Вы тут

Факты, падзеі, навіны


Дзяржкамітэт судовых экспертыз прымае электронныя звароты

У цэнтральным апараце Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз створана афіцыйная электронная паштовая скрыня. Цяпер як фізічныя, так і юрыдычныя асобы могуць накіроўваць свае звароты на электронны адрас sudехреrtіzа@sudmеd.bу.
Пры гэтым у прэс-службе ведамства папрасілі заяўнікаў накіроўваць паведамленні ў адпаведнасці з кампетэнцыяй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Нагадаем, што эксперты праводзяць судова-медыцынскія і судова-псіхіятрычныя экспертызы: па крымінальных і грамадзянскіх справах; справах аб адміністрацыйных правапарушэннях; справах, звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай дзейнасцю; матэрыялах праверак па заявах аб злачынствах. Акрамя таго, даследуюць матэрыялы дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць дазнанне, аператыўна-вышуковую і кантрольную дзейнасць. Пацвярджэнне адпаведнасці службовай і грамадзянскай зброі і боепрыпасаў патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў у вобласці тэхнічнага нармавання і стандартызацыі таксама адносіцца да сферы дзейнасці Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Надзея ПАЎЛАВА.

Паляванне: з птушкамі — на птушак

З трэцяй суботы верасня, якая сёлета прыпадае на 21-е, па другую нядзелю снежня — 8-га — у краіне будзе дазволена паляванне на птушак.
— Дазваляецца здабываць гусей (белалобага, гуменніка і шэрых), канадскую казарку — любога полу і ўзросту, — паведаміў «Звяздзе» старшы дзяржаўны інспектар Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Вадзім Варабей. — Згодна з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, дазволена здабыча трафеяў у светлы час сутак зброевым спосабам з падыходу, з засады, з падвабліваннем, з пад'езду з маламерных суднаў (без рухавіка ці з непрацуючым рухавіком). Можна выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю і патроны са шротам. А для пошуку і падачы здабытай дзічыны дапускаецца выкарыстанне паляўнічых сабак: тэр'ераў, таксаў, выжлаў, спаніэляў, рэтрывераў, водных сабак. Таксама дазваляецца паляваць бяззброевым спосабам — з лоўчымі птушкамі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Сярэбраныя шалі

Учора Нацыянальны банк увёў у абарачэнне 3 сярэбраныя памятныя манеты серыі «Задыякальны гараскоп» — «Шалі (Lіbrа)», «Стралец (Sаgіttаrіus)» і «Скарпіён (Sсоrріо)», паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў галоўнага банка краіны.
Кожная манета мае намінал 20 рублёў, пробу сплаву 925, масу 28,28 грама, дыяметр 38,61 міліметра.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Дамброўка стане бліжэй

У новых сталічных мікрараёнах Дамброўка і Каменная Горка з 16 верасня па будных днях у ранішні час пік будзе арганізавана праца новых аўтобусных маршрутаў.
Як паведамілі ў дзяржаўным прадпрыемстве «Мінсктранс», гэта будуць маршруты №54 «ДС «Кунцаўшчына» — ст. м. «Спартыўная» са следаваннем па вуліцах Матусевіча, Жудро, Прытыцкага з выкананнем усіх прамежкавых прыпыначных пунктаў, і №128 «Каменная Горка-4» — ст. м. «Каменная Горка» з рухам па вуліцах Налібоцкай, Нёманскай, Казіміраўскай, Кунцаўшчына, Прытыцкага з выкананнем усім прамежкавых прыпыначных пунктаў. А вось у зваротным кірунку абодва гэтыя аўтобусныя маршруты падвозіць пасажыраў не будуць.

Сяргей РАСОЛЬКА.

