Вы тут

Чаму план Пуціна па Сірыі – гэта план Абамы?


А таксама як звязаны паміж сабой сірыйскі крызіс, Эдвард Сноўдэн, іранская ядзерная праграма і саміт Усходняга партнёрства - чытайце аб гэтым у заўтрашнім нумары "Звязды"!

обама_путин

Першапачатковы план інтэрвенцыі ў Сірыю

Яшчэ тыдзень таму здавалася, лёс Сірыі прадвызначаны і вось-вось пачнецца інтэрвенцыя міжнароднай кааліцыі. Аднак замест гэтага адзін з завадатараў узброенага ўмяшання ЗША,  ў асобе прэзідэнта Барака Абамы, узяў паўзу. Гэта звязана з тым, што першапачатковы план інтэрвенцыі, распрацаваны ваенна-палітычным кіраўніцтвам ЗША на чале са старшынёй Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША Марцінам Дэмпсі, стаў часткова неактуальным. Камандны цэнтр аперацыі быў разгорнуты ў сталіцы Іарданіі Амане, а камандаваць аперацыяй павінен быў амерыканскі брыгадны генерал Джон Уайт, удзельнік ўварванняў у Афганістан, Ірак і Лівію. Пры гэтым удзел ЗША ў інтэрвенцыі павінен быў абмежавацца толькі агульнай каардынуючай роляй.

Першапачаткова план аперацыі супраць Сірыі прадугледжваў, што ўзброеныя сілы ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Саудаўскай Аравіі і Аб'яднаных арабскіх эміратаў ўсталююць беспілотную зону над цэнтральнай і паўднёвай часткамі Сірыі, якія прымыкаюць да мяжы з Іарданіяй. Пры гэтым падтрымку з паветра павінен быў аказаць Ізраіль. Далей планавалася стварыць 40-кіламетровую буферную зону, пачынаючы ад іарданскай мяжы аж да заходняй і паўднёвай ускраін Дамаска. Гэту зону павінны былі ўтрымліваць каля 3 тысяч сірыйскіх паўстанцаў, якія складаюцца з прадстаўнікоў арабамоўнай этнаканфесійнай групы друзаў, якія прайшлі папярэднюю падрыхтоўку ў спецыяльных ваенных лагерах на тэрыторыі Іарданіі, пад кіраўніцтвам амерыканскіх ваенных інструктараў і супрацоўнікаў ЦРУ. Наступным крокам павінна было стаць аб'яўленне сірыйскага горада Дэраа сталіцай вызваленай Сірыі.

Эдвард Сноўдэн і прычына паўзы з боку ЗША

Аднак ЗША былі вымушаны ўзяць паўзу ў сувязі з тым, што іх галоўныя саюзнікі па НАТА, перш за ўсё Вялікабрытанія і Германія, адмовіліся ад удзелу ў інтэрвенцыі без санкцыі Савета бяспекі ААН. Таксама пра сваё нежаданне ўдзельнічаць у інтэрвенцыі выказаў і Ізраіль, які асцерагаецца ракетных удараў з боку Ірана ў выпадку свайго ўдзелу ў аперацыі. Такім чынам, першапачатковы план, які прадугледжвае шырокае ўцягванне саюзнікаў ЗША па НАТА ў сірыйскі канфлікт, не апраўдаў сябе. Адзінай натаўскай краінай, якая з самага пачатку актыўна рвалася ў бой супраць Башара Асада, заставалася Францыя - адзін з галоўных ініцыятараў інтэрвенцыі ў Лівію.

