Вы тут

Зусім не страшнае месца!


15 верасня — Дзень бібліятэк

Калі апошні раз вы заходзілі ў бібліятэку, блукалі між доўгімі паліцамі тэматычна расстаўленых кніг і выбіралі тыя адзіныя, што менавіта вам даспадобы? Калі гарталі старонкі, пацёртыя рукамі шматлікіх іншых чытачоў, або, наадварот, атрымаўшы новае выданне папулярнага і любімага ўсімі аўтара, радаваліся, што аказаліся адным з першых шчасліўчыкаў, да каго трапіла жаданая многімі кніга?.. Калі няёмка сабе прызнацца, што ў бібліятэку не забягалі даўно, што шолах старонак апошнім часам замяняла белае ззянне экранаў гаджэтаў, завітайце ў бібліятэку хаця б сёння ці пасля выхадных.

У нашай краіне сёння дзейнічае 9200 публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным фондам больш за 200 мільёнаў экзэмпляраў. Іх паслугамі карыстаецца больш як 3,5 мільёна чалавек.

1379108413329_14-27

Да вас едзе бібліёбус

Шмат што робіцца, каб кніга даходзіла не толькі да гарадскога чытача (які, пры жаданні, заўсёды знойдзе, што пачытаць), але і да вясковага. У маланаселеных пунктах бібліятэчнае абслугоўванне адбываецца ў 90 спецыяльна абсталяваных бібліёбусах — аўтобусах-бібліятэках (гэта як аўтакрама, толькі замест хлеба, цукру і каўбасы — кнігі). Для таго, каб палепшыць культурнае жыццё ў аграгарадках, умацавана матэрыяльна-тэхнічная база 1476 бібліятэк. У сельскай мясцовасці ствараюцца ўстановы культуры змешанага тыпу — бібліятэкі-клубы, бібліятэкі-музеі і іншыя.

Крок у сеціва

З'явіўся шэраг паслуг, якія можна атрымаць у аддаленым рэжыме. Шмат бібліятэк цяпер маюць віртуальную даведачную службу. У Нацыянальнай бібліятэкі і бібліятэкі Акадэміі навук існуе электронная дастаўка дакументаў: можна заказаць электронную копію артыкула або яго фрагмента. Аднак гэта паслуга платная, як і ў іншых краінах. Да таго ж гэтыя ўстановы сталі аднымі з першых, якія прымаюць плацяжы з пластыкавай карткі. Такія паслугі будуць развівацца, каб жыхары не толькі сталіцы, але і іншых гарадоў маглі азнаёміцца з копіямі дысертацый, іншых рэдкіх дакументаў. Як толькі была ўведзена электронная аплата за дастаўку гэтых дакументаў, колькасць заказаў павялічылася на 250%.

Адбываецца алічбоўка многіх выданняў. Аднак не ўсіх, як хацелася б некаторым карыстальнікам інтэрнэту. Бо з 8 мільёнаў кніг, што захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, толькі 1 мільён не падпадае пад дзеянне закона аб аўтарскіх правах. Усе астатнія кнігі бібліятэка проста набывае і захоўвае для агульнага карыстання. Алічбаваць іх нельга, бо ёсць аўтары, якія маюць правы на адлічэнні за сваю інтэлектуальную працу.

Бібліятэкабоязь?

Першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алена ДАЎГАПОЛАВА адзначае, што ў нашага насельніцтва распаўсюджана думка: «Я фільм не глядзеў, але ён дрэнны, я гэту кнігу не чытаў, але яна дрэнная, я ў бібліятэцы не быў, але мне няма чаго там рабіць». Яна ўпэўнена, што гэта памылковае мысленне. Каб даказаць патэнцыйным наведнікам бібліятэкі адваротнае, супрацоўнікі робяць шмат для таго, каб распавесці ўсім ахвотным пра тыя цікавыя, карысныя рэсурсы, якія ёсць у бібліятэках. Алена Даўгаполава адзначае:

— Зразумела, ніхто не пойдзе ў бібліятэку глядзець расклад цягнікоў — гэта ёсць у інтэрнэце. Аднак па ўсім, што датычыцца адукацыйных рэсурсаў, навукі, вытворчасці, толькі віртуальных звестак не хапае. Там шмат вельмі добрага, але гэтага мала. Таму вельмі хочацца расказаць карыстальнікам пра тое, што мы маем, каб яны ішлі да нас... Бібліятэчная асацыяцыя прытрымліваецца такой палітыкі, дзякуючы якой дзіця, што ўжо можа прыйсці ў бібліятэку за руку з матуляй, адчувае там сяброўскую атмасферу. Пасля яно прызвычайваецца да таго, што ёсць нешта, што ён шукае ў інтэрнэце, што набывае ў асабістую кніжную калекцыю, што проста паглядзіць па тэлебачанні — аднак ёсць і дастаткова сур'ёзны блок інфармацыі, па які трэба ісці ў бібліятэку.

Аднак ці толькі канкурэнцыя віртуальнага асяродку сёння прымушае некаторых людзей абыходзіць бокам бібліятэкі? Даўгаполава расказала, што некалькі гадоў таму амерыканскія даследчыкі апублікавалі вынікі апытання сярод моладзі, у выніку яго з'явіўся новы тэрмін — «бібліятэкабоязь». Аказваецца, ёсць пэўная псіхалагічная боязь пераходу праз парог бібліятэкі з тым, каб пагрузіцца ў кніжны свет. Людзі часам думаюць: «А што такое электронны каталог, я ж не ўмею ім карыстацца? А праз які час мне прынясуць кнігу, ці не занадта доўга давядзецца чакаць?» Таму і адмаўляюцца ад наведвання гэтай установы.

Ёсць і яшчэ адзін бар'ер — уяўленне пра бібліятэкараў, як пра «сініх панчох» — маўляў, сядзіць такая паненка, да якой не ведаеш, як падступіцца. Каб даказаць сваю творчасць, крэатыўнасць і адкрытасць да стасункаў, бібліятэкары нават арганізавалі выставу сваёй творчасці пад назвай «Сам сабе мастак», якая пачала экспанавацца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

У адпачынку — глядзець, як працуюць іншыя

У прадстаўнікоў гэтай прафесіі ёсць свая арганізацыя — Беларуская бібліятэчная асацыяцыя. На прасторах СНД яна адметная. Бо ўсюды існуе юрыдычнае членства, калі ўся арганізацыя ўступае ў гэта згуртаванне, у нас жа яно — асабістае. Са свайго заробку бібліятэкары штогод адлічваюць узносы, за кошт якіх існуе асацыяцыя і мае магчымасць праводзіць пэўныя мерапрыемствы. Цяпер у яе ўваходзіць амаль 2000 спецыялістаў з усёй краіны.

Пра знітаванасць з прафесіяй сведчыць і наступны факт. У свой адпачынак за ўласныя грошы нашы бібліятэкары едуць... глядзець бібліятэкі іншых краін.

Лепш бартар!

Своечасова папоўніць бібліятэчныя фонды — справа не такая ўжо простая, як можа здацца на першы погляд. Таму заключана больш за 30 дагавораў аб супрацоўніцтве з нацыянальнымі і паранацыянальнымі бібліятэкамі свету, прычым амаль з усіх кантынентаў. Гэта дазваляе бібліятэкам абменьвацца кнігамі — бартарна. І гэта важна, бо кошт кніг расце, і камплектаваць фонды выключна за бюджэтныя сродкі надзвычай складана. І гэтая сітуацыя характэрная не толькі для нашай краіны.

Можна толькі здагадвацца, што здарыцца з традыцыйнымі бібліятэкамі праз пару дзесяцігоддзяў, калі не тое што кожная сям'я, але кожнае дзіця будзе мець не па адным, а адразу па некалькі кішэнных камп'ютараў?.. Аднак наша пакаленне, якое знаходзіцца на перакрыжаванні грамадства традыцыйнага і інфармацыйнага, будзе атрымліваць асалоду ад магчымасці чуць пах фарбы свежых аддрукаваных старонак, гартаць іх, рознага колеру і таўшчыні; магчымасці штосьці адзначыць, загнуць, намаляваць на палях; падарыць ці выпрасіць на памяць пэўную, асаблівую для нас, кнігу.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».