«Sаbаkоеd228» больш не прадае небяспечны псіхатроп

У Мінску затрыманы арганізатары аптовай сеткі па распаўсюджванні наркотыкаў праз інтэрнэт. У іх канфіскавана звыш кілаграма курыльных сумесяў, псіхатропныя рэчывы, банкаўскія пластыкавыя карткі, камп'ютарная тэхніка, sіm-карткі і звыш 26 тысяч долараў.
Як паведамляюць ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў, больш за год зламыснікі дзейнічалі ў сацыяльных сетках, на тэматычных парталах і форумах пад нікамі «Сваяк», «Sаbаkоеd228», «Snооруvір777» і былі добра вядомыя асобам, якія маюць дачыненне да наркабізнесу ў Мінску і іншых рэгіёнах краіны. Для пастаянных кліентаў існавала сістэма бонусаў, злачынцы клапаціліся пра рэпутацыю — колькасць і якасць наркотыкаў, пунктуальнасць падчас перадачы «тавару». Захоўвалася высокая канспіратыўнасць. Ніводзін пакупнік, які карыстаўся такімі паслугамі, не бачыў збытчыкаў у твар. Свой бізнес-офіс маладыя людзі (1988 і 1991 г.н.) пастаянна мянялі. У здымнай кватэры праваахоўнікі знайшлі 1,256 кг курыльнай сумесі з асабліва небяспечным псіхатропам, 327 г парашку і 512 таблетак з аналагічным рэчывам, 26 200 долараў, вялікую колькасць банкаўскіх картак, 3G-мадэмаў і sіm-картак, зарэгістраваных на чужыя прозвішчы, некалькі электронных вагаў, мяхі з упаковачным матэрыялам і скрыні з тытунём.
Ахвотныя набыць наркотыкі звязваліся з пастаўшчыкамі праз інтэрнэт, ім указвалі электронныя кашалькі для пералічэння грошай. Пасля аплаты называлася месца, дзе схаваны «скарб». Устаноўлены многія карыстальнікі такой паслугі, сямёра з іх былі затрыманы падчас забірання «скарбу». У дачыненні да асноўных фігурантаў, якія былі раней не судзімымі і нідзе не працуюць, заведзены крымінальныя справы.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Двайное забойства ў Глуску

У забойстве маладой жанчыны і яе дачкі, якой было 3 месяцы, абвінавачваюць сужыцеля.
Жыхарку Глуска 1982 года нараджэння і яе маленькую дачку амаль тыдзень шукала міліцыя. Яшчэ ад 7 верасня іх месцазнаходжанне было не вядома. Яе фотаздымак паказвалі па абласным тэлебачанні з аб'явай аб пошуку. Жанчына была ў дэкрэтным водпуску і часова не працавала. Між тым міліцыя правярала дачыненне да знікнення маці з дзіцем сужыцеля.
Цяпер на брыфінгу для журналістаў ва УУС Магілёўскага аблвыканкама пракаментавалі вынікі аператыўна-следчай працы, якія шакіруюць. Выяўлена, што сужыцель жанчыны ў сварцы забіў іх, пасля чаго вывез на аўтамабілі целы і закапаў паблізу вёскі Хвастовічы. Мужчына арыштаваны і прызнаўся ва ўчыненым асабліва цяжкім злачынстве. Вядома, што ён 1985 года нараджэння і працаваў у банку. Сварыўся ён з жанчынай якраз з-за дзіцяці: яна мела намер падаць у суд на ўстанаўленне бацькоўства. У забітай глусчанкі ёсць яшчэ двое дзяцей, яны цяпер засталіся без маці.

Алена КАЗЛОВА.

Турухтаны пад прыцэлам

Паблізу вёскі Сітніца Лунінецкага раёна работнікі Мікашэвіцкай міжрайінспекцыі затрымалі работніка мясцовага рыбгаса. І было за што.
Мужчына незаконна здабыў восем птушак, у тым ліку двух турухтанаў. Гэта від, які занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У парушальніка канфіскаваны тры паляўнічыя стрэльбы і боепрыпасы да іх.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Прафесійны нюх

У Рэспубліканскім пункце пропуску «Церахоўка» пры праверцы пасажырскага цягніка «Санкт-Пецярбург — Днепрапятроўск» службова-вышуковы сабака паказаў на магчымую наяўнасць наркатычных рэчываў у адным з купэ.
Пры аглядзе ў асабістых рэчах 20-гадовага жыхара горада Апатыты Мурманскай вобласці былі выяўлены два няправільнай формы кубікі цвёрдага рэчыва цёмна-зялёнага колеру. Рэчыва было накіравана на экспертызу. Паводле заключэння экспертаў, грамадзянін Расіі перавозіў гашыш. Заведзена крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам аб кантрабандзе. Мужчына знаходзіцца ў ізалятары часавага ўтрымання. У прэс-групе Гомельскай мытні паведамілі, што той жа сабака вясной у гэтым жа цягніку ўжо знаходзіў наркотыкі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Наваполацк — мабільны