І хоць дэмарш амерыканскіх саюзнікаў па НАТА выкліканы іх скепсісам адносна прадстаўленых міжнароднай супольнасці доказаў прымянення хімічнай зброі Башарам Асадам, алею ў агонь таксама падліў экс-супрацоўнік Агенства нацыянальнай бяспекі ЗША Эдвард Сноўдэн, які апублікаваў інфармацыю пра тое, што ЗША пільна сочыць за сваімі саюзнікамі па Альянсу, перш за ўсё, за Нямеччынай і Вялікабрытаніяй. Справа Сноўдэна наогул вельмі істотна паўплывала і яшчэ паўплывае на амерыкана-еўрапейскія адносіны. І таму недавер, справакаваны апублікаванай Сноўдэнам інфармацыяй аб сачэнні за саюзнікамі, безумоўна, стаў экстрапалявацца і на пытанне аб інтэрвенцыі ў Сірыю. Між іншым, кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу ўжо зрабіў заяву падчас саміту G20, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу, згодна з якім ЕС выступае за палітычнае ўрэгуляванне сірыйскага канфлікту.

Дарэчы, менавіта падчас саміту G20 у Санкт-Пецярбургу прайшлі чарговыя канструктыўныя кансультацыі па сірыйскаму пытанню паміж прэзідэнтамі ЗША і Расеі Баракам Абамам і Уладзімірам Пуціным, якія адзначылі пераход да новай стратэгіі па сірыйскім ўрэгуляванню.

 Некалькі прычын змены стратэгіі па Сірыі

Існуе некалькі важкіх прычын, з-за якіх ЗША вырашылі змяніць сваю стратэгію па Сірыі.

Па-першае, гэта звязана з тым, што сірыйскія паўстанцкія сілы вельмі моцна раз'яднаны. Галоўнымі гульцамі з'яўляюцца Сірыйская свабодная армія (ядро прадстаўлена сірыйскімі ваеннымі-дэзертырамі), арганізацыямі братоў-мусульман (падтрымліваецца Катарам), радыкальнымі ісламісцкімі суполкамі, афіляванымі з Аль-Каідай (гэта, перш за ўсё, Джабхат Ан-Нусра і Ісламская дзяржава ў Іраку аль-Шам, якія падтрымліваюцца Саудаўскай Аравіяй). Яны не выступаюць адзіным фронтам, больш за тое, гэтыя групы пачалі весці жорсткую барацьбу адзін з адным. Да таго ж прадстаўнікі Джабхат Ан-Нусра і Ісламскай дзяржавы ў Іраку аль-Шам, найбольш радыкальных і ваяўнічых суполак Аль-Каіды, неаднаразова былі заўважаныя ў этнаканфесійных чыстках, вынікам якіх стала знішчэнне насельніцтва некалькіх курдскіх і хрысціянскіх вёсак. Больш за тое, метады вядзення вайны групоўкай Ісламская дзяржава ў Іраку аль-Шам настолькі жорсткія, што нават некаторыя радыкальныя групы, такія як, напрыклад, Група Каўказскага Джыхаду, вырашылі пакінуць тэрыторыю Сірыі з-за іх.

Як відаць з першапачатковага плана інтэрвенцыі, ЗША вырашылі зрабіць стаўку ў пытанні падтрымкі інтэрвенцыі на новага гульца, прадстаўленага друзамі. Па сутнасці, друзы - гэта новы суб'ект у сірыйскім канфлікце, і стаўка ЗША на іх у пытанні інтэрвенцыі сведчыць пра жаданне амерыканскага боку надаць хаатычным працэсам кіраваны характар, пацясніўшы пры гэтым іншыя групоўкі паўстанцаў, асабліва радыкалаў.

