэсы дзяржаў, патрэбы прадпрыемстваў і працоўных калектываў аказаліся больш важкімі за камерцыйныя памкненні асобных алігархаў. Не выключаю, што сітуацыя вакол «Уралкалія» можа стаць каталізатарам для перагляду ўсіх правіл гаспадарання ў Расійскай Федэрацыі на карысць больш справядлівых і адпаведных народным інтарэсам, калі патрыятычны складнік у дзяржаўным апараце нашых суседзяў канчаткова возьме верх над ліберальна-алігархічнымі кланамі.

Аляксандр ШПАКОЎСКІ,
дырэктар Інфармацыйна-асветніцкай установы «Актуальная канцэпцыя»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?