Наваполацк — першы горад у нашай краіне, які далучыўся да ініцыятывы «Еўрапейскі тыдзень мабільнасці».
— Тыдзень пройдзе з 16 па 20 верасня. Мэта ініцыятывы — прыцягнуць максімальную ўвагу да экалагічных відаў транспарту, захавання экалагічнай бяспекі, здароўя людзей, а таксама забяспечыць камфортнае і дружалюбнае суіснаванне аўтамабілістаў, пешаходаў і веласіпедыстаў. Каб кожны мог знайсці прастору ў сваім родным горадзе, — паведамілі ў наваполацкім гарвыканкаме.
Сярод іншых мерапрыемстваў тыдня — веласіпедны флэшмоб «Наваполацк — мабільны!», старт якому будзе дадзены 20 верасня а 16 гадзіне дня на галоўнай плошчы горада — Будаўнікоў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Пайшла з дому і не вярнулася...
Ранкам каля чыгуначных пуцей на перагоне Мінск—Маладзечна (у раёне 2-га завулка Р. Люксембург у сталіцы) было знойдзена цела 43-гадовай мінчанкі.
Згодна з папярэдняй версіяй, смерць жанчыны наступіла ад гвалтоўнага ўдушэння. Высветлена, што напярэдадні позна вечарам забітая пайшла з дому, не паведаміўшы родным куды. А праз некалькі дзён пуцявыя абходчыкі знайшлі цела... Як адзначаюць супрацоўнікі крымінальнага вышуку, устаноўленыя па справе факты сведчаць пра крайнюю жорсткасць здзейсненага злачынства і асаблівы цынізм злачынства. Траўмы на целе забітай сведчаць, што перад смерцю ахвяра падвяргалася сур'ёзным здзекам.
Супрацоўнікі міліцыі склалі суб'ектыўны партрэт верагоднага злачынцы. Цяпер вядуцца яго пошукі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

У Віцебскім раёне жыхар ЗША збіў пенсіянерку

Гэтае дарожна-транспартнае здарэнне са смяротным вынікам адбылося а дзясятай гадзіне вечара ў вёсцы Бабінічы.
Паводле інфармацыі ДАІ, 36-гадовы грамадзянін, які жыве ў ЗША, кіруючы аўтамашынай «Хундай», здзейсніў наезд на 61-гадовую пенсіянерку, жыхарку Віцебска. Яна загінула, хоць і рухалася па дарозе з флікерам. Вядзецца расследаванне.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Тона гарэлкі без акцызаў

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі і аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі затрымалі ў Калінкавіцкім раёне «Мерседэс-Бэнц-Спрынтар», якім кіраваў жыхар Мазыра. У аўтамабіль была загружана тона алкагольнай прадукцыі.
955 л спіртазмяшчальнай вадкасці і 55 л гарэлкі «Наталі» не былі маркіраваны акцызнымі маркамі Беларусі. У прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама паведамілі, што алкаголь на суму больш Br240 млн канфіскаваны, а на аўтамабіль накладзены арышт. У дачыненні да кіроўцы складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Між тым у суседнім Ельскім раёне праваахоўнікі шукалі самаробны алкаголь. Па падказках грамадзян у лесе за паўкіламетра ад вёскі Вішанькі была знойдзена драўляная бочка са 130 літрамі брагі. У жыхара вёскі Дзвіжкі канфіскаваны самагонны апарат і 70 л сыравіны для далейшай перапрацоўкі. Увогуле ж сёлета ў гэтым невялічкім раёне на паўднёвым Палессі Беларусі было канфіскавана больш чым 5,5 тоны брагі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Забілі прадаўцоў, каб забраць выручку?
Каля харчовай крамы на ўскраіне Ліды са шматлікімі траўмамі знайшлі целы двух прадаўцоў 1968 і 1957 гадоў нараджэння. З крамы скрадзена каля 35 мільёнаў рублёў выручкі і спіртныя напоі.
— Па факце забойства з асаблівай жорсткасцю з карыслівых меркаванняў Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці распачало крымінальную справу, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія ГАНЧАРОВА. — Праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.

Надзея ПАЎЛАВА.

Набыла Мерседэс за «шэрыя» грошы?