Па-другое, яшчэ адной прычынай адмены інтэрвенцыі з боку ЗША з'яўляецца магчымы канфлікт з Іранам, які можа пачацца адразу ж пасля правядзення ваеннай аперацыі супраць Сірыі. Іран, будучы стратэгічным саюзнікам Сірыі, з самага пачатку канфлікту прымае актыўны ўдзел у яго вырашэнні, пастаўляючы для барацьбы з паўстанцамі элітныя падраздзяленні Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (па некаторых ацэнках, на тэрыторыі Сірыі іх знаходзіцца некалькі дзясяткаў тысяч чалавек). Акрамя гэтага на баку Башара Асада ваюе шыіцкая радыкальная групоўка Хезбаллах, якую падтрымлівае Іран. Ці гатовыя сёння ЗША да вайны з Іранам, пытанне вельмі складанае. Але тое, што вайна з Іранам можа пачацца з-за Сірыі, з'яўляецца вельмі сур'ёзнай рызыкай, тым больш, што такія дзяржавы Персідскага заліва, як Катар і Саудаўская Аравія, гуляюць менавіта на эскалацыю сірыйскага канфлікту ў кірунку вайны з Іранам. Многія эксперты наогул лічаць крызіс у Сірыі вынікам ірана-арабскага суперніцтва ў рэгіёне Персідскага заліва, выкліканага планамі з аднаго боку Катара і з другога - Ірана па будове газаправодаў праз тэрыторыю Сірыі.

Па-трэцяе, існуе рызыка, што  ў рукі радыкальных ісламісцкіх груповак такіх, як Джабхат Ан-Нусра ці Ісламская дзяржава ў Іраку аль-Шам, можа трапіць хімічная зброя і не толькі. Нядаўна Расія накіравала запыт у МАГАТЭ на аналіз рызык, звязаных з бяспекай ядзерных аб'ектаў у Сірыі ў кантэксце магчымай ваеннай аперацыі ЗША. Расія заклапочана рызыкамі, звязанымі з магчымымі ўдарамі па ядзернаму рэактару. Аднак існуюць вельмі сур'ёзныя падазрэнні, што Сірыя ўжо даўно рэалізуе сваю ўласную ядзерную праграму пры падтрымцы Ірана і КНДР. Паводле ацэнак экспертаў, наяўнай колькасці ўзбагачанага ўрану недастаткова для стварэння ядзернай бомбы, аднак гэтага дастаткова для стварэння так званай бруднай ядзернай бомбы.

Гэта азначае, што таксама існуе рызыка таго, што ў выніку інтэрвенцыі радыеактыўныя матэрыялы (магчыма, нават нешта больш сур'ёзнае) могуць трапіць у рукі радыкальных ісламісцкіх груповак, звязаных з Аль-Каідай, у чым, безумоўна, не зацікаўлена ні адна з краінаў свету, уключаючы ЗША.

Расійская ініцыятыва па хімічнаму раззбраенню Сірыі і новая «перазагрузка» з ЗША

14 верасня завяршылася сустрэча ў Жэневе кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Расіі і ЗША Сяргея Лаўрова і Джона Кэры, у выніку якой была дасягнута дамоўленасць па сірыйскаму пытанню: бакі выступілі за палітычнае ўрэгуляванне канфлікту, ваеннае неўмяшанне і вывад хімічнай зброі з Сірыі або яе знішчэнне да сярэдзіны 2014 года. На аснове расійска-амерыканскага плана па ўступленню Сірыі ў Арганізацыю па забароне хімічнай зброі будзе выпрацавана рэзалюцыя Савета бяспекі ААН. Гэтая рэзалюцыя будзе дазваляць прымяненне сілы ў выпадку невыканання патрабаванняў сірыйскім бокам.

І хоць расійскі бок ужо паспеў запісаць на свой рахунак дыпламатычную перамогу і нават прапанаваць вылучыць Уладзіміра Пуціна на Нобелеўскую прэмію міра, цяпер становіцца відавочным, што аўтарства гэтай ініцыятывы належыць не толькі расійскім дыпламатам.

