Вы тут

Захавальнік беларускага Паазер'я


Курс верталёта «МІ-2», на борце якога вялікімі літарамі выведзена «Беллесавія», пачынаецца з пляцоўкі колішняга аэрапорта пад Полацкам. Спачатку вінтакрылая машына ляціць уздоўж сіняй стужкі Дзвіны да вёскі Гараны, робіць разварот на 90 градусаў і трымае курс на Расоншчыну, Верхнядзвінск, Мёры... На гэтым паўночным кірунку пад фюзеляжам машыны зноў вымалёўваецца выразны сілуэт Дзвіны, заціснутай высокімі ляснымі берагамі, з залатымі плёсамі і доўгімі астравамі пасярэдзіне. У душы пілота-назіральніка Уладзіміра Пірага — прыемнае хваляванне: ён дакладна ведае, што праз некалькі хвілін на левым дзвінскім беразе з'явяцца абрысы невялікіх вёсак Панізава, Алішанцы, Бражнікі. Неўзабаве ўбачыць і сваю родную вёску Пераслоўку. Бераг яго дзяцінства!

Не адну сотню разоў Уладзімір пралятае над сваёй маленькай радзімай, але пачуцці ад убачанага ў ім ніколькі не паменшыліся, нікуды не зніклі. Можа, і дзіўна гэта. Дзіўна таму, што раней ніколі не думаў, што выбера менавіта паветраную ахову лясоў, што будзе амаль штодня разглядаць бацькоўскі дом з блакітных вышынь. Ведае, што гэтак атрымалася па волі добрага лёсу і што яму ў гэтым, несумненна, пашанцавала.

1379108352494_1

Ён вырас на беразе Дзвіны і назаўсёды палюбіў край дзівоснай прыроды. Але пра тое, што стане паветраным ахоўнікам лесу, і тым больш усяго Паазер'я, Уладзімір нават не марыў.

Пасля школы Уладзімір спрабаваў паступіць у ваенную акадэмію, але не хапіла балаў. Каб не губляць час, пайшоў у Друйскае СПТВ, набыў прафесію механізатара меліярацыйных работ, паспеў папрацаваць у калгасе на трактары. Тэрміновую службу нёс у паветрана-дэсантных войсках. Пасля арміі аднёс дакументы ў лясны тэхнікум...

Дзіўнымі шляхамі вядзе лёс чалавека, каб у рэшце рэшт вывесці да сапраўдных вышынь у прафесіі! Прафесія лётчыка-назіральніка — адна з самых рэдкіх у нашай краіне, складаных і адказных. Але менавіта ў ёй хлопец з Мёршчыны знайшоў сваё сапраўднае прызванне.

Дзясяты паветраны сезон сёлета на службовым рахунку Уладзіміра Пірага — аднаго з назіральнікаў авіяцыйнай аховы лясоў, якую ў Беларусі выконвае ўнітарнае прадпрыемства «Беллесавія». Больш за 1200 гадзін, праведзеных у паветры, зрабілі яго высакакласным спецыялістам у справе захавання нашай прыроды, яе дзівоснай прыгажосці і незлічоных багаццяў.

1379108354179_2

З надыходам кожнага пажаранебяспечнага сезона, які звычайна пачынаецца з сярэдзіны красавіка і доўжыцца да пачатку кастрычніцкіх прымаразкаў, Уладзімір Пірог вядзе пільны кантроль за адной з самых запаведных тэрыторый нашай краіны — беларускім Паазер'ем. Вось і сёлета адна з галоўных задач пілота — пошук і выяўленне лясных узгаранняў, вызначэнне каардынат вогненнай небяспекі і своечасовае паведамленне пра гэтыя «знаходкі» наземным службам лясной аховы. Здзяйсняючы чарговы палёт па загадзя вызначаным маршруце, з ілюмінатара верталёта «МІ-2», альбо нястомнага паветранага працаўніка «АН-2» пілот узіраецца ў бяскрайні далягляд, каб заўважыць нават маленькі струменьчык дыму і імкліва даімчацца да гэтай крыніцы небяспекі. Калі доўга пануе сухое і гарачае надвор'е, працаваць даводзіцца з падвойнай, а то і з патройнай энергіяй, здзяйсняць за дзень нават па два аблёты ахоўнай тэрыторыі. У спёку ўзрастаюць нагрузкі не толькі на працу рухавікоў паветраных бартоў, але таксама і на фізічны стан пілотаў. Нездарма працу паветранага назіральніка ставяць у адзін шэраг з прафесіяй лётчыкаў-штурманаў грамадзянскай авіяцыі. І дарога ў гэтыя прафесіі адкрываецца толькі моцным, дужым, вынослівым.

1379108357740_3

«Паветраная дзесяцігодка» не толькі выпрабавала Уладзіміра Пірага на фізічныя здольнасці як пілота, але вывела яго ў лік лепшых спецыялістаў «Беллесавіі», якім даверана кіраваць цэлым падраздзяленнем. З 2007 года Уладзімір адначасова з'яўляецца і начальнікам Полацкага авіяаддзялення. На яго адказнасці як кіраўніка стан узлётнай паласы і верталётнай пляцоўкі, будынка базы для працы і адпачынку пілотнага складу, навучання пажарных-дэсантнікаў. У гэтым аддзяленні ў якасці дэсантніка-пажарнага. Пірог і сам пачынаў працу ў «Беллесавіі».

— Калі вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме, у час летніх канікул працаваў у пажарна-дэсантнай групе. Дапамагала армейская падрыхтоўка ў паветрана-дэсантных войсках. Цікава было паспрабаваць сябе на ўтаймаванні вогненнай стыхіі, — кажа Уладзімір Пірог. — Два гады лятаў на лясныя ўзгаранні. Пры размеркаванні з тэхнікума атрымаў прапанову ў гэтае авіяаддзяленне на пасаду інструктара-дэсантніка.

1379108359921_4

Летам 2003-га Уладзіміру прапанавалі лётныя курсы ў Маскоўскай вобласці. Тагачасны кіраўнік «Беллесавіі» Аляксей Пшонка разгледзеў у маладым дэсантніку будучага добрага спецыяліста паветранай аховы, адказнага і прынцыповага работніка. Паспяхова скончыўшы курсы, Уладзімір працаваў у розных аддзяленнях — у Гомелі, Пінску, Мазыры. Тры вяснова-асеннія сезоны правёў у камандзіроўках, лятаў амаль над усёй Беларуссю. Мог спыніцца на сталае жыццё ў любым з гэтых гарадоў, але нечакана з'явілася пасада ў Полацку, і тэрыторыяй яго прафесійнай увагі стала беларускае Паазер'е.

Калі ўглядзецца ў карту маршрутаў полацкага авіяпатруля, няцяжка заўважыць на ёй тэрыторыі, якія асабліва ахоўваюцца: заказнікі «Ельня», «Асвейскі», «Чырвоны Бор», «Казьянскі», «Вялікае астравіта», «Лонна», «Фаміно», «Сіньша», нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», балоты «Мох», і «Лебядзіны мох». Ахоўная тэрыторыя полацкага авіяаддзялення складае без малога 808 тысяч гектараў. За дзесяцігоддзе палётаў над гэтай тэрыторыяй на ёй не ўзнікала сур'ёзных узгаранняў, якія нанеслі б непапраўную шкоду прыродзе.

— Галоўнае ў нашай працы — — своечасова апынуцца ў месцы небяспекі. Без дапамогі авіяцыі гэта было б немагчыма, — кажа Уладзімір Пірог, пакідаючы гарачы салон напрацаванага за доўгі палёт верталёта.

Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара. Полацкі раён.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.