Перавышэнне выдаткаў над даходамі ў суме больш за 133 млн рублёў выяўлена ў грамадзянкі, якая купіла дарагі аўтамабіль за межамі краіны. Гэты факт здзівіў кантрольныя органы, таму яго вырашылі праверыць...
А справа пачыналася летась, калі жыхарка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці завезла на мытную тэрыторыю краіны аўтамабіль «Мерседэс-Бенц S 320» коштам звыш 353 млн рублёў, паведамілі рэдакцыі ў прэс-цэнтры Міністэрства па падатках і зборах Беларусі. Прыгледзеліся да жанчыны мясцовыя падатковыя інспектары і вырашылі запатрабаваць у яе дэкларацыю аб даходах і маёмасці за перыяд з 2003-га па 2012 гады.
Пры праверцы дэкларацыі аб даходах і маёмасці грамадзянка не змагла пацвердзіць свае выдаткі на суму 133,4 млн рублёў. Маёмасць была рэальнай, а даходы аказаліся «шэрымі». Пасля выяўлення гэтага факта жанчыне быў прад'яўлены да выплаты падаходны падатак у памеры 16 млн рублёў, які ў поўным аб'ёме і паступіў у бюджэт.

Сяргей КУРКАЧ.

ХТО ХОЧА ЎБАЧЫЦЬ, ТОЙ УБАЧЫЦЬ

ФІЛЬМ «СЛЯДЫ АПОСТАЛАЎ» ПРА СКАРБЫ РАДЗІВІЛАЎ ВЫЙШАЎ У АЙЧЫННЫ КІНАПРАКАТ

Чатырохсерыйны тэлевізійны фільм «Сляды апосталаў» рэжысёра Сяргея Талыбава, зроблены сумесна нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм», ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» і «Першай КінаВідэаКампаніяй», пераўтварылі ў поўнаметражны мастацкі фільм. Цяпер гісторыю пра пошукі сямейных рэліквій роду Радзівілаў — фігур дванаццаці святых апосталаў — на фоне Другой сусветнай вайны можна паглядзець у кінатэатрах па ўсёй рэспубліцы. «Звязда» раней пісала пра тое, што ў гэтым фільме багата экстрэмальных сцэн, і беларускія акцёры робяць у ім тое, чаго ад іх зусім не чакаеш. Альбо каскадзёры робяць гэта за іх. У кіно так: у кожнага свая праца і ніхто нікому не пераходзіць дарогу. «Сляды апосталаў» — гэта дэтэктыў з лёгкім водарам нацыянальнага кіно.
Але здавалася б, навошта для камерцыйна паспяховага серыяла, прэм'ера якога прайшла па расійскім тэлебачанні 11 мая (у Беларусі гэты тэлефільм прэзентавалі12 ліпеня на «Славянскім базары ў Віцебску»), рабіць кінаверсію? Поўнаметражнае кіно, як вядома, прадаць нашмат цяжэй. Тым больш беларускае.
— «Беларусьфільм» прадае карціны на расійскае тэлебачанне. І беларускі глядач не заўжды мае магчымасць паглядзець гэтыя фільмы. Таму цяпер кінастудыя будзе старацца як мага для большай колькасці серыялаў рабіць кінаверсіі. Каб беларускі глядач мог пайсці ў кіно і паглядзець беларускі фільм на вялікім экране. Такія планы ёсць ужо і адносна карцін «Палескія рабінзоны, альбо Цуда-востраў» і «Дзяржаўная мяжа», праца над якімі завяршаецца. Акрамя тэлеверсій, гэтыя стужкі будуць мець кінаверсіі і паказвацца ў кінатэатрах. У кінатэатры доступ адкрыты. Хто хоча ўбачыць, той убачыць, перакананыя на кінастудыі.
Нагадаем, што ў вострасюжэтным фільме «Сляды апосталаў» з беларускай гістарычнай і ваеннай тэматыкай задзейнічаны выдатныя беларускія акцёры: Вераніка Пляшкевіч, Павел Харланчук, Ігар Сігоў, Дзмітрый Мухін, Алег Гарбуз, Таццяна Мархель.
Здымкі фільма завяршыліся ў красавіку 2013 года. А на кастрычнік, дарэчы, запланаваны паказ чатырох серый фільма па беларускім тэлебачанні.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.