Справа ў тым, што плану па хімічнаму раззбраенню Сірыі ўжо амаль год. Упершыню ён быў агучаны як раз пасля візіту Ўладзіміра Пуціна ў снежні 2012 года ў Турцыю, дзе было заяўлена аб новых «цікавых ідэях» па сірыйскаму ўрэгуляванню, а таксама пасля трохбаковых амерыкана-расійска-турэцкіх кансультацый па сітуацыі ў Сірыі і ў рэгіёне. Падрабязнасці гэтага плана актыўна абмяркоўваліся турэцкімі аналітычнымі выданнямі. У прыватнасці, у сярэдзіне студзеня 2013 года турэцкае выданне Zaman паведаміла, што кіраўніцтва ЗША вядзе перамовы з Іракам і Расіяй аб аперацыі па выдаленню хімічнай зброі з тэрыторыі Сірыі пасля падзення рэжыму Асада. Неспакой Вашынгтона быў звязаны з верагоднасцю доступа да хімічнай зброі такіх антыамерыканскіх і антыізраільскі радыкальных груп у Сірыі, як Хезбалла, Джабхат Ан-Нусра ці Ісламская дзяржава ў Іраку аль-Шам. Паводле аднаго са сцэнарыяў, канфіскаваная хімічная зброя павінна была быць адпраўлена на ваенныя аб'екты, якія знаходзяцца ў Турцыі, Іраку або Іарданіі, і пасля знішчаны ЗША і заходнімі саюзнікамі. Іншы альтэрнатыўны сцэнар прадугледжваў вываз зброі на расійскім караблі базы ВМФ Расіі ў Тартусе і пры матэрыяльнай падтрымцы Захаду яе знішчэнне на аб'екце, які планавалася стварыць у Расіі.

Тады ж іншае турэцкае выданне Yeni Şafak пісала яшчэ аб адным сцэнары, які быў прапанаваны Расіі з боку ЗША. Згодна з ім, Сірыя магла быць падзелена на дзве зоны, адна з якіх адышла б пад кантроль паўстанцаў, у іншай захавалася б улада цэнтральнага ўрада. Пасля гэтага планавалася ўсталяваць перамір'е і пачаць перамовы аб будучыні краіны. Адзначалася, што для дасягнення сваіх мэтаў у Сірыі (кантроль над сірыйскай хімічнай зброяй, гарантыя фарміравання «празаходняга» ядра пераходнага ўрада ў Сірыі пасля сыходу Асада, прадухіленне ўмацавання пазіцый ісламісцкіх груп у Сірыі) ЗША прызналі неабходнасць падключыць да «плана па Сірыі» асабіста прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, усведамляючы нават, што гэта можа пацягнуць за сабой захаванне Башара Асада ва ўладзе да 2014 года.

Такім чынам, як відаць з усяго вышэйсказанага, ініцыятыва па хімічнаму раззбраенню Сірыі, як мінімум, належыць не толькі расійскаму боку, а ўяўляе сабой вынік актыўных амерыкана-расійскіх кансультацый. Гэты сумесны амерыкана-расійскі план па Сірыі сведчыць аб тым, што "перазагрузка" паміж ЗША і Расіяй не спынялася, нягледзячы на рознага рода ацэнкі, якія тыражуюцца ў сусветных СМІ. Гэта таксама сведчыць аб дастаткова высокім узроўні амерыкана-расійскага стратэгічнага партнёрства.

Аднак за расійска-амерыканскім планам па Сірыі крыецца нешта большае, чым проста хімічнае раззбраенне. Справа ў тым, што дадзеная ініцыятыва з'яўляецца спробай прымусіць Іран перагледзець планы развіцця ўласнай ядзернай праграмы ў адпаведнасці з умовамі, на якіх настойвае “шасцёрка”. Прынамсі, пытанні хімічнага раззбраення Сірыі і іранскай ядзернай праграмы абмяркоўваліся ўзаемазвязана падчас кансультацый Уладзіміра Пуціна і Барака Абамы на саміце G20. Увесь гэты час Расія з'яўлялася пасярэднікам паміж Іранам і ЗША, паміж якімі ішоў актыўны дыпламатычны гандаль. Як толькі падчас саміту G20 Уладзімір Пуцін запэўніў Барака Абаму ў тым, што хімічнае раззбраенне Сірыі без прымянення ваеннай сілы паспрыяе прагрэсу на перамовах па іранскай ядзернай праграме, быў агучаны сумесны амерыкана-расійскі план. Мяркуецца таксама, што дадзеная ініцыятыва павінна стварыць спрыяльную глебу для ўступлення Ірана у прамыя перамовы з Вашынгтонам пасля адкрыцця чарговай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 23 верасня.

Тым не менш, на фоне нявызначанасці магчымых вынікаў ірана-амерыканскіх перамоў, Пентагон не зрабіў якіх-небудзь змяненняў у расстаноўцы ваенных сіл вакол Сірыі пасля заявы ЗША і Расіі аб дамоўленасці па пытанню хімічнага раззбраення. Да таго ж, паводле прыблізных ацэнак Пентагона, пры рэалізацыі прапановы Расіі па перадачы сірыйскай хімічнай зброі пад міжнародны кантроль можа спатрэбіцца да 75 тысяч чалавек, якія б канфіскоўвалі і суправаджалі зброю. Па сутнасці, гэта з'яўляецца замаскіраванай сухапутнай аперацыяй, якая дазваляе ўсталяваць кантроль над значнай часткай сірыйскай тэрыторыі.

 

Пазіцыя Расіі нязменная, але варыянты магчымыя

Нягледзячы на тое, што амерыкана-расійская ініцыятыва па хімічнаму раззбраенню знізіла верагоднасць інтэрвенцыі ў Сірыю, такая магчымасць захоўваецца. З другога боку зараз інтэрвенцыя можа быць рэалізавана ў выглядзе размяшчэння “міжнароднага” кантынгенту.

Расія спрабуе мінімізаваць для сябе наступствы магчымай інтэрвенцыі ў Сірыю, уступаючы ў перамовы з рознымі актарамі, якія ўдзельнічаюць у сірыйскім канфлікце. Галоўная рызыка для Масквы – у тым, што пасля магчымай ваеннай інтэрвенцыі частка ісламісцкага радыкальнага “інтэрнацыяналу”, якая ваюе сёння ў Сірыі, можа быць перакінутая на Каўказ, што істотна паспрыяе дэстабілізацыі сітуацыі там напярэдадні зімовых алімпійскіх гульняў у Сочы ў 2014 годзе. Аб магчымасці для Вашынгтона ўздзейнічаць на Маскву праз гэты “стымул” некалькі дзён таму гаварыў у размове з Фарыдам Закарыяй вядомы геапалітык Збігніеў Бжэзінскі.

Дарэчы, падчас свайго нядаўняга візіту ў Расію і сустрэчы з Уладзімірам Пуціным кіраўнік саудаўскай разведкі прынц Бандар бін-Султан бін-Абдулазіз прапаноўваў Расіі адмовіцца ад падтрымкі Башара Асада. Узамен Бандар бін-Султан прапанаваў расійскаму боку выкарыстаць свой уплыў на каўказскіх ісламістаў, якія зараз ваююць на тэрыторыі Сірыі, каб тыя потым не вярнуліся на Каўказ. Акрамя гэтага, была прапанавана зброевая схема, па якой Саудаўская Аравія аплаціла б закупкі расійскай зброі Егіптам, Лівіяй, Тунісам і Еменам на суму $15 млрд.; доўгатэрміновую беспрацэнтную пазыку на максімальна льготных умовах для інвеставання ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў расійскага ВПК; выкарыстоўваць саудаўскі ўплыў на Катар з мэтай паслаблення канкурэнтнай актыўнасці эмірата на еўрапейскім газавым рынку на карысць Газпрома; далучыцца да стварэння новага антытэрарыстычнага альянсу. Між іншым, дэпартамент фінансаў Абу-Дабі запланаваў ўкласці ў інфраструктурныя праекты Расіі праз сумеснае прадпрыемства з Расійскім фондам прамых інвестыцый да $5 млрд. Мемарандум аб стварэнні сумеснага прадпрыемства будзе падпісаны па выніках сустрэчы Пуціна з наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Аб’яднаных арабскіх эміратаў Мухамедам бен Заідам Аль Нахаянамі, які прыбывае ў Расію з працоўным візітам.

