Вы тут

Пад знакам «Юпіцера»


На мажорнай ноце адкрыўся філарманічны сезон

— У нас уся музыка ў гэтым канцэрце гучала толькі ў мажоры, — са сцэны звярнуўся за слухачоў Белдзяржфілармоніі Аляксандр Анісімаў, галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. — Творы, напісаныя ў мажоры, Глазунова, Брамса, Моцарта... Гэта значыць, што мы зачакаліся сустрэч з вамі і рыхтуем у новым сезоне цікавыя праграмы.

А то як жа: аркестр — юбіляр гэтага года, сёлета адзначае 85-годдзе. Таксама мажорны момант. «Публіку сёлета завабліваць вырашылі Моцартам», — распавядаў пра планы на новы сезон народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў. Амаль ва ўсіх праграмах аркестр будзе выконваць музыку вялікага аўстрыйца. Паводле плана на сезон, аркестр рыхтуе 2 вялікія цыклы канцэртаў «Вольфганг Амадэй Моцарт» і «Усе сімфоніі Чайкоўскага»

. Дарэчы, Пётр Ільіч называў «цудам сімфанічнай музыкі» сімфонію № 41 Моцарта, якая гучала ў першым канцэрце. Назва «Юпіцер» за ёю замацавалася без удзелу самога аўтара — такім чынам у свядомасці прыхільнікаў Моцарта адзначана маштабнасць і эпічнасць гэтага твора: тое, што трэба для адкрыцця вялікага музычнага сезона. Ды яшчэ Канцэрт рэ мажор для скрыпкі з аркестрам Іаганэса Брамса — саліраваў госць з Францыі Аліўе Шарлье. І так яго прыняла наша публіка, што скрыпач нават сыграў на «біс».

Сустрэч з гасцямі філарманічны сезон абяцае шмат. Вядома, на ўсіх вялікіх фестывалях будуць выступаць запрошаныя музыкі. Адметна, што сярод запрошаных можна будзе сустрэць тых музыкантаў, якія выраслі і выхоўваліся ў Беларусі, але цяпер жывуць у іншых краінах: Андрэй Паначэўны — у ЗША, Віталь Стахіевіч — у Галандыі, Лілія Умнова і Цімур Сергіеня — у Бельгіі. Гэта ўжо нават больш чым сустрэчы, яны выраслі ў міжнародны музычны форум «Беларусы свету». Нашы вядомыя музыканты выступяць на радзіме ў рамках традыцыйнага фестывалю «Беларуская музычная восень», які пачнецца ў сярэдзіне кастрычніка. Але не толькі сустрэчы з выдатнымі музыкантамі, нашымі суайчыннікамі, абяцае гэты сезон. Вядома, для беларускай музыкі павінна быць у ім месца.

Магчымасць паслухаць творы беларускіх кампазітараў Вячаслава Кузняцова і Віктара Капыцько нам абяцаюць на адкрыцці «Беларускай музычнай восені» і падчас канцэртаў, прымеркаваных да з'езда Саюза кампазітараў Беларусі. Народны артыст Беларусі прафесар Ігар Алоўнікаў збіраецца прадставіць праграму сваіх транскрыпцый беларускай музыкі, лепшых яе старонак, на яго думку. Гэта будзе нагода для таго, каб загучалі творы такіх нашых класікаў, як Анатоль Багатыроў (сёлета адзначаецца яго 100-годдзе), Уладзімір Алоўнікаў, Яўген Глебаў, Генрых Вагнер, Сяргей Картэс.

— Асабіста для мяне пачынаецца 42-гі канцэртны сезон, — прызнаўся народны артыст Беларусі прафесар Міхаіл Казінец. — Але кожны новы канцэртны сезон — гэта пачатак усяго наноў. Прыемна, што ўсё больш прыхільнікаў нашага народнага аркестра імя Жыновіча мы сустракаем у канцэртнай зале. Праграмы, якія мы будзем іграць сёлета, звязаны са знакавымі імёнамі для беларускай культуры: мы рыхтуем канцэрт з твораў Ігара Лучанка і Эдуарда Ханка, таксама нагадаем творчасць выдатнага спевака, нашага саліста Якава Навуменкі. На адкрыццё нашага сезона 24 верасня мы падрыхтавалі праграму «Музыка без межаў».

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.