Вы тут

Нарадзіць і выжыць


Добра памятаю, як, пакідаючы радзільню, урачыста абвясціла мужу: «Здаецца, я вяртаюся з фронту». Але ўжо праз колькі дзён ніяк не магла згадаць, што менавіта прымусіла мяне так сказаць. Вядома, там былі пэўныя нязручнасці.

Скажам, іншы радзільны дом акурат у той час, як маё дзіця наважылася з’явіцца на свет, зачынілі «на мыйку», і ложак мне змаглі прапанаваць толькі ў калідоры. У дадатак напярэдадні ва ўсім будынку адключылі гарачую ваду — у нас жа гэта самая дакладная прыкмета таго, што надышло лета... Але ці варта зважаць на такую драбязу? Здаецца, праўду кажуць: родавыя выпрабаванні жаночая памяць сцірае хутчэй за любога гіпнатызёра.

...Спачатку я пачула незадаволены крык свайго дзіцяці, а праз секунду хтосьці з медыцынскай брыгады зазначыў: «Нуль гадзін, нуль хвілін». Дату нараджэння сына мне прапанавалі вызначыць самой, бо ўчора толькі што мінула, а заўтра яшчэ не настала. Я доўга не вагалася: акурат заўтра мая аднакласніца, тая, што ўзяла дзяўчынку з дзіцячага дома, збіралася святкаваць дзень нараджэння сваёй, цяпер ужо роднай, дачкі. Я і падумала: хачу, каб маё дзіця было такім жа ўсмешлівым, як яе малая... І калі назаўтра мне прынеслі самы каштоўны скрутак у свеце, першым, што я ўбачыла, была сонная ўсмешка маёй малечы, майго сына...

Я яшчэ не ведаю, якія выпрабаванні надарыцца перажыць нам удваіх. Але міжволі адзначаю, што жыццё ў мяне цяпер будзе дакладна вельмі доўгае — наперадзе ж яшчэ столькі цікавага, нязведанага. Вось дзіва: нейкі год таму мне здавалася, што сакрэтаў пра гэты свет для мяне амаль не засталося...

Зрэшты, тут сусветная медыцына не стала б са мной спрачацца. Напрыклад, амерыканскія вучоныя сцвярджаюць, што для жанчын, якія адважыліся нарадзіць дзіця ў 40 гадоў і пазней, прырода падрыхтавала каштоўны бонус: амаль усе яны маюць шанцы адсвяткаваць сваё 90-годдзе. Англійскія ж навукоўцы не так даўно абвясцілі вынікі аднаго вельмі цікавага даследавання, згодна з якім познія дзеці даюць сваім маці цалкам 100-працэнтную гарантыю гэтага. Ва ўсякім разе, архівы арыстакратычных сем’яў Англіі за 1200 гадоў, дзе з англійскай дакладнасцю зафіксаваныя не толькі даты нараджэння і смерці шматлікіх лэдзі і сэраў, але і ўзрост іх маці, сведчаць, што познія роды быццам абуджаюць нейкі «ген доўгажыхарства». Дарэчы, беларускія жанчыны, якія дажылі да 100 і болей гадоў (І, між іншым, не раз прызнаваліся самымі старымі жыхарамі планеты), усе без выключэння сваіх малодшых нараджалі ў далёка «паслябальзакаўскім» узросце.

Усю гэтую інфармацыю я знайшла і зберагла на камп'ютары асобным файлам яшчэ тады, калі бегала па крамах, рыхтуючыся да ідэальнай будучыні ў ідэальных дэкарацыях. Падбірала каляску пад колер шпалераў — а як інакш, няўжо тая каляска будзе стаяць у кватэры і ўтвараць дысананс з маёй дызайнерскай мэбліроўкай? Шукала найлепшыя бутэлечкі для штучнага кармлення — само сабой, я ж праз тры месяцы збіралася вяртацца да працы, баючыся згубіць сябе сярод пялюшак і дзіцячых капрызаў. Прыдзірліва стварала свайму будучаму нашчадку такі першы гардэроб, які найлепшым чынам адпавядаў бы майму ўласнаму — мы ж будзем разам выходзіць на людзі, ці не так? З гэтай нагоды, памятаю, аднойчы нават заўважыла бяздзетнай сяброўцы: «Дзіця — гэта аксесуар! І яно мусіць быць прыгожым».

Жанчыны, даруйце мне гэтыя словы, але ж я вельмі доўга жыла для сябе. І вельмі цьмяна ўяўляла, да якой ступені можа змяніць звыклы лад жыцця і ўвесь светапогляд адна маленькая істота. Як той казаў, я проста была «па-за тэмай». І толькі цяпер, здаецца, пачала нешта разумець пра гэта жыццё. І нарэшце стала ўсведамляць, што мела на ўвазе Маргарыта Церахава, распавядаючы ў інтэрв’ю пра свайго позняга сына: «Жанчыне, каб выжыць, трэба нарадзіць». Калісьці гэтыя словы выклікалі шчырае абурэнне ў нас з сяброўкай — хіба мала ў жыцці сучаснай жанчыны цікавых заняткаў, акрамя выхавання дзяцей?

Тая сяброўка, дарэчы, першая забылася на дарогу да майго дома, як толькі я перастала абмяркоўваць з ёй дызайнерскі абутак і пляткарыць пра так званых «зорак». Усё гэта мяне больш не цікавіла, ды і калі мне цяпер было пляткарыць? Увогуле — і гэта высветлілася вельмі хутка — падрыхтаваўшыся быццам да ўсяго на свеце, прадугледзець адну важную акалічнасць я ўсе ж не здолела.

Бо не ведала, што дзіця запатрабуе аддаць яму не проста шмат часу, а ўвесь час.

Вось тут я ўпершыню адчула відавочны мінус сваіх гадоў. Бабуль, якія ахвотна маглі б дапамагчы з выхаваннем унука, у нас проста не засталося. Сяброўкі не ў тым ўзросце, калі чужое немаўля выклікае жаданне паціскаць ды пагушкаць (зрэшты, дзве мае прыяцелькі-равесніцы, былая калега і аднакурсніца, таксама толькі што нарадзілі сыноў). Муж... Першы час я яго амаль не бачыла — справы ягонай фірмы ішлі ўсе горш. Калі ж фірму ліквідавалі, у пошуках грошай і самарэалізацыі ён наогул з'ехаў за мяжу. А я засталася. Адна.

Дакладней, удваіх з маім новым жыццёвым вопытам, які яшчэ толькі мусіла набыць... Чытаючы па начах інтэрнэт-парады для маладых матуль і ў каторы раз натыкаючыся на фразу «не разлічвайце, што здолееце справіцца з усім адна», моцна крыўдавала. На ўсіх, хто па розных прычынах не прапанаваў мне дапамогу. Пакуль не прыняла думку, што дапамогі не будзе. І перастала крыўдаваць. Вось тут мне сапраўды зрабілася лягчэй. Бо пустой мітусні ў маім жыцці ўжо амаль не засталося, практычна ўсё я навучылася рабіць вельмі хутка. І раптам заўважыла, што выдатна спраўляюся адна.

У інтэрнэце сядзець трэба меней...

Марына БЕРАЗЕНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?