Менавіта з-за пагрозы дэстабілізацыі сітуацыі на Каўказе расійскае кіраўніцтва вымушана разглядаць розныя сцэнары ўрэгулявання сірыйскага крызісу, у тым ліку і падтрымку ваеннай аперацыі супраць Сірыі (у тым ліку – у выглядзе міжнароднай аперацыі па хімічнаму раззброеванню Сірыі). І тут далей магчымы кампрамісны варыянт паміж Расіяй і ЗША ў выпадку, калі аперацыя ў Сірыі будзе пераследваць дзве мэты - звяржэнне рэжыму Башара Асада і, далей, разгром радыкальных ісламісцкіх груповак. Мяркуючы па першапачатковаму амерыканскаму плану аперацыі з апорай на друзаў, такая мэта таксама магла б пераследвацца уварваннем, тым больш, калі існуе рызыка патраплення хімічнай зброі і радыеактыўных матэрыялаў у рукі прыхільнікаў Аль-Каіды.

 

Сірыйскі крызіс і лістападаўскі саміт Усходняга партнёрства

Лістападаўскі саміт Усходняга партнёрства будзе праходзіць на фоне амерыкана-расійскага кансенсуса па сірыйскім пытанні, па сутнасці, - пачатка новага этапу «перазагрузкі» паміж ЗША і Расіяй, якая прадугледжвае шэраг узаемных саступак. Так, у 2010 годзе, як раз, калі быў дадзены першы старт «перазагрузкі», за сваё далучэнне да збройнага эмбарга ў дачыненні да Ірана і цвёрдай пазіцыі Захаду па іранскай ядзернай праграме Расія дамаглася таго, што ЗША часова адмовіліся ад сваіх геапалітычных прэтэнзій на пастсавецкі рэгіён. Гэта дазволіла Расіі не толькі запусціць праект Мытнага саюза, у чым рашэнне “беларускага пытання” на аснове дамоўленасцей з Захадам сыграла галоўную ролю, але і значна ўзмацніць свае пазіцыі ў Цэнтральнай Азіі, перш за ўсё, у Кыргызстане.

Як і ў 2010 годзе, сёння амерыкана-расійскі кансенсус па сірыйскаму пытанню, хутчэй за ўсё, фарміруецца вакол парадку дня будаўніцтва Еўразійскага саюза, пунктам нумар адзін якога з'яўляецца далучэнне Украіны да Мытнага саюза. Менавіта таму ўсе фармальныя і нефармальныя намаганні ЗША цяпер накіраваны на тое, каб тарпедаваць Дамову аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай і не толькі падчас лістападаўскага саміта Ўсходняга партнёрства ў Вільні, але і далей (Францыя, галоўны саюзнік ЗША па сірыйскаму пытанню, таксама ўжо зараз выступае супраць). Першым такім сігналам на карысць дадзенай гіпотэзы паслужыла рашэнне Арменіі далучыцца да МС, якая яшчэ зусім нядаўна збіралася зрабіць выбар на карысць Дамовы аб асацыяцыі з ЕС.

З улікам нарастаючай канфрантацыі паміж ЗША і ЕС па шырокім спектры ваенна-палітычных і эканамічных пытанняў, еўрапейскі бок будзе гуляць на ўзмацненне сваіх пазіцый ва Ўсходняй Еўропе і на Закаўказзе. І гэта можа выліцца ў шэраг нечаканых рашэнняў з боку ЕС у дачыненні да ўсіх шасці ўдзельнікаў ініцыятывы Ўсходняе партнёрства. Аднак ужо сёння ЗША прадпрымаюць усе неабходныя меры для таго, каб гэтага не дапусціць.

 

Арсен СІВІЦКІ,
палітычны аналітык, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў (Мінск)

 

Этот материал на русском